І́ЕШ ((Illyés) Дзьюла) (2.11.1902, г. Мадзвяратад, Венгрыя — 15.4.1983),
венгерскі пісьменнік. У 1919—26 у эміграцыі. Вучыўся ў Сарбоне (Францыя). Як паэт пачынаў пад уплывам экспрэсіянізму і сюррэалізму, паступова пераходзячы да рэаліст. метаду. У 1950—60-я г. ў яго паэзіі ўзмацніліся экзістэнцыялісцкія тэндэнцыі. У творах І. праблемы нац. памяці, узаемадачынення гісторыі і сучаснасці, асобы і ўлады, індывід. і нар. быцця: паэт.зб-кі «Цяжкая зямля» (1928), «Скошаныя шэрагі» (1930), «Пад лятучымі нябёсамі» (1935), «Гармонія сярод руін» (1937), «Гледзячы ў вочы» (1947), «Поціскі рук» (1956), «Нахілены ветразь» (1965), «Незакончаныя вершы» (1971), «Дзіўны тэстамент» (1977), шматлікія паэмы. Аўтар раманаў «Людзі пушты» (1936), «У ладдзі Харона, або Сімптомы старасці» (1969), «Пажы Беатрычэ» (1979); драм «Псіхааналітык» (1948), «Прыклад Азоры», «Полымя паходні» (абедзве 1952), «Фаварыт» (1963), «Чыстыя» (1969), «Усё ці нічога, або Два жыцці ці ніводнага» (1974) і інш.; дарожных нататак «Расія» (1935), біягр.кн. «Пецёфі» (1936), крытычных артыкулаў і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Петёфи. М., 1972;
Избранное. М., 1975;
Избр. лирика. М., 1979;
Пьесы. М., 1982.
Літ.:
Россиянов О.К. Реализм в новой венгерской прозе, 60—70-е гг. XX века. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКІНА (Галіна Пятроўна) (23.11.1931, г. Варонеж, Расія — 27.10.1985),
бел. актрыса. Дачка П.А.Маркіна. Нар. арт.
Беларусі (1976). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1956, педагог Дз.Арлоў) і адначасова Варонежскі ун-т. З 1956 працавала ў Брэсцкім абл.драм. т-ры, з 1959 у Бел. т-ры імя Я.Купалы, з 1961 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Яе майстэрству былі ўласцівы высокая акцёрская тэхніка, глыбокае спасціжэнне аўтарскай задумы, выразны пластычны малюнак. Сярод роляў: Маці («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Зося Савіч, Яўгенія, Марозава («Сэрца на далоні», «Выгнанне блудніцы», «Крыніцы» паводле І.Шамякіна), Корзун («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Соф’я, Варвара («Зыкавы», «Дачнікі» М.Горкага), Анісся («Улада цемры» Л.Талстога), Зана («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Кузькіна («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Беатрычэ, Ганерылья («Многа шуму з нічога», «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта). Выступала ў друку з артыкуламі пра акцёрскае майстэрства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «ШКО́ЛА СУЧА́СНАЙ П’Е́СЫ».
Засн. ў 1989. Стваральнікі: І.Райхельгаўз, М.Дружыніна, Л.Палішчук і А.Філозаў і інш. Ставіць п’есы пераважна сучасных аўтараў, спалучае ў спектаклях розныя тэатр. жанры і формы — ад традыцыйнага псіхал.т-ра да балета, оперы і клаунады. Сярод пастановак: «Прыйшоў мужчына да жанчыны» (1989), «Усё будзе добра, як вы хацелі» (1993) і «Сыходзіў стары ад старой» (1995) С.Злотнікава, «А чаго гэта ты ў фраку?» С.Нікіціна (паводле «Прапановы» А.Чэхава, 1992), «Крэслы» Э.Іанескі, «Без люстэркаў» М.Клімантовіча (абодва 1994), «Місіс Леў» С.Какоўкіна, «Антыгона ў Нью-Йорку» Я.Главацкага (абодва 1995), «З прывітаннем, Дон Кіхот!» (паводле М.Сервантэса, Л.Мінкуса, 1997), «Чайка» А.Чэхава, «Каханне Карлаўны» В.Мухінай, «Нічога асаблівага» В.Ветхава (усе 1998), «Нататкі рускага падарожніка» Я.Грышкаўца (1999) і інш.Маст. кіраўнік тэатра Райхельгаўз, гал. мастак Б.Лысікаў. У розныя гады ў трупе працавалі: Т.Васільева, М.Глузскі, У.Качан, Палішчук, У.Сцяклоў, Філозаў і інш. У спектаклях таксама прымалі ўдзел І.Алфёрава, В.Астравумава, Э.Вітарган, Л.Гурчанка, Я.Дваржэцкі, Л.Дураў, М.Міронава, В.Нявінны, А.Пятрэнка, Н.Ценякова, С.Юрскі, В.Якаўлева, М.Яфрэмаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХАРЭ́ВІЧ (Марыя Георгіеўна) (н. 28.11.1936, в. Навасёлкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1977). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1957, курс К.Саннікава). Працуе ў Нац. т-ры імя Я. Купалы. Актрыса яркаакрэсленага лірыка-драм. плана. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца логікай унутр. жыцця, душэўнай прыгажосцю, шчодрасцю, чысцінёй. Па-мастацку пераканаўча з творчым асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу выканала ролі ў нац. рэпертуары: Ганны («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Зосі Савіч («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Наталлі Фадзееўны («І змоўклі птушкі» І.Шамякіна), Ганны («Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава), Паліны Іванаўны («Апошні шанц» В.Быкава), Галі Жураўкі («Пакуль вы маладыя» І.Мележа), Ганулі Зношчыхі, Альжбеты («Тутэйшыя», «Паўлінка» Я.Купалы); а таксама ў творах сав., рас., замежнай драматургіі: Камісара («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Браент («Праўду! Нічога, акрамя праўды!!!» Д. Аля), Танкабіке («У ноч зацьмення месяца» М. Карыма), Варвары, Гурмыжскай («Навальніца», «Лес» А.Астроўскага), Незнаёмай («Безыменная зорка» М.Себасцьяна), Алены («Дзеці сонца» М.Горкага), Марыі («Закон вечнасці» Н.Думбадзе). Знялася ў кінафільмах «Чужая бацькаўшчына», «Я, Францыск Скрына», «Людзі на балоце», «Нядзельная ноч», тэлефільмах «Руіны страляюць», «Тартак», «Ясь і Яніна», «Хам» і інш. Удзельнічае ў тэлепастаноўках і радыёспектаклях («Рыбакова хата» паводле Я.Коласа і «Хамуціус» А.Куляшова), Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ НЯМЕ́ЦКАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
этап развіцця філасофіі (канец 18—1-я пал. 19 ст.), прадстаўлены вучэннямі І.Канта, І.Г.Фіхтэ, Ф.В.Шэлінга, Г.В.Ф.Гегеля (ідэаліст. кірунак) і Л.А.Феербаха (матэрыяліст. кірунак). Сфарміравалася ва ўмовах разбурэння феад. адносін у Германіі. Асн. яе тэарэт. вытокамі былі рацыяналізм Р.Дэкарта і Б.Спінозы, філасофія англ. і франц. Асветніцтва 17—18 ст., прыродазнаўства канца 18 — пач. 19 ст., англ. палітэканомія. Гал. дасягненні К.н.ф. ў сферы тэорыі пазнання. Напр., Кант адзначаў супярэчлівы характар пазнання, лічыў, што чалавеку даступны толькі свет з’яў, які не мае нічога агульнага з «рэчамі ў сабе» (гл.Агнастыцызм). Фіхтэ ў межах пабудаванай ім сістэмы суб’ектыўнага ідэалізму імкнуўся раскрыць дыялектыку суб’екта і аб’екта, свядомага і несвядомага, ролю практыкі ў пазнанні, адзінства тэарэт. і практычнага, асобаснага і грамадскага (эмпірычнага і абсалютнага Я). Пераход да аб’ектыўнага ідэалізму (гл.Ідэалізм) быў зроблены ў філасофіі Шэлінга, які зыходзіў з прызнання абсалютнай тоеснасці суб’екта і аб’екта, рэальнага і ідэальнага, што прывяло яго да ірацыяналізму і містыкі. Гегель развіў вучэнне Шэлінга, вылучыў ідэі аб тоеснасці законаў прыроды, грамадства і мыслення, залежнасці дзейнасці чалавека ад развіцця ўсёй гісторыі чалавецтва. Ідэаліст. дыялектыку Гегеля з пазіцый матэрыялізму крытыкаваў Феербах, які разглядаў чалавека як вышэйшае тварэнне прыроды, як істоту, неаддзельную ад яе, а мысленне — як чалавечую ўласцівасць, непарыўна звязаную з пачуццёвым адлюстраваннем знешняга, матэрыяльнага свету, з эмацыянальным жыццём чалавека (гл.Антрапалагізм). К.н.ф. з’явілася адным з асн.тэарэт. вытокаў філасофіі марксізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 26.6.1941, станіца Ніжнячырская Суравікінскага р-на Валгаградскай вобл., Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). Працуе ў Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца гераічных і характарных роляў. Яго творчасці ўласцівы аналітычнасць, інтэлектуальнасць, псіхалагізм, тонкае раскрыццё душэўных зрухаў. Стварыў адметныя характары ў нац. драматургіі: Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Казік Жыгоцкі («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Аскольд («Чатыры крыжы на сонцы» А.Дзялендзіка), Размысловіч («Трывога» А.Петрашкевіча), Кунцэвіч і Каліноўскі («Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча) і інш. У класічным рэпертуары ролі адметныя арыгінальнасцю сцэн. трактоўкі: князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Восіп («ЧП-1» і «ЧП-2» па матывах «Рэвізора» М.Гогаля), Гаеў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Эдмунд, Бенядзікт («Кароль Лір», «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Лейстэр («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера). Сярод інш. роляў: Даменіка («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа), Кухар («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта), Анчугін і Шаманаў («Правінцыяльныя анекдоты» і «Летась у Чулімску» А.Вампілава). Найб. значныя ролі апошніх гадоў: Павел («Хам» паводле Э.Ажэшкі), Гапон («Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча), Падкалёсін («Жаніцьба» М.Гогаля), Немаўля («Шчаслівае здарэнне» С.Мрожака). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Міравы хлопец», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена», «Паводка», «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», «Фруза» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСАРЫЁН (Bessarion; 2.1.1403?, г. Трабзон, Турцыя — 18.11.1472),
візантыйскі царк. дзеяч, гуманіст. У 1423 прыняў манаства пад імем Вісарыён. Вывучаў філасофію і інш. навукі пад кіраўніцтвам Пліфана. З 1437 епіскап Нікеі (цяпер г. Ізнік, Турцыя). Прымкнуў да лацінафільскай групоўкі візант. знаці, лічыў неабходным саюз Візантыі з Захадам у мэтах сумеснай барацьбы супраць туркаў. На Фларэнційскім саборы 1438—45 спрыяў заключэнню уніі паміж каталіцкай і правасл. цэрквамі (1439). Перайшоў у каталіцтва, у 1439 прызначаны кардыналам. Пасля правалу уніі ў Візантыі вымушаны перасяліцца ў Італію (1440). Пасля падзення Канстанцінопаля (1453) быў адным з ініцыятараў крыжовага паходу супраць туркаў, дзеля чаго ездзіў з пасольствам да германскага імператара Фрыдрыха III і франц. караля Людовіка XI. Беспаспяхова выстаўляў сваю кандыдатуру на папскі прастол. У 1463 прызначаны патрыярхам Канстанцінопаля. У філас. поглядах быў паслядоўнікам Платона. У працы «Супраць паклёпніка на Платона» сцвярджаў, што ў трыядзе Платона (Бог, розум, сусветная душа) ужо быў зародак хрысц. вучэння аб Тройцы. На думку Вісарыёна, у канцэпцыі паходжання свету Платон таксама блізкі да хрысціянства, бо вучыў пра ўзнікненне «ўсяго з нічога». Значная роля Вісарыёна ў прапагандзе грэч. культуры ў Італіі. Пераклаў з грэч. мовы на латынь 14 кніг «Метафізікі» Арыстоцеля, «Метафізіку» Тэафраста, творы Ксенафонта, прамовы Дэмасфена. У 1468 перадаў у дар Венецыянскай рэспубліцы сваю унікальную бібліятэку грэч. рукапісаў.
Літ.:
Удальцова З.В. Жизнь и деятельность Виссариона Никейского // Византийсккй временник. 1976. Т. 37;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАЗЫ́ЧАННІў мове,
лексічныя, марфалагічныя, фанетычныя і інш. сродкі пэўнай мовы, што перайшлі з інш. моў у выніку моўнага ўзаемадзеяння. Абумоўлены сац.-эканам., дзярж.-паліт. і культ. зносінамі паміж народамі. Пранікаюць непасрэдна з моў-крыніц і праз пасрэдніцтва інш. моў вусным (размоўныя кантакты) і пісьмовым (кнігі, афіц. дакументы, перапіска) шляхам. Найб. актыўна праяўляюцца ў галіне слоўнікавага складу. Падпарадкоўваюцца законам фанетыкі, граматыкі, правілам словаўтварэння і семантычнай сістэмы мовы-рэцэптара. Паводле ступені асіміляцыі падзяляюцца на цалкам асвоеныя (словы, у фанетыка-марфал. афармленні і семантыцы якіх не застаецца нічога, што паказвала б на іх іншамоўнае паходжанне: бел. «блакітны», «булка», «дзірван», «салата», «школа» і інш.) і часткова асвоеныя (экзатызмы). Асобны разрад З. складаюць варварызмы, якія ў адрозненне ад экзатызмаў амаль заўсёды знаходзяцца па-за літ. мовай і не адлюстроўваюцца ў слоўніках.
У 14—18 ст. у бел. мову трапілі многія паланізмы («відэлец», «маёнтак») і пераважна праз польск. пасрэдніцтва — германізмы («дах», «ланцуг») і лацінізмы («градус», «апарат»). Ад старажытнасці бел. мове вядомы літуанізмы («клуня», «свіран»), цюркізмы («аркан», «торба»), грэцызмы («астраномія», «эпіграма»), чэшскія («праца», «мешчанін»), франц. («марш», «тарыф»), італьян. («канцэрт», «лютня») і інш. З. У наш час іншамоўная лексіка трапляе ў бел. ў асноўным праз рус. мову. Значную частку слоўнікавага складу бел. мовы ўтвараюць інтэрнацыяналізмы. У сваю чаргу бел. мова таксама паўплывала на суседнія: польскую (krynica — крыніца), літоўскую (kroupa — «крупы») і інш. У меншай ступені З. характэрны для граматыкі і фанетыкі. Асаблівая інтэнсіфікацыя З. назіраецца пры двухмоўі.
Літ.:
Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТАда народаў Беларусі,
юрыдычны і паліт. акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда 21.2.1918 у Мінску. Імклівае наступленне ням. войск, якое пачалося 16.2.1918, прымусіла Аблвыкамзах і СНКЗах. вобласці і фронту ў ноч на 19.2.1918 эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтр.бел.вайск. рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебел. з’езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лют. абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арг-цыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К.Езавітава. 21 лют. апублікавана П.У.г., у якой Выканком Рады Усебел. з’езда заклікаў народы Беларусі «ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі». Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда абвясціў сябе ўладай на Беларусі да склікання на дэмакр. пачатках Устаноўчага сходу. Быў створаны ўрад — Народны сакратарыят Беларусі, які 21 лют. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Хоць Нар. сакратарыят Беларусі заявіў пра лаяльнае стаўленне да акупантаў (уступілі ў Мінск 21.2.1918), ням. ўлады не спяшаліся прызнаваць яго. У літаратуры П.У.г. датуецца днём яе публікацыі, аднак, паводле ўспамінаў Я.Варонкі, яна прынята 20.2.1918. У Грамаце нічога не гаварылася аб прававым статусе Беларусі. Здзяйсненне права бел. народа на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасцей на нац.-персанальную аўтаномію, абвяшчалася толькі як мэта. На заключэнне Брэсцкага міру 1918 паміж Германіяй і Расіяй Выканком Рады Усебел. з’езда адрэагаваў 9.3.1918 Другой Устаўнай граматай да народаў Беларусі, у якой Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШЫ́НСКІ (Міхась) (Міхаіл Іосіфавіч; н. 24.1.1931, в. Мокрае Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел.літ.-знавец, тэкстолаг, крытык. Чл.-кар Нац.АН Беларусі (1991), д-рфілал.н. (1978). Скончыў БДУ (1955). З 1956 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац.АН Беларусі (з 1979 заг.аддз. выданняў і тэксталогіі). Друкуецца з 1955. Даследуе гісторыю бел. крытыкі і літ.-знаўства, творчасць Я.Коласа, М.Гарэцкага, М.Зарэцкага, К.Чорнага, М.Лынькова і інш. Аўтар прац «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965), «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.» (1975), «Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці» (1982), «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гг.» (1985), «Каардынаты пошуку: Беларуская крытыка: набыткі, перспектывы» (1988), «І нічога, апроч праўды: Якой быць «Гісторыі беларускай літаратуры» (1990) і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 2—4, 1994—95), манаграфій «Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць» (1971), «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972), «Інстытут беларускай культуры» (1993). Кіраваў падрыхтоўкай і выданнем навукова-каменціраваных збораў тв.. І.Мележа ў 10, П.Броўкі ў 9, М Лынькова ў 8, П.Пестрака ў 5, З.Бядулі ў 5, М.Гарэцкага ў 4, М.Зарэцкага ў 4, Поўных збораў тв. М.Багдановіча ў 3, Я.Купалы ў 9 тамах. Дзярж. прэмія Беларусі 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).
Тв.:
Беларускае савецкае літаратуразнаўства. Мн., 1979;
Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.