ЗАІКА́ННЕ,
функцыянальнае парушэнне мовы. Характарызуецца адвольнымі паўзамі рознай працягласці, паўторам асобных гукаў, складоў, слоў пры размове. Прычыны хваробы: генетычная схільнасць, частыя псіхатраўмы, неўратычны фон, саматычная аслабленасць. Найчасцей узнікае ў дзяцей ранняга ўзросту (2—5 гадоў). Лячэнне: псіхатэрапія, гіпноз і інш.
т. 6, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСФУ́НКЦЫЯ (ад дыс... + функцыя),
парушэнне функцыі сістэмы, органа або тканкі арганізма, якое выражаецца неадэкватнасцю рэакцыі на ўздзеянне раздражняльнікаў. Аснова Д. — парушэнні абмену рэчываў і энергіі, якія выяўляюцца на ўзроўні клеткі, тканкі, органа. сістэмы або цэласнага арганізма і выражаюцца ў зменах росту, размнажэння, развіцця, харчавання, дыхання, руху. Праяўляецца ў форме дыстрафій, звязаных з назапашваннем у клетках і тканках змененых прадуктаў абмену, дысплазій і дыстапій — змен развіцця або стану органаў у выніку дысэмбрыягенезу, дыскінезій — расстройстваў каардынаваных рухальных актаў, дыспепсій — расстройстваў стрававання. Прыклады асобных форм Д.: дысгенезія ганад, дысбазія (расстройства хады), дысгідроз (расстройства потавыдзялення), дыскальцынацыя эмалі, дыскапатыі (пашкоджанне міжпазваночных дыскаў), дысфагія (расстройства глытання), дысфазія (парушэнне мовы), дысфанія (расстройства голасаўтварэння), дысменарэя (расстройства менструальнага цыкла), дысфарыя (расстройства настрою), дыссалюцыі (расстройства псіхічнай дзейнасці) і інш.
А.С.Леанцюк.
т. 6, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́КСІЯ (ад лац. annexio далучэнне),
захоп адной дзяржавай часткі або ўсёй тэрыторыі інш. дзяржавы, а таксама гвалтоўнае ўтрыманне народнасці ў межах чужой дзяржавы. Анексія — грубае парушэнне міжнар. права. Статут ААН дэкларуе права нацый на самавызначэнне і абавязвае членаў ААН устрымлівацца ад анексіі.
т. 1, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРФУ́НКЦЫЯ (ад гіпер... + функцыя),
павышаная дзейнасць органа, тканкі, сістэмы арганізма. Узнікае як прыстасавальная рэакцыя (напр., павелічэнне памераў і сілы скарачэння сардэчнай мышцы ў спартсменаў) ці як парушэнне ў арганізме, што выклікае хваробу (пры гіперфункцыі шчытападобнай залозы, павелічэнні выпрацоўкі ёй гармонаў узнікае гіпертырэоз).
т. 5, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУХАНЕМАТА́,
адсутнасць ці цяжкае парушэнне слыху і звязаная з гэтым адсутнасць мовы. Прычыны ўзнікнення глуханематы — прыроджаная ці набытая ў раннім дзяцінстве (1—2 гады) глухата. У сучаснай педагогіцы і медыцыне тэрмін глуханемата лічаць устарэлым. Заняткі з выкарыстаннем сурдапед. прыёмаў навучання дазваляюць навучыць глухога гаварыць.
т. 5, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЫЛЯРЫ́ЗМ,
слова, выраз і сінтаксічны зварот, характэрны для афіцыйна-дзелавога стылю. Напр., «пражываць» замест «жыць», «набываць» — «купляць», «ажыццяўляць кіраўніцтва» — «кіраваць». Ужыванне К. па-за рамкамі афіц.-дзелавога стылю разглядаецца як парушэнне стылістычных норм або як сродак характарыстыкі персанажа ў маст. л-ры, як стылістычны прыём.
т. 8, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФА́ЗІЯ (ад а... + грэч. phasis выказванне),
парушэнне мовы з поўнай або частковай стратай здольнасці карыстацца словамі ці фразамі для выказвання думак або разумець чужую мову пры пашкоджванні пэўных участкаў кары галаўнога мозга, але захаванні функцыі артыкуляцыйнага апарата і слыху. Часта камбінуецца з парушэннем чытання (алексія), пісьма (аграфія), ліку (акалькулія). Узнікае пры інсультах, пухлінах і абсцэсах мозга, чэрапна-мазгавых траўмах і інш. Адрозніваюць афазію маторную (цяжка або немагчыма вымавіць слова, выказаць думку пры захаванні здольнасці вымаўляць асобныя гукі і разумець мову), сенсорную (неразуменне мовы пры нармальным слыху), семантычную (парушэнне разумення сэнсу фраз пры захаванні разумення асобных слоў), амнестычную (хворыя забываюць назвы прадметаў, але даюць ім характарыстыку), татальную (страта хворымі здольнасці гаварыць, разумець, чытаць і пісаць). Пры ўсіх формах афазіі лечаць асн. захворванне, праводзяць заняткі з лагапедам.
т. 2, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАДЭ́РМА (ад грэч. leukos белы + дэрма),
парушэнне пігментацыі скуры ў выніку змяншэння ці знікнення ў ёй пігменту меланіну. Праяўляецца ў выглядзе шматлікіх больш светлых за колер скуры плям невял. памераў. Адрозніваюць Л. лекавую, прафесійную (пад уздзеяннем хім. рэчываў) і сіфілітычную пры другасным рэцыдыўным сіфілісе. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 9, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯПА́ТЫЯ (ад мія... + грэч. pathos пакута, хвароба),
група спадчынных хвароб мышцаў, праявамі якіх з’яўляюцца атрафія, мышачная слабасць, зніжэнне мышачнага тонусу, сухажыльных рэфлексаў (да адсутнасці). У аснове развіцця — парушэнне абмену ў мышачных клетках, змены сінтэзу нуклеінавых к-т і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае, лячэбная фіз. культура, масаж, фізіятэрапія.
т. 10, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ХВАЛЬ,
парушэнне восевай сіметрыі размеркавання ўзбурэнняў (напр., зрушэнняў і скарасцей у мех. хвалі) у папярочнай хвалі адносна напрамку яе распаўсюджвання. У кожным пункце напрамак ваганняў у палярызаванай хвалі застаецца нязменным або змяняецца паводле пэўнага закону. Найб. важная П.х. у выпадку эл.-магн. хваль аптычнага дыяпазону (гл. Палярызацыя святла).
т. 12, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)