Існаваў у 1956—62 у Бабруйску. Створаны як Бабруйскі бел. вандроўны калгасна-саўгасны т-р. Адкрыўся 1.1.1957 спектаклем «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. Трупа складалася з акцёраў Тэатра драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Гал. рэжысёр А.Аркадзьеў. Тэатр ставіў класічныя творы, п’есы бел., рус., укр. драматургаў. Найб. поспехам карысталіся спектаклі з жыцця бел. калгаснай вёскі з камедыйным гучаннем: «Цені знікаюць» С.Свірыдава, «Нячыстая сіла» Г.Стафанскага, «Чалавек вярнуўся» і «Дзіўны дом» П.Васілеўскага, «Вясёлка» і «Антэй» М.Заруднага, «Кухарка» і «Кухарка замужам» А.Сафронава і інш. З пач. 1960-х г. пераважалі муз.-драм. спектаклі («Небяспечны ўзрост» С.Нарыньяні, «Курортнае знаёмства» М.Віннікава, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава). 17.12.1962 рэарганізаваны ў Бабруйскі музычна-драматычны тэатр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕНАРЭ́Я (ад грэч. blennos слізь + rheō цяку),
вострае гнойнае запаленне слізістай абалонкі (кан’юнктывы) вока інфекц. паходжання. Адрозніваюць бленарэю нованароджаных, дзіцячую і дарослых.
Заражэнне бленарэяй нованароджаных адбываецца пры родах, калі галоўка плода праходзіць праз родавыя шляхі хворай на ганарэю маці. Хвароба праяўляецца на 2—3-і дзень ацёкам і зацвярдзеннем павекаў абодвух вокаў, гіперэміяй кан’юнктывы, серозна-крывяністымі выдзяленнямі. Праз 3—4 дні з’яўляюцца густыя гнойныя выдзяленні (найб.небяспечны перыяд, цягнецца 2—3 дні). У цяжкіх выпадках пашкоджваецца рагавіца. Пры заражэнні дзяцей бленарэяй ад маці (дзіцячая бленарэя) хвароба прымае больш цяжкую форму, чым у нованароджаных. Працэс звычайна аднабаковы. Бленарэя ў дарослых пачынаецца звычайна з аднаго павека пры занясенні ў яго інфекцыі самім хворым на ганарэю мочапалавых шляхоў. Клінічна падобная на бленарэю нованароджаных, але з больш цяжкім цячэннем і частым пашкоджаннем урэтры. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАЦЁК, гемарагія,
выцяканне крыві з крывяносных сасудаў. Бывае пры траўмах, хваробах крывяносных сасудаў (гл.Гематурыя, Гемафілія, Дыятэз гемарагічны). Адрозніваюць К. артэрыяльны, вянозны, капілярны, змешаны; вонкавы (кроў выцякае вонкі) і ўнутр. (кроў выцякае ў органы, тканкі, поласці цела).
Назапашванне крыві ў калясардэчнай абалонцы наз. гемаперыкардытам, у грудной поласці — гематораксам, у поласці сустава — гемартрозам; выдаленне крыві праз дыхальныя шляхі (крывахарканне) — гемаптос; праз стрававод са страўніка (крывавая рвота) — гематамезіс; матачны К. — метрарагія і інш.Найб.небяспечны артэрыяльны К. Пры К. бывае бледнасць скуры і слізістых абалонак, слабасць, галавакружэнне, смага, задышка, паніжэнне артэрыяльнага ціску, слабы, часты пульс. Лячэнне: спыненне К. часовае (сціскальная павязка, жгут) і канчатковае (сасудзістае шво, перавязка сасудаў), кровазгусальныя і кроваспыняльныя сродкі, пераліванне крыві і кровазаменных вадкасцей.
Літ.:
Вишневский А.А., Шрайбер М.И. Военно-полевая хирургия. 3 изд., М., 1975;
форма кантролю за паводзінамі вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. Праводзіцца з мэтай папярэджання з іх боку злачынстваў і аказання на іх неабходнага прафілактычнага ўздзеяння. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца судом паводле прадстаўлення адміністрацыі папраўчай установы і ажыццяўляецца крымін.-выканаўчай інспекцыяй па месцы жыхарства асуджанага. П.н. за асобай, якая дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў, устанаўліваецца да зняцця судзімасці. П.н. можа быць устаноўлены таксама за раней судзімымі за цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы або судзімымі 2 і больш разоў да пазбаўлення волі за любыя наўмысныя злачынствы, калі іх паводзіны ў час адбыцця пакарання і пасля вызвалення сведчаць пра нежаданне станавіцца на шлях выпраўлення. П.н. і звязаныя з ім абмежаванні ўстанаўліваюцца і спыняюцца судом у парадку, прадугледжаным заканадаўствам. Ажыццяўленне П.н. не павінна мець на мэце знявагу чалавечай годнасці і кампраметацыю паднагляднага па месцы яго работы і жыхарства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАРО́ЖСКАЯ СЕЧ,
ваенна-палітычная арг-цыяўкр.казакоў, казацкая рэспубліка ў 16—18 ст. за Дняпроўскімі парогамі. Назва ад драўляных умацаванняў — «сечаў», якія рабілі казакі. Засн. збеглымі прыгоннымі сялянамі, у т. л. з Беларусі, і гар. беднякамі. Вышэйшы орган — Вайск. рада, якая выбірала старшыну (кіраўніцтва) на чале з кашавым атаманам. Падзялялася на курані (у 1770-я г. іх было 38). Вяла барацьбу з польска-ўкр. землеўладальнікамі, крымскімі татарамі і туркамі. З паўстання ў З.с. пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага пачалася вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. У 1709 за ўдзел запарожцаў у Булавінскім паўстанні 1707—08 і дапамогу шведам у час Паўночнай вайны 1700—21 З.с. ліквідавана рас. ўладамі. У 1734 створана т.зв. Новая сеч, якая ўдзельнічала ў рус.-тур. войнах 1735—39 і 1768—74. Канчаткова ліквідавана 5.8.1775 пры Кацярыне II як небяспечны асяродак нар. хваляванняў. Частка казакоў збегла да туркаў і заснавала Задунайскую сеч. З другой часткі ў 1787 утворана Чарнаморскае казацкае войска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШКІН (Васіль Львовіч) (8.5.1766, Масква — 1.9.1830),
рускі паэт. Дзядзька А.С.Пушкіна. Друкаваўся з 1793. Паслядоўнік М.Карамзіна і І.Дзмітрыева. Стараста літ. гуртка «Арзамас». Сцвярджаў новы паэт. стыль. Выступаў супраць архаічных форм літ. мовы. Пісаў элегіі, рамансы, песні, альбомныя вершы, вершаваныя казкі, байкі, эпіграмы. Аўтар іроікамічнай эратычнай паэмы «Небяспечны сусед» (1811, пашыралася ў спісах, апубл. за мяжой 1815, у Расіі 1913), парадыйнай аповесці ў вершах «Капітан Храброў» (1829—30) і інш. Перакладаў на рус. мову творы Лафантэна, Асіяна, Катула і інш., на франц. мову некалькі нар. песень, верш А.Пушкіна «Чорная шаль». Апошні верш П. — пасланне «А.С.Пушкіну». Адным з першых заўважыў талент А.Пушкіна. П. прысвечаны вершы А.Пушкіна «Хрыстос уваскрэс, выхаванец Феба», «Дзядзьку, які назваў пісьменніка братам», «Што больш чароўна, больш жыва».
Тв.:
Стихи. Проза. Письма. М., 1989.
Літ.:
Михайлова Н.И. «Парнасский мой отец». М., 1983;
Кунин В.В. В.Л.Пушкин // Друзья Пушкина. М., 1984. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЫ́НСКІ (Афанасій Дзмітрыевіч) (9.9.1920, г. Смаленск, Расія — 22.8.1993),
рускі драматург. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы пры Літ. ін-це імя М.Горкага ў Маскве (1956). Выступаў як журналіст з 1939. У 1972—82 і з 1987 гал. рэдактар час. «Театр». Першая п’еса — «Дарога першых» (паст. 1949; перапрацаваная рэдакцыя «Браты», паст. 1951). Маральна-этычныя канфлікты сучаснасці ў п’есах «Небяспечны спадарожнік» (паст. 1952), «Забыты сябар» (1955), «Марыя» (1969), «Летнія прагулкі» (1973) і інш. Драмы «Барабаншчыца» (паст. 1958), «Каменьчыкі на далоні» (1965) пра Вял.Айч. вайну. Драма «Погалас» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1984) пра перыяд нэпа. Аўтар камедый «Хлусня для вузкага кола» (1963), «Пераход на летні час» (1983), зб. артыкулаў «Пра жыццё, драматургію, тэатр» (1982), сцэнарыяў фільмаў і інш. У Дзярж.рус. т-ры Беларусі пастаўлены п’есы С. «Барабаншчыца» (1959), «Марыя» (1970).
Тв.:
Избранное. Т. 1—2. М., 1988;
Драмы и комедии. М., 1977.
Літ.:
Фельдман Я. Драматургия Афанасия Салынского. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАСЕКСУАЛІ́ЗМ (ад гома... + лац. sexualis палавы),
сексуальная інверсія, гомаэратызм, сексуальнае адхіленне, якое характарызуецца палавой схільнасцю да асоб свайго полу. Вядомы са старажытнасці. Сюжэты на гэту тэму трапляюцца на наскальных відарысах каменнага веку. Пашыранасць гомасексуалізму ў свеце вагаецца сярод мужчын ад 1 да 4%, у жанчын ад 1 да 3%. Пры мужчынскім гомасексуалізме задавальненне палавой цягі ажыццяўляецца рознымі шляхамі, у т. л. праз увядзенне палавога члена ў задні праход партнёра (педэрастыя), пры жаночым гомасексуалізме (гл.Лесбіянства) — шляхам узбуджэння палавых органаў рознымі часткамі цела партнёршы або шляхам імітацыі палавога акта. Гомасексуалізм можа быць пастаянны або часовы. На фарміраванне гомасексуалізму ўплываюць генетычныя фактары і асаблівасці індывід. развіцця.
Гомасексуалізм асуджаўся грамадствам ва ўсе часы. Адмоўныя адносіны да гомасексуалізму ўзмацніліся з пераходам да хрысціянства. У сярэднявеччы гомасексуалізм праследаваўся законам, царквой, інквізіцыяй. У наш час гомасексуалізм небяспечны ў сувязі з пашырэннем СНІДу, адной з крыніц якога з’яўляюцца гомасексуальныя кантакты. Сучасныя навук. ўяўленні зыходзяць з таго, што гомасексуалізм — толькі інш. сексуальная арыентацыя (не хвароба ці ненармальнасць). У шэрагу краін Амерыкі і Еўропы пачаліся працэсы легалізацыі гомасексуалізму. Прафілактыка гомасексуалізму заключаецца найперш у правільным гігіенічным і палавым выхаванні, фарміраванні ў дзіцяці адпаведных паларолевых паводзін і арыентацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНА́ў праве,
адносіны асобы да сваіх проціпраўных дзеянняў і іх шкодных вынікаў, выяўленыя ў форме намеру або неасцярожнасці; неабходная ўмова юрыд. адказнасці. Калі ў дзеяннях асобы няма віны, яна вызваляецца ад адказнасці. У крымінальным праве перадумовай віны з’яўляюцца наяўнасць у асобы свядомасці і дасягненне ёю ўстаноўленага законам узросту крымін. адказнасці. Злачынства прызнаецца наўмысным, калі асоба, якая яго ўчыніла, усведамляла грамадска небяспечны характар сваіх дзеянняў або бяздзеянняў, прадбачыла іх грамадска небяспечныя вынікі і жадала (прамы намер) або свядома дапускала (ускосны намер) іх надыход. Неасцярожным злачынствам лічацца проціпраўныя дзеянні асобы, калі яна прадбачыла магчымасць наступлення іх грамадска небяспечных вынікаў, але легкадумна разлічвала на іх прадухіленне (злачынная саманадзейнасць) або не прадбачыла магчымасці іх наступлення, хоць павінна была і магла іх прадбачыць (злачынная нядбайнасць). У цывільным праве віна — умова адказнасці за правапарушэнне: невыкананне або неналежнае выкананне дагаворнага ці іншага абавязацельства, учыненне незаконнай здзелкі, нанясенне маёмаснай шкоды і г.д. Форма віны, як правіла, не ўплывае на памеры цывільна-прававой адказнасці. Калі ў надыходзе неспрыяльных вынікаў вінаваты абодва бакі, то ўлічваецца віна аднаго і другога. Пры невыкананні або неналежным выкананні абавязацельства па віне абодвух бакоў суд адпаведна змяншае меру адказнасці даўжніка. У асобных выпадках цывільнае права прадугледжвае адказнасць пры адсутнасці віны правапарушальніка. Напр., арг-цыя або грамадзянін абавязаны пакрыць шкоду, нанесеную крыніцай павышанай небяспекі, за выключэннем выпадкаў, калі шкода ўзнікла ў выніку неадольнай сілы або намеру пацярпелага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМАТО́ДНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, фітагельмінтозы,
інфекцыйныя хваробы вышэйшых раслін, што выклікаюцца фітагельмінтамі; група нематадозаў. Пашыраны ўсюды. Узбуджальнікі пранікаюць у расліны праз карані, перадаюцца з часцінкамі глебы, адмерлымі ч. хворых раслін, заражаюць пасадачны і пасяўны матэрыял. Прыкметы: недаразвіццё і дэфармацыя органаў, завяданне раслін, некрозы, хларозы раслін, усыханне верхавін, утварэнне галаў і язваў на каранях, карэнішчах, клубнях, разрыхленне тканак клубняў, цыбулін і інш. Запавольваюць рост, развіццё раслін, выспяванне, садзейнічаюць развіццю інш. хвароб, могуць прыводзіць да гібелі раслін. На Беларусі найб. пашыраны глабадэроз бульбы (выклікаецца залацістай бульбяной нематодай, праяўляецца ачагамі; на каранях бачны жаўтаватыя самкі, якія пазней ператвараюцца ў карычневыя цысты з яйцамі; каранцінная хвароба), дытыленхоз бульбы (выклікаецца сцябловай нематодай бульбы; на клубнях утвараюцца свінцова-шэрыя некратычныя плямы, якія паступова цямнеюць і набываюць метал. бляск, тканкі клубняў парахнеюць; найб. шкодны ў час захоўвання), гетэрадэроз буракоў (гл.Бураковая нематода) і збожжавых злакаў (выклікаецца аўсянай нематодай; кончыкі лістоў чырванеюць, потым жаўцеюць), мелайдагіноз агароднінных культур (выклікаецца паўд. галавай нематодай, мае ачаговы характар, найб.небяспечны ў ахаваным грунце).
Літ.:
Кирьянова Е.С., Кралль Э.Л. Паразитические нематоды растений и меры борьбы с ними. Т. 1—2. Л., 1969—71;
Деккер Х. Нематоды растений и борьба с ними: Пер. с нем. М., 1972.
І.М.Ананьева.
Нематодныя хваробы раслін: 1 — глабадэроз бульбы (а — пашкоджаная расліна, б — корань з самкамі-цыстамі); 2 — мелайдагіноз памідора (карані з галамі); 3 — дытыленхоз бульбы; 4 — дытыленхоз цыбулі.