спецыяльная гіст. навука, якая вывучае гіст. меры (даўжыні, масы, плошчы, аб’ёмаў сыпкіх і вадкіх рэчываў і інш. велічынь у іх развіцці. Задачы М.г. — вызначэнне суадносін адзінак розных велічынь паміж сабой і іх сувязі з адзінкамі метрычнай сістэмы мер.
Распрацоўка М.г. у Зах. Еўропе пачалася з трактатаў юрыстаў і купцоў 14—15 ст., у якіх сістэматызаваліся звесткі пра меры для патрэб гандлю. У трактатах землямераў выкладаліся спосабы вымярэння даўжыні і паверхні («Кульмская геаметрыя»). У 16 ст. з’явіліся матэм. працы па метралогіі («Майстэрскае лічэнне» К.Рудольфа). Уласна М.г. прысвечана праца Г.Агрыкалы «Пяць кніг пра меры і вагі рымлян і грэкаў» (1550). У цяперашні час дзейнічае міжнар. камісія па М.г., з 1975 склікаюцца кангрэсы па гэтай навуцы.
На Беларусі метралагічныя працы з’явіліся ў 16 ст. ў сувязі з правядзеннем валочнай памеры. У 18 ст. пытанні М.г. распрацоўвалі гісторыкі Ф.Ф.Лойка, Т.Чацкі, С.Богуш-Сестранцэвіч. З прыняццем у канцы 18 ст. ў Францыі метрычнай сістэмы мер і паступовым яе пашырэннем па еўрап. краінах з’явілася патрэба ў суаднясенні даўніх мер Рэчы Паспалітай з новымі. Гэтаму прысвечаны працы А.Сапегі «Табліцы суадносін новых французскіх мер і вагі з літоўскімі і польскімі» (1802) і А.Хадкевіча «Табліцы суадносін даўніх мер і вагі французскіх і каронна-літоўска-польскіх з мерамі і вагамі новымі і прынятымі ў Францыі» (1811). У 19 ст. М.г. Рэчы Паспалітай распрацоўвалі І.Лялевель, Ф.Пекасінскі. У канцы 19 — пач. 20 ст. меры феад. Беларусі вывучалі А.М.Семянтоўскі, М.В.Доўнар-Запольскі, У.І.Пічэта. Пытанням бел. М.г. прысвечаны працы Дз.Л.Пахілевіча, З.Ю.Капыскага, П.Р.Казлоўскага, А.П.Грыцкевіча, Я.К.Анішчанкі, Л.А.Малчанавай, К.У.Скурата, польскіх даследчыкаў Л.Калянкоўскага, У.Пацехі, Р.Мяніцкага, В.Кулі, С.Александровіча, Г.Дунін-Вансовіч, Я.Юркевіча. Важныя працы па стараж.-рус. і рас.феад. метралогіі належаць П.Р.Буткову, Дз.І.Празароўскаму, Ф.І.Петрушэўскаму, А.І.Нікіціну, І.І.Каўфману, Л.У.Чарапніну, В.Л.Яніну, Б.А.Рыбакову, А.І.Каменцавай, М.А.Шасцьіну, І.Э.Клейненбергу.
Даўнія бел. меры. Меры даўжыні. Міля = 5 вёрст; вярста = 798 сажняў = 1559,7 м; вярста вялікая = 1000 сажняў = 1948,8 м; сажань = 194,88 см; шнур = 75 локцяў = 10 прутоў (прэнтаў) = 100 прэнцікаў = 48,7 м; локаць = 64,96 см; стапа = 12 цаляў = 32,5 см; цаля = 2,7 см; гоні (гон) = 80—100 м. Меры плошчы. Валока = 30 маргоў = 9000 кв. прутоў = 67 500 кв. локцяў = 21,36 га; морг = 3 кв. шнуры = 0,71 га; шнур = 100 кв. прутоў = 0,237 га; прэнцік = 0,237 мМеры аб’ёму. Бочка віленская = 4 чвэрці = 8 асьмін = 72 вялікія гарцы = 144 малыя гарцы = 406,7 л (для сыпкіх рэчываў) і 406,54 л (для вадкасці); гарнец малы (шынковы) = 2,8237 л; гарнец вялікі (цэхавы) = 5,6474 л; чвэрць (карэц) = 1/4 бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л; кварта = 1/4 гарца = 0,7057 л; мядніца = 12 гарцаў = 33,84 л. Меры масы (вагі). Беркавец = 5 камянёў = 200 фунтаў = 74,96 кг; камень = 40 фунтаў = 14,993 кг; фунт = 32 лоты = 374,8 г; пуд = 40—50 фунтаў; бязмен = 5—6 фунтаў = 1,87—2,24 кг; кантар = 100 фунтаў 37,48 кг; грыўна = 195,5 г. Адзінкі лічэння. Капа = 60; саха (валы, нарогі для сох) = 2; пасма (у ткацтве) = 30 нітак; лібра = 25 аркушаў паперы; рэз = 20 лібраў = 500 аркушаў паперы; тузін = 12; фаска = 500. У розных мясцовасцях Беларусі ў розныя часы існавалі свае меры, якія адрозніваліся ад вышэй названых.
