АРЫСТАКРА́ТЫЯ (грэчаскае aristokratia літаральна ўлада найлепшых),
1) форма дзяржаўнага кіравання, пры якой вярхоўная ўлада належыць вышэйшым прывілеяваным класам; процістаіць манархіі і дэмакратыі. У антычнай палітычнай тэорыі праўленне арыстакратыі лічылася найбольш кампетэнтным і бескарыслівым (у адрозненне ад тымакратыі, праўлення карыслівых людзей), блізкім да ідэальнага. Гэтая канцэпцыя развіта ў працах Піфагора і прадстаўнікоў яго школы, Платона, Арыстоцеля і іншых. У старажытнасці арыстакратычнымі рэспублікамі былі Спарта, Рым (6—1 стагоддзі да нашай эры), Карфаген; у сярэдневяковай Еўропе — Венецыя, Пскоўская і Наўгародская феадальныя рэспублікі і іншыя.
2) Замкнутая грамадская група, якая займае вышэйшае становішча ў грамадстве; прыналежнасць да яе вызначаецца паходжаннем і спадчыннасцю (радавая арыстакратыя). Існуе таксама паняцце пра арыстакратыю духоўную або інтэлектуальную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ШЭР ((Roscher) Вільгельм Георг Фрыдрых) (21.10.1817, г. Гановер, Германія — 4.6.1894),
нямецкі эканаміст, заснавальнік гістарычнай школы ў палітэканоміі. Праф. Гётынгенскага (з 1843) і Лейпцыгскага (з 1848) ун-таў. У працы «Кароткі нарыс курса палітычнай эканоміі паводле гістарычнага метаду» (1843) прапанаваў метад, згодна з якім эканам. навука грунтавалася на вывучэнні гіст. падзей і растлумачвала эканам. з’явы шляхам пошуку гіст. аналогій; пазней развіў свае ідэі ў працы «Сістэма эканомікі» (т. 1—5, 1854—94). Крытыкаваў законы, распрацаваныя класічнай школай палітэканоміі, якія абгрунтоўваліся пры дапамозе метадаў, аналагічных метадам дакладных навук. У «Тэорыі крызісаў» (1849) узняў праблему перавытворчасці, лічыў, што накапленні павінны павялічвацца паралельна з попытам на тавары і паслугі. Быў прыхільнікам ідэі натуральнай эвалюцыі грамадства, асуджаў практыку рэв. пераваротаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬБРУК ((Delbrück) Ганс) (11.11.1848, г. Берген, в-аў Руген, Германія — 14.7.1929),
нямецкі ваен. гісторык і паліт. дзеяч. Праф. Берлінскага ун-та (1896—1921). Паслядоўнік Г. фон Трайчке. Вучыўся ў Гайдэльбергскім і Бонскім ун-тах. Чл. прускай палаты дэпутатаў (1882—85) і дэп. рэйхстага ад партыі свабодных кансерватараў (1884—90). У 1883—1919 рэдагаваў (да 1889 разам з Трайчке) орган кансерватараў Прусіі час. «Preußische Jahrbücher» («Прускія штогоднікі»), У 1-ю сусв. вайну выступаў за скасаванне сістэмы трохкласавага выбарчага права ў Прусіі на карысць дэмакр. канстытуцыйнай манархіі і інш.Гал. творы — «Гісторыя ваеннага майстэрства ў рамках палітычнай гісторыі» (т. 1—4, 1900—20; прадоўжана Э.Даніэльсам і О.Гайнцам, т. 5—7, 1926—36), «Сусветная гісторыя» (т. 1—5, 1923—28).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБО́РНІКІ РУ́СКАГА ГІСТАРЫ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА»
(«Сборники Русского исторического общества»),
зборнікі дакументаў па гісторыі Расіі 15—19 ст. Выдадзены ў С.-Пецярбургу і Маскве ў 1867—1916 у 148 тамах. Частка зборнікаў змешанага характару, іншыя ў выглядзе тэматычных серыйных выданняў. Гэта «Матэрыялы Кацярынінскай заканадаўчай камісіі 1767 г.» (т. 1—14), «Паперы і перапіска Кацярыны II» (т. 1—18), «Помнікі дыпламатычных дачыненняў старажытнай Расіі з дзяржавамі замежнымі» (т. 1—10), «Дыпламатычныя перапіскі замежных паслоў і пасланнікаў пры рускім двары» (т. 1—47). Шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі ў серыях тамоў «Помнікі дыпламатычных дачыненняў Маскоўскай дзяржавы з Польска-Літоўскай дзяржавай» (вып. 1—5), «Акты, дакументы і матэрыялы для палітычнай і бытавой гісторыі 1812 г.» (т. 1—3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУШЧЫ́ЦКІ (Іван Мікалаевіч) (20.1.1907, в. Агароднікі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 9.9.1973),
бел. філосаф. Чл.-кар.АН Беларусі (1969). Д-рфілас.н. (1952), праф. (1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1930). З 1934 у АН Беларусі, з 1947 нам. дырэктара, дырэктар, заг. сектара Ін-та філасофіі і права. З 1953 заг. кафедры БДУ. Даследаваў гісторыю філас. і сацыялагічнай думкі, грамадскія ідэі ў вуснай нар. творчасці. У працы «Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.» (1958) і інш. прааналізаваў светапогляды К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, інш. дзеячаў нац.-вызв. руху, бел. культуры.
