НАЦЫЯНАЛІ́СТЫ,

у Расіі ў 1908—17 група (фракцыя) дэпутатаў 3-й і 4-й Дзярж. дум (пераважна ад паўд.-зах. губерняў) аб’яднаных вялікадзярж. і манархічнай платформай. Уваходзілі буйнейшыя землеўладальнікі, царк. дзеячы, частка інтэлігенцыі і сял. дэпутатаў. Старшыня — П.​М.​Балашоў, лідэры — У.​А.​Бобрынскі, В.В.Шульгін, епіскапы Яўлогій, Мітрафан і інш. Друкаваны орган — газ. «Окраины России». Праграма — абарона самадзяржаўя і памешчыцкай уласнасці, шавінізм («Расія для рускіх»), антысемітызм, укараненне рус. культуры ў нац. ускраінах імперыі. Патрабавалі забяспечыць панаванне правасл. царквы, высоўвалі панславісцкія лозунгі. Стварылі Усерас. нац. саюз і Усерас. нац. клуб (1910). Фракцыя спыніла існаванне пасля Лют. рэвалюцыі 1917.

т. 11, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМ’Е́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1802.

Падпісаны паміж Францыяй і яе саюзнікамі (Іспаніяй і Батаўскай рэспублікай) з аднаго боку і Англіяй — з другога 27.3.1802 у г. Ам’ен (Францыя). Завяршыў распад 2-й антыфранц. кааліцыі. Паводле яго Англія абавязвалася вярнуць Францыі і яе саюзнікам захопленыя ў іх калоніі (акрамя а-воў Цэйлон і Трынідад) і ачысціць ад сваіх войскаў в-аў Мальта, Францыя — вывесці войскі з Рыма, Неапаля і в-ва Эльба. Егіпет быў вернуты Турцыі. 13.5.1802 да дагавора далучылася Турцыя. Ам’енскі мірны дагавор стаў кароткай перадышкай у англа-франц. барацьбе за сусв. панаванне. Разарваны з прычыны адмовы Англіі вызваліць в-аў Мальта. 22.5.1803 ваенныя дзеянні аднавіліся.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБЕ́РЫЯ (грэч. Ibēria, лац. Hiberia),

1) старажытная назва Усх. Грузіі (наз. таксама Іверыя). Сустракаецца ў ант. і візант. гісторыкаў. На мяжы 4—3 ст. да н.э. на тэр. І. ўзнікла дзяржава (царства) са сталіцай у г. Мцхета. Асн. масу жыхароў складалі сяляне-абшчыннікі, на цяжкіх работах і ў палацавай гаспадарцы выкарыстоўвалася праца рабоў (пераважна ваеннапалонных). У гарадах развіваліся рамёствы і гандаль, грэч. і арамейская пісьменнасць. І. дасягнула росквіту пры цару Фарсмане II (2 ст.). З 4 ст. развіваліся раннефеад. адносіны. З 337 хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй. У канцы 4 ст. І. трапіла пад панаванне Сасанідаў.

2) Адна са стараж. назваў Іспаніі.

т. 7, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬМА́РСКАЯ ВАЙНА́ 1611—13,

вайна паміж Даніяй і Швецыяй за панаванне на Балтыйскім м., у паўд. ч. Скандынаўскага п-ва і паўн. узбярэжжы Нарвегіі (належала Даніі). Вялася пераважна на швед. землях. Швецыя страціла крэпасць Кальмар (жн. 1611, адсюль назва вайны) і адзіны на той час швед. порт Эльфсбарг у прал. Катэгат (май 1612). Паводле Кнерэдскага мірнага дагавора (20.1.1613) захоўваліся ўмовы Штэцінскага міру, заключанага ў 1570 (завяршыў дацка-швед. вайну 1563—70); шведы адмовіліся ад прэтэнзій на Фінмаркен, абавязаліся выплаціць кантрыбуцыю ў 1 млн. талераў, да канчатковай выплаты Данія атрымала правы на Эльфсбарг з прылеглай тэр.; не была адноўлена дацка-швед. (Кальмарская) унія.

В.​В.​Варановіч.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМІ́ЙСКАЯ ВАЙНА́,

вайна саюза стараж.-грэч. дзяржаў на чале з Афінамі супраць панавання Македоніі ў 323—322 да н. э. Ініцыіравана афінянамі на чале з Дэмасфенам і Гіперыдам пасля атрымання звестак пра смерць Аляксандра Македонскага. Да Афін далучыліся некат. полісы Сярэдняй Грэцыі і Пелапанеса, асобныя ілірыйскія і фракійскія плямёны. У 323 да н.э. войска саюзнікаў на чале з Леасфенам у бітве пры Гераклеі разбіла сілы правіцеля Македоніі Антыпатра і прымусіла яго схавацца ў фесалійскай крэпасці Ламія (адсюль назва вайны). Скарыстаўшы раздробленасць антымакедонскага лагера, Антыпатр дачакаўся падмацаванняў і ў Кранонскай бітве (322 да н.э.) разбіў саюзную армію. Панаванне Македоніі ў Грэцыі было адноўлена.