Літ.:
Скурат К.У. Даўнія беларускія меры (лексічны аналіз). Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ШЫ,
асобы тавар, які выконвае ролю ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавараў. Выражаюць затраты грамадскай працы, што надае ім здольнасць абменьвацца. Грошы ўзніклі на пэўным этапе развіцця грамадства як вынік эканам. адносін, гасп. Дзейнасці людзей. З развіццём вытв-сці і пашырэннем абмену тавараў ўзнікла патрэба ў тавары-эквіваленце, на які можна было б вымяняць любы іншы. Такім таварам сталі грошы. У розных народаў на розных этапах развіцця абмену ролю грошай выконвалі розныя тавары (шкуры звяроў, меры збожжа, упрыгожанні, жывёла і інш.). Паступова ролю ўсеагульнага эквіваленту сталі выконваць золата, серабро. Дзякуючы сваім уласцівасцям (аднароднасць, дзялімасць, высокая вартасць пры невял. аб’ёме, адносная рэдкасць у прыродзе і інш.) за золатам замацавалася роля грошай у сусв. маштабе. Як прадукт працы яно мае вартасць і з’яўляецца таварам, мае таксама спажывецкую вартасць — здольнасць задавальняць пэўныя патрэбы (выраб упрыгожанняў і інш.). На пэўным этапе за куплены тавар разлічваліся толькі залатымі зліткамі, потым і манетамі, якія былі заменены манетамі з медзі і інш. металаў, потым папяровымі грашамі. Папяровыя грошы (знакі вартасці, якія маюць гарантаваную законам плацежную сілу) упершыню з’явіліся ў Кітаі ў 12 ст., у ЗША у 17 ст., у Расіі ў 1796. Як усеагульны эквівалент грошы выконваюць некалькі функцый: мера вартасці, сродак абарачэння, утварэння скарбаў або сродак накаплення, сродак плацяжу (сусв. грошы). Праз функцыю меры вартасці грошы выражаюць вартасць інш. тавараў. Тавары выражаюць сваю вартасць у пэўнай колькасці золата. Вагавая колькасць золата, прынятая ў нац. эканоміцы дзяржавы за грашовую адзінку, наз. маштабам цэн. Пры рэалізацыі тавару грошы выконваюць функцыю сродку абарачэння. У працэсе абарачэння магчыма замена залатых манет папяровымі грашамі. Калі пасля рэалізацыі тавару грошы выключаюцца з абарачэння, яны выконваюць функцыю сродку накаплення ці ўтварэння скарбу. У якасці скарбу могуць быць не толькі грошы ў манетнай форме, але і накапленні ў выглядзе прадметаў раскошы. Функцыю плацяжу грошы выконваюць, калі тавары прадаюцца ў крэдыт, пры аплаце падаткаў, зямельнай рэнты, кватэрнай і заработнай платы і інш. З выкананнем функцыі сродку плацяжу звязана з’яўленне крэдытных грошай — вэксаляў, банкнот (банкаўскіх білетаў), чэкаў, крэдытных картак або электронных грошай. На міжнар. узроўні грошы выконваюць функцыю сусв. грошай і наз.валютай. Раней гэту функцыю выконвала золата, цяпер выкарыстоўваюцца грошы (валюта) эканамічна магутных дзяржаў свету (долар ЗША, англ. фунт стэрлінгаў, ням. марка). Грошы прадаюцца і купляюцца на грашовым рынку, асн. элементы якога — прапанова, попыт, кошт грошай. Прапанову складае агульная колькасць грошай у дзяржаве. Пры сучасным грашовым абарачэнні развітых краін асн. маса грашовых аперацый праводзіцца ў безнаяўнай форме. Ролю грошай выконваюць не толькі наяўныя грошы, але і ўклады да запатрабавання, тэрміновыя і інш. ўклады. Для разліку колькасці грошай уведзена паняцце дзярж.