ГРАМАДЗЯ́НСКАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ ЎСХО́ДНІХ ЗЯМЕ́ЛЬ (Zarząd Cywilny ziem Wshodnich),
орган улады пры Гал. камандаванні польск. арміі на занятай ёю тэр. Беларусі і Літвы ў 1919—20. Пачало фарміравацца ў адпаведнасці з дэкрэтам нач. Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскага ад 8.2.1919. Рада міністраў Польшчы 8.3.1919 ператварыла Літ.-Бел. дэпартамент Мін-ва замежных спраў у Дэпартамент па справах Усх. зямель на чале з грамадз. камісарам Л.Калянкоўскім; у час наступлення на Вільню (лют. 1919) ген. камісарам назначаны Е.Асмалоўскі. Упраўленне размяшчалася ў Вільні, мела ў Варшаве прадстаўніцтва на чале з графам С.М.Касакоўскім. Адм. прастора «Усх. зямель» падзялялася на 3 акругі: Віленскую, Брэсцкую, Валынскую, пасля захопу Мінска (жн. 1919) утворана і Мінская акруга. Акругі падзяляліся на паветы на чале са старастамі. Адміністрацыя ўпраўлення камплектавалася ў асн. з мясц.палякаў, пераважна нацыянал-дэмакр. арыентацыі. Летам 1920, разам з адступаючым польск. войскам, упраўленне эвакуіравалася ў г. Быдгашч, дзе спыніла сваё існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙДА́НАК (Majdanek),
канцэнтрацыйны лагер, створаны ў прадмесці г. Люблін (Польшча) у 2-ю сусв. вайну восенню 1941 паводле загаду Г.Гімлера. Першапачаткова прызначаўся для сав. ваеннапалонных, у хуткім часе ператвораны ў лагер масавага знішчэння людзей. Меў 6 філіялаў. На тэр. лагера адначасова знаходзілася каля 35 тыс. вязняў. Дзейнічалі 7 спец. абсталяваных газавых камер для ўдушэння людзей. Усяго праз лагер прайшлі каля 500 тыс.чал. з 22 еўрап. краін, з іх загінулі каля 350 тыс.чал., у т. л. 200 тыс. яўрэяў, 120 тыс.палякаў. У крас. 1944 пачата эвакуацыя вязняў у інш. лагеры. 23.7.1944 у М. увайшлі часці 1-га Бел. фронту. У 1947 на тэр.б. лагера створаны дзярж. музей, у 1969 адкрыты «Помнік барацьбы і пакутніцтва» (паводле праекта В.Толкіна) разам са «Шляхам пакланення і памяці», а таксама Маўзалей-пантэон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РНА,
горад на У Балгарыі. Адм. ц. Варненскай вобл. 308,6 тыс.ж. (1992). Гал. порт краіны на Чорным м. (звязаны паромам з укр. портам Ільічоўск). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., культ. і турыстычны цэнтр.Прам-сць: судна- і дызелебудаванне, тэкст., швейная, харч. (мясная, кансервавая, вінаробная і інш.). ЦЭС. Прамысл. спадарожнік Варны — г. Дэўня (хім.прам-сць). ВНУ. НДІ акіянаграфіі і рыбнай гаспадаркі. Музеі. Тэатры. Рэшткі ант. і ранневізантыйскага горада. У раёне Варны прыморскія кліматычныя курорты Дружба, Залатыя Пяскі, Албена.
Засн. ў 6 ст. да н.э. як грэч. калонія Адэсас, з 7 ст.балг. горад Варна. У 1391—1878 пад уладай Турцыі. 10.11.1444 каля Варны адбылася бітва тур. войск султана Мурада II з арміяй кааліцыі еўрап. дзяржаў (венграў, палякаў, валахаў) на чале з каралём Польшчы і Венгрыі Уладзіславам III і венг. ваяводам Янашам Хуньядзі; саюзныя войскі пацярпелі паражэнне, Уладзіслаў III загінуў, што прадвызначыла далейшы лёс Балканаў і Канстанцінопаля. У час рус.-тур. войнаў 18—19 ст.рус. войскі тройчы вялі аблогу Варны (1723, 1810, 1828), у 1828 авалодалі горадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНІЛО́ВІЧ (Эдвард Адам) (13.10.1847, Сляпянка, цяпер у межах Мінска — 16.6.1928),
гаспадарчы і паліт. дзеяч Беларусі. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. Скончыў Слуцкую гімназію (1865), Пецярбургскі тэхнал.ін-т (1869). З 1878 член, віцэ-старшыня, старшыня Мінскага т-ва сельскай гаспадаркі. У 1906 ад памешчыкаў Мінскай губ. выбраны чл.Дзярж. савета Рас. імперыі. З 1911 дэп. Мінскай губ. земскай управы ад «польскай» (каталіцкай) курыі Слуцкага пав. У 1917 працаваў у земскіх арг-цыях, падтрымаў утварэнне БНР, удзельнічаў у пасяджэннях Рады БНР. У 1918 выступіў з планам аднаўлення ВКЛ. Стварыў «Саюз памешчыкаў Мінскай губерні». У снеж. 1918 у Варшаве, адзін з арганізатараў «Саюза палякаў з беларускіх ускраін». У 1919 удзельнічаў у пераўтварэнні «Саюза памешчыкаў Мінскай губерні» ў «Саюз памешчыкаў Літвы і Беларусі ў Варшаве», адзін са стваральнікаў «Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі». Займаўся грамадскай дзейнасцю ў Мінску, Варшаве і Слуцку. Быў прыхільнікам незалежнай Беларусі ў саюзе з Польшчай, выступаў супраць падзелу Беларусі. У доме Вайніловаіча ў Слуцку 14—15.11.1920 праходзіў бел. з’езд Случчыны, які ўзняў Слуцкае паўстанне 1920. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў 1795—91 і 1801—1920 на тэр. Літвы і Беларусі (да 1840 Літоўска-Віленская губерня). Цэнтр — г.Вільня. Утворана пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). 6.2.1797 зліта са Слонімскай губ. у адну Літоўскую губерню. Адноўлена паводле ўказа Аляксандра I (9.9.1801) пры падзеле апошняй на Гродзенскую і Віленскую губ. Уключала 11 паветаў: Ашмянскі, Браслаўскі (Новааляксандраўскі), Віленскі, Вількамірскі, Завілейскі, Ковенскі, Расіенскі, Трокскі, Упіцкі (Панявежскі), Цяльшэўскі і Шавельскі. У 1843 частка паветаў перададзена новаўтворанай Ковенскай губ. У складзе Віленскай губерні засталіся: Ашмянскі, Віленскі, Свянцянскі (Завілейскі) і Трокскі пав.; да іх далучаны з Гродзенскай губ. Лідскі, з Мінскай губ. — Дзісенскі і Вілейскі пав. Уваходзіла ў Віленскае генерал-губернатарства. Паводле перапісу 1897, нас. 1591,2 тыс.чал., з іх 56% беларусаў, 17,6 літоўцаў, 12,7 яўрэяў, 8,2% палякаў; паводле веравызнання: 58,8% католікаў, 27,7 праваслаўных, 12,9% іудзеяў. У 1915 пл. губерні 36 825 кв. вёрст, нас. 2083 тыс.чал. У 1920 большая частка Віленскай губерні склала Віленскае ваяводства; астатняя тэр. адышла да Літвы, невял. частка Вілейскага пав. — да БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬТМАН (Стафан Лявонавіч) (4.10.1886, г. Замасць, Польшча — 20.9.1937),
рэвалюцыянер, дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1912). У 1903—05 рэдактар час. «Glos» («Голас»). З 1915 у Мінску. Адзін з арганізатараў Польск. сацыяліст. аб’яднання, старшыня праўлення яго мінскай групы, заснавальнік і рэдактар яго органа «Prawda» («Праўда»), Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. бальшавіцкай фракцыі Мінскай гар. думы, камісар па польск. справах Зах. вобласці і фронту. У 1919 нам. наркома земляробства і лясной гаспадаркі Літ.-Бел. ССР, заг. аддзела Мінскага губрэўкома, з 1921 сакратар Польбюро ЦК РКП(б). У 1924—25 нарком земляробства, старшыня Дзяржплана, эканам. савета і нам. старшыні СНКБССР. З 1925 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі ў Мінску, адначасова з 1927 заг. польск. сектара Ін-та бел. культуры. У 1930-я г. ў наркаматах земляробства і зернесаўгасаў СССР. Чл.ЦККП(б)Б у 1924—29, чл.ЦВКБССР у 1924—29, Прэзідыума ЦВКБССР у 1926—29. Аўтар прац па агр. пытанні Беларусі, пра ўдзел палякаў у Кастр. рэвалюцыі 1917 і інш. У 1937 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РАЁН У БССР,
аўтаномная адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1932—37. Створаны 15.3.1932 на базе Койданаўскага раёна як Койданаўскі нацыянальны польскі раён, з 29.6.1932 — Дзяржынскі нацыянальны польскі раён. Арг-цыя раёна была практычнай спробай стварыць форму нац.аўтаноміі для палякаў у БССР у ходзе агульнасаюзнай кампаніі нац.дзярж. будаўніцтва нац. меншасцей. З 1926 у БССР пачалі стварацца польскія нацыянальныя сельсаветы, у 1931 4 такія сельсаветы створаны ў Койданаўскім р-не, у 1932 з 17 яго сельсаветаў было 10 польскіх і 1 яўр.-польскі. У 1932—33 раёну выдадзена 1,5 млн. рублёў (удвая больш, чым звычайным раёнам). Актыўна вялося нац.-культ. будаўніцтва: дзейнічала 135 польскіх школ (усяго ў БССР на 1935), працавалі Дзяржынскі польскі агранамічны тэхнікум, польскі навук. кабінет (пед. вучылішча) у в. Станькава, польскі калгасна-саўгасны тэатр у Дзяржынску, выдавалася газ. «Szturmowiec Dzierżyńszczyzny» («Ударнік Дзяржыншчыны»), У 1935 пагаршэнне сав.-польскіх адносін адбілася і на стаўленні да польск. насельніцтва ў СССР. 31.7.1937 нац. раён скасаваны. Па справе аб скасаванні раёна рэпрэсіям палітычным падверглася каля 250 чал. Шмат жыхароў было дэпартавана (гл.Дэпартацыя). А.І.Валахановіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Варшаўскае княства,
залежная ад Францыі дзяржава ў 1807—15. Утвораная паводле Тыльзіцкага міру 1807 з часткі польск. зямель Прусіі. Пашырана за кошт польскіх зямель, адваяваных польскай арміяй у Аўстрыі ў ходзе Аўстра-французскай вайны 1809 (тэр. з гарадамі Кракаў, Кельцы, Радам, Люблін і Седльцы). Пл. 142 тыс.км², нас. 4,3 млн.чал. (79% палякаў, 8% літоўцаў і беларусаў, 7% яўрэяў, 6% немцаў). Узначальваў саксонскі кароль Фрыдрых Аўгуст, прызначаны франц. імператарам Напалеонам I. Дзейнічала прапанаваная Напалеонам канстытуцыя, паводле якой створаны сейм і дзярж. савет, армія (да 40 тыс.чал.; камандуючы Ю.Панятоўскі), пацверджаны прывілеі шляхты, тэр. герцагства падзелена на 6 дэпартаментаў і 60 паветаў. Дэкрэтам 1807 сяляне вызвалены ад прыгоннай залежнасці, аднак сял. і абшчынныя землі пакінуты ў неад’емнай уласнасці памешчыкаў. Развіваліся здабыча вугалю, металургія і сукнаробства. У 1812 база франц. арміі пры ўварванні ў Расію, у якім удзельнічала польск. армія; пасля правалу паходу Напалеона ў Расію (гл.Вайна 1812) занята рас. войскамі (1813). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 з б.ч. герцагства ўтворана Каралеўства Польскае, Пазнанскі і Быдгашчцкі дэпартаменты вернуты Прусіі (з іх створана Вял. княства Пазнанскае), Кракаў і яго наваколле сталі «вольным горадам» (гл.Кракаўская рэспубліка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУЛЬНАЗЕ́МСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,
заканадаўчыя акты ВКЛ, якія дзейнічалі на тэр. ўсёй дзяржавы і замацоўвалі правы розных сац. груп, найперш шляхты. Найб. вядомыя тры прывілеі 1387 вял. князя ВКЛ Ягайлы, два з іх (ад 20 і 22 лют.) вызначалі льготы феадалам за пераход у каталіцтва, вызвалялі каталіцкае духавенства ад дзярж. павіннасцяў і падаткаў. Гарадзельскі прывілей 1413 замацоўваў унію ВКЛ з Польшчай, пашыраў правы феадалаў-католікаў і абмяжоўваў правы правасл. феадалаў. Прывілеямі 1432 і 1434 правасл. феадалам даваліся такія ж правы, як і католікам. Апошні прывілей гарантаваў асабістую свабоду і недатыкальнасць шляхты. Прывілеем 1447вял.кн. Казімір забараняў надзяляць чужынцаў, у т. л.палякаў, пасадамі, маёнткамі, землямі і чынамі ў ВКЛ, абмяжоўваў права пераходу сялян ад аднаго феадала да другога. Прывілеем 1492вял.кн. Аляксандр пацвердзіў ранейшыя правы шляхты, вызначыў асновы адм., цывільнага і крымін. права. У 1506 Жыгімонт I Стары выдаў прывілей, які пацвердзіў усе папярэднія прывілеі, дадзеныя духоўным і свецкім феадалам, гарадам, мяшчанам і наогул асобам усякага стану. Ім завяршыўся першы этап развіцця пісанага права ў форме агульназемскіх прывілеяў, потым асн. законамі краіны сталі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 (пра кожны гл. асобны арт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕХ, ЧЭХ, РУС,
паводле польскіх і чэшскіх летапісных легенд, стараж.слав. князі, браты. Паходзілі з Харватыі або з Паноніі (цяпер тэр. Венгрыі), сыны яе правіцеля Пана. Паводле польскіх і чэш. хронік (найб. раннія — 14 ст.), Лех — стваральнік польскай дзяржавы. Ён заснаваў яе першую сталіцу — г. Гнезна (значыць «гняздо») у Вял. Польшчы на месцы, дзе знайшоў гняздо белага арла (выява гэтай птушкі стала гербам Польшчы). Ад Леха вяла радаслоўную першая (легендарная) польская дынастыя. У імені Лех увасобілася стараж. назва палякаў — ляхі. Чэх упершыню згадваецца ў хроніцы Космача (пач. 12 ст.), пазней у хроніках 14 ст. Даліміла і Пулкавы. Паводле польскіх крыніц (Велікапольскай хронікі, Хронікі Длугаша), ён — самы малодшы брат Леха. Чэшская паэма «Суд Любушы» паведамляе, што Чэх з дружынай пасяліўся на берагах трох рэк на 3, Пд і У ад сучаснай Прагі. Лічыцца заснавальнікам Чэшскай дзяржавы. Рус упершыню згадваецца ў Велікапольскай хроніцы як сярэдні брат Леха і Чэха, паводле Длугаша, ён унук Леха. Лічыцца заснавальнікам Старажытнарускай дзяржавы. У міфе пра Л., Ч., Р. адлюстравалася адзінства паходжання слав. народаў.
Літ.:
«Великая хроника» о Польше, Руси и их соседях XI—XIII вв.: Пер. с лат.М., 1987.