БАГРЫ́М Паўлюк (Павел Восіпавіч; 14.11.1812, в. Крошын Баранавіцкага р-на — 1891 ?),
бел.паэт. Сын каваля. Вучыўся ў Крошынскай парафіяльнай школе. За распаўсюджанне антыпрыгонніцкіх вершаў, у т. л. «Рабункі мужыкоў» Я.Баршчэўскага, здадзены ў рэкруты (дакументальна не пацверджана). Працаваў кавалём у Крошыне. У мясц. касцёле зберагаецца металічная люстра работы Багрыма — узор маст. коўкі. Захаваўся адзін верш Багрыма — «Зайграй, зайграй, хлопча малы...», апубл. навагрудскім юрыстам І.Яцкоўскім («Аповесць з майго часу», Лондан, 1854). Верш — шэдэўр бел. лірыкі 19 ст., які кранае сілай пратэсту супраць прыгону, глыбінёй пачуцця, арганічнасцю формы і зместу. У 1985 у Крошыне адкрыты музей нар. мастацтва і рамёстваў імя Багрыма.
Літ.:
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СЬМЯН (Leśmian; сапр.Лесман; Lesman) Баляслаў
(каля 1878, Варшава — 5.11.1937),
польскі паэт; прадстаўнік польск. сімвалізму. Чл. Польскай акадэміі л-ры (1933). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). У 1901—07 супрацоўнік польск. і рус.перыяд. друку. Заснавальнік эксперым.Маст.т-ра ў Варшаве (1911). Аўтар паэтычных зб-каў «Сад на ростанях» (1912), «Луг» (1920), «Цяністы напой» (1936), «Лясное дзеянне» (выд. 1938), апрацовак нар. казак «Казанні пра Сезама», «Прыгоды Сіндбада-Марахода» (абедзве 1913), эсэ, літ. артыкулаў, перакладаў. Паэзіі Л. ўласцівы шчырасць і палкасць пачуцця, імкненне спазнаць прыроду; стыль адметны ўжываннем архаізмаў, дыялектызмаў і неалагізмаў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў А.Мінкін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКЕ́ВІЧ Мікалай Уладзіміравіч (9.10.1813, с. Удзярэўка Варонежскай вобл., Расія — 7.7.1840),
расійскі грамадскі дзеяч, філосаф, паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1834). З 1831 узначальваў у Маскве літ.-філас. Гурток. З 1837 лячыўся за мяжой ад сухотаў, памёр у Італіі. Філас. погляды С. — разнавіднасць аб’ектыўнага ідэалізму. Пытанні этыкі лічыў ключавымі для вырашэння сац. праблем. Гал. прынцыпы этыкі С. — ідэя кахання як гал.пачуцця прыроды і альтруізм. Выступаў супраць прыгонніцтва, заклікаў да маральнага ўдасканалення і асв. дзейнасці, у чым бачыў гал. сілу гіст. прагрэсу. У вершах выказваў свае грамадска-паліт. і этычныя погляды. Спрыяў адкрыццю таленту паэта А.В.Кальцова, паўплываў на В.Р.Бялінскага, Ц.М.Граноўскага, І.С.Тургенева і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДЭ́Н ДЭ СЕН-П’Е́Р (Bernardin de Saint-Pierre) Жак Анры (19.1.1737, г. Гаўр, Францыя — 21.1.1814),
французскі пісьменнік-сентыменталіст. Аўтар кн. нарысаў «Падарожжа на Іль-дэ-Франс» (1773), рамана-трактата «Аркадыя» (не скончаны, 1781), філас. эсэ «Эцюды аб прыродзе» (1784), «Гармоніі прыроды» (выд. 1815), сатыр.-філас. навел «Індыйская хаціна» (1791), «Сурацкая кавярня» (1791; рус.пер. Н.М.Карамзіна, 1792; пер. і перапрацоўка Л.М.Талстога, 1891). Як і для Ж.Ж.Русо, для Бернардэна дэ Сен-П’ера характэрны культ прыроды і пачуцця, жыцця ў згодзе з законамі прыроды і свайго сэрца. Раман-утопія «Поль і Віржыні» (1788) — гімн каханню і «натуральнаму чалавеку».
Тв.:
Рус.пер. — Поль и Виржиния: Роман. М., 1962.