эканам. паказчыкаў — грашовых агрэгатаў (М 1—наяўныя грошы, М 2 — тэрміновыя ўклады, М 3 — сертыфікаты), колькасць і спецыфіка вызначэння якіх у розных краінах розная. Для інтэрпрэтацыі колькаснай тэорыі грошай манетарысты (гл.Манетарызм) на чале з амер. эканамістам М.Фрыдменам прапанавалі формулу MV=Py, дзе M — грашовая маса, V — хуткасць абарачэння даходу, P — узровень кошту, y — норма (паток) рэальнага даходу. Попыт на грошы павінен пакрывацца іх прапановай. У сучаснай рыначнай эканоміцы прапанова грошай ствараецца банкаўскай сістэмай (цэнтр. і камерцыйнымі банкамі краіны). Цэнтр. банк выпускае ў абарачэнне манеты, папяровыя грошы ў форме банкнот рознага наміналу. Камерцыйныя банкі даюць пазыкі. Празмерны выпуск грошай (эмісія) выклікае інфляцыю — абясцэньванне, зніжэнне пакупной здольнасці папяровых грошай. Рост інфляцыі дэстабілізуе эканоміку і вымушае дзяржаву прымаць антыінфляцыйныя меры ў межах грашовага абарачэння. Сярод іх дэфляцыя (змяншэнне грашовай масы зняццем з абарачэння лішкавых папяровых грошай), нуліфікацыя (замена старых грашовых знакаў новымі, у меншай колькасці), дэнамінацыя (змена намінальнай вартасці грашовых знакаў), дэвальвацыя (афіцыйнае зніжэнне вартасці грашовых адзінак шляхам заканад. змяншэння залатога забеспячэння грашовай адзінкі ці зніжэння курсу папяровых знакаў у адносінах да золата ці замежнай валюты), рэвальвацыя (афіцыйнае павышэнне залатога ўтрымання грашовай адзінкі ці павышэнне яе курсу ў адносінах да замежнай валюты). Існуюць розныя тэорыі грошай (металічная, наміналістычная, колькасная, тэорыя «рэгулюемай валюты» і інш.). Паводле метал. тэорыі меркантылістаў (Т.Мен, Ж.Б.Кальбер), багацце дзяржавы атаясамліваецца з грашамі, а грошы — з высакароднымі металамі. Прадстаўнікі наміналістычнай тэорыі (Г.Ф.Кнап, М.Дз.Чулкоў) лічаць грошы знакамі вартасці, умоўнымі разліковымі адзінкамі. Паводле колькаснай тэорыі (У.Джэванс, К.Менгер), велічыня вартасці грошай знаходзіцца ў адваротнай залежнасці ад іх колькасці. Тэорыя «рэгулюемай валюты» — спалучэнне асн. палажэнняў наміналістычнай і колькаснай тэорый. Яе прыхільнік і тэарэтык Дж.М.Кейнс аддае перавагу папяровым грашам, паколькі іх колькасць у абарачэнні можа вызначацца дзяржавай. Праз рэгуляванне колькасці грошай у абарачэнні можна нармалізаваць (асабліва ў перыяды крызісаў) узроўні кошту тавараў, заработнай платы, беспрацоўя. На думку манетарыстаў, грошы — рашаючы фактар узнаўлення, таму няўмелае дзярж. рэгуляванне грашова-крэдытнай сферы можа справакаваць чарговы эканам. крызіс. На Беларусі з 1.7.1992 існуе самаст. грашовая сістэма. У 1994 бел. рублю і разліковаму білету нададзены статус адзінага плацежнага сродку Рэспублікі Беларусь. Грашовае абарачэнне рэгулюецца Нац. банкам Беларусі.
