АНТАНІЁНІ ((Antonioni) Мікеланджэла) (н. 29.9.1912, г. Ферара, Італія),
італьянскі кінарэжысёр. Скончыў Вышэйшую школу эканомікі і камерцыі ў Балонні. Асн. тэма творчасці — даследаванне ўнутр. свету чалавека, які адчувае сваю ізаляванасць, пакінутасць, адзіноту і боязь жыцця. У пасляваен. эпоху паказаў раз’яднанасць людзей, іх трагічную «некамунікабельнасць». Героі яго стужак пакутліва перажываюць сваю ўнутраную самоту: «Хроніка аднаго кахання» (1950), «Пераможаныя» (1952), «Дама без камелій» (1953), «Сяброўкі» (1955). Своеасаблівы цыкл складаюць фільмы 1960-х г., у якіх паказаны разрыў кантакту герояў з рэальнасцю, унутраны крызіс: «Крык» (у сав. пракаце «Адчай»), «Ноч», «Зацьменне», «Чырвоная пустыня». Майстэрскае выкарыстанне натуральных шумаў, паўз, сімвалічных дэталяў робіць фільмы Антаніёні гукапластычным відовішчам. У інш. краінах зняў фільмы: «Фотапавелічэнне» (Англія, 1967), «Забрыскі Пойнт» (ЗША, 1970), «Прафесія: рэпарцёр» (Алжыр, 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ КАПЭ́ЛА»,
нацыянальнае тэатральна-канцэртнае аб’яднанне. Створана ў 1992 у Мінску на базе аднайм. калектыву. Маст. Кіраўнік В.Скорабагатаў. У аснове арганізацыі аб’яднання — прынцыпы еўрап. капэлы 17—18 ст. Кірункі дзейнасці: аднаўленне ў тэатр.-канцэртнай практыцы бел.муз. спадчыны, збіранне, даследаванне і публікацыя бел.муз. твораў 17—19 ст., прапаганда сучаснай, у т. л. авангарднай, музыкі. Па ініцыятыве капэлы зроблены сучасныя аўтарскія версіі зборніка лірычных кантаў «Куранты» (В.Капыцько), школьнай оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага (Дз.Смольскі). Праводзіць штогод (з 1991) міжнар. фестывалі «Адраджэнне беларускай капэлы», на якіх паказаны (у канцэртным выкананні) оперы «Уяўная каханка» Дж.Паізіела і «Апалон-заканадаўца...», «Балетны дывертысмент»; выконваліся творы Я.Д.Голанда, М.Радзівіла, Э.Ванжуры, В.Казлоўскага, Міхала Клеафаса і Міхала Казіміра Агінскіх, братоў А. і М.Ельскіх, Ф.Міладоўскага, Ю.І.Крашэўскага, С.Манюшкі і інш.
літоўскі бібліёграф і этнограф. У 1869—1918 працаваў у Пецярбургскай публічнай бібліятэцы. У працах «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, этнаграфіі і статыстыкі Літвы» (1891) са спісам літоўскіх і стараж.-прускіх кніг, выдадзеных у 1553—1891, і «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, гісторыі, гісторыі права, статыстыкі і этнаграфіі Літвы» (2-е выд., 1904) са спісам літоўскіх і стараж.-прускіх кніг, выдадзеных у 1553—1903, зафіксаваў больш за 20 тыс. кніг, артыкулаў, рэцэнзій пра Літву і літоўскі народ, шырока паказаны і працы па беларусазнаўстве (П.Баброўскага, М.Без-Карніловіча, М.Доўнар-Запольскага, П.Жуковіча, Я.Карскага, М.Каяловіча, А.Кіркора, М.Любаўскага, А.Сапунова, Я.Тышкевіча, Я.Чачота, П.Шпілеўскага і інш.). Аўтар этнагр. працы пра літоўскія вясельныя абрады (1877, на рус. мове).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЕ́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
невялікая група песень летняга цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Вядомы ў многіх земляробчых народаў свету. Спяваліся ў час касьбы і ўборкі сена. Перадаюць атмасферу касавіцы, клопат селяніна пра тое, каб своечасова ўправіцца з работай на сенажаці. К.п. пераважна лірычнага характару, у іх трапляюцца элементы рамант. ўспрымання касецкай працы («Касары косяць, вецер павявае, // Шаўкова трава на касу палягае»), паказаны яе размах («Пакосяць усе горы і даліны»), чуецца скарга касцоў на пана-прыгонніка, цяжар працы («Ой, да бокам, хмарачка, бокам»). Тэматыка К.п. уключае і любоўныя матывы («Зажурылася маладая ўдовушка», «Ветрык вее, сонейка грэе»), закранае сямейныя адносіны («На балоце касец косіць»). Некат. з іх маюць жартоўную афарбоўку. Для паэтыкі К.п. характэрна выкарыстанне вобразаў прыроды (дуброва, луг, скошаная трава, лёгкі ветрык, сонца, хмара і інш.), якія ствараюць натуральны фон працы касцоў. Мелодыка асобных К.п. набліжаецца да жніўных песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАРГІ́Н (сапр.Ільін) Міхаіл Андрэевіч
