адна з кельцкіх моў. Пашырана ў Ірландскай Рэспубліцы (афіц. мова разам з англ.), Паўн. Ірландыі (Вялікабрытанія), часткова ў ЗША. Вылучаюцца 3 дыялектныя зоны (мунсцерская, канахцкая і ульстэрская), паміж якімі значныя адрозненні. Нормы адзінай літ. мовы новага перыяду пачалі выпрацоўвацца ў пач. 20 ст., яны вельмі няўстойлівыя, адлюстроўваюць адрозненні дыялектаў на ўсіх узроўнях.
Пісьменнасць узнікла ў 4—7 ст.н.э. (т. зв. агамічныя надпісы, гл.Агамічнае пісьмо). З канца 5 — пач. 6 ст. пісьменнасць на аснове лац. алфавіта. Першыя помнікі 6 ст. захаваліся ў спісах 11 ст. На І.м. існуе багатая арыгінальная л-ра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ (Міхаіл Васілевіч) (1848—15.7.1917),
расійскі гісторык-усходазнавец (семітолаг, шумеролаг і урартазнавец), заснавальнік асірыялогіі ў Расіі. Бацька М.М.Нікольскага. Д-р усеаг. гісторыі (1908). Арганізатар (1887) Усх. камісіі пры Імператарскім маскоўскім археал. т-ве. У 1893 з А.А.Іваноўскім узначальваў археал. экспедыцыю ў Закаўказзе, дзе зрабіў копіі многіх урарцкіх надпісаў 8—7 ст. да н.э. Даў пачатак вывучэнню паходжання клінапіснага пісьма, упершыню выдаў клінапісныя надпісы, знойдзеныя ў Расіі. Выдадзеныя ім гасп. дакументы Шумера 3-га тыс. да н.э. (каля 900 гліняных таблічак) — каштоўная крыніца для вывучэння эканам. і сац. ладу стараж. Двухрэчча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ПАЛЬ, Нікопаліс (грэч. Nikopolis горад перамогі),
назва шэрагу гарадоў, заснаваных рымлянамі. Найбольшыя: Н. у Кападокіі, створаны Гнеем Пампеем у 6 ст. да н.э.; Н. у Эпіры. засн. імператарам Аўгустам у 31 да н.э.; Н. у Ніжняй Мёзіі (Балгарыя), закладзены імператарам Траянам у 102 н.э. на р. Істра (за 20 км на У ад сучаснага г. Вяліка-Тырнава). Росквіт апошняга Н. адносіцца да 2—3 ст., у пач. 7 ст. разбураны аварамі. Археал. раскопкамі выяўлены рэшткі абарончых сцен, форума, булеўтэрыя, адэона, лазняў, крам, а таксама скульптуры, надпісы, манеты і прадметы побыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙЯ ПІСЬМО́,
арыгінальнае пісьменства народа майя. Існавала з першых ст. н.э. да забароны ў 16 ст. ісп. царквой (кнігі майя былі знішчаны). Захаваліся 4 рукапісы: дрэздэнскі («Дрэздэнскі кодэкс», знойдзены ў Вене ў 1739), мадрыдскі («Кодэкс Тро-Картэзіянус», урыўкі з 2 манускрыптаў, знойдзеных у 2-й пал. 19 ст. ў Мадрыдзе), парыжскі («Кодэкс Перэсіянус», 2 урыўкі, знойдзеныя ў Парыжы ў 1859), рукапіс Гралье (апубл. 1973) і значная колькасць надпісаў на камянях руін гарадоў майя (на многіх сляды наўмысных пашкоджанняў). Кнігі майя ўяўляюць сабой паласу паперы, вырабленую з расл. валакна і натуральнага клейкага рэчыва і пакрытую з абодвух бакоў белай вапнай. Іерагліфічныя знакі выводзілі пэндзлікамі. Побач з пісьмёнамі размяшчаліся рознакаляровыя малюнкі. Да манускрыпта дадавалася драўляная ці скураная вокладка. Надпісы на камянях і ў рукапісах значна адрозніваліся. У М.п. ўжываліся фанет. знакі (алфавітныя і складовыя), ідэяграфічныя (абазначаюць цэлыя словы) і ключавыя (тлумачаць значэнні слоў, але не чытаюцца). Майя ведалі каля 800 знакаў. Мова іерагліфічных тэкстаў значна адрозніваецца (вымаўленне, слоўнік, граматыка) ад жывой мовы майя 16—17 ст. Іерагліфічныя тэксты і надпісы майя перакладзены не цалкам (каля 85%). Першыя спробы расшыфроўкі — сярэдзіна 19 ст. У сярэдзіне 1950—60-х г.вял. ўклад у дэшыфроўку М.п. зрабіў рас. вучоны Ю.Кнарозаў.
Літ.:
Кнорозов Ю.В. Система письма древних майя. М.; Л., 1955;
Яго ж. Иероглифические рукописи майя. Л., 1975;
Александровский Г. Майя. Иероглифы и пирамиды // Наука и жизнь. 1997. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БІДАС (стараж.-грэч. Abidos),
цяпер г.Арабет-эль-Мадфунах, адзін з найб. гарадоў Стараж. Егіпта, дзе, паводле легенды, быў забіты і пахаваны бог Асірыс. Гісторыя Абідаса прасочваецца з сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. У эпоху Сярэдняга царства (каля 2050—каля 1700 да н.э.) стаў гал. цэнтрам культу Асірыса, у выніку чаго ўзнік звычай рабіць у Абідасе паломніцтва, хаваць там нябожчыкаў і ставіць памінальныя надпісы. Захаваліся рэшткі 2 храмаў, пабудаваных у гонар Асірыса фараонамі Сеці I (14 ст. да н.э.) і Рамсесам II (14—13 ст. да н.э.), а таксама кенатаф Сеці I.
Залатыя завушніцы Рамсеса II, знойдзеныя ў Абідасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПРСКАЕ ПІСЬМО́,
складовае пісьмо в-ва Кіпр у 6—2 ст. да н.э. Першапачаткова створана для ўласна кіпрскай мовы, потым прыстасавана да грэч. мовы каланістаў. К.п. — вытворнае ад кіпра-мінойскага пісьма (разнавіднасць крыцкага пісьма). Мае 56 знакаў (галосны ці спалучэнне галоснага з зычным). Кожны знак — адкрыты склад, адсутнічае размежаванне доўгіх і кароткіх галосных, глухіх і звонкіх зычных. Кірунак справа налева, часам чаргаваўся ад радка да радка. Стараж. кіпрскія надпісы датуюцца 2400—2100 да н.э. Першыя дэшыфроўкі К.п. зроблены ў сярэдзіне 19 ст. на грэч. мове. Тэксты на ўласна кіпрскай мове не прачытаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́СКІ,
складаны, насычаны арнамент, заснаваны на мудрагелістым перапляценні геам. і стылізаваных раслінных матываў; часам уключае і надпісы. Развіўся ў пластычных мастацтвах арабскіх краін. У эпоху Адраджэння ў Еўропе арабескі наз. любы арнамент, які складаўся з пераплеценых ліній, стужак ці галінак. У бел. мастацтве арабескі захаваліся ў аздобе драўляных царскіх варот Благавешчанскай царквы Супрасльскага манастыра (16 ст.), у гравіраваным дэкоры шклянога посуду мануфактур Урэчча і Налібакаў (18 ст.), каваных алтарных перагародак (Троіцкі касцёл у Ружанах Пружанскага р-на, 18 ст.), каваных дзвярах бернардзінскага касцёла ў Гродне (17 ст.) і інш. Арабескі былі ўпрыгожаны шпалеры, што аздаблялі сцены гар. палаца Радзівілаў у Нясвіжы ў 18 ст., дываны Гродзенскай ткацкай мануфактуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКІ РАССТРЭ́Л 1927у Заходняй Беларусі,
расстрэл польск. ўладамі дэманстрацыі працоўных у г. Косава, якія выступілі ў абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Па закліку Косаўскага райкома КПЗБ 3.2.1927 у Косава на дэманстрацыю пратэсту супраць разгрому польск. ўладамі БСРГ сабралася больш за 1,5 тыс. сялян. З чырв. сцягамі і транспарантамі, на якіх былі надпісы «Вызваліць рабоча-сялянскіх дэпутатаў, вызваліць усіх палітзняволеных!», «Далоў фашысцкую дыктатуру Пілсудскага!», з рэв. песнямі дэманстранты прайшлі па вуліцах Косава, правялі мітынг. Атрады самаабароны прагналі паліцыю, якая спрабавала яго разагнаць. Калі дэманстранты зноў рушылі па горадзе, паліцыя пачала страляць. Забіта 6 чал., некалькі дзесяткаў паранена. Пахаванне забітых вылілася ў маніфестацыю пратэсту супраць самавольства паліцыі і дыктатарскага рэжыму Пілсудскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
позні від іерагліфічнага егіпецкага пісьма для хуткага запісу на папірусе вял. тэкстаў. Д.п. прыйшло на змену іератычнаму пісьму каля 6—7 ст. да н.э. і заставалася пісьмом егіпцян да 3 ст.н.э., калі змянілася копцкім пісьмом і значэнне іерогліфаў было забыта. У 1799 каля г. Разета (дэльта Ніла) знойдзены т.зв. Разецкі камень, на якім былі высечаны 2 іерагліфічныя надпісы і 1 на стараж.грэч. мове; адзін з іерагліфічных надпісаў выкананы манументальнымі іерогліфамі, другі — Д.п. У 1822 франц. вучоны Ж.Ф.Шампальён расшыфраваў іх і прыйшоў да высновы, што Д.п. максімальна набліжана да фанетычнага пісьма і складаецца з 3 відаў знакаў: ідэаграфічных, фанетычных і дэтэрмінатываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕ́ПАЛЬ (грэч. Persepolis),
горад у Стараж. Іране, за 50 км на ПнУ ад Шыраза; адна са сталіц Ахеменідаў. Засн. ў канцы 6 ст. да н.э. У 330 да н.э. захоплены і спалены Аляксандрам Македонскім. У 1930-я г. праводзіліся археал. раскопкі П. і яго наваколля. Выяўлены надпісы ахеменідскіх цароў і тысячы гліняных таблічак з тэкстамі на эламскай мове, у якіх змешчаны звесткі пра буд-ва горада і гаспадарку акругі. У П. і яго наваколлі захаваліся шматлікія помнікі розных эпох: рэшткі палаца канца 6—4 ст. да н.э., абнесенага сцяной, уласна горада, скальныя грабніцы, фундаменты храма 3 ст. да н.э., сасанідскія скальныя рэльефы і алтары, рэшткі круглага горада Дарабгерд і г. Істахр, некропаль Накшы-Рустэм, рэшткі паселішча Талі-Бакун (5-е тыс. да н.э.).