Літ.:
Лившиц А.Я. Введение в рыночную экономику. М., 1992;
Долан Э.Дж., Линдсей Д.Э. Макроэкономика: [Пер. с англ.]. СПб., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКІ́, пратэіны,
прыродныя высокамалекулярныя арган. рэчывы, малекулы якіх складаюцца з астаткаў амінакіслот. Адзін з асн.хім. кампанентаў абмену рэчываў і энергіі жывых арганізмаў. Абумоўліваюць іх будову, гал. адзнакі, функцыі, разнастайнасць і адаптацыйныя магчымасці, удзельнічаюць ва ўтварэнні клетак, тканак і органаў (структурныя бялкі), у рэгуляцыі абмену рэчываў (гармоны), з’яўляюцца запасным пажыўным рэчывам (запасныя бялкі). Складаюць матэрыяльную аснову амаль усіх жыццёвых працэсаў: росту, стрававання, размнажэння, ахоўных функцый арганізма (гл.Антыцелы, Імунаглабуліны, Таксіны), утварэння генет. апарату і перадачы спадчынных прыкмет (нуклеапратэіды), пераносу ў арганізме рэчываў (транспартныя бялкі), скарачэнняў мышцаў, перадачы нерв. імпульсаў і інш.; ферменты бялковай прыроды выконваюць у арганізме спецыфічныя каталітычныя функцыі, выключна важнае значэнне ў рэгуляцыі фізіял. працэсаў маюць бялкі.-гармоны. Сінтэзуюцца бялкі з неарган. рэчываў раслінамі і некат. бактэрыямі. Жывёлы і чалавек атрымліваюць гатовыя бялкі з ежы. З прадуктаў іх расшчаплення (пептыдаў і амінакіслот) у арганізме сінтэзуюцца спецыфічныя ўласныя бялкі, дзе яны няспынна разбураюцца і замяняюцца зноў сінтэзаванымі. Біясінтэз бялкоў ажыццяўляецца па матрычным прынцыпе з удзелам ДНК, РНК, пераважна ў рыбасомах клетак і інш. Паслядоўнасць амінакіслот у бялках адлюстроўвае паслядоўнасць нуклеатыдаў у нуклеінавых к-тах. Паводле паходжання і крыніц атрымання бялкоў падзяляюцца на раслінныя, жывёльныя і бактэрыяльныя, паводле хім. саставу — на простыя (некан’югіраваныя) — пратэіны і складаныя (кан’югіраваныя) — пратэіды. Простыя складаюцца з астаткаў амінакіслот, што злучаны паміж сабою пептыднай сувяззю (—NH—CO) у доўгія ланцугі — поліпептыды, складаныя — з простага бялку, злучанага з небялковым арган. ці неарган. кампанентам непептыднай прыроды, т.зв.прастэтычнай групай, далучанай да поліпептыднай часткі. Сярод складаных бялкоў паводле тыпу прастэтычнай групы вылучаюць нуклеапратэіды, фосфапратэіды, глікапратэіды, металапратэіды, гемапратэіды, флавапратэіды, ліпапратэіды і інш. У састаў бялкоў уваходзіць ад 50 да 6000 і больш астаткаў 20 амінакіслот, што ўтвараюць складаныя поліпептыдныя ланцугі. Амінакіслотны састаў розных бялкоў неаднолькавы і з’яўляецца іх важнейшай характарыстыкай, а таксама мерай харч. каштоўнасці. Паслядоўнасць амінакіслот у кожным бялку вызначаецца паслядоўнасцю монануклеатыдных буд. блокаў у асобных адрэзках малекулы ДНК. Вядома амінакіслотная паслядоўнасць некалькіх соцень бялкоў (напр., адрэнакортыкатропнага гармону чалавека, рыбануклеазы, цытахромаў, гемаглабіну і інш.). Парушэнні амінакіслотнай паслядоўнасці ў малекуле бялку выклікаюць т.зв.малекулярныя хваробы. Амінакіслотную паслядоўнасць поліпептыднага ланцуга для малекулы гармону інсуліну ўстанавіў англ. біяхімік Ф.Сэнгер (1953). Звесткі пра колькасць адрозненняў у амінакіслотных паслядоўнасцях гамалагічных бялкоў, узятых з розных відаў арганізмаў, выкарыстоўваюць пры складанні эвалюцыйных картаў, якія адлюстроўваюць паслядоўныя этапы ўзнікнення і развіцця пэўных відаў арганізмаў у працэсе эвалюцыі.