Літ.:
Гуляев Н.А. Бернарден де Сен-Пьер // История зарубежной литературы XVIII в.: Страны Европы и США. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕТЫ́Т (ад лац. appetitus жаданне),
эмацыянальнае выяўленне і адчуванне патрэбы чалавека ў ежы ўвогуле або ў асобных яе відах. У адрозненне ад пачуццяголаду звязаны з прыемнымі эмоцыямі і ўяўленнямі. Адбітак на яго (стымулявальны ўплыў або прыгнечанне) могуць накладваць нац. традыцыі, індывід. прывычкі і прыхільнасці, выгляд, пах, кампаненты, смакавыя якасці і спосабы падачы ежы. Фізіял. аснову апетыту складае ўмеранае ўзбуджэнне пэўных аддзелаў ц. н. с., што суправаджаецца слінацячэннем, выдзяленнем «запаляльнага» стрававальнага соку, узмацненнем перыстальтыкі стрававальна-кішачнага тракту. У аснове расстройстваў апетыту могуць ляжаць парушэнні рэжыму і ўмоў харчавання, рэзкія змены яго звыклага рацыёну, а таксама ўкладу жыцця, фіз. і нерв. ператамленне, захворванні і інш. фактары. У асобных выпадках яны могуць выклікаць поўную адсутнасць апетыту (анарэксія) ці неадольнае жаданне есці (булімія), што сведчыць пра неабходнасць мед. абследавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГНЕ́ДА РАГВАЛО́ДАЎНА (?, г. Полацк —1000),
полацкая князёўна, дачка полацкага кн.Рагвалода, жонка вял.кн.Уладзіміра Святаславіча, маці кн.Ізяслава Уладзіміравіча. Паводле летапісаў, адхіліла сватанне Уладзіміра Святаславіча, які тады княжыў у Ноўгарадзе. Каля 980 Уладзімір захапіў Полацк, забіў бацьку, маці і двух братоў Р.Р., а яе гвалтоўна зрабіў сваёй жонкай і даў слав. імя Гарыслава. З пачуцця помсты Р.Р. зрабіла няўдалы замах на жыццё мужа. Уладзімір хацеў пакараць Р.Р., але за маці заступіўся сын Ізяслаў. Тады Уладзімір саслаў Р.Р. і сына ў г. Ізяслаўль (Заслаўе). Паводле падання, пасля хрышчэння Уладзіміра і ліквідацыі яго гарэма Р.Р. адмовілася другі раз выйсці замуж і пастрыглася ў манашкі пад імем Анастасіі. Каля Заслаўя назвы ўрочышчаў звязаны з імем Р.Р.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Рагнеда Рагвалодаўна. Рагнеда і Уладзімір. Мастак С.І.Грыбкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНТА́НЕ (Fontane) Тэадор (30.12.1819, Нойрупін, Германія — 20.9.1898),
нямецкі пісьменнік. Дэбютаваў у 1830-я г. як паэт (песні і балады ў духу шатл.нар. паэзіі). Аўтар раманаў «Пуцявіны-раздарожжы» (1888), «Пані Жэні Трайбель» (1892), «Штэхлін» (1899), аповесцей «Грэшніца» (1882), «Шах фон Вутэнаў» (1883), «Сціна» (1888), «Погенпулы» (1896) і інш., у якіх праблемы асобы і гіст. прагрэсу, саслоўнай няроўнасці, сапр.пачуцця і афіц. маралі, становішча жанчыны ў грамадстве Вяршыня яго творчасці — сац.-псіхал. раман «Эфі Брыст» (1895), у якім прыватны канфлікт набывае філас. сэнс.
