КАРЭ́Ц,

бел. старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ 1 К. = ¼ бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л. З 1766 стала наз. чвэрцю. К. наз. таксама пасудзіна, вял. конаўка з ручкай. Назва паходзіць ад кары́, з якой першапачаткова выраблялі кубкі для піцця Гл. таксама Гарнец.

т. 8, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ФАС (грэч. pithos),

вялікая гліняная пасудзіна, пашыраная ў крыта-мікенскую і антычную эпохі для захоўвання збожжа і інш. гасп. прыпасаў. П. мелі яйцападобную форму і ў вышыню дасягалі 1,5—2 м. Эгейскія П. ўпрыгожвалі рэльефным фрызападобным арнаментам. Звычайна П. укопвалі ў глебу і зверху клалі на яго каменную ці гліняную накрыўку.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РНЕЦ,

1) старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ быў прыняты да карыстання гарнец малы (шынковы), роўны 2,8237 л, і гарнец вялікі (цэхавы), у два разы большы (5,6474 л). У 19 ст. да ўвядзення метрычнай сістэмы мер карысталіся гарцам, роўным 3,2798 л.

2) Пасудзіна такой ёмістасці (умяшчальнасці).

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІ́К (грэч. kylix),

старажытнагрэчаская гліняная ці металічная пасудзіна для ўжывання віна: плоская шырокая чаша на высокай ножцы з падножкай і дзвюма гарыз. ручкамі на процілеглых баках краю чашы. Гліняныя К. часта размалёўвалі ўнутры. Найб. вядомы чырвонафігурныя К. 6—4 ст. да н.э.

Кілік «Коннік». Эпіктэт. Каля 520 да н.э.; 1 — агульны выгляд, 2 — унутраная размалёўка.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́РКА,

1) пасудзіна з клёпак або выдзеўбаная з дрэва, пашыраная на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. Дыяметр у 1,5—2 разы большы за вышыню. Мела вушкі, за якія прывязвалі вяроўку або рамень і насілі цераз плячо. Бралі М. ў поле, на сенажаць, у лес.

2) Салдацкая паходная біклажка 18—19 ст.

т. 10, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯ́ЛА (перс.),

пасудзіна для піцця ў выглядае невял. расшыранага ўверх кубка паўсферычнай ці ўсечана-канічнай формы на нізкім паддоне, без ручак. Пашырана ў Сярэдняй Азіі і на сумежных тэрыторыях. Вядома з 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. Раннія П. вырабляліся з гліны. Сучасныя П. вырабляюць пераважна фабрычным спосабам з фаянсу ці фарфору.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ДАЎБ, кодаўб,

пасудзіна, выдзеўбаная са ствала дрэва (ліпы, вольхі, асіны). Мела розныя памеры, цыліндрычную форму. Побач з аднадоннымі трапляліся К. з двума днішчамі і адтулінай збоку. Выкарыстоўваліся для захоўвання збожжа, круп, мукі, К. меншых памераў — для мёду (звычайна рабілі з ліпы). Былі пашыраны ў лясных і падлесных зонах Беларусі і інш. краін. Часам сустракаюцца і ў наш час.

Кадаўб.

т. 7, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МФАРА (лац. amphora ад грэч. amphoreus),

у антычных грэкаў і рымлян гліняная або металічная пасудзіна з высокім горлам і 2 вертыкальнымі ручкамі. У амфары трымалі і перавозілі віно, алей, мёд, збожжа. На многіх амфарах ёсць малюнкі, арнаменты, надпісы. Знойдзены на многіх археал. помніках на тэр. Беларусі. На Русі 10—12 ст. вырабляліся амфарападобныя пасудзіны карчагі.

Старажытнагрэчаская чорнафігурная амфара. 6 ст. Да н.э.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЗА (франц. vase ад лац. vas пасудзіна),

пасудзіна дэкар. ці утылітарнага прызначэння. Выкарыстоўваюцца для пластычнага і каляровага ўзбагачэння інтэр’ера, часам як творы манум.-дэкар. мастацтва (на фасадах будынкаў, агароджах). Вырабляюцца са шкла, фарфору, фаянсу, гліны, хрусталю, вырабных камянёў, металаў. Вядомы са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі ў залежнасці ад формы і прызначэння гліняныя вазы мелі розныя назвы (амфара, кратэр і інш.). Выраб і ўпрыгожванне вазы размалёўкай (вазапіс) — важная галіна ант. мастацтва. Тэктанічная яснасць формаў, іх функцыян. апраўданасць, гарманічнасць прапорцый зрабілі стараж.-грэч. вазы класічнымі ўзорамі для еўрап. мастацтва наступных эпох. На Беларусі ў 18—19 ст. вазы выраблялі ганчары Слуцка, Барысава, Магілёва і інш. на радзівілаўскіх і Целяханскай фаянсавай мануфактурах (гл. Целяханскія фаянсавыя вырабы). Цяпер вазы вырабляюць на Мінскім і Добрушскім фарфоравых, Барысаўскім хрусталёвым заводах, шклозаводзе «Нёман», аб’яднанні «Беларуская мастацкая кераміка», Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Відарысы вазы выкарыстоўваюцца як дэкар. матыў у размалёўцы па шкле, метале, кераміцы, у ткацтве.

М.​М.​Яніцкая.

Дэкаратыўныя вазы. Т.​Пятроўская. 1977.
Да арт. Ваза. Каляровае шкло шклозавода «Нёман» 1920—40-я г.

т. 3, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАЦЁР,

у беларусаў ганчарны выраб; глыбокая гліняная пасудзіна са слабапрафіляваным тулавам і шырокім вусцем, якая служыла для расцірання маку і інш. прадуктаў, а таксама для гатавання ежы ў печы, заквашвання цеста і інш. Пасудзіны, падобныя формаю да М., вядомы па археал. раскопках з жал. веку. Бытаваў паўсюдна да сярэдзіны 20 ст. пад рознымі назвамі: макотра, макацёрка, цёрла, вярцеха, вярцянка, мяліца і інш.

С.​А.​Мілючэнкаў.

Макацёры.

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)