БЕЛАВУ́САВА-ПЯТРО́ЎСКАЯ Таццяна Паўлаўна (н. 29.9.1950, Мінск),

бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-мастацкі ін-т (1972). Працуе пераважна ў галіне маст. ткацтва. Творчасць характарызуецца пошукамі выяўленчых магчымасцяў тэкстылю. Асн. работы: дэкар. тканіны «Святочная» (1972), «Натхненне» (1983), габелен-заслона «Нараджэнне планеты кветак» (1978), трыптыхі «Вясна» (1984), «Азёрны» (1986), дыптых «Каляровае паветра» (1988), габелен-скульптура «Лялька» (1989), габелены «А калі б магла» (1990), «Рэльефная кампазіцыя» (1991), «Кантрасты» (1995). Стварае ўзоры вырабаў для маст. прам-сці (абрусы, дарожкі, сурвэткі). Працуе таксама ў галіне пастэлі і малюнка.

Т.Белавусава-Пятроўская. Габелен «Кантрасты». 1995.

т. 2, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́РАД I Вялікі

(каля 73—4 да н.э.),

цар Іудзеі з 40 (фактычна з 37) да н.э. Тытул цара атрымаў ад рым. сената, але ўнутры Іудзеі карыстаўся амаль абс. уладай. Пашырыў тэр. свайго царства, падуладнага Рыму, да межаў б. дзяржавы Давіда. Ператварыў Іерусалім у крэпасць. Бязлітасна душыў нар. хваляванні і знішчаў усіх, каго лічыў сапернікам, у т. л. ўласных дзяцей. Паводле хрысц. падання, даведаўшыся пра нараджэнне Хрыста, загадаў забіць усіх немаўлят у г. Віфлеем. Пазней імя І. набыло пераносны сэнс як назва вельмі жорсткага, бязлітаснага чалавека.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЖАЯ́Н Акоп Карапетавіч (13.12.1883, г. Ахалцыхе, Грузія — 24.4.1959),

армянскі графік і жывапісец. Нар. мастак Арменіі (1935). Вучыўся ў Мюнхене ў студыі А.Ажбе (1903—05) і АМ (1905—07). К.-графік зазнаў уплывы сярэдневяковай арм. мініяцюры, аб’яднання «Свет мастацтва», У.Фаворскага. Творам уласцівы багатая фантазія, пачуццё стылю (акварэль «Давід Сасунскі», 1922; іл. да «Анталогіі паэзіі Арменіі», 1936; «Армянскіх народных казак», 1955, і інш.). Жывапісныя творы: «Вуліца ў Тэбрызе» (1922), «Расстрэл камуністаў у Татэве» (1930), «Нараджэнне Давіда Сасунскага» (1947), «У сяле Гарні» (1957) і інш.

А.​Каджаян. Расстрэл камуністаў у Тацтэве. 1930.

т. 7, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НГРЫЎ (Congreve) Уільям (10.2. 1670, Бардсі, каля г. Лідс, Вялікабрытанія — 19.1.1729),

англійскі камедыёграф, паэт. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Дубліне і Оксфардзе. Дэбютаваў раманам «Інкогніта» (1692). Аўтар узорных класіцыстычных камедый «Стары халасцяк», «Двайная гульня» (абедзве 1693), «Каханне за каханне» (1695), «Так робяць у свеце» (1700), якім уласцівы мяккая сатыра, дасціпны дыялог, гумар, бездакорны густ і лаканізм. Пісаў оды, паэмы («Нараджэнне музы», «Пасланне да віконта Кабхэма»), літ. памфлеты. Перакладаў Гамера, Авідзія, Мальера і інш. Паўплываў на творчасць Вальтэра, Дж.​Свіфта, А.​Поўпа.

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. М., 1977.

Н.​М.​Саркісава.

т. 8, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТРУНЁНАК Альфрэд Пятровіч (н. 5.1.1940, в. Падобы Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1969). Скончыў БДУ (1962). Настаўнічаў, у 1968—93 працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі. Даследуе праблемы тэорыі, метадалогіі л-ры, псіхалогіі творчасці, характару ў літ. творы, станаўлення жанру бел. рамана. Аўтар манаграфій: «Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане» (1972), «Псіхалагічны аналіз і станаўленне беларускага рамана» (1975), «Нараджэнне новага мастацтва» (1980, з Л.​Я.​Гараніным, А.​С.​Яскевічам), «Псіхалагічная проза: Традыцыі і час» (1988) і інш.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРНА́НДЭС (Fernández) Эміліо (26.3.1904, Онда, Мексіка — 6.8.1986),

мексіканскі кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр. Па паходжанні індзеец. З 1928 здымаўся ў кіно, пісаў сцэнарыі. Яго фільм «Марыя Кандэлярыя» (1944, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) сведчыў пра нараджэнне новай самабытнай кінашколы. Выкарыстанне індзейскага нац. фальклору, спалучэнне прыгажосці і трагедыйнасці, пластычная выразнасць і жывапіснасць выяўлення ўласцівы яго фільмам «Пакінутыя» і «Бугамбілья» (1944), «Пепіта Хіменес» (1945), «Закаханая» (1946), «Жамчужына» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Рыо Эскандыда» (1948), «Сельская дзяўчына» (1949), «Дзень жыцця» (1950), «Чока» (1974), «Чырвоная зона» (1975), «Эротыка» (1978) і інш.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́Б З ТЫКО́ЦІНА (Jakub z Tykocina),

бел. жывапісец 17 ст. Паходзіў з Польшчы. У 1647 яму заказана размаляваць і пазалаціць алтары і хор у Дабравешчанскім касцёле кляштара брыгітак у Гродне. Яму прыпісваюць цыкл карцін (у парапеце хору гэтага касцёла) са сцэнамі з жыцця Хрыста: «Нараджэнне Хрыстова», «Пакланенне пастухоў», «Пакланенне вешчуноў», «Стрэчанне», «Абразанне», «Уцёкі ў Егіпет», «Хрыстос, Марыя, Іосіф ідуць у Іерусалім», «Хрыстос у Іерусалімскім храме».

Літ.:

Высоцкая Н.Ф. Жывапіс барока Беларусі. Мн., 2003. С. 48—55.

А.​Лугаваене.

Якуб з Тыкоціна. Хрыстос, Марыя, Іосіф ідуць у Іерусалім.

т. 18, кн. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕЙКСА́НДРЭ (Aleixandre) Вісентэ (26.4.1898, Севілья, Іспанія — 14.12.1984),

іспанскі паэт. Творы 1920—30-х г. напісаны пад уплывам сюррэалізму і фрэйдызму: зб-кі «Акруга» (1928), «Шпагі нібы губы» (1932), «Разбурэнне ці любоў» (1933), кн. вершаў у прозе «Страсць зямлі» (1935). У час нац.-рэв. вайны ў Іспаніі (1936—39) пісаў антыфаш. вершы. Зб. «Цені раю» (1944) — паэтычная утопія пра царства шчасця і прыгажосці, якое бачыць чалавек на парозе смерці. Аўтар філас. лірыкі (зб. «Апошняе нараджэнне», 1953; «Гісторыя сэрца», 1954; «Унутраныя дыялогі», 1974 і інш.), кн. мемуараў «Сустрэчы» (1958). Нобелеўская прэмія 1977.

Тв.:

Mis poemas mejores. Madrid, 1968.

В.Алейксандрэ.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛЬДУНГ (Baldung; прозвішча Грын; Grien) Ганс (каля 1484/85; г. Швебіш-Гмюнд?, Германія — 1545),

нямецкі жывапісец і графік (дрэварыт, малюнкі) эпохі Адраджэння. Працаваў у Нюрнбергу (у майстэрні А.Дзюрэра), Страсбургу, Фрайбургу (стварыў у саборы гал. алтар «Каранаванне Марыі»). Рэнесансавы рацыяналізм спалучаў з містыкай, абагульненую пластыку — з дробнымі рытмамі. Сярод жывапісных работ: «Пакуты св. Себасцьяна» (1507), «Святая сям’я на адпачынку» (1511—14), «Смерць, што цалуе жанчыну» (1517), «Нараджэнне Хрыста» (1520), «Геркулес і Антэй» (1530), «Адам і Ева» (1531—33), «Сем узростаў жанчыны» (1544), аўтар дрэварытаў, малюнкаў.

Я.​Ф.​Шунейка.

Г.Бальдунг. Сем узростаў жанчыны. 1544.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБЯДЗІ́НСКІ Юрый Мікалаевіч (10.12.1898, г. Адэса, Украіна — 24.11.1959),

расійскі пісьменнік. Адзін з кіраўнікоў Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Аповесці «Тыдзень» (1922), «Камісары» (1925) пра грамадз. вайну. Жыццю і побыту народаў Каўказа, іх мінуламу прысвяціў раман «Баташ і Батай» (1940—41), трылогію «Горы і людзі» (1947), «Зарава» (1952) і «Раніца Саветаў» (1957). Аўтар раманаў «Заўтра» (1923), «Паварот» (1927), «Нараджэнне героя» (1930), аповесцей «Паездка ў Крым» (1957), «Справы сямейныя» (апубл. 1962), мемуараў «Сучаснікі» (1958), «Сувязь часоў», «Выхаванне душы» (абедзве апубл. 1962), п’ес, нарысаў і інш.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1980.

Літ.:

Либединская Л. Зеленая лампа: Воспоминания. М., 1966.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)