ГА́ГІ (Somateria),

род нырцовых качак. 4 віды. Пашыраны на ўзбярэжжы палярных мораў Еўразіі і Паўн. Амерыкі.

Найб. вядомая гага звычайная (Somateria mollisima).

Даўж. да 63 см, маса 0,5—3 кт. Добра выражаны палавы дымарфізм: апярэнне самца яркае (зверху белае, на грудзях ружовае, на брушку чорнае, чорная «шапачка», зялёная патыліца); самкі бурыя з пярэсцінкамі. Галава вялікая, дзюба масіўная. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай, заднія з шырокай лопасцю. Кормяцца пераважна малюскамі і дробнымі ракападобнымі. Гняздуюцца на зямлі, радзей на скалах калоніямі і паасобку. На грудзях і брушку у самак увесну вырастае лёгкі і пругкі пух, якім яны высцілаюць гняздо і робяць па краі валік Пух (17—20 г з гнязда) каштоўны, выкарыстоўваюць для ўцяплення адзення. Паляванне на гаг забаронена, ёсць запаведнікі па іх ахове. Лёгка прыручаюцца.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я СВІ́НКІ (Cavia),

род грызуноў сям. свінкавых. 5—6 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у норах на адкрытых мясцінах, забалочаных ускраінах лясоў. Трымаюцца паасобку або невял. групамі. М.с. (C. porcellus) прыручана інкамі. Завезена ў Еўропу ў 16 ст. (адсюль другая, першапачатковая назва «заморская свінка»). На Беларусі найб. трапляюцца М.с. шарсткашэрсная (абісінская, або разеткавая) і даўгашэрсная (ангорская, або перуанская).

Даўж. да 35 см, маса да 900 г. На задніх лапах 3, на пярэдніх 4 пальцы. Расліннаедныя. Нараджаюць да 6 дзіцянят 1—2 разы за год. Існуе шэраг парод з розным колерам і якасцю поўсці. Утрымліваюцца аматарамі і ў віварыях доследных устаноў. Выкарыстоўваюцца як свойскія дэкар. і лабараторныя жывёлы.

Марскія свінкі: 1 — дзікі продак марская свінка Чудзі; пароды: 2 і 3 — шарсткашэрсныя; 4 — ангорская.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКА́МЕНШЧЫКІ, бычкі-падкаменшчыкі (Cottus),

род рыб сям. керчакавых атр. скарпенападобных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, зрэдку трапляюцца ў, перадвусцевых участках мора. Донныя маларухомыя жывёлы. Актыўныя на змярканні і ноччу. Жывуць паасобку ў водных зарасніках або пад камянямі (адсюль назва). На Беларусі П. звычайны (C. gobio, нар. назвы аўдотка, бычок, галавач, пундач, пячкур, шыракалобка) трапляецца ў рэках і ручаях з хуткім цячэннем і камяністым дном, у многіх азёрах Бел. Паазер’я.

Даўж. да 12 см. Галава вял., пляскатая. Вочы чырванаватыя, на верхнім баку галавы Цела голае, шаравата-бурае або зеленаватае, з цёмнымі плямамі. Спінных плаўнікоў 2 (1-ы меншы за 2-і). Кормяцца лічынкамі насякомых, ікрой і маляўкамі рыб. Перад нерастам самец будуе прымітыўнае гняздо, потым ахоўвае ікру і малявак.

А.​М.​Петрыкаў.

Падкаменшчык звычайны.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛАПАНЕ́СКІ САЮ́З,

аб’яднанне стараж.-грэчаскіх полісаў Пелапанеса на чале са Спартай у 2-й пал. 6 — сярэдзіне 4 ст. да н.э. У саюз увайшлі: Карынф (582 да н.э.), Эліда (570), Аркадыя, Сікіён (550), Аргаліда (520), Мегара (510). Склаўся як гарантыя гегемоніі Спарты ў Грэцыі, з’яўляўся сістэмай двухбаковых пагадненняў, якія звязвалі Спарту паасобку з кожным саюзнікам. Саюзнікі павінны былі ўдзельнічаць у ваен. паходах спартанцаў (кожны чл. саюза павінен быў выстаўляць ​2/3 сваёй ваен. сілы) і пастаўляць караблі. У пытаннях знешняй палітыкі саюз дзейнічаў у інтарэсах арыстакратаў і алігархаў. Пасля перамогі ў Пелапанескай вайне 431—404 да н.э. П.с. — агульнагрэч. арг-цыя. Распаўся пасля паражэння Спарты ў вайне з Фівамі (362 да н.э.). Спроба аднавіць яго ў 330-я г. да н.э. не ўдалася.