Творы Ф. адметныя лаканізмам, псіхалагізмам, дыферэнцыраванасцю характарыстык. Аўтар кніг нарысаў і рэпартажаў пра Англію, Шатландыю, Францыю, гіст.-этнагр. нарысаў, навел, вершаў, літ. і тэатр. крытыкі. На бел. мову асобныя вершы Ф. пераклаў У.Папковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАВУЧА́ННЕ УЛАДЗІ́МІРА МАНАМА́ХА»,
помнік стараж.-рускай пісьменнасці 12 ст.; першы свецкі літ. твор. Напісана вял.кн. кіеўскім Уладзімірам Манамахам як запавет-настаўленне сваім дзецям. Створаны ў форме аўтабіяграфіі, твор прасякнуты дыдактычнымі павучаннямі і думкамі дзярж., паліт. і этнічнага характару. Аўтар наказвае сваім дзецям строга прытрымлівацца феад. правапарадку і дагавораў, кіравацца інтарэсамі дзяржавы, а не эгаістычнымі памкненнямі. Сцвярджаючы ідэал князя-патрыёта, цвёрдага ў рашэннях, адважнага ў паходах, Уладзімір Манамах навучаў іх быць працавітымі, імкнуцца да ведаў, маральнай дасканаласці. Асэнсоўваючы сваё жыццё, якое прайшло ў шматлікіх ваен. паходах, ён завяшчае нашчадкам прынцыпы гуманнасці і справядлівасці. У помнік уключана таксама пісьмо Уладзіміра Манамаха чарнігаўскаму кн. Алегу Святаславічу, якое вызначаецца веліччу бацькоўскага пачуцця, лірызмам і паэтычнасцю. Захавалася ў Лаўрэнцьеўскім летапісе.
Публ.:
Памятники литературы Древней Руси: Начало рус. лит., XI — нач. XII в. М., 1978. С. 392-413, 459-463.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ЛЧАЎ Найдан Станеў (н. 30.8.1927, в. Брэстніца Ловецкай акругі, Балгарыя),
балгарскі паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч. Скончыў Сафійскі ун-т (1951). З 1996 саветнік па культ. пытаннях пасольства Рэспублікі Балгарыя ў Мінску. Друкуецца з 1946. Аўтар зб-каў «На паўднёвай граніцы» (1953), «Стракатая палітра» (1960), «Паўночнае святло» (1965), «Луна-парк» (1970), «Сняжынкі» (1975), «Гіганцкі слалам» (1986), «Далёкі дзень» (т. 1—2) і «Пяшчотная жонка» (абодва 1987), «Фракійская фрэска» (1995) і інш., кн. нарысаў «Беларуская бяроза» (1978). Яго лірыка адметная шчырасцю пачуцця, лірызмам, маляўнічасцю дэталей, уменнем тонка перадаць перажыванні сучасніка. Пісаў артыкулы пра сучасную бел. л-ру і балгара-бел. сувязі. Перакладаў на балг. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, М.Танка, П.Панчанкі, У.Караткевіча, В.Быкава («Знак бяды», «Кар’ер», «Аблава» і інш.), А.Дударава і інш. На бел. мову творы Вылчава перакладалі А.Астрэйка, М.Танк, Р.Барадулін, Г.Бураўкін, Н.Гілевіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЙ Леў Аляксандравіч (25.2.1822, Масква — 28.5.1862),
рускі паэт. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1841). Служыў чыноўнікам, з 1852 у адстаўцы. Друкаваўся з 1840. Ранняя яго творчасць дэкларавала ідэал мастацтва, свабоднага ад грамадскай надзённасці. Паступова паэт наблізіўся да грамадз. лірыкі (верш «Вечавы звон», апубл. ананімна 1858, распаўсюджваўся ў спісах). Вершам у стылі нар. песень, на ант. і біблейскія тэмы, інтымнай лірыцы ўласцівы шчырасць пачуцця, уменне перадаць складаныя рухі душы. Значную ролю ў развіцці рус. драматургіі адыгралі яго гіст. драмы ў вершах «Царская нявеста» (1849), «Пскавіцянка» (1860), на сюжэты якіх М.Рымскі-Корсакаў стварыў аднайм. оперы. Аўтар паэмы «Юдзіф» (1855), паэт. пералажэнняў «Песні песняў» (цыкл «Яўрэйскія песні», 1849—60), «Слова аб палку Ігаравым» (1841—50), нарысаў, апавяданняў. Перакладаў на рус. мову творы Г.Гейнэ, У.Шэкспіра, І.В.Гётэ, П.Беранжэ, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Анакрэонта, Т.Шаўчэнкі і інш. Многія вершы М. пакладзены на музыку М.Глінкай, П.Чайкоўскім, А.Барадзіным, М.Мусаргскім, С.Рахманінавым і інш.