рэчывы, здольныя выклікаць алергію. Да іх адносяцца бялковыя і небялковыя (поліцукрыды) злучэнні, неарган. рэчывы, у т. л. асобныя элементы (бром, ёд і інш.). Небялковыя рэчывы становяцца алергенамі толькі пасля злучэння з бялкамі тканак арганізма Адрозніваюць эндаалергены (утвараюцца ў арганізме) і экзаалергеныінфекц. і неінфекц. паходжання. Сярод алергенаў інфекц. паходжання вылучаюць бактэрыяльныя, вірусныя і грыбковыя. Да неінфекц. адносяцца бытавыя (бытавы, бібліятэчны пыл і інш.), эпідэрмальныя (воўна, пер’е птушак, валасы, перхаць), інсектныя (яд, сліна кусачых, пыл з часцінак насякомых), лекавыя, пылковыя (раслінны пылок), прамысл.-хім. (бензол, шкіпінар, фарбавальнікі і інш.), харч. рэчывы. Алерген выклікае імуналагічна апасродкаваную адчувальнасць арганізма да яго (сенсібілізацыю). Ад першай дозы ў арганізме ўтвараюцца антыцелы, здольныя ўзаемадзейнічаць толькі з пэўным алергенам. Паўторна трапляючы ў арганізм, алерген злучаецца з раней утворанымі антыцеламі і выклікае алергічную рэакцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕРГІ́Я (ад ала... + грэч. ergon дзеянне),
імунная рэакцыя арганізма да паўторнага ўздзеяння алергенаў з пашкоджаннем уласнай тканкі. Клінічныя праяўленні алергічных рэакцый бываюць неадкладныя і запаволеныя. Рэакцыі неадкладнага тыпу (скурныя і сістэмныя) узнікаюць праз 15—20 мін пасля ўздзеяння спецыфічнага А. пры анафілактычным шоку, крапіўніцы, сываратачнай хваробе, бранхіяльнай астме, сеннай ліхаманцы, ацёку Квінке. Рэакцыі запаволенага тыпу развіваюцца гадзінамі, іншы раз суткамі пры лекавым дэрматыце, вакцынацыях, інфекцыях (туберкулёз, дыфтэрыя і інш.). Адрозніваюць 3 стадыі развіцця алергіі: імуналагічную (алерген — цела), патахім. (вызваленне біял. актыўных рэчываў — медыятараў), патафізіял. (патагеннае ўздзеянне медыятараў на клеткі, органы і тканкі). Значная роля пры гэтым належыць спадчыннасці, стану эндакрыннай і нерв.сістэм. Адсутнасць алергічнай рэакцыі на паўторна ўведзены алерген наз. энергіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЁКАВЫЯ ВО́ДЫ,
вадкія адходы, якія ўтвараюцца ў выніку антрапагеннай дзейнасці; адна з асн. крыніц забруджвання вод. Падзяляюцца на камунальныя (гаспадарча-бытавыя), вытворчыя (прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі), жывёлагадоўчыя (сцёкі жывёлагадоўчых комплексаў і ферм), ліўневыя (дажджавыя і ад раставання снегу з забудаваных тэрыторый або палівання вуліц і зялёных насаджэнняў), мяшаныя (камунальныя, вытв. і інш. сцёкі, якія паступаюць у агульную сістэму каналізацыі). Ствараюць пагрозу для здароўя чалавека і навакольнага прыроднага асяроддзя. Ачыстка С.в. адбываецца на ачышчальных збудаваннях (штучны спосаб) і цераз глебу і ваду на палях фільтрацыі і арашэння, біял. сажалках (натуральны спосаб). Нарматыўна-ачышчаныя С.в., якія адпавядаюць нормам якасці, могуць паўторна выкарыстоўвацца для водазабеспячэння. На Беларусі аб’ём С.в. у 1996—2000 складаў каля 1,2 км³/год, у т. л. нарматыўна-ачышчаных 0,9 км³/год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАМІ́Н Сяргей Уладзіміравіч (29.4.1906, в. Пепелеўка Манастыршчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 4.12.1941),
бел.паэт. Скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1925), БДУ (1930). Працаваў настаўнікам, выкладчыкам Горацкай с.г. акадэміі (1930—34). 4.1.1935 рэпрэсіраваны. Прыгавораны да расстрэлу, замененага 10 гадамі пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Комі АССР. Паўторна арыштаваны ў 1941. Расстраляны. Друкаваўся з 1924. Вершы змяшчаў у час. «Маладняк», «Полымя», «Малады араты», «Маладняк Барысаўшчыны», «Беларусь калгасная» і інш., у газетах. У іх шчырая любоў да Беларусі, услаўленне новых з’яў рэчаіснасці, тэмы сяброўства, дружбы, кахання, роднай гісторыі. Захапляўся творчасцю С.Ясеніна. Аўтар паэм «Балота» (1927), «За новыя дні» (1929). На бел. мову перакладаў творы У.Сасюры.
