ПСЕ́ЎДА-МАЎРЫ́КІЙ,

умоўнае найменне аўтара візант. ананімнага трактата па ваен. справе «Стратэгікон» (мяжа 6—7 ст.). Прыпісваўся імператару Маўрыкію [582—602]. Твор П.-М. з’яўляецца важнай крыніцай па ваен. справе Візантыі таго часу, а таксама ладу жыцця славян, авараў, персаў і інш.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАМА́Я,

сукупнасць пунктаў прамой, якія ляжаць з аднаго боку ад зададзенага пункта гэтай прамой. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасць x > a (ці x < a), дзе a — пастаянная. Калі сам пункт x = a (мяжа П.) належыць да П., то П. лічыцца замкнутай (ці промнем).

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТА́ЭДР (ад грэч. oktō восем + hedra грань, мяжа), адзін з 5 правільных мнагаграннікаў. Мае 8 трохвугольных граняў, 12 рэбраў і 6 вяршыняў, у кожнай з якіх збягаюцца па 4 рабры. Аб’ём актаэдра V = a3 2 3 ≈ 0,4714   a3 , дзе a — даўжыня рабра.

Актаэдр.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСКАНЕ́ЧНЫ ЗДАБЫ́ТАК у матэматыцы,

здабытак неабмежаванага ліку сумножнікаў. Калі існуе не роўная 0 мяжа, да якой імкнуцца частковыя здабыткі пры неабмежаваным павелічэнні ліку сумножнікаў, то бесканечны здабытак наз. збежным і яго значэнне роўнае названай мяжы, ва ўсіх астатніх выпадках — разбежным. Упершыню бесканечны здабытак выяўлены пры вылічэнні ліку π.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКШЭЙДЭРЫ́Я (ням. Markscheiderei ад Mark мяжа + scheiden раздзяляць),

галіна горнай навукі, звязаная з прасторава-геам. вымярэннямі (маркшэйдэрскімі здымкамі) у нетрах Зямлі або на ўчастках яе паверхні пры распрацоўцы і эксплуатацыі радовішчаў карысных выкапняў і горных работах. Маркшэйдэрскія работы выконваюць з дапамогай дальнамераў, нівеліраў, тэадалітаў, лазерных прылад і інш.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ПУКЛАЕ ЦЕ́ЛА,

геаметрычнае цела, якое змяшчае цалкам адрэзак, што злучае 2 любыя яго пункты; аб’яднанне выпуклай вобласці ў прасторы з яе мяжой. Напр., целы Архімеда, шар, куб, паўпрастора. Мяжа выпуклага цела ўтварае выпуклую паверхню (гл. Выпукласць і ўвагнутасць), праз кожны пункт якой праходзіць не менш як 1 апорная плоскасць, што мае агульны пункт (адрэзак або частку плоскасці) з мяжой, але не перасякае яе.

Выпуклае цела бывае 5 тыпаў: канечнае (мяжа — замкнёная выпуклая паверхня), бясконцае (адна бясконцая паверхня, напр., парабалоід), бясконцыя ў абодва бакі цыліндры (замкнёная выпуклая цыліндрычная паверхня, напр., бясконцы кругавы цыліндр), слаі паміж парамі паралельных плоскасцей, уся прастора. Асновы тэорыі выпуклага цела распрацавалі ў 19 ст. ням. матэматыкі Г.​Брун і Г.​Мінкоўскі; агульную тэорыю — сав. матэматыкі А.​Д.​Аляксандраў, А.​В.​Пагарэлаў і інш. Гл. таксама Мнагаграннік, Мноства.

В.​В.​Гарохавік.

Выпуклае цела (а) і нявыпуклае цела (б).

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНІ ЕГІ́ПЕТ,

раён Егіпта, які ўключае даліну р. Ніл ад мяжы з Суданам на Пд да шыраты г. Эль-Мінья на Пн. У старажытнасці Верхнім Егіптам называлася ўся асвоеная егіпцянамі даліна Ніла ў адрозненне ад Ніжняга Егіпта, які быў размешчаны ў дэльце Ніла. Мяжа паміж імі праходзіла ў раёне сучаснага г. Каір.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РЫЧЫ,

вёска ў Вяляціцкім с/с Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 32 км ад Барысава, 103 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Прыяміна. 588 ж., 193 двары (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — царква (мяжа 19—20 ст.).

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНІЗАЦЫ́ЙНЫ ВАКУУММЕ́ТР,

манометр, прынцып дзеяння якога заснаваны на вымярэнні іоннага току, прапарцыянальнага ціску ў газах (гл. Іанізацыя). Крыніца іанізацыі — радыёізатоп з альфа- ці бэта-выпрамяненнем або напалены катод. Межы вымеранага ціску вызначаюцца канструктыўнымі асаблівасцямі прылады (верхняя мяжа — суадносінамі паміж памерамі датчыка і даўжынёй свабоднага прабегу іанізавальных часціц, ніжняя — іанізацыяй газу другаснымі часціцамі). Гл. таксама Вакуумметр.

т. 7, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЕ́РЗАНА ЛІ́НІЯ»,

умоўная назва ўсх. мяжы Польшчы ў 1920 — сак. 1921. Праведзена прыбл. паводле этнічнага прынцыпу паміж Польшчай, Беларуссю і Украінай. Праходзіла праз Гродна—Ялаўку—Нямірава—Брэст-Літоўск—Драгунск—Усцілуг — на У ад Грубешава, праз Крылаў і далей на З ад Равы-Рускай, на У ад г. Перамышль (Пшэмысль) да Карпат. Прапанавана 8.12.1919 Вярх. саветам Антанты. Названа па імю Дж.Н.Керзана, які ў час сав.-польск. вайны 1920 па даручэнні Вярх. савета Антанты 11.7.1920 прапанаваў сав. ўраду спыніць наступленне Чырв. Арміі па гэтай лініі, прызнанай у ліп. 1920 і польск. урадам як усх. мяжа Польшчы на канферэнцыі ў Спа (Бельгія). Аднак у выніку змены ваен. сітуацыі на карысць Польшчы яе ўрад адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 польска-сав. граніца праходзіла значна далей на У ад «К.л.» і ўключала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў склад Польшчы. У адпаведнасці з сав.-герм. дагаворам ад 28.9.1939 зах. мяжа СССР на бел. участку праходзіла крыху на З ад «Кл.», а на ўкр. участку прыбл. адпавядала ёй (Перамышль адышоў да СССР). Крымская канферэнцыя 1945 вызначыла, што ўсх. мяжа Польшчы павінна праходзіць уздоўж «Кл.». У адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 16.8.1945 паміж СССР і Польшчай устаноўлена дзярж. граніца, больш набліжаная да «Кл.», але з некаторымі адступленнямі на карысць Польшчы; на У ад яе да Польшчы перайшлі землі басейнаў рэк Зах. Бугу і Салокія, а таксама ч. Белавежскай пушчы. Польска-бел. дагавор ад 25.6.1991 пацвердзіў існуючыя межы паміж абедзвюма дзