тлушчападобныя рэчывы, што ўваходзяць у састаў жывых клетак. Адыгрываюць важную ролю ў працэсах жыццядзейнасці. Адзін з асн. кампанентаў біял. мембран. Уплываюць на пранікальнасць клетак і актыўнасць ферментаў, удзельнічаюць у перадачы нерв. імпульсу, мышачным скарачэнні, утварэнні міжклетачных кантактаў, імунахім. працэсах і інш. Большасць Л. — вытворныя вышэйшых тлушчавых к-т, спіртоў ці альдэгідаў. Падзяляюцца на простыя і складаныя. Да Л. таксама адносяць стэрыны, тэрпены, убіхіноны. Л. — паверхнева-актыўныя рэчывы, маюць у малекулах палярныя групоўкі (-COOH, -OH, -NH2 і інш.) і непалярныя вуглевадародныя ланцугі; сярэдне растваральныя ў непалярных растваральніках (бензол, петралейны эфір і інш.) і вельмі мала — у вадзе. У арганізме Л. ферментатыўна гідралізуюцца ліпазамі.
Літ.:
Маркман А.Л. Химия липидов. Вып. 1—2. Ташкент, 1963—70;
Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ПІУС Зінаіда Мікалаеўна (20.11.1869, г. Бялёў, Расія — 9.9.1945),
руская пісьменніца. Ідэолаг дэкадэнцтва. Жонка Дз.С.Меражкоўскага. З 1920 у эміграцыі. Першыя вершы апубл. ў 1888. Выйшлі паэт.кн. «Збор вершаў» (кн. 1—2, 1904—10); «Апошнія вершы, 1914—1918» (1918). Межы яе паэтычнага свету вызначалі палярныя кантрасты паміж індывідуалістычным самасцвярджэннем, смелым прыняццем жыцця і адмаўленнем ад сябе, ад уласнай волі, стратаю сэнсу існавання. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Новыя людзі» (1896), «Чорнае на белым» (1908), «Месячныя мурашы» (1912), «Нябесныя словы» (1921), раманаў «Пераможцы» (1898), «Чортава лялька» (ч. 1-я трылогіі, 1911; ч. 3-я пад назвай «Раман-царэвіч», 1913), п’ес «Макавы цвет» (1908, з Меражкоўскім і Дз.Філосафавым) і «Зялёны пярсцёнак» (1916), мемуараў «Жывыя твары» (т. 1—2, 1925), «Дзмітрый Меражкоўскі» (1951, не скончаны). Як крытык (псеўданім Антон Крайні) абараняла сімвалізм («Літаратурны дзённік, 1899—1907», 1908). У творах, напісаных у эміграцыі, рэзкае непрыняцце Кастр.рэв. і сав. улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТВАРА́ЛЬНІКІ,
хімічныя злучэнні ці іх сумесі, здольныя раствараць (гл.Растваральнасць) розныя рэчывы. У сістэмах вадкасць — газ і вадкасць — цвёрдае цела Р. лічаць вадкасць, у двух і шматкампанентных растворах — кампанент, колькасць якога значна перавышае колькасць інш. кампанентаў. Паводле асн.хім. класіфікацыі Р. падзяляюць на неарган. і арганічныя.
Найважн. неарган. Р. — вада. Да неарган. Р. адносяцца вадкія аміяк NH3 і дыаксід серы SO2, фторыставадародная к-та HF і інш.Арган. Р. — злучэнні розных класаў: аліфатычныя і араматычныя вуглевадароды, іх галагена- і нітравытворныя (хлараформ, нітрабензол), спірты (метанол, этанол), кетоны (ацэтон), простыя і складаныя эфіры (дыэтылавы эфір) і інш. Класіфікуюць Р. таксама паводле палярнасці малекул і велічыні дыэл. пранікальнасці (палярныя і непалярныя), т-ры кіпення (нізка- і высокакіпячыя), вязкасці, пажара- і выбухованебяспечнасці, таксічнасці і інш. уласцівасцей. Асн. патрабаванні да Р. пры яго практычным выкарыстанні мінім. таксічнасць і пажаранебяспечнасць, даступнасць і таннасць. Выкарыстоўваюць для тэхнал. мэт у лакафарбавай, тэкст., фармацэўтычнай, мед. прам-сці, пры вытв-сці выбуховых рэчываў, а таксама ў якасці асяроддзя для ажыццяўлення хім. рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭЛЮ́СКІНЦЫ,
удзельнікі палярнай экспедыцыі на параходзе «Чэлюскін». Мэта экспедыцыі — прайсці Паўночным марскім шляхам за адну навігацыю на неледакольным судне, даставіць зімоўшчыкаў і грузы на в-аў Урангеля, сабраць навук. звесткі пра палярныя моры. «Чэлюскін» (пабудаваны ў Даніі ў 1933, водазмяшчэнне 7500 т, названы імем С.І.Чэлюскіна) выйшаў у рэйс 8.8.1933 з Мурманска ва Уладзівасток. У Берынгавым праліве судна было зацёрта льдамі, штормам вынесена ў Чукоцкае мора і 13.2.1934 расціснута вялізным ледзяным валам. Параход затануў за 100 км ад берага. У суровых умовах арктычнай зімы 104 удзельнікі экспедыцыі (начальнік О.Ю.Шміт, капітан судна У.І.Варонін) высадзіліся на дрэйфуючую льдзіну і праз 2 месяцы на самалётах былі вывезены на мыс Ванкарэм на ПнЗ Чукоцкага п-ва. У аперацыі выратавання, што працягвалася з 5 сак. па 13 крас. 1934, прымалі ўдзел лётчыкі М.В.Вадап’янаў, І.В.Даронін, М.П.Каманін, С.А.Леванеўскі, А.В.Ляпідзеўскі, В.С.Молакаў, М.Т.Сляпнёў, якія першымі ў СССР атрымалі званне Героя Сав. Саюза. Усе чэлюскінцы ўзнагароджаны ордэнам Чырв. Зоркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., паміж Баранцавым і Карскім морамі, у Архангельскай вобл. (Расія). Пл. каля 83 тыс.км². Уключае 2 вял. астравы — Паўночны (48,9 тыс.км²) і Паўднёвы (33,3 тыс.км²), раздзеленыя пралівам Матаччын Шар, і дробныя астравы. Берагі фіёрдападобныя. Рэльеф горны, выш. да 1547 м (на Паўн. в-ве). Горы складзены з асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі) і вывергнутых парод. Клімат марскі арктычны, суровы. Сярэднія т-ры сак. (самы халодны месяц) ад -14 °C да -22 °C, жн. 2,5—6,5 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Каля 25% плошчы ўкрыта ледзяным покрывам, у т. л. на Паўн. в-ве самы вял. па плошчы ў Расіі покрыўны ледавік (20 тыс.км²). Усяго больш за 680 ледавікоў. Уваходзіць у зону арктычных пустынь, частка Паўд. в-ва — у зону арктычных тундраў. Растуць лішайнікі і імхі (каля 450 відаў), па далінах і паўд. схілах хмызнякі (карлікавыя вярба і бяроза). У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Птушыныя «кірмашы» (кайры, чайкі, чысцікі). У прыбярэжнай зоне цюлені, маржы, з рыб — траска, сёмга, омуль. Промысел пясца і марскіх жывёл. Палярныя станцыі. На Н.З. шмат гадоў праводзіліся выпрабаванні ядзернай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НЦА-ІО́СІФА ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг на Пн Баранцава м., у Архангельскай вобл. Расіі. Пл. 16,1 тыс.км². Больш за 190 астравоў. Вылучаюць 3 групы: усх. (з а-вамі Вільчака Зямля, Грээм-Бел), аддзеленую Аўстрыйскім пралівам; цэнтр. (з а-вамі Рудольфа, Гукера) паміж Аўстрыйскім пралівам і Брытанскім каналам; зах. (уключае найб. буйныя а-вы Зямля Аляксандры і Зямля Георга) на З ад Брытанскага канала. Большая ч. астравоў складзена з пясчанікаў, алеўрытаў і вапнякоў, перакрытых базальтавай лавай. Больш за 85% паверхні ўкрыта ледавікамі. Месцамі з-пад ледавікоў уздымаюцца нунатакі. Выш. да 620 м (на в-ве Венер-Нойштат). Клімат арктычны. Сярэдняя т-растудз. -23, -24 °C, ліп. ад -1,2 да 1,6 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Больш за 1 тыс. азёр. Мохава-лішайнікавая тундра. Трапляюцца белы мядзведзь, пясец; птушыныя кірмашы. Палярныя станцыі. Геафіз. абсерваторыя (з 1957) імя Э.Т.Крэнкеля (в-аў Хейса). Ф.-І.З. адкрыта аўстра-венг. экспедыцыяй Ю.Паера і К.Вайпрэхта ў 1873. Названа імем імператара Аўстрыі Франца Іосіфа I. Паводле пастановы СНКСССР ад 15.4.1926 аб граніцах Сав. Саюза на Крайняй Поўначы Ф.-І.З. ў складзе СССР (у межах РСФСР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫРКУЛЯ́ЦЫЯ АТМАСФЕ́РЫ, агульная цыркуляцыя атмасферы,
планетарная сістэма паветраных плыняў над зямным шарам, у выніку якой ажыццяўляецца абмен паветраных мас у гарыз. і верт. напрамках, найб. важны кліматаўтваральны працэс, які забяспечвае цепла- і вільгацезварот на Зямлі, вызначае характар надвор’я. Ц.а. абумоўлена нераўнамерным размеркаваннем т-ры паветра і атм. ціску, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі (Карыяліса сіла) і трэннем. У трапасферы да ўстойлівых паветр. плыней належаць пасаты, мусоны, паветраныя плыні, звязаныя з цыклонамі і антыцыклонамі, мясцовыя вятры; у верхняй трапасферы і ніжняй стратасферы — струменныя плыні. Над зямным шарам сфарміраваліся 3 цыркуляцыйныя сістэмы ўсх. плыняў (трапічная і 2 палярныя) і 2 сістэмы зах. плыняў умераных шырот. Для ўмераных і палярных шырот характэрна актыўная цыкланічная дзейнасць, якая развіваецца на арктычным і ўмераным франтах. Трапічныя шыроты ахоплены ўстойлівымі ўсх. плынямі — пасатамі, што рухаюцца ад тропікаў з высокім атм. ціскам да экватара з нізкім атм. ціскам. На ўсх. узбярэжжы мацерыкоў і ўнутры тропікаў узнікае мусонная цыркуляцыя — сезонныя плыні, якія змяняюць напрамак на супрацьлеглы — ад зімы да лета і наадварот. У межах агульнай Ц.а. ўзнікаюць мясц. вятры: брызы, горна-далінныя, бара, фён і інш.Тэр. Беларусі знаходзіцца пад пераважным уплывам заходняга пераносу паветраных мас умераных шырот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НЕЧНАЯ АКТЫ́ЎНАСЦЬ,
змена ў часе інтэнсіўнасці выпрамянення асобных участкаў паверхні Сонца. Праяўляецца ва ўсёй сукупнасці нестацыянарных працэсаў на Сонцы і ў яго атмасферы: рэгулярным узнікненні плям, пратуберанцаў, факелаў, успышак і інш., нарастанні ультрафіялетавага, рэнтгенаўскага і радыёвыпрамянення.
Большасць гэтых з’яў цесна звязаны паміж сабой і ўзнікаюць у т.зв. цэнтрах актыўнасці, дзе выходзяць на паверхню магутныя магн. палі, што сведчыць аб агульнай прыродзе праяўленняў С.а. — сувязі з магн. полем Сонца. С.а. мае цыклічны характар — перыяд каля 11 гадоў. Пры змене цыкла С.а. мяняецца палярнасць агульнага магн. поля Сонца, а ў групах плям — палярнасць вядучай плямы; т.ч.магн. поле вяртаецца да агульнай канфігурацыі праз 22 гады. Мерай С.а. служыць Вольфа лік. Звычайна яго значэнні ўсярэдніваюць па месяцах ці гадах і будуюць графік залежнасці С.а. ад часу. С.а. значна ўздзейнічае на працэсы, якія адбываюцца ў міжпланетнай і каляземнай прасторах, у атмасферы і біясферы Зямлі. У перыяд максімуму С.а. на Зямлі маюць месца анамальныя з’явы: магнітныя буры, палярныя ззянні, спыненне радыёсувязі на частотах 5—20 Мгц, поўнае спыненне адбіцця ад іанасферных слаёў, раптоўнае ўзмацненне атм. перашкод і інш.Іл.гл. да арт.Пратуберанцы.
Літ.:
Витинский Ю.И. Солнечная активность. 2 изд. М., 1983.
А.А.Шымбалёў.
Утварэнне і рух плям на Сонцы ў перыяд сонечнай актыўнасці (жнівень 1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВА-АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
рэчывы, адсорбцыя якіх на паверхні падзелу фаз значна зніжае паверхневае нацяжэнне. П.-а.р. з’яўляюцца арган. злучэнні, малекулы якіх маюць дыфільную будову, уключаюць палярныя (гідрафільныя) групы (OH, COOH, NH2 і інш.), Што забяспечвае растваральнасць П.-а.р. у вадзе, і непалярныя вуглевадародныя радыкалы CnH2n+1, дзе n = 6—20 (гл.Гідрафільнасць і гідрафобнасць).
Паводле стану ў растворы П.-а.р. падзяляюць на сапраўды растваральныя (малекулярна-дыспергаваныя) і калоідныя (мылы, алкілфасфаты, аліфатычныя аміны, алкілсульфаты), якія акрамя паверхневай актыўнасці (гл.Актыўнасць у хіміі) праяўляюць аб’ёмныя ўласцівасці, абумоўленыя ўтварэннем калоіднай (міцэлярнай) фазы. Адрозніваюць П.-а.р. іанагенныя, якія ў растворы дысацыіруюць на іоны і паводле віду іонаў, што вызначаюць паверхневую актыўнасць, падзяляюцца на аніёна- і катыёнаактыўныя; неіанагенныя, якія на іоны не дысацыіруюць; амфатэрныя, якія з’яўляюцца катыёна- ці аніёнаактыўнымі ў залежнасці ад pH раствору. Выкарыстанне П.-а.р. заснавана на іх здольнасці мяняць змочванне паверхні цвёрдых цел і ўстойлівасць дысперсных сістэм. Выкарыстоўваюць у вытв-сці мыйных сродкаў і касметыкі (каля 50% вырабленых П.-а.р.), як дыспергатары пры драбненні цвёрдых цел і бурэнні цвёрдых парод, у вытв-сці тканін і хім. валокнаў, пры флатацыйным абагачэнні руды (для рэгулявання змочвання мінералаў), атрыманні змазак, фарміраванні пен і эмульсій, перапрацоўцы палімерных матэрыялаў, для рэгулявання ўласцівасцей бетонных сумесей і інш.
Літ.:
Абрамзон А.А. Поверхностноактивные вещества: Свойства и применение. 2 изд. Л., 1981;
Русанов А.И. Мицеллообразование в растворах поверхностно-активных веществ. СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
узаемадзеянне паміж атамамі (іонамі), якое вядзе да ўтварэння хім. злучэння (малекулы, крышталя) і вызначае яго энергію, малекулярную структуру, рэакцыяздольнасць і інш. Узнікае ў выніку электрастатычнага ўзаемадзеяння паміж электронамі і ядрамі атамаў малекул. Колькасць Х.с., якія атам можа ўтварыць, вызначаецца будовай яго знешняй электроннай абалонкі (гл.Валентнасць). Тэарэт. аснову Х.с. вывучае квантавая хімія. Прыроду і ўласцівасці Х.с. вызначаюць рэнтгенаструктурным аналізам, спектральным аналізам.
Паводле характару размеркавання электроннай шчыльнасці паміж атамамі адрозніваюць іонную сувязь (электроны пераходзяць ад аднаго атама да другога; іоны, што ўтварыліся, утрымліваюцца побач сіламі электрастатычнага ўзаемадзеяння) і кавалентную сувязь (злучэнне і аграмаджанне пары электронаў, па аднаму ад розных атамаў). Найб. пашыраны прамежкавыя выпадкі Х.с. — палярныя кавалентныя сувязі з рознай ступенню іоннасці. Каардынацыйная сувязь — кавалентная палярная сувязь, якая ўтвараецца за кошт двух электронаў аднаго атама. Металічная сувязь, характэрная для металаў, утвараецца паміж катыёнамі металу (узнікаюць у выніку страты электронаў) і «электронным газам», які запаўняе прастору паміж іонамі і забяспечвае эл. праводнасць металаў. Вадародныя сувязі ўтвараюцца паміж малекуламі рэчываў, здольных утвараць «вадародныя мосцікі» (вада, спірты, пептыды). У шырокім сэнсе да Хс. таксама адносяць сілы міжмалекулярнага ўзаемадзеяння (гл.Ван-дэр-Ваальса сілы).
Літ.:
Полинг Л. Общая химия: Пер. с англ.М., 1974;
Краснов К.С. Молекулы и химическая связь. 2 изд. М., 1984;
Эткинс П. Физическая химия: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1980.