(19.9.1878, г. Перм, Расія — 27.11.1942),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). У 1905 арыштаваны за ўдзел у Маскоўскім паўстанні. У 1906 эмігрыраваў у Італію, друкаваўся ў газ. «Русские ведомости». У 1916 вярнуўся на радзіму. Узначальваў Маскоўскі саюз пісьменнікаў, удзельнічаў у Грамадскім к-це дапамогі галадаючым Паволжа. Непрыняцце Кастр. рэвалюцыі, тэрору, грамадз. вайны стала прычынай яго арыштаў у 1919, 1921 і высылкі за мяжу ў 1922. Вядомасць яму прынёс выдадзены ў Парыжы раман «Сіўцаў Ярок» (1926—28), у якім паказанынар. трагедыя часоў рэвалюцыі і грамадз. вайны, пакутлівы пошук праўды. Сярод найб. значных твораў дылогія «Сведка гісторыі» (1932) і «Кніга аб канцах» (1935) пра жорсткі тэрор супраць рус. народа, як прысуд тым, хто развязаў гэтую крывавую драму, раман «Вольны муляр» (1938), аўтабіягр. творы «Рэчы чалавека» (1929) і «Часы» (выд. 1955).
Тв.:
Времена: Романы и автобиогр. повествование. Екатеринбург, 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РЫ (1) канструкцыі) (часткі збудаванняў),
якія прымаюць нагрузку ад адных элементаў (дэталяў) і перадаюць яе на інш. элементы ці асновы збудаванняў. У будынках апоры бэлек і фермаў служаць калоны, нясучыя сцены, верт. стойкі, арак і рам — пераважна фундаменты, мастоў — быкі і ўстоі (крайнія апоры). Спец. слупы і мачты, замацаваныя на фундаменце ці непасрэдна ў грунце, з’яўляюцца апорамі ліній электраперадачы і кантактавай сеткі.
На апоры кантактавай сеткі замацоўваюць правады і нясучыя тросы гарадскога электратранспарту, правады паветр. ліній электрыфікаваных чыгунак. Гэтыя апоры падзяляюцца на падтрымныя (прамежкавыя, пераходныя), анкерныя (прымаюць нацяжэнне правадоў), фіксавальныя (падтрымліваюць правады ў пэўным становішчы адносна токаздымальніка) і фідэрныя (сілкавальных ліній). Бываюць саманясучыя, з адцяжкамі, кансольныя і інш. Робяцца з жалезабетону, сталі, драўніны (часовыя).
2) У будаўнічай механіцы пры разліку канструкцый разглядаюцца не сапраўдныя апоры збудаванняў, а іх разліковыя схемы. У найб. пашыраных стрыжнёвых сістэмах адрозніваюць апоры шарнірныя, зашчэмленыя, рухомыя і нерухомыя.
Схемы апораў плоскіх стрыжнёвых сістэм: а — шарнірная рухомая; б — шарнірная нерухомая; в — зашчэмленая рухомая; г — зашчэмленая нерухомая. Стрэлкамі паказаны апорныя рэакцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ТЭА́ТР «ЛЯ́ЛЬКА».
Створаны ў 1990 у Віцебску з трупы лялечнікаў, якая працавала пры Бел. т-ры імя Я.Коласа з 1986. Маст. кіраўнік В.Клімчук, гал. мастак А.Сідараў (з 1990). 20.4.1986 паказаны першы спектакль трупы «Дзед і Жораў» В.Вольскага. Як самастойны тэатр адкрыўся ў 1990 спектаклем «Казка пра Ямелю» Я.Тарахоўскай. У супрацоўніцтве з бел. аўтарамі створаны спектаклі: «Прыгоды трох парасят» Н.Мацяш, «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» П.Сіняўскага, «Іванава шчасце» А.Дыбчы (паводле бел.нар. казак), «Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка» У.Граўцова (паводле твораў Я.Баршчэўскага). Сярод інш. пастановак: «Усмешка клоуна» Я.Чапавецкага, «Казкі Андэрсена» (інсцэніроўка рэж. Я.Угрумава), «Чорная курыца» А.Пагарэльскага, «Папялушка» Я.Шварца, «Лялечнік» М.Стывенса, «Дапытлівы слонік» Р.Кіплінга, «Хлопчык-зорка» О.Уайльда. Акцёры працуюць з лялькамі розных сістэм (марыянеткі, трысцёвыя, планшэтныя, пальчатачныя).
