сукупнасць органаў, якія выводзяць з арганізма жывёл і чалавека ў навакольнае асяроддзе лішкі вады, солей, канчатковых прадуктаў абмену рэчываў, ядавітых рэчываў, што паступілі ў арганізм або ўтварыліся ў ім. Экскрэторную функцыю выконваюць органы стрававання, дыхання, скура. Органамі выдзялення з’яўляюцца: у ніжэйшых чарвей, прыапулідаў, некаторых анелідаў, лічынак паліхетаў і малюскаў — протанефрыдыі; у кольчатых чарвей — метанефрыдыі; у ракападобных — антэнальныя і максілярныя залозы; у наземных беспазваночных — часцей мальпігіевы сасуды, у нематод — «ныркі назапашвання»; у дажджавых чарвей — хлорагагенныя клеткі; у павукоў — прамежкавая тканка і інш.; у пазваночных — ныркі. У філагенезе і антагенезе пазваночных адбываецца паслядоўная змена трох тыпаў нырак: пранефрасу, мезанефрасу і метанефрасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАПО́ЛІС (ад мега... + грэч. polis горад) у экалогіі, буйная урбаністычная структура, фарміраванне і існаванне якой залежаць ад ступені развіцця прадукц. сіл, канцэнтрацыі, дэмаграфічнай і сац.-прафес. структуры насельніцтва і інш. Мясцовасць з высокай ступенню антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, што звычайна вядзе да парушэння экалагічнай раўнавагі ў рэгіёне і патрабуе ўзаемадзеяння сац. і прыродных працэсаў. Пераўтварэнне прыродных ландшафтаў у штучныя (антрапагенныя) суправаджаецца рэзкімі зменамі экасістэм (да поўнага разбурэння біягеацэнозаў) і фарміраваннем на іх месцы т.зв. урбасістэм, якія складаюцца з жылых і вытв. аб’ектаў, зямельных участкаў, занятых трансп., інж. і інш. збудаваннямі і камунікацыямі, участкаў незабудаванага, рэзка пераўтворанага прыроднага ландшафту. Гл. таксама Мегалопаліс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЯЎ ПРА́ВІЛАў біялогіі,
палажэнне, што адносіны колькасці цеплавой энергіі, якую выдзяляе гамаятэрмная жывёла, да плошчы паверхні цела маюць прыблізна аднолькавае значэнне. Сфармулявана франц. фізіёлагам Ш.Рышэ (1899) і ням. вучоным М.Рубнерам (1902). Эмпірычна даказана, што сярэдняе значэнне выпрацоўкі цеплавой энергіі (ацэньваецца па колькасці спажываемага кіслароду) непасрэдна звязана з цеплааддачай, якая тым большая, чым драбнейшая жывёла. У дробных жывёл на адзінку масы прыпадае адносна большая плошча паверхні цела, чым у буйных, таму адносная аддача цяпла ў навакольнае асяроддзе дробнымі жывёламі вышэй, што кампенсуецца павялічанай выпрацоўкай цяпла ў арганізме. У экалогіі і біягеаграфіі П.п. звязана з Бергмана правілам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРУ́ШАНЫЯ ЗЕ́МЛІ,
землі, якія страцілі гасп. каштоўнасць ці з’яўляюцца крыніцай адмоўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў сувязі з парушэннем глебавага і расліннага покрыва, гідралагічнага рэжыму і ўтварэннем тэхнагеннага рэльефу.
Да П.з. адносяцца кар’еры мінер. сыравіны, дэфармаваная паверхня зямлі, якая ўтварылася ў выніку здабычы карысных выкапняў, пародныя адвалы, забруджаныя прамысл. прадпрыемствамі землі, кавальеры ўздоўж каналаў і калектараў і інш. На Беларусі агульная пл. П.з. складае 46,6 тыс.га, з якіх 29,9 тыс.га — выпрацаваныя тарфяныя радовішчы. Узнаўленне іх гасп. вартасці дасягаецца метадамі тэхн. і біял.рэкультывацыі зямель з далейшым мэтанакіраваным фарміраваннем глебавага покрыва і інш. ландшафтных кампанентаў. Гл. таксама Ахова зямель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЕ САМААЧЫШЧЭ́ННЕ,
здольнасць біяцэнозаў нейтралізаваць шкоднае ўздзеянне тэхнагенных, быт. і інш. антрапагенных рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Адбываецца бесперапынна з удзелам жывых арганізмаў у цеснай сувязі з кругаваротам рэчываў у прыродзе. Засн. пераважна на паглынанні і раскладанні забруджвальнікаў мікраарганізмамі-рэдуцэнтамі і залежыць ад іх колькасці і фізіял. актыўнасці. Поўнае ачышчэнне навакольнага прыроднага асяроддзя ад арган. забруджвальнікаў настае пасля іх мінералізацыі, ад шэрагу неарган. рэчываў — у выніку хім. рэакцый. Здольнасць асяроддзя да біялагічнага самаачышчэння залежыць ад колькасці ультрафіялетавай радыяцыі, сумы актыўных т-р паветра і глебы, наяўнасці ў асяроддзі акісляльнікаў. У адносінах да стойкіх забруджвальнікаў біялагічнае самаачышчэнне блізкае да нуля. З’ява біялагічнага самаачышчэння шырока выкарыстоўваецца пры ачыстцы сцёкавых і пітных водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛО́ТНЫЯ ДАЖДЖЫ́, кіслыя дажджы,
атмасферныя ападкі, забруджаныя вокісламі азоту і серы, што трапляюць у паветра з выкідамі прамысл. прадпрыемстваў. Выпадаюць у выглядзе раствораў кіслот, якія ўтвараюцца пры ўзаемадзеянні азотнага і сернага ангідрыдаў з атм. вадой. Адмоўна ўплываюць на стан навакольнага асяроддзя: павялічваюць кіслотнасць глебы, аказваюць біяцыднае ўздзеянне на жывыя арганізмы, пагражаюць здароўю чалавека, шкодзяць прамысл. і арх. пабудовам. Могуць выпадаць на значнай адлегласці ад крыніц забруджвання. Колькасць К.д. і іх адмоўны ўплыў на навакольнае асяроддзе штогод павялічваюцца. Памяншэнне ці спыненне выкідаў у паветра прамысл. прадпрыемствамі шкодных рэчываў, у т. л. вокіслаў азоту і серы, правядзенне інш. мерапрыемстваў па ахове атмасферы дапамагаюць зменшыць кіслотнасць атм. ападкаў, спрыяюць спыненню К.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕ́НТ У ГО́НАР МА́ЦІ-ПАТРЫЁТКІ,
мемарыяльны комплекс у г. Жодзіна Мінскай вобл. Адкрыты ў 1975 (скульпт. А.Заспіцкі, І.Міско, М.Рыжанкоў, арх. А.Трафімчук; Дзярж. прэмія СССР 1977) каля шашы Мінск—Масква. Манумент у выглядзе шасціфігурнай скульпт. кампазіцыі (з бронзы), выцягнутай па гарызанталі. Фігура маці нібы застыла на 2-ступеньчатым пастаменце, а праз сімвалічную дарогу — на больш нізкім пастаменце фігуры яе 5 сыноў, што пайшлі на вайну. У помніку ўвасоблены драм. лёс маці, жыхаркі г. Жодзіна Н.Ф.Купрыянавай, усе 5 сыноў якой аддалі жыццё за вызваленне Радзімы ад ням.-фаш. захопнікаў (малодшы з іх П.І.Купрыянаў — Герой Сав. Саюза). Комплекс арганічна ўпісваецца ў навакольнае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕГІГІЕ́НА (ад радые... + гігіена),
раздзел медыцыны, які вывучае ўплыў іанізавальных выпрамяненняў на здароўе чалавека і распрацоўвае меры процірадыяцыйнай аховы. Аб’ядноўвае 4 асн. кірункі: дазіметрычны (вывучэнне крыніц і доз апрамянення), радыебіял. (вывучэнне эфектаў уздзеяння радыяцыі на арганізм), гігіенічны (рэгламентаванне ўзроўняў дапушчальнага апрамянення) і санітарна-арганізац. (распрацоўка канкрэтных мер процірадыяцыйнай аховы). Падзяляецца на Р. працы і камунальную. Вывучае натуральны і тэхнагенны павышаны фон іанізавальнага выпрамянення, мед. радыяцыйную надбаўку за кошт дыягнастычных і лячэбных працэдур, уплыў павышанага радыяцыйнага фону на здароўе насельніцтва, умовы і асаблівасці фарміравання радыяцыйных абставін на рабочых месцах, распрацоўвае мерапрыемствы па ахове насельніцтва пры радыяцыйных аварыях, вывучае заканамернасці міграцыі радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе і інш. Рэкамендацыі па гігіенічным нарміраванні іанізавальных выпрамяненняў распрацоўвае Нац. камісія Беларусі па радыяцыйнай ахове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З ГЕАЛАГІ́ЧНЫХ НАВУ́К (МСГН),
навуковая арганізацыя, якая каардынуе даследаванні глабальных геал. праблем, садзейнічае міжнар. супрацоўніцтву ў галіне навук аб Зямлі. Засн. ў 1961. Членамі саюза з’яўляюцца нац.геал. арг-цыі больш як 110 краін. Мае пастаянныя камісіі, камітэты, кансультатыўныя саветы. Уваходзіць у склад Міжнар. савета навук. саюзаў. Сакратарыят знаходзіцца ў г. Тронхейм (Нарвегія). Разглядаюцца пытанні, звязаныя з выяўленнем і ацэнкай энергет. і мінер. рэсурсаў, небяспечных геал. працэсаў, з праблемамі глабальных змен у прыродзе і ўплыву геал. працэсаў на навакольнае асяроддзе. Выконваюцца: міжнар. праграмы геал. карэляцыі, праекты па мадэліраванні радовішчаў карысных выкапняў, «Цыркум-Атлантык» і інш. Выдае геал.час. «Episodes» («Эпізоды»). З 1997 у склад саюза ўваходзіць Бел.нац. камітэт геолагаў (штаб-кватэра ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т РАДЫЕЭКАЛАГІ́ЧНЫХ ПРАБЛЕ́МНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1991 у Мінску на базе Ін-та ядзернай энергетыкі АН Беларусі (існаваў з 1965). У ін-це (1998): 10 лабараторый, 2 аддзелы, аспірантура.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: радыяцыйныя праблемы навакольнага асяроддзя; стварэнне метадаў, абсталявання і прылад для вырашэння задач па зніжэнні ў рэспубліцы наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС). Распрацаваны метады аналізу аварыйных працэсаў на ядзерна- і радыяцыйнабяспечных аб’ектах; рэкамендацыі па стварэнні бяспекі тэр. Беларусі пры аварыях на аб’екце «Укрыццё» разбуранага энергаблока ЧАЭС; камплект нарматыўна-метадычнай дакументацыі для дзярж. спецыялізаваных прадпрыемстваў па абследаванні і дэзактывацыі аб’ектаў, забруджаных у выніку катастрофы на ЧАЭС. Створана сістэма нагляду за міграцыяй радыенуклідаў з пунктаў пахавання на тэр. Беларусі адходаў дэзактывацыі і вызначаны іх уплыў на радыеэкалагічнае становішча; методыка комплекснай ацэнкі радыяцыйна-хім. ўздзеяння прыродных і антрапагенных забруджвальнікаў на навакольнае асяроддзе.