АРФАГРА́ФІЯ (ад грэч. orthos правільны + ...графія),

правапіс, сістэма правілаў, якія вызначаюць аднолькавыя спосабы перадачы маўлення на пісьме. Асн. задачы бел. арфаграфіі — рэгламентацыя графічнага ўзнаўлення гукавога складу слова; злітнага, паўзлітнага (дэфіснага) і раздзельнага напісання; пераносу слоў, а таксама правілы афармлення абрэвіятур, умоўных скарачэнняў. У перадачы гукавога складу слова адрозніваюць 2 асн. прынцыпы: фанетычны (захаванне асаблівасцяў вымаўлення) і марфалагічны (захаванне нязменнымі асобных марфал. частак слова); сустракаюцца таксама правапісныя нормы, замацаваныя традыцыяй. Сучасная бел. арфаграфія рацыянальна спалучае фанет. і марфал. прынцыпы.

Бел. арфаграфія фарміравалася на працягу доўгага часу. Ужо ў ранніх помніках бел. Пісьменства 14—15 ст. адлюстраваны найб. характэрныя асаблівасці бел. фанетыкі. З 19 ст., калі жывая нар. гаворка стала асновай бел. літ. мовы, складваюцца і замацоўваюцца найважнейшыя рысы бел. арфаграфіі (напр., перавага аддаецца фанет. прынцыпу). Станаўленню арфаграфічных нормаў садзейнічала навук. распрацоўка бел. мовы на пач. 20 ст. (працы Я.​Ф.​Карскага). Першая спроба нармалізаваць арфаграфію зроблена ў «Граматыцы для беларускіх школ» Б.​А.​Тарашкевіча (1918). Пастановай СНК БССР ад 23.8.1933 «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» праведзена ўдакладненне бел. арфаграфіі, значная роля была адведзена марфалаг. прынцыпу. Пасля шырокай дыскусіі ў 1929—57 СМ БССР зацвердзіў праект Арфаграфічнай камісіі «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» (11.5.1957). На яго аснове выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959). Аднак і яны не ахопліваюць усіх спрэчных і няясных выпадкаў, таму праца па ўдасканаленні правілаў бел. арфаграфіі працягваецца.

Літ.:

Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 2 выд. Мн., 1984;

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;

Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

1) слоўнік эвалюцыі лексікі пэўнай мовы, які паказвае змены ў семантыцы і словаўтваральнай структуры рэестравых слоў ад моманту іх з’яўлення ў мове (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам) да часу іх поўнага ці частковага выхаду з ужытку. Ахоплівае ўсю пісьмова-засведчаную лексіку пэўнай мовы на працягу яе пісьмовай гісторыі і падае абавязковую тэкставую ілюстрацыю для кожнага рэестравага слова: напр., «Новы гістарычны слоўнік англійскай мовы» (т. 1—13, 1928; т. 1—20, 2-е выд. 1989).

2) Слоўнік, які дае гарызантальны зрэз лексікі пэўнай мовы, змяшчае разнастайныя звесткі (дэфініцыі, цытаты-ілюстрацыі, варыянты напісання, формы словазмянення, спалучальнасць і інш.) аб словах, што выкарыстоўваліся ў храналагічна дакладна вызначаны перыяд развіцця гэтай мовы. Вылучаюцца: агульнафілалагічныя, тэзаўруснага тыпу, гістарычныя слоўнікі (напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», вып. 1—14, 1982—96, выданне працягваецца; створаны на аснове бел. пісьмовых помнікаў 14—18 ст.); аспектныя гістарычныя слоўнікі, найб. стараж. — слоўнікі-анамастыконы, слоўнікі-сімволікі, т.зв. прыточнікі, слав.-бел. ці старабел. лексіконы (напр., «Лексіс» Л.​Зізанія, 1596; «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.​Бярынды, 1627, і інш.). У залежнасці ад прынцыпу адбору лексікі аспектныя гістарычныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі мовы аднаго помніка (напр., слоўнікавы дадатак да «Рускай праўды», 1930, складзены Я.​Ф.​Карскім); слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага жанру (напр., «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.​І.​Гарбачэўскага, 1874); акцэнталагічныя гістарычныя слоўнікі («Акцэнталагічны слоўнік старажытнарускай мовы XIV стагоддзя» В.​Я.​Ушакова, 1982); гістарычныя слоўнікі запазычанняў (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» А.​М.​Булыкі, 1972) і інш. У некаторых выпадках да аспектных гістарычных слоўнікаў адносяць слоўнікі мовы пісьменніка (напр., «Слоўнік мовы Скарыны» У.​В.​Анічэнкі, т. 1—3, 1977—94) і тэрміналагічныя слоўнікі (напр., «Даведачны слоўнік юрыдычных тэрмінаў старажытнай актавай мовы Паўднёва-Заходняй Расіі» І.​П.​Навіцкага, 1871—72).

Літ.:

Старабеларускія лексіконы /Склад. А.​А.​Яскевіч. Мн., 1992.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛФАВІ́Т [ад назваў першых дзвюх літар грэч. алфавіта alpha і bēta (навагрэч. vita)],

азбука, сукупнасць графічных знакаў (літар) пэўнай сістэмы пісьма, размешчаных у замацаваным парадку. Уяўляе сабой пазнейшую стадыю развіцця графікі, наступную за піктаграфічным, ідэаграфічным пісьмом (гл. адпаведныя арт.). Асн. патрабаванні да кожнага алфавіта: дакладная колькасць адпаведных літар і асн. гукаў мовы (фанем), прастата малюнкаў літар і іх зручнасць для напісання, выразнае адрозненне адной літары ад другой пры захаванні адзінства іх графічнай будовы.

Алфавіт упершыню ўзнік у стараж. літарна-гукавых сістэмах. Яго маюць і некат. складовыя сістэмы, напр. катакана і хірагана (гл. Японскае пісьмо), дэванагары (гл. Індыйскае пісьмо) і інш. Першымі чыста гукавую сістэму пісьма стварылі фінікійцы каля 2000 г. да н. э. Фінікійскае пісьмо стала асновай для ўсіх наступных літарна-гукавых сістэм. Ад яго паходзіць арамейскае пісьмо, якое дало пачатак яўрэйскаму пісьму і арабскаму пісьму, а таксама грэчаскае пісьмо, на якім грунтуецца большасць еўрап. алфавіта. Грэч. алфавіт, найб. верагодна, створаны ў 11 ст. да н.э. Стараж. грэкі пакінулі без істотных змен фінікійскі алфавіт, толькі адкінулі графемы, не прыдатныя для перадачы гукаў сваёй мовы, і ўвялі некалькі новых. Грэч. алфавіт лёг у аснову італійскіх алфавітаў (этрускага, умбрыйскага, оскага, лацінскага, фаліскійскага і інш.). Пазнейшы візантыйскі варыянт грэч. алфавіта даў пачатак арм. і груз. пісьму (гл. адпаведныя арт.).

На грэка-візантыйскай аснове ўзнікла кірыліца, якая перайшла ў спадчыну беларусам і інш. усх.-слав. народам. Кірыліцкі алфавіт выкарыстоўваўся ў старабел. пісьменстве, а з пэўнымі зменамі і ў першых бел. друкаваных выданнях 16—17 ст. У 18 — пач. 20 ст. ў сувязі з яго заняпадам стаў ужывацца пераважна лацінскі алфавіт (гл. Лацінскае пісьмо). З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Сучасны беларускі алфавіт замацаваўся як асноўны графічны сродак пісьмовай формы бел. літ. мовы пасля ўтварэння БССР.

Літ.:

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМЕНКЛАТУ́РА ХІМІ́ЧНАЯ,

сістэма назваў хім. элементаў, іх злучэнняў, хім. рэакцый, метадаў і інш., якой карыстаюцца ў хіміі і хім. прам-сці; мова сучаснай хіміі і хім. тэхналогіі. Найб. значэнне маюць наменклатуры: хім. элементаў, іх злучэнняў, спец. стэрэахімічная (гл. Стэрэахімія). Вылучаюць слоўную і сімвальную формы Н.х. (гл. Знакі хімічныя).

Да канца 18 ст. рэчывы і элементы атрымлівалі бессістэмныя (трывіяльныя) назвы, зыходзячы з іх уласцівасцей, імён вучоных-вынаходнікаў (Глаўберава соль), крыніц паходжання (кафеін) і інш.; частка з іх захавалася ў сучаснай Н.х. У 1787 Камісія пад кіраўніцтвам А.Л.Лавуазье прапанавала першую сістэму рацыянальных назваў хімічна індывід. рэчываў паводле прынцыпаў адназначнай адпаведнасці назвы рэчываў іх саставу. У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцэліус увёў літарныя сімвалы хім. элементаў і прапанаваў называць рэчывы, зыходзячы з таго, што кожнае злучэнне складаецца з электраадмоўнай і электрададатнай частак. Значны ўклад у развіццё Н.х. зрабілі Жэнеўская (1892), Льежская (1930) і Парыжская (1957) канферэнцыі. Правілы сучаснай Н.х. сфармуляваны Міжнародным саюзам тэарэтычнай і прыкладной хіміі і маюць рэкамендацыйны характар пры стварэнні нац. наменклатуры; пры гэтым увага скіроўваецца ў асн. на стандартызацыю напісання формул хімічных і на фанет. форму. Назвы хім. элементаў утвараюцца шляхам паслядоўнай транскрыпцыі поўнай лац. формы (напр., у англ., франц., ням. мовах — лац. Lithium), захаваннем лац. асновы без канцавых фармантаў (напр., у бел., рус. мовах — бор; лац. Borum) ці з адпаведнымі фармантамі (напр., бел. плаціна). Нац. Н.х. ўключаюць і гіст. назвы (напр., англ. — Copper, бел.кісларод). Пры запісе хім. формул бінарных неарганічных злучэнняў на першае месца ставіцца сімвал больш электрададатнага элемента, аснова назвы якога застаецца нязменнай. Назва электраадмоўнай часткі звычайна мае суфікс «-ід» («-ыд»): аксід, галагенід, гідрыд, сульфід, азід, карбід і інш. Парадак і грамат. афармленне вербальнай формы вызначаецца правіламі і традыцыямі канкрэтнай мовы, дадаткова вызначаюць зарад, валентнасць і інш. (напр., назва PCl3 у англ. мове phosphorus (III) chloride, у бел. — хларыд фосфару (III), ці трыхларыд фосфару). Аналагічна ўтвараюцца назвы псеўдабінарных злучэнняў: гідраксідаў, амідаў, цыянідаў, пераксідаў і інш. Кіслародзмяшчальныя к-ты звычайна маюць традыц. назвы, утвораныя ад назваў кіслотаўтваральных элементаў і спец. суфіксаў і прэфіксаў, якія вызначаюць ступень акіслення, будову і інш. (напр., H2SO4 серная к-та, H2SO3 сярністая к-та, H3PO4 артафосфарная к-та). Солі гэтых кіслот наз. аналагічна бінарным злучэнням: назва электраадмоўнай часткі (аніёна) утвараецца з дапамогай суфіксаў «-ат», «-іт» (напр., Na2SO4 сульфат натрыю, Na2SC3 сульфіт натрыю). Паводле замяшчальнай Н.х. асновай назвы арганічных злучэнняў з’яўляецца гал. вуглевадародны ланцуг, які мае гал. функцыянальную групу. Яго назва ўтвараецца з каранёў грэч. лічэбнікаў (C1 — мет, C2 — эт, C3 — прап і г.д). Кратныя сувязі і гал. функцыян. групу пазначаюць суфіксамі, астатнія групы лічаць замяшчальнікамі і абазначаюць прэфіксамі; становішча замяшчальнікаў у ланцугу паказваюць з дапамогай лічбавых лакантаў, што адпавядаюць нумарам атамаў вугляроду, пры якіх яны знаходзяцца (напр., 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он). У радыкальна-функцыян. Н.х. да назвы простага члена гамалагічнага рада дабаўляюцца назвы радыкалаў (напр., CH3-C ≡ C-CH3 дыметылацэтылен). Асобныя віды Н.х. выкарыстоўваюць у хіміі гетэрацыклічных, прыродных, комплексных злучэнняў.

Літ.:

Номенклатурные правила ИЮПАК по химии: Пер. с англ. Т. 1—6. М., 1979—88;

Кан Р., Дермер О. Введение в химическую номенклатуру: Пер. с англ. М., 1983;

Бокий Г.Б., Голубкова Н.А. Введение в номенклатуру ИЮПАК М., 1989;

Міляшкевіч Я.Г. Этапы станаўлення беларускай хімічнай тэрміналогіі // Хімія: Прабл. выкладання. 1996. Вып. 5.

Т.​Т.​Лахвіч.

Да арт. Наменклатура хімічная. Структурная формула 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он.

т. 11, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУКАПІ́СНАЯ КНІ́ГА,

кніга, тэкст і мастацкае афармленне якой выкананы ад рукі. Асн. формай Р.к. (як і друкаванай) быў кодэкс — блок змацаваных аркушаў (сшыткаў) пісчага матэрыялу (пергамент ці папера), звычайна заключаны ў пераплёт, які часам упрыгожваўся па-мастацку выкананым абкладам. Напачатку Р.к. перапісвалі ўставам, пазней паўуставам і скорапісам. Паводле прызначэння Р.к. падзяляюць на богаслужэбныя і чэцці (для чытання) рэліг. і свецкага зместу.

Р.к. былі вядомы ў стараж. Егіпце, краінах Пярэдняй Азіі. Яны мелі форму скрутка, пісаліся на папірусе, скуры, гліняных плітках. У 2—3 ст. пачалі ўжываць пергамент, пазней паперу. На працягу 3—15 ст. у Еўропе склаліся традыцыі візант., лац. і слав. Р.к. Перапісаныя ў італьян., франц., ням. майстэрнях (скрыпторыях), яны былі на Беларусі ў бібліятэках Радзівілаў, Сапегаў, Полацкай езуіцкай акадэміі. Візант. Р.к. паўплывала на знешні выгляд, тэхніку вытворчасці і аздобу слав. кнігі. Менавіта з грэч. рукапісаў браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі на слав. мову хрысц. богаслужэбныя кнігі. Для напісання слав. Р.к. ўжываліся кірыліца і глаголіца. Самая стараж. датаваная слав. Р.к. — Астрамірава евангелле, перапісанае дыяканам Грыгорыем у 1056—57. Найб. раннімі помнікамі стараж.-рус. пісьменнасці, што дайшлі да нас, з’яўляюцца Ізборнікі Святаслава 1073 і 1076. Р.к. стараж. Русі спалучае тэкст і маст. аздобу, часта гэта помнік муз. культуры (з нотнымі запісамі). У аздобе стараж.-рус. Р.к. вылучаюць стылі стараж.-візант., тэраталагічны (звярыны), балканскі новавізант. і старадрукарскі.

На Беларусі Р.к. з’явілася ў 11 ст. і бытавала да 19 ст. Розныя веравызнанні і шматэтнічнасць абумовілі тое, што яна пісалася рознымі алфавітамі, на слав., лац., яўр. мовах. На развіццё кірылаўскай Р.к. паўплывалі культ. сувязі з Маскоўскай Руссю і Украінай. Бел. Р.к. ствараліся ў Полацку, Тураве, Друцку, Слуцку, Супраслі, Мінску, Навагрудку, Куцейне, Віцебску. Перапісчыкі былі рознага сац. паходжання — ад князёўны (Ефрасіння Полацкая) да простага гараджаніна (пісец Марцін з Гальшан). Р.к. — часта адзіная крыніца вывучэння бел. мовы і л-ры, гісторыі і права (зб-кі папулярных сярэдневяковых аповесцей «Александрыя», «Троя», Статуты ВКЛ, летапісы беларуска-літоўскія). Многія Р.к. маюць укладныя запісы і прыпіскі — важную крыніцу гісторыі культуры. Маст. аздоба Р.к. залежала ад яе прызначэння. Раскошна ўпрыгожваліся богаслужэбныя кнігі. Вядомы багата аздобленыя кнігі і свецкага зместу. Упрыгожванні складаюцца з заставак, ініцыялаў, мініяцюр і ілюстрацый. Найб. важныя помнікі маст. аздобы бел. Р.к. — Тураўскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле, Радзівілаўскі летапіс, Мсціжскае евангелле, Супрасльскі рукапіс, Ваўкавыскае евангелле, Евангелле Дабрахотава 16 ст., Пінскі зборнік 17 ст. Цэнтрамі збірання і вывучэння бел. Р.к. ў 19—пач. 20 ст. былі Віленская публічная б-ка (цяпер Цэнтр. б-ка АН Літвы) і Беларускі музей у Вільні. Бел. Р.к. зберагаюцца ў Рас. Нац. (С.-Пецярбург) і дзярж. (Масква) б-ках, б-ках Расійскай АН (С.-Пецярбург), Маскоўскага ун-та, АН Украіны (Кіеў), Ягелонскага ун-та (Кракаў), у Рас. дзярж. архіве стараж. актаў. Нязначную колькасць Р.к. зберагаюць Цэнтр. навук. б-ка імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі, Нац. б-ка Беларусі, Нац. маст. музей Беларусі.

Літ.:

Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;

Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі: Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX ст. Коўна, 1926;

Рукописная и печатная книга. М., 1975;

Розов Н.Н. Книга Древней Руси XI—XIV вв. Мн., 1977, Шматаў В.Ф. Мастацтва заходнерускіх рукапісаў (XI—XIII стст.) // Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977;

Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993;

Карскі Я. Беларусы. Мн., 2001.

М.​В.​Нікалаеў.

Да арт. Рукапісная кніга. Старонка грэчаскай рукапіснай кнігі «Хлудаўскі псалтыр». 8 ст.
Да арт. Рукапісная кніга. Старонка старажытнарускай рукапіснай кнігі «Кіеўскі псалтыр». 1397.
Рукапісная кніга. Старонка Мсціжскага евангелля.

т. 13, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ВІЧ (Францішак Бенядзікт Казіміравіч) (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),

бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм. ф-т Пецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.​Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш. Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел. нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел. літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.​Карловіча і Э.​Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.

Тв.:

Творы. Мн., 1967;

Вершы. Мн., 1976;

Творы. Мн., 1991.

Літ.:

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;

Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;

Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;

Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;

Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.

С.​Х.​Александровіч.

Ф.К.Багушэвіч.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)