І.М.Лушчыцкі.
Тв.:
Общественная мысль в период восстания 1863 г. Кастусь Калиновский // Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СПЕ́ЎНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ, Беларуская майстроўня,
маладзёжнае творчае згуртаванне ў 1979—84 у Мінску. Створана студэнтамі БДУ і Бел.тэатр.-маст. ін-та, пазней да яе далучыліся студэнты інш.ВНУ, аспіранты, школьная і рабочая моладзь Мінска. Мэта — адраджэнне ў гарадскім асяроддзі бел.нар. абраднасці, святаў. Удзельнікі майстроўні вывучалі нар. песні, ладзілі святы Калядаў, гукання вясны, Купалля ў Мінску, Заслаўі, Вязынцы, праводзілі дабрачынныя акцыі, выступалі з канцэртамі, лекцыямі, гутаркамі. Майстроўня спалучала спеўна-фалькл. дзейнасць з культ.-асв. і палітычнай; адраджэнне бел.нар. культуры разглядала як аптымальную форму выхавання нац. свядомасці. У 1983 пры майстроўні створана Т-вабел. школы, якое вяло агітацыю за стварэнне беларускамоўных дзіцячых садкоў, школ. Новай формай дзейнасці сталі талокі на рэстаўрацыйных аб’ектах у Траецкім прадмесці Мінска, на археал. раскопках. Спыніла дзейнасць у 1984 з-за канфліктаў з уладамі. Пераемнікі — Маладзёжны клуб імя У.Караткевіча (1985—86) і клуб «Талака» (з 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРА́ЎСКІ (Аркадзь Іосіфавіч) (н. 5.8.1924, в. Янава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1980). Д-рфілал.н. (1968), праф. (1970). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1950). З 1950 працуе ў Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі (у 1983—89 дырэктар). Даследуе гісторыю бел. мовы і бел. мовазнаўства. Аўтар прац «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (т. 1, 1967), «Мова нашых продкаў» (1983). Сааўтар даследаванняў «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), «Гістарычная марфалогія беларускай мовы» (1979), «Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст» (1988), «Мова выданняў Францыска Скарыны» (1990), дапаможнікаў для ВНУ «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (1957), «Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы» (ч. 1—2, 1961—62) і інш. Адзін са стваральнікаў «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970) і гал. рэдактар «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—14, 1982—96). Дзярж. прэмія Беларусі 1994 (за комплекс прац ў галіне скарыназнаўства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ ШЛЯХ»,
грамадска-палітычны і літ. часопіс, орган Беларускага студэнцкага саюза. Выдаваўся ў 1922—23 у Вільні на бел. мове. З-за фінансавых цяжкасцей выходзіў нерэгулярна. Адказныя рэдактары Б.Туронак, Л.Мазалеўскі. Гал. мэта выдання — больш глыбокае пазнанне Беларусі, адраджэнне нац. свядомасці, змаганне за дзярж. незалежнасць. Апубл. артыкулы А.Луцкевіча «Вялікае свята», «Студэнцкая моладзь у беларускім руху», канспект яго лекцыі «Развіццё палітычнай думкі ў Беларусі». Ідэйныя пошукі моладзі адлюстраваны ў арт. «Шляхі беларускай студэнцкай моладзі» М.Крывічонка (Туронка), «Наш шлях», «Аб нашым месіянізме» С.Радзіміча і інш. Актуальнасцю, творчым пошукам вылучаліся артыкулы і нарысы Ф.Маркотнага (Ф.Пяткевіча), М.М. (М.Марцінчыка). Інфармаваў пра культ.-асв. працу студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та, друкаваў хроніку з жыцця бел. студэнтаў у Маскве, Мінску, Празе, паведамляў пра лёс бел. асветы ў Латвіі. Змяшчаў вершы Н.Арсенневай, З.Верас, І.Дварчаніна, Г.Леўчыка, апавяданні Л.Леўскага, А.Пакуцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,
спосаб функцыянавання палітычнай сістэмы грамадства і паліт. працэсаў; тып дзярж. кіравання са спецыфічнымі прынцыпамі і структурамі, якія рэгулююць грамадскія адносіны. Асн. пытаннем П.р. з’яўляецца праблема ўлады, якая ўздзейнічае на ўсе сферы грамадства, на эканам., сац., культ. і інш. структуры, паліт. паводзіны і дзейнасць людзей. Існуе мноства крытэрыяў, паводле якіх класіфікуюцца П.р. Можа быць ліберальны, аўтарытарны, дэмакр., аўтакратычны, монакратычны (дыктатарскі), дырэкторыя (калект. кіраванне), камбінаваны; гл. Аўтарытарызм, Дыктатура, Дэмакратыя, Лібералізм, Таталітарызм. Класіфікуюцца таксама па сац. складзе кіруючых эліт, ступені адкрытасці і закрытасці, характары абароны і падтрымкі рэжыму, формах і метадах паліт. ўзаемадзеяння паміж кіруючай элітай і грамадствам. Вызначае тып арганізацыі ўлады, паліт. адносіны, сукупнасць элементаў ідэалаг., інстытуцыянальнага і сац. парадку, якія садзейнічаюць фарміраванню паліт. культуры. Тып П.р. вызначаецца ўзроўнем развіцця і інтэнсіўнасцю паліт. працэсаў, структурай кіруючай эліты, механізмам яго фарміравання, станам правоў і свабод чалавека ў грамадстве, пануючым тыпам легітымнасці, развітасцю грамадска-паліт. традыцый, дамінуючай паліт. свядомасцю і паводзінамі. Паводле марксісцкай тэорыі існуюць П.р. сацыяліст. і капіталістычныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬРА́С, Вальра (Walras) Мары Эспры Леон (16.12.1834, г. Эўрэ, Францыя — 5.1.1910), швейцарскі эканаміст, заснавальнік і буйнейшы прадстаўнік матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Праф. Лазанскага ун-та (1870—92). Родапачынальнік (з К.Менгерам і У.Джэвансам) гранічнай карыснасці тэорыі. Асн. твор — «Элементы чыстай палітычнай эканоміі» (ч. 1—2, 1883). Вальрас — стваральнік агульнай стат. мадэлі нар. гаспадаркі, вядомай пад назвай «сістэма агульнай эканамічнай раўнавагі», якая ахоплівала сферу вытв-сці, абмену, капіталу і грошай. У рэгуляванні працэсаў вытв-сці і спажывання адводзіў вял. ролю дзяржаве. У 1950—60-я г. мадэль Вальраса была пераўтворана сродкамі лінейнага праграмавання. Рацыянальны элемент яго мадэлі — пастаноўка экстрэмальнай задачы для нар. гаспадаркі (дасягненне макс. эфекту пры найменшых выдатках) і падыход да цэн як да састаўнога элемента пры адшуканні агульнага оптымуму. Ён лічыў, што «рэдкасць» таксама з’яўляецца элементам вартасці. Паслядоўнікі Вальраса — Г.Касель, А.Афтальён, І.Шумпетэр, В.Парэта.
Тв.:
Théorie mathématique de la richesse sociale. Lausanne, 1883;
Théorie de la monnaie. Paris, 1886;
Etude d’economie sociale, ou Théorie de la réparation de la richesse sociale. Lausanne;
Paris, 1896;
Etudes d’économie politique appliquée. Lausanne, 1896.