Агульны хім. састаў бялкоў (у % у пераліку на сухое рэчыва): C — 50—55, O — 21—23, N — 15—18, H — 6—7,5, S — 0,3—2,5, P — 1—2, і інш. Малекулярная маса ад 5 тыс. да 10 млн. Большасць бялкоў раствараецца ў вадзе і ўтварае малекулярныя растворы. Па форме малекул адрозніваюць бялкі фібрылярныя (ніткападобныя) і глабулярныя (згорнутыя ў кампактную структуру сферычнай формы); па растваральнасці ў вадзе, растворах нейтральных соляў, шчолачах, кіслотах і арган. растваральніках вылучаюць альбуміны, гістоны, глабуліны, глютэліны, праламіны, пратаміны і пратэіноіды. Бялкі маюць кіслыя карбаксільныя і амінныя групы, таму ў растворах яны амфатэрныя (маюць уласцівасці асноў і к-т). Пры гідролізе яны распадаюцца да амінакіслот; пад уплывам розных фактараў здольныя да дэнатурацыі і каагуляцыі, уступаюць у рэакцыі акіслення, аднаўлення, нітравання і інш. Пры пэўных значэннях pH у растворах бялкоў пераважае дысацыяцыя тых ці інш. груп, што надае ім адпаведны зарад і выклікае рух у электрычным полі — электрафарэз. Структура бялкоў характарызуецца амінакіслотным саставам, парадкам чаргавання амінакіслотных астаткаў у поліпептыдных ланцугах, іх даўжынёй і размеркаваннем у прасторы. Адрозніваюць 4 парадкі (узроўні) структуры бялкоў: першасную (лінейная паслядоўнасць амінакіслотных астаткаў у поліпептыдным ланцугу), другасную (прасторавая, найчасцей спіральная прасторавая канфігурацыя, якую прымае сам поліпептыдны ланцуг), трацічную (трохмерная канфігурацыя, якія ўзнікае ў выніку складвання або закручвання структур другаснага парадку ў больш кампактную глабулярную форму) і чацвярцічную (злучэнне некалькіх частак з трацічнай структурай у адну больш буйную комплексную праз некавалентныя сувязі). Найб. устойлівая першасная структура бялкоў, іншыя лёгка разбураюцца пры павышэнні т-ры, рэзкім змяненні pH асяроддзя і інш. уздзеяннях (дэнатурацыя бялкоў), што вядзе да страты асн.біял. уласцівасцяў. Фарміраванне прасторавай канфігурацыі малекул бялку вызначаецца наяўнасцю ў поліпептыдных ланцугах вадародных, дысульфідных, эфірных і салявых сувязяў, сіл Ван дэр Ваальса і інш. Уласцівасці бялкоў залежаць ад іх хім. будовы і прасторавай арганізацыі (канфармацыі). Наяўнасць некалькіх узроўняў арганізацыі Б. забяспечвае іх вял. разнастайнасць у прыродзе (напр., у клетках бактэрыі Escherichia coli каля 3000 розных бялкоў, у арганізме чалавека больш за 50 000). Кожны від арганізмаў мае ўласцівы толькі яму набор бялкоў, па якім ён можа быць індэнтыфікаваны. Органы і тканкі жывых арганізмаў маюць розную колькасць бялкоў (у % да сырой вагі); 6,5—8,5 у крыві, 7—9 у мозгу, 16—18 у сэрцы, 18—23 у мышцах, 10—20 у насенні злакаў, 20—40 у насенні бабовых, 1—3 у лісці большасці раслін. Па харч. каштоўнасці бялкі падзяляюць на паўнацэнныя (маюць усе амінакіслоты, неабходныя жывёльнаму арганізму для сінтэзу бялкоў сваіх тканак) і непаўнацэнныя (у складзе малекул няма некаторых амінакіслот). Сутачная патрэба дарослага чалавека ў бялках 100—120 г. Арганізм расходуе ўласныя бялкі, калі ў ежы іх менш за норму. Многія прыродныя бялкі і бялковыя ўтварэнні выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., для вырабу скуры, шэрсці, натуральнага шоўку, казеіну, пластмасаў і інш.), медыцыне і ветэрынарыі (як лек. сродкі і біястымулятары, напр., інсулін пры цукр. дыябеце, сываратачны альбумін як заменнік крыві, гама-глабулін для прафілактыкі інфекц. захворванняў, бялкі-ферменты для лячэння парушэнняў абмену рэчываў, гідралізатары бялкоў для штучнага жыўлення). Для атрымання пажыўных і кармавых бялкоў выкарыстоўваюць мікрабіял. сінтэз. Вядуцца даследаванні па штучным сінтэзе бялковых малекул (штучна сінтэзаваны фермент рыбануклеаза і інш.). Бялкі — адзін з гал. аб’ектаў даследаванняў біяхіміі, імуналогіі і інш. раздзелаў біял. навукі.
Літ.:
Бохински Р. Современные воззрения в биохимии: Пер. с англ.М., 1987;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Гершкович А.А. От структуры к синтезу белка. Киев, 1989;
Овчинников Ю.А. Химия жизни: Избр. тр.М., 1990.
У.М.Рашэтнікаў.
Да арт.Бялкі. Малекула бялку міяглабіну: 1 — агульны выгляд; 2 — структурная схема.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),
паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.
Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.
На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛгал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.
У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел.сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял.Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп.дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс.аддз. сувязі (1999).
Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав.ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер. — ліст. 1939). У Вял.Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.
Літ.:
Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;
Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.