ГАРНІЕРЫ́Т

(ад прозвішча Франц, геолага Ж.Гарнье),

мінерал класа сілікатаў, нікелевая разнавіднасць серпенціну (Ni, Mg)6 [Si4O10](OH)8. Мае нікелю да 2—5%. Прымесі жалеза, хрому, алюмінію, марганцу. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны канкрэцыі, нацёчныя агрэгаты, шчыльныя, порыстыя і зямлістыя масы. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск матавы. Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,3—2,8 г/см³. На паветры траціць ваду і рассыпаецца ў парашок. Трапляецца ў корах выветрывання ультраасноўных парод і серпенцінітаў. Састаўная ч. сілікатных нікелевых руд. Радовішчы ў Расіі, Казахстане, на в-ве Новая Каледонія.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́НЗА

(франц. bronze),

1) у тэхніцы — сплаў на аснове медзі, у якім асн. дабаўкамі з’яўляюцца волава, алюміній, берылій, крэмній, свінец, хром і інш. элементы, за выключэннем цынку (яго сплаў з меддзю наз. латунь) і нікелю (медна-нікелевы сплаў). Адпаведна бронза называецца алавянай, алюмініевай і г.д. Бронза мае значную трываласць, пластычнасць, цвёрдасць, высокія антыкаразійныя і антыфрыкцыйныя ўласцівасці.

Алавяная бронза мае да 11% волава і невялікія дабаўкі цынку, свінцу, фосфару, нікелю. Вызначаецца малым каэф. трэння па сталі. З яе робяць рабочы слой падшыпнікаў слізгання і антыкаразійную арматуру. Алюмініевая бронза мае 11% алюмінію і дабаўкі жалеза, нікелю і марганцу, якія павялічваюць трываласць сплаву. Устойлівая да сернай і большасці арган. кіслот. З яе робяць стужкі, палосы на спружыны, пруткі, трубы і фасонныя адліўкі. Берыліевая бронза мае да 2,4% берылію. Ідзе на выраб мембран, спружын, кантактаў, шасцерняў. Крэмніевая бронза мае 1—3% крэмнію, а таксама нікель, цынк, свінец, марганец. Вызначаецца высокімі мех. характарыстыкамі, антыфрыкцыйнымі ўласцівасцямі, добра зварваецца, паяецца і апрацоўваецца рэзаннем. З яе робяць пруткі, стужкі, сеткі, рашоткі, электроды. Марганцавая бронза вызначаецца павышанай каразійнай устойлівасцю, гарачатрываласцю. Свінцовістая бронза можа мець да 60% свінцу. Ёю ўкрываюць (тонкім слоем) укладышы і ўтулкі, якія працуюць у рэжыме слізгання. Хромістая бронза вызначаецца высокай электра- і цеплаправоднасцю. Ідзе на выраб калектараў эл. рухавікоў, электродаў.

2) У мастацтве — адзін з найб. пашыраных матэрыялаў для дэкар.-прыкладных вырабаў і скульптуры. Ліццё з алавянай бронзы (сплаў медзі з волавам, часам з дадаткамі інш. металаў) дае магчымасць з макс. дакладнасцю ўзнаўляць найдрабнейшыя дэталі мадэлі. Добра паддаецца апрацоўцы (чаканцы, паліроўцы, таніроўцы). Матэрыял пластычна вельмі выразны, на паверхні скульптуры (манум., дэкар., станковай) стварае своеасаблівыя святлоценявыя эфекты. Пад дзеяннем атм. з’яў набывае спецыфічныя адценні (паціну).

Вырабы з бронзы вядомы ў мастацтве Месапатаміі (3-е тыс. да н.э.), Стараж. Егіпта (2-е тыс. да н.э.); час росквіту — эпоха італьян. Адраджэння. З 17 ст. маст. ліццё з бронзы пашырана ў Францыі. Вядомыя творы з бронзы ў бел. мастацтве: помнікі Я.Коласу (1972, скульпт. З.Азгур), Я.Купалу (1972, А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі), М.Багдановічу (1981, С.Вакар) у Мінску, Ф.Скарыне (1974, А.Глебаў) у Полацку, С.Буднаму (1980, С.Гарбунова) у Нясвіжы і інш.

т. 3, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛО́ННАЯ МАНЕ́ТА

(ад франц. billon нізкапробнае серабро),

разменная непаўнацэнная метал. манета, намінальная вартасць якой перавышае вартасць металу і затрат на яе выраб; заменнік золата. Як знак вартасці абслугоўвае пераважна рознічны тавараабарот, выконваючы функцыі сродку абарачэння і абмежаванага сродку плацяжу. З 1933 ва ўсіх краінах свету ў абарачэнне ўведзены толькі білонныя манеты, якія вырабляюць з серабра невысокай пробы, медзі, нікелю, алюмінію і інш. металаў. Колькасць білонных манет абумоўлена патрэбамі грашовага абароту, а гранічны тэрмін іх зносу вызначаецца на аснове практычнага вопыту. У наменклатуры дзярж. разліковых білетаў Нац. банка Беларусі (з 1992) білонная манета адсутнічае.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БРА

(італьян. gabbro),

магматычная інтрузіўная горная парода асноўнага саставу; глыбінны аналаг базальту. Складаецца з асн. плагіяклазу, манакліннага, радзей рамбічнага піраксену, алівіну або рагавой падманкі. Другарадныя мінералы: біятыт, нефелін, тытанамагнетыт і інш. Акцэсарныя мінералы: апатыт, пірацін, храміт, сфен і інш. Разнавіднасці: алівінавае габра, нарыт (габра з рамбічным піраксенам), лабрадарыт і г.д. Раўнамерназярністая горная парода са спецыфічнай габравай структурай. Шчыльн. 2800—3200 кг/м³; трываласць на сцісканне 80—360 МПа. З інтрузіямі габра звязаны радовішчы магнетыту, тытанамагнетыту, сульфідаў нікелю, медзі і інш. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і штучны камень, друз у буд-ве. На Беларусі габра вядомыя ў архейскім і ніжнепратэразойскім комплексах парод крышт. фундамента.

У.Я.Бардон.

т. 4, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

магматычныя горныя пароды, адносна бедныя крэменязёмам (44—53% SiO2) і багатыя магніем і кальцыем. Важнейшыя мінералы асноўных горных парод — асноўныя плагіяклазы (лабрадор, бітаўніт, анартыт), піраксены, алівін. Могуць быць інтрузіўныя (габра, нарыты, анартазіты і інш.) і эфузіўныя (базальты і інш.). Пашыраны найб. у літасферы Зямлі, Месяца, Венеры, Марса. Пераважаюць у акіянскай кары Зямлі, на кантынентах больш чым у 5 разоў перавышаюць па аб’ёме іншыя вылітыя магматычныя горныя пароды. Пашыраны ва ўсіх складкавых паясах (Урал, Каўказ і інш.) і кратонах (Еўрапейская, Сібірская і інш. платформы). З кожнай серыяй асноўных горных парод звязаны спецыфічныя карысныя выкапні (руды медзі, нікелю, плаціны, рэдкіх элементаў і гэтак далей). Выкарыстоўваюцца ў многіх галінах буд. індустрыі.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТЫНТА́Г,

горы ў Цэнтр. Азіі, на З Кітая, паміж Куньлунем і Наньшанем. Аддзяляюць Тарымскую ўпадзіну і Цайдамскую катлавіну. Даўж. каля 800 км. Паўд.-зах. частка Алтынтага — скалістая, моцна расчлянёная, укрыта вечнымі снягамі і ледавікамі, макс. выш. да 6161 м; паўн,ўсходняя — кароткія масівы выш. больш за 5000 м; цэнтральная — рэзка звужаная і паніжаная, пераважная выш. да 3000—3500 м. Складзены з гнейсаў, крышталічных сланцаў, філітаў. Карысныя выкапні: руды храмітаў, свінцу, цынку, нікелю, плаціны. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Найб. р. Чэрчэн з прытокамі. На перадгор’ях камяністыя пустыні, у далінах растуць эфедры, салянкі, зараснікі саксаулу і тамарыску, на схілах гор — стэпавая расліннасць і альпійскія лугі. Жывёльны свет: дзікі як, антылопы, кукуяманы і інш.

т. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХА́ГАР

(Ahaggar),

Хогар, пустыннае нагор’е ў Цэнтральнай Сахары, у Алжыры. Складзена з плоскавяршынных ступеньчатых хрыбтоў (сярэдняя выш. да 800 м), выцягнутых з Пн на Пд, і базальтавых плато (сярэдняя выш. 2000 м), над якімі ўздымаюцца вулканічныя конусы, найбольшы выш. 3003 м (г. Тахат). З Пн і Пд нагор’е акаймавана пясчанікавымі градамі (куэстамі) палеазойскага ўзросту. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў і гранітаў. Радовішчы плаціны, алмазаў, урану, нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны горна-пустынны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 35 °C, ападкаў менш як 100 мм за год. Пастаянны паверхневы сцёк толькі ў вярхоўях сухіх далін (уэдаў), дзе шчыльнае травяное покрыва. Трапляюцца асобныя дрэвы і гаі (кіпарысы, мірт, пальмы, акацыі). Жывёльны свет: муфлоны, гепарды, ільвы; у аазісах шмат птушак.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,

1 у металургіі, тэрмахімічны працэс спякання дробназярністых ці пылападобных матэрыялаў руднай шыхты ў вял. кавалкі (агламераты). Уключае падрыхтоўку шыхты, спяканне яе, апрацоўку гарачага пеку, ахаладжэнне да 100 °C і сартаванне. Шыхта складаецца з дробнай сырой руды і яе канцэнтрату, паліва (дробны кокс ці антрацыт), флюсу (здробненая вапна і вапняк). Агламерацыя адбываецца пры прадзіманні паветра цераз слой шыхты на каласніковых рашотках агламерацыйнай машыны і згаранні паліва (1500 °C); у выпадку сульфідных рудаў — пры акісленні (працякае з выдзяленнем цеплаты). Агламерат выкарыстоўваецца ў чорнай металургіі, у каляровай — для вытв-сці алюмінію, нікелю і свінцу.

2) У мікрабіялогіі, утварэнне мікраарганізмамі намнажэнняў у вадкасцях або тканках у выніку змены фіз. і хім. уласцівасцяў мікробных клетак (пад уздзеяннем імунных целаў і інш.).

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕТАЛУ́РГІЯ

(ад гідра... + металургія),

здабыванне металаў з руд, рудных канцэнтратаў і адходаў вытв-сці воднымі растворамі хім. рэагентаў.

Асн. тэхнал. працэсы гідраметалергіі: мех. апрацоўка сыравіны (драбленне, «мокрае» і «сухое» здрабненне, класіфікацыя, згушчэнне), змена хім. саставу руды або канцэнтрату (абпал, спяканне, раскладанне хім. рэагентамі), вышчалочванне, абязводжванне і прамыўка, асвятленне раствораў і выдаленне шкодных прымесей, асаджэнне металаў ці іх злучэнняў з раствораў, перапрацоўка асадкаў. Спосабы гідраметалургіі выкарыстоўваюцца ў вытв-сці цынку, медзі, нікелю, кобальту, алюмінію, высакародных і рэдкіх металаў, рэдказямельных элементаў. У адрозненне ад піраметалургіі гідраметалургія забяспечвае выбарачнае і комплекснае вылучэнне металаў з бедных і цяжкаабагачальных руд.

Гідраметалургію пачалі прымяняць у сярэдзіне 19 ст. для здабычы золата і серабра. З пач. 20 ст. стала выкарыстоўвацца для атрымання медзі, цынку, свінцу і інш.

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАГЕ́ННЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

магматычныя радовішчы, эндагенныя радовішчы, паклады карысных выкапняў, звязаныя з геахім. працэсамі глыбінных частак Зямлі. Утвараюцца з магматычных расплаваў ці гарачых газавых і водных мінералізаваных раствораў пры высокіх цісках і тэмпературах. Вылучаюць 5 гал. генетычных груп гіпагенных радовішчаў: магматычныя (утвараюцца пры застыванні расплаваў з адасабленнем руд, хрому, тытану, жалеза, плаціны, нікелю і інш.), пегматытавыя (уяўляюць раскрышталізацыю канчатковых прадуктаў астываючай магмы; маюць у сабе слюды, каштоўныя камяні і інш.), карбанатытавыя (утвораны вял. колькасцю карбанатаў кальцыю, магнію, жалеза; асацыіруюць з ультраасноўнымі шчолачнымі пародамі і маюць руды жалеза, медзі, апатыт і інш.), скарнавыя (узнікаюць пад уздзеяннем гарачай мінералізаванай пары пры кантакце з магмай; паклады жалеза, медзі, вальфраму, малібдэну, свінцу і інш.), гідратэрмальныя (складаюцца з руд каляровых, каштоўных і радыеактыўных металаў — асадкаў з глыбінных гарачых мінералізаваных водных раствораў).

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)