т. 9, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГА (Braga),

горад на ПнЗ Партугаліі. Адм. ц. акругі Брага. 90,5 тыс. ж. (1991). Традыц. цэнтр тэкст. (пераважна баваўнянай), гарбарна-абутковай, харч. (у т. л. вытв-сць цукру і шакаладу), дрэваапр., хім. прам-сці. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі. Адліўка царк. званоў. Гандл. цэнтр с.-г. раёна. Музей. Арх. помнікі 11—18 ст.

Засн., верагодна, карфагенянамі ў 296 да н.э., пазней стараж.-рымскі г. Бракара Аўгуста, сталіца рым. правінцыі Лузітаніі. У 5—6 ст. пад уладай свеваў, якія ліквідавалі рым. панаванне, з 585 у складзе дзяржавы вестготаў. У 716 заваявана арабамі, з 1040 у складзе Кастыліі. У 1-й пал. 12 ст. паліт. цэнтр Партугаліі, з 1104 рэзідэнцыя партуг. архібіскупаў.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСУ́МСКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава на тэр. паўн. Эфіопіі з цэнтрам у г. Аксум. Першыя звесткі пра Аксумскае царства адносяцца да 1 ст. н.э. Зручнае геагр. становішча на гандл. шляхах з Індыі і Усх. Афрыкі ў Міжземнамор’е спрыяла эканам. і культ. росквіту Аксумскага царства. З канца 3 ст. дасягнула вял. магутнасці. У час праўлення цара Эзана (пач. 4 ст.) заваявана Нубія, ішла барацьба (4—6 ст.) з Хім’ярыцкім царствам за панаванне ў Паўд. Аравіі. У 4 ст. ў Аксумскае царства пранікла хрысціянства, якое ў барацьбе з іудзействам замацавала візант. ўплыў. Пасля захопу персамі Паўд. Аравіі (6 ст.) і арабамі Егіпта (7 ст.) пачаўся эканам. і паліт. заняпад, паступова Аксумскае царства распалася.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-БУ́РСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1902,

захопніцкая вайна Англіі супраць бурскіх рэспублік Паўд. Афрыкі Трансвааль і Аранжавая. Англія імкнулася захапіць землі, багатыя золатам і алмазамі, забяспечыць брыт. панаванне на вялізнай тэр. ад Каіра да Кейптаўна. Падставай да вайны з’явілася адмова прэзідэнта Трансвааля даць выбарчыя правы англ. каланістам. 11.10.1899 пачаліся ваен. дзеянні, на пачатку якіх буры атрымалі некалькі перамог. Аднак вял. перавага ў жывой сіле і тэхніцы дазволіла англічанам у 1900 акупіраваць рэспублікі. Буры разгарнулі партыз. барацьбу, але, не атрымаўшы чаканай дыпламат. дапамогі з боку Германіі, Францыі і Расіі, спынілі супраціўленне. Паводле мірнага дагавора 31.5.1902 Аранжавая і Трансвааль далучаны да Брыт. імперыі і сталі англ. калоніямі. У 1910 іх тэр. ўвайшлі ў англ. дамініён Паўднёва-Афрыканскі Саюз.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЕ́НІЯ ВЯЛІ́КАЯ,

старажытная дзяржава армян, якая займала большую частку Армянскага нагор’я. Пачала складвацца ў 6 ст. да н.э., пазней — сатрапія Ахеменідаў. У канцы 4—3 ст. да н.э. самастойнае царства. У 3—2 ст. да н.э. заваявана Арташэсам I і абвешчана незалежнай дзяржавай. Пры Тыгране II [95—56 да н.э.] самая вял. дзяржава эліністычнага Усходу. У вайне з Рымам страціла амаль усе заваяванні, у 114 абвешчана рымскай правінцыяй. Пазней царская ўлада ў Арменіі Вялікай адноўлена. На пач. 4 ст. н.э. пры Аршакідах уведзена хрысціянства як афіц. рэлігія. Феад. раздробленасць, барацьба паміж Іранам і Рымам за панаванне на Усходзе аслабілі Арменію Вялікую. У 387 падзелена паміж іранскімі Сасанідамі і Візантыяй.

т. 1, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТЛІ,

гістарычная вобласць ва Усх. Грузіі ў сярэднім цячэнні р. Кура. У ант. і візант. крыніцах вядома пад назвай Іберыя. З канца 4 ст. пад уладай Сасанідаў, ад якой вызвалілася (акрамя г. Тбілісі) да канца 6 ст. З пач. 7 ст. пад уплывам Візантыі, саюзнікі якой хазары ў 627 захапілі Тбілісі, дзе знаходзіўся сасанідскі гарнізон. Да 730-х г. К. заваяваны арабамі, панаванне якіх працягвалася тут да 1122, калі цар Давід Будаўнік знішчыў Тбіліскі эмірат. З канца 10 ст. К. — ядро адзінай груз. дзяржавы. Пасля распаду гэтай дзяржавы ў 2-й пал. 15 ст. К. вылучылася ў самаст. Картлійскае царства, якое аб’ядналася ў 1762 з Кахеты ў Картлійска-Кахецінскае царства (з 1801 у складзе Расіі).

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)