А.​У.​Казленка.

т. 12, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПЕРПАЗІ́ЦЫІ ПРЫ́НЦЫП, прынцып накладання, 1) у класічнай фізіцы — тэарэтычнае дапушчэнне, паводле якога вынік некалькіх незалежных адначасовых уздзеянняў на пэўны фіз. аб’ект з’яўляецца сумай эфектаў, выкліканых кожным уздзеяннем паасобку. Напр., напружанасць E→ эл. поля сістэмы зарадаў (q1, q2, ... , qn) у выбраным пункце назірання роўная вектарнай суме напружанасцей эл. палёў (E→1, E→2, ..., E→n), створаных кожным зарадам незалежна: E→ = E→1 + E→2 + ... + E→n . Выконваецца для сістэм, якія апісваюцца лінейнымі ўраўненнямі, і адыгрывае важную ролю ў механіцы, электрадынаміцы, тэорыі палёў і вагальных працэсаў.

2) У квантавай механіцы С.п. адносіцца да хвалевых функцый і сцвярджае: калі фіз. сістэма можа знаходзіцца ў станах, якія характарызуюцца дзвюма (або некалькімі) хвалевымі функцыямі, то яна таксама можа знаходзіцца ў стане, які характарызуецца лінейнай камбінацыяй гэтых функцый (прынцып суперпазіцыі станаў).

т. 15, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХТО́ЎНАСЦЬ вагальнай сістэмы,

колькасная характарыстыка рэзанансных уласцівасцей вагальнай сістэмы. Паказвае, у колькі разоў амплітуда вымушаных ваганняў пры рэзанансе перавышае амплітуду вымушаных ваганняў удалечыні ад рэзанансу; характарызуе выбіральнасць і раздзяляльную здольнасць вагальнай сістэмы: чым большая Д., тым меншыя страты энергіі за перыяд ваганняў, тым вышэй рэзанансны водгук сістэмы (у параўнанні з нерэзанансным) і тым больш блізкія частоты можна выдзяляць паасобку.

У аснову вымярэнняў Д. (гл. Дыхтоўнасці вымяральнік) могуць быць закладзены розныя прынцыпы: Д. (Q) можна таксама выразіць як дзель рэзананснай частаты ω да шырыні рэзананснай крывой Δω(Q = ω/Δω); дзель поўнай энергіі W назапашанай у вагальнай сістэме, да сярэдняй магутнасці страт P за перыяд ваганняў (Q = ωW/P) і інш. Напр., вагальны контур мае Д. да 100, камертон — да 10​4, пласцінка п’езакварцу і аб’ёмны рэзанатар ЗВЧ ваганняў — да 10​5.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІ́НСКІ Рыгор Андрэевіч (23.3.1876, С.-Пецярбург — 1937),

рускі мовазнавец-славіст. Чл.-кар. АН СССР (1925, чл.-кар. Рас. АН з 1921), Балг. (1929) і Польск. (1930) АН. Праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та (1909—15), Юр’еўскага (г. Тарту, з 1916), Саратаўскага (1920—24), Маскоўскага (з 1927) ун-таў. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Даследаваў параўнальную граматыку слав. моў, праславянскую мову, гісторыю і паходжанне слав. пісьменства. Вывучаў і выдаваў помнікі слав. пісьменства («Граматы балгарскіх цароў», 1911, і інш.). Шэраг артыкулаў прысвяціў з’явам бел. мовы: «Блр. нетра = рас. «болото» трасина, дебри» (1928), «Аб канчатку -эй назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага роду прыметнікаў і назоўнікаў ва ўсходнеславянскіх мовах наогул і беларускай паасобку» (1929) і інш.

Тв.:

Праславянская грамматика. Нежин, 1916.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1977. Т. 2. С. 229—236;

Журавлев В.К. Г.​А.​Ильинский. М., 1962.