Тв.:
Дымнае жыта: Вершы. Паэмы. Пераклады. Мн., 1991.
Літ.:
Скрыган Я. Сергей Фомин и еще некто // Нёман. 1981. №12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРСЕ́ВІЧ Максім Тарасавіч (9.8.1890, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 3.11.1937),
дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Вучыўся ў Слонімскім 2-класным вучылішчы. З 1911 настаўнічаў. У чэрв. 1925 увайшоў у 1-ы актыў Беларускага пасольскага клуба. З 1926 чл.ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады, кіраўнік яе Цэнтр. сакратарыята. У 1927 арыштаваны і па судовым працэсе 56-і (1928) прыгавораны да 8 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з 1931 у СССР. Працаваў у Дзярж. планавай камісіі БССР і ў камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР. Чл.ЦВКБССР. У 1933 арыштаваны, у 1934 засуджаны да вышэйшай меры пакарання, замененай 10 гадамі зняволення. Пакаранне адбываў на Салаўках і будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Паўторна арыштаваны ў 1937, расстраляны. Рэабілітаваны па абодвух прыгаворах у 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЛІ́НІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Корчак» у ВКЛ. Паходзілі, магчыма, з правасл. баярства Северскай зямлі. У сярэдзіне 15 ст. вядомы Яцка І., які атрымаў ад вял. князя Казіміра пацвярджэнне «отчины и дедины» ў Старадубскім і Радагошчанскім пав., с. Пожанка ў Клецкім княстве. Верагодна, яго братам быў Іван I. (? — каля 1490), намеснік драгічынскі (каля 1475), віцебскі (1482), смаленскі (1487). У канцы жыцця набыў Мір. Меў сыноў Мікалая і Юрыя, ад якіх пайшлі дзве галіны роду. Мікалай (? — каля 1500) быў намеснікам мінскім (1494), маршалкам гаспадарскім (1495), намеснікам смаленскім (1499). Юрый (? — 1527) быў маршалкам гаспадарскім і намеснікам лідскім (1500, паўторна прызначаны ў 1510), брэсцкім (1510), ковенскім (1514), маршалкам дворным (1519). Каля 1510 пабудаваў Мірскі замак. Яго ўнук Юрый (каля 1535 — каля 1565), апошні прадстаўнік роду І., з 1555 карыстаўся тытулам графа на Міры. Асн. маёнткі роду перайшлі да Радзівілаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЬ Піліп Дзям’янавіч (1890, в. Масева Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 27.11.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. Вучыўся ў Баршаўскім тэхн. вучылішчы. З 1905 працаваў у Варшаве, Маскве, вучыўся на камандзірскіх курсах у Лефортаве, служыў ваен. камісарам аднаго з раёнаў г. Масквы. З 1918 у органах дзяржбяспекі: чл. Кантрольнай калегіі ВЧК, нач. асобага аддзела ВЧК на Зах. фронце і інш. У 1924—25 старшыня Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР і адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНКСССР па Зах. краі. Удзельнік аперацыі па арышце ў Мінску Б.В.Савінкава. З 1926 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ па Далёкаўсх. краі, АДПУСССР у Ленінградскай ваен. акрузе і Ленінградскай вобл. З 1934 нач. упраўлення НКУССССР па Ленінградскай вобл. У снеж. 1934 арыштаваны і зняволены на 3 гады «за злачынна-халатныя адносіны да службовых абавязкаў», якія прывялі да гібелі С.М.Кірава. 27.11.1937 паўторна асуджаны і пакараны смерцю. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1927 у г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. У Вял.Айч. вайну экспанаты загінулі, у 1949 засн.паўторна, у 1950 адкрыты. У 1954—56 філіял Гомельскага абл. краязн. музея. Пл. экспазіцыі 328 м², 9,6 тыс. экспанатаў асн. фонду (2002). Аддзелы: гісторыі стараж. Турава, этнаграфіі і побыту, Вял.Айч. вайны, гісторыі сучаснага перыяду, прыроды. Сярод экспанатаў крамянёвыя, касцяныя прылады працы, шкляныя бранзалеты з археал. помнікаў Вароніна, Рычоў, Хільчыцы і інш., шыферны саркафаг са стараж.Турава, матэрыялы пра дзейнасць Тураўскага камсамольска-маладзёжнага падполля, партызан, пра землякоў Герояў Сав. Саюза; нар. адзенне давыд-гарадоцка-тураўскага строю і турава-мазырскага строю, прылады працы і побыту сялян канца 19 — пач. 20 ст., узоры флоры і фауны нац. парку Прыпяцкі, карысных выкапняў рэгіёна. Музей праводзіць выстаўкі твораў выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў, бел.нар. адзення, пра падзеі Вял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЭ́ЙК АСТРАВЫ́ (Wake island),
уладанне ЗША у цэнтр.ч. Ціхага ак., на паўн. перыферыі Мікранезіі. Уключае а-вы Уэйк, Уілкс і Піл. Пл. 6,5 км². Нас. каля 2 тыс.чал. (1998) — амерыканцы (ваеннаслужачыя і кантрактнікі). Уэйк — атол падковападобнай формы, узвышаецца над паверхняй акіяна ў сярэднім на 3,5 м. Клімат пасатны, параўнальна сухі. Ападкаў да 1000 мм за год. Бываюць тайфуны. Глебы пясчаныя, малаўрадлівыя. Жывёльны і расл. свет бедны. Усе прамысл. і харч. тавары імпартуюцца. Кабельная сувязь з Ганалулу і Гуамам.
Атол Уэйк да адкрыцця ісп. мараплаўцам А.Менданья дэ Нейра у 1568 і паўторна ў 1796 англ. капітанам У.Уэйкам быў ненаселены. З 1899 уладанне ЗША. Напярэдадні 2-й сусв. вайны тут пачалі буд-ваваен. базы. У 1941—45 акупіраваны яп. войскамі. Пасля вайны на в-ве Уэйк створана база ВПС ЗША Аэрадром на в-ве Уэйк выкарыстоўваецца як месца для аварыйных пасадак самалётаў пры выкарыстанні трансціхаакіянскіх рэйсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТКО́ЎСКІ Іван Антонавіч (2.5.1888, в. Чэрчыцы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 27.12.1937),
бел. гісторык. Праф. (1932). Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і 2 курсы духоўнай акадэміі (1914) у Петраградзе. З 1916 вікарый Мазырскага касцёла, у 1918 пазбаўлены духоўнага сану. З 1919 у Чырв. Арміі. У 1920—33 чл.ВКП(б). У 1921 у Аршанскім пав., заг. школы, аддзела агітацыі і прапаганды Сенненскага пав.к-та РКП(б), потым лектар Віцебскіх губкома і губ.сав.парт. школы, прарэктар і выкладчык Віцебскага вет. ін-та. З 1925 у Мінску, выкладчык Камуніст. ун-та імя Леніна, нам.заг. польскага аддзела Інбелкульта АН Беларусі. Нам. дырэктара, з 1932 дырэктар Ін-та польскай пралетарскай культуры. Адначасова заг. кафедры Мінскага пед. ін-та. У 1933 арыштаваны, адбыў 3 гады зняволення ў г. Марыінск (Сібір). У 1937 арыштаваны паўторна, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959. Аўтар прац па гісторыі нац.-вызв. і рэв.-дэмакр. руху на Беларусі, яго сувязей з рэв. рухам у Польшчы і Расіі, паўстання 1863—63 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.