МАРФАГРА́ФІЯ (ад марфа... + ...графія),
раздзел геамарфалогіі, які ўключае апісанне форм рэльефу зямной паверхні і сістэматызацыю іх па вонкавых прыкметах. Прадметам М. служаць звесткі аб вышынях, глыбінях, асаблівасцях расчлянення зямной паверхні, абрысах і ўзаемным размяшчэнні дадатных і адмоўных форм рэльефу без разгляду яго генезісу і ўзросту.
т. 10, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЕ́ННЕ,
працэс атрымання слоя аксідаў жалеза таўшчынёй 1—10 мкм на паверхні дэталяў і вырабаў з вугляродзістай або нізкалегіраванай сталі і чыгуну; прыватны выпадак аксідавання.
Выкарыстоўваецца для ахоўна-дэкар. аддзелкі вырабаў (зброі, прылад і інш.) — надання паверхні карычневага, цёмна-сіняга або чорнага колеру розных адценняў з захаваннем метал. бляску. Раней вараненне рабілі награваннем дэталяў да 265—275 °C і праціркай іх паверхні рыззём, намочаным у канапляным алеі. У сучаснай вытв-сці практыкуецца шчолачнае, кіслотнае і тэрмічнае вараненне. Жалезааксідныя пакрыцці маюць невысокую зносаўстойлівасць і каразійную ўстойлівасць.
т. 3, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТЛЕНАСЦЬ,
1) фізічная велічыня, роўная адносінам светлавога патоку да элемента плошчы паверхні, на якую ён падае. Вызначаецца формулай
, дзе dΦ — светлавы паток, dS — элемент плошчы. Для засяроджанай (кропкавай) крыніцы святла
, дзе I — сіла святла, α — вугал падзення святла, r — адлегласць ад крыніцы святла да паверхні, якая асвятляецца. Адзінка асветленасці ў СІ — люкс.
2) Асветленасць энергетычная — фіз. велічыня, роўная адносінам патоку выпрамянення да элемента плошчы паверхні, на якую ён падае. Адзінка асветленасці энергетычнай у СІ — ват на квадратны метр (Вт/м²).
т. 2, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВЫЯ ХВА́ЛІ,
хвалі, якія ўзнікаюць і распаўсюджваюцца па свабоднай паверхні вадкасці або па паверхні падзелу дзвюх вадкасцей, што не змешваюцца.
Узнікаюць з прычыны знешняга ўздзеяння, якое выводзіць паверхню вадкасці са стану раўнавагі. Пры гэтым узнікаюць сілы, дзеянне якіх прыводзіць да ўзнаўлення раўнавагі паверхні вадкасці. У залежнасці ад прыроды гэтых сіл адрозніваюць П.х.: капілярныя (абумоўлены сіламі паверхневага нацяжэння, уздзеянне якіх найб. істотнае пры малых даўжынях хваль), гравітацыйныя (абумоўлены сіламі цяжару; істотныя для вял. даўжынь хваль), гравітацыйна-капілярныя. У П.х. адначасова маюць месца падоўжныя і папярочныя ваганні часцінак вадкасці, якія рухаюцца па эліптычных ці больш складаных траекторыях. Прычыны ўзнікнення гравітацыйных П.х.: прыцяжэнне валкасці Сонцам і Месяцам (гл. Прылівы і адлівы), рух цел паблізу ці на паверхні вады (карабельныя хвалі) і інш. Найб. пашыраны ў прыродзе ветравыя хвалі.
т. 11, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАІЗАГІ́ПСЫ (ад гідра... + іза... + грэч. hypsos вышыня),
лініі на карце, якія злучаюць пункты з аднолькавай вышынёй паверхні грунтавых вод над умоўнай нулявой паверхняй. Выкарыстоўваюцца на гідрагеалагічных картах. Дазваляюць вызначыць напрамак руху падземнага патоку, які адбываецца ў бок найб. нахілу паверхні падземных вод (па нармалі, перпендыкулярна гідрагіпсам).
т. 5, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ БАЛА́НС атмасферы і падысподняй паверхні,
рознасць прыходу і расходу прамяністай энергіі, якая паглынаецца і выпраменьваецца атмасферай і падысподняй паверхняй; частка цеплавога балансу атмасферы і зямной паверхні. Для атмасферы прыходная частка Р.б. складаецца з паглынутай прамой і рассеянай радыяцыі, паглынутага даўгахвалевага выпрамянення зямной паверхні; расходная частка — уласнае атмасфернае выпрамяненне, накіраванае да зямной паверхні і ў касм. прастору. Для падысподняй паверхні прыходную частку складаюць паглынутая прамая і рассеяная радыяцыя, а таксама паглынутае процівыпрамяненне атмасферы: расходную — страта цяпла падысподняй паверхняй за кошт уласнага цеплавога выпрамянення. Р.б. бывае дадатны (днём, летам) і адмоўны (ноччу, зімой). Пры дадатным балансе падысподняя паверхня атрымлівае цяпло, якое ідзе на награванне глебы і паветра, на выпарэнне, пры адмоўным — аддае, што прыводзіць да радыяцыйнага ахалоджвання глебы і паветра. Р.б. залежыць ад вышыні Сонца, празрыстасці атмасферы, воблачнасці, т-ры і вільготнасці паветра, характару расл. і снегавога покрыва. Характарызуецца імгненнымі значэннямі (кВт/м²) і сумамі за гадзіну, суткі, месяц, год (МДж/м²). На Беларусі сутачныя сумы Р.б. падысподняй паверхні ад -5 да 20 МДж/м². Пераход сярэдніх сутачных сум Р.б. ад дадатных да адмоўных адбываецца ў ліст., ад адмоўных да дадатных — у лютым. Гадавыя сумы Р.б. зменьваюцца ад 1500 да 1800 МДж/м². Для атмасферы Р.б. амаль заўсёды адмоўны, над тэр. Беларусі ён складае каля -2800 МДж/м² за год, за ліп. і снеж. адпаведна каля -170 МДж/м² і -400 МДж/м².
т. 13, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ,
выпрамяненне іонаў з паверхні цвёрдага цела (эмітэра). Выклікаецца награваннем эмітэра (тэрмаіонная эмісія ці паверхневая іанізацыя) або бамбардзіроўкай першаснымі іонамі (іонна-іонная эмісія), электронамі (электронна-іонная эмісія ці дэсорбцыя электронным ударам) або фатонамі (фотадэсорбцыя). Выкарыстоўваецца для стварэння крыніц іонаў, дыягностыкі паверхні і прыпаверхневага слоя цвёрдых цел і інш.
т. 7, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАБАКО́ВАЯ ПАВЕ́РХНЯ,
паверхня, якая не мае двух розных бакоў, чым і адрозніваецца, напр., ад сферы, куба ці квадрата. Размешчаная ў прасторы аднабаковая паверхня з зафіксаваным на ёй пунктам неперарыўнай дэфармацыяй абарачальна ператвараецца ў такую, на якой праз гэты пункт будзе праходзіць некаторы замкнёны шлях (абход), уздоўж якога можна пабудаваць нармаль, што неперарыўна мяняе свой кірунак да паверхні; праходзячы гэты шлях, нармаль вяртаецца ў зыходны пункт з напрамкам, процілеглым першапачатковаму. Характарыстыка аднабаковай паверхні — яе неарыентаванасць (гл. Арыентацыя). Для трохмернай прасторы сапраўдна і адваротнае: кожная неарыентаваная паверхня будзе аднабаковай паверхняй. Прыклады аднабаковай паверхні: Мёбіуса ліст, Клейна паверхня.
т. 1, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНАЕ СЯЧЭ́ННЕ,
лінія перасячэння паверхні плоскасцю, праведзенай праз нармаль да гэтай паверхні. На аснове Н.с. вывучаюць скрыўленне паверхні ў розных датычных напрамках, якія выходзяць з зададзенага пункта.
Сярод напрамкаў, што праходзяць праз зададзены пункт, ёсць 2 узаемна перпендыкулярныя гал. напрамкі, дзе нармальная крывізна (крывізна адпаведнага Н.с.) дасягае найб. і найменшага значэнняў k1 і k2. Крывізну k любога іншага Н.с. вызначаюць з дапамогай формулы Эйлера:
, дзе φ — вугал паміж плоскасцямі зададзенага Н.с. і гал. напрамку з крывізной k1. Гл. таксама Паверхняў тэорыя.
т. 11, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)