М.​Г.​Булахаў.

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЕ́ЧНЫ ШЛЯХ,

1) дыфузная святлівая паласа няправільнай формы, што перасякае нябесную сферу ў плоскасці Галактыкі. Складаецца з вял. колькасці зорак, якія паасобку нельга бачыць простым вокам, але можна распазнаць з дапамогай тэлескопа.

М.Ш. — сукупнасць зорак нашай зорнай сістэмы — Галактыкі, якой яна выглядае знутры, з пункту, паблізу галактычнай плоскасці, на адлегласці ~​1/2 галактычнага радыуса ад ядра галактыкі. Сярэдняя лінія М.Ш. блізкая да вял. круга (галактычнага экватара), паўн. полюс якога знаходзіцца ў сузор’і Валасоў Веранікі; бачная шырыня ў межах ад 5° да 30°. У напрамку да цэнтра Галактыкі (сузор’і Стральца і Скарпіёна) М.Ш. шырокі і яркі, у процілеглым (сузор’і Персея і Возніка) — вузкі і менш яркі. У многіх месцах М.Ш. назіраюцца цёмныя плямы, што абумоўлена паглынаннем святла воблакамі касмічнага пылу. Паміж сузор’ямі Арла і Цэнтаўра паласа паглынальнага рэчыва дзеліць М.Ш. на 2 часткі.

2) Уласная назва Галактыкі.

Млечны Шлях.

т. 10, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТЫЦЭ́РЫУМ, аленевы рог (Platycerium),

род папарацей сям. мнаганожкавых. 17 відаў. Пашыраны ў трапічных лясах. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях культывуюць П. двойчывілаваты, або аленярогі (P.bifurcatum).

Шматгадовыя буйныя эпіфітныя расліны. Замацоўваюцца на вял. галінах, часцей на кары ствалоў буйных вечназялёных і лістападных дрэў, што стаяць паасобку. У папярочніку дасягаюць 1,8 м, пад іх цяжарам дрэвы часам выварочваюцца з каранямі. Маюць стэрыльнае і спараноснае лісце. З дапамогай стэрыльнага лісця П. ўкараняюцца на дрэвах (ніжняя і бакавыя ч. ліста шчыльна прыціскаюцца да ствала ці галіны, а верхняя адыходзіць ад апоры так, што ўтвараецца ніша, у якой з цягам часу збіраецца перагной (масай да 100 кг) пранізаны каранямі эпіфіту. Спараноснае (і асімілюючае) лісце глыбока рассечана і нагадвае рогі аленя (адсюль назва). У сталых папарацей ніжняя паверхня разгалінаваных канцоў ліста пакрываецца цагельна-чырв. налётам шматлікіх спарангіяў. Дэкар. расліны.

Платыцэрыум аленярогі.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАБІЛІЗА́ТАРЫ палімераў,

рэчывы, якія зніжаюць скорасці хім. працэсаў, што прыводзяць да старэння палімераў. Паводле прыроды агрэсіўных агентаў (кісларод, азон і інш.) ці фіз.хім. фактараў (святло, іанізавальнае выпрамяненне і інш.), уздзеяннем якіх абумоўлена старэнне палімераў і палімерных матэрыялаў, С. наз. антыаксідантамі, антыазанантамі, святлостабілізатарамі (фотастабілізатарамі), антырадамі і г.д. С. ўводзяць у палімеры на стадыі іх сінтэзу, перапрацоўкі ці ў гатовыя вырабы (наносяць на паверхню вырабу з раствору). Выкарыстанне С. запавольвае старэнне палімераў у 2—3 разы, а ў некаторых выпадках у сотні і тысячы разоў; часта для стабілізацыі палімераў выкарыстоўваюць камбінацыі некалькіх С. розных тыпаў, што больш эфектыўна ахоўвае палімер ад старэння, чым кожны са С. паасобку (гл. Сінергізм).

Функцыянальная схема электрычнага стабілізатара з адваротнай сувяззю: x — велічыня параметра, які стабілізуецца; x0 — апорная велічыня; a — каэфіцыент, які характарызуе работу параўнальнага прыстасавання; K — каэфіцыент узмацнення; S — кіравальнае ўздзеянне.

т. 15, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)