Дз.У.Стэльмах.
Да арт.Беларускі тэатр «Лялька». Удзельнікі спектакля «Дзед і Жораў» В.Вольскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АЛЕКСАНДРЫ́Я»,
помнік сусв. л-ры, які апісвае жыццё, подзвігі і прыгоды Аляксандра Македонскага. Нап. ў 2—3 ст. ў Егіпце на грэч. мове і паслужыла крыніцай для шматлікіх празаічных і вершаваных перапрацовак і рэдакцый. Аляксандр паказаны выдатным палкаводцам і ўсемагутным валадаром, чалавекам высокіх фіз. і маральных якасцяў, моцнага характару, глыбокага розуму. Сюжэт «Александрыі» займальны, драматычна напружаны. Першыя бел. пераклады «Александрыі» з’явіліся ў 15 ст. На Беларусі бытавалі ў 2 рэдакцыях — лацінскай і сербскай. Крыніцай бел. перакладу лацінскай рэдакцыі было адно з польскіх друкаваных выданняў 16 ст. Яна больш сугучная раннегуманіст. ідэалам духоўнай велічы і годнасці чалавека, яго зямных спраў. Сербская рэдакцыя пазнейшая, з новымі героямі, інакшым выкладам некат. падзей і эпізодаў, перапрацавана ў духу хрысц. ідэалогіі, з больш моцным гучаннем тэмы марнасці чалавечага жыцця. Бел. пераклады «Александрыі» — важная крыніца пазнання этычных і эстэт. уяўленняў і маст. густаў бел. чытачоў эпохі феадалізму, вывучэння бел.літ. мовы. Бел. спісы «Александрыі» апубл. У.В.Анічэнка ў кн. «Александрыя» (1962).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НІНА-МАРЦІНКЕ́ВІЧА ТЭА́ТР,
першы бел.тэатр. калектыў, створаны В.І.Дуніным-Марцінкевічам. Існаваў у 1840—50-я г. Наследаваў нар. традыцыі мастацтва, вызначаўся дэмакратызмам, абуджаў нац. самасвядомасць у гледачоў, пакінуў прыкметны след у гісторыі бел.сцэн. мастацтва, садзейнічаў яго станаўленню і развіццю. Выступаў пераважна ў фальварку Дуніна-Марцінкевіча Люцынка (каля Івянца), у Мінску, Бабруйску, Глуску і інш. У 1852 дзейнасць калектыву была забаронена ўладамі, і ён паказваў спектаклі фактычна нелегальна да 1856. Выступленні прымяркоўваліся да свят і ўрачыстасцей, для гэтага пісьменнік спецыяльна пісаў новую п’есу (большасць не збераглася). У спектаклях ужываліся рус., бел. і польск. мовы. У Мінску паказаны «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і «Сялянка» («Ідылія», 9.2.1852; у ролях Іагана Бенатана і Навума Прыгаворкі раскрыўся яркі камедыйны талент Дуніна-Марцінкевіча). У трупу (больш за 20 чалавек) уваходзілі Дунін-Марцінкевіч, яго дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, К.Кжыжаноўскі, Ляўданскі, Лопат, Кабылінскі, Прушынскі і інш., хор сялян з Люцынкі. Быў аркестр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1987 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 263 м², каля 8,4 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У 9 залах паказаныгіст. шлях Навагрудка ад стараж. часоў да вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у 1944. Сярод экспанатаў археал. прылады працы з крэменю, бронзы, жалеза, керамічны посуд, упрыгожанні са шкла, бронзы 10—13 ст., прадметы імпарту з Кіеўскай зямлі, Скандынавіі, краін Зах. Еўропы і Б. Усходу. Экспазіцыя расказвае пра стварэнне ВКЛ, вял. князёў Міндоўга, Войшалка, Вітаўта. Дыярамы, малюнкі, фотакопіі дакументаў і інш. матэрыялы знаёмяць з жыццём горада ва ўмовах магдэбургскага права, войнаў 17—18 ст. Асобныя экспазіцыі прысвечаны дзеячам навукі і культуры Я.Булгаку, Я.Драздовічу, Ф.Еўлашоўскаму, А.Міцкевічу, Я.Чачоту і інш., дзейнасці Навагрудскай беларускай гімназіі, польскай гімназіі імя А.Міцкевіча, т-вабел. школы. Экспазіцыя, прысвечаная Вял.Айч. вайне, расказвае пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху, фарміраванняў Арміі Краёвай, яўр.партыз. атрада Бельскага і інш.