Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ КА́РТЫ,
адлюстраванні зорнага неба ці яго часткі на плоскасці пры дапамозе пэўнай картаграфічнай праекцыі, градуснай сеткі ў адпаведным маштабе.
Самыя старажытныя З.к. былі вядомыя ў Вавілоне і Егіпце. У Еўропе выкарыстоўваюцца з 13 ст. Адрозніваюць рысаваныя і фатаграфічныя З.к. На рысаваных зоркі вычэрчваюць па каардынатах, узятых з зорных каталогаў, абазначаюць кружочкамі розных дыяметраў у залежнасці ад бляску зоркі; падвойныя і пераменныя зоркі, зорныя скопішчы, туманнасці адзначаюць спец. знакамі (гл. карту да арт.Зорнае неба). Фатаграфічныя З.к. (больш падрабязныя і распаўсюджаныя) — адбіткі з астрафатаграфій з нанясеннем на іх градуснай сеткі. Камплект З.к. сумежных участкаў неба, якія пакрываюць усё неба ці некат. яго частку, наз. зорным атласам. Першы атлас зорак, бачных простым вокам, апублікаваў у 1603 ням. астраном А.Баер («Уранаметрыя»). Першую на рус. мове зорную карту выдаў у Амстэрдаме І.Ф.Капіевіч (1699). Найб. распаўсюджанне атрымалі «Атлас паўночнага зорнага неба» на аснове «Бонскага агляду» і атлас паўд.неба на аснове «Кордаўскага агляду». З.к. і атласамі карыстаюцца пры астр. назіраннях. Т.зв. рухомыя карты зорнага неба даюць магчымасць хутка вызначаць, якія сузор’і відаць над гарызонтам для любой шыраты ў любы момант часу.
Літ.:
Михайлов А.А. Звездный атлас. 4 изд. М.; Л., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́ЧКА (лац. Vulpecula),
сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Адсутнічаюць зоркі ярчэй 4,4 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць круглы год, найлепш у ліпені. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРАВЕ́ЛЬ (лац. Grus),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Дзве найб. яркія зоркі 1,7 і 2,1 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі часткова бачны ў жніўні—верасні. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗІ́ННІК (лац. Horologium),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,9 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — лістапад. Гл. таксама Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЎК (лац. Lupus),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 2,3 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — красавік, май. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМА́ (лац. Puppis),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 2,2; 2,8; 2,8 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — студзень. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТА́Я РЫ́БА (лац. Dorado),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,3 візуальнай зорнай велічыні. У З.р. знаходзіцца Вял. Магеланава Воблака — спадарожнік Галактыкі. На тэр. Беларусі не відаць. Гл.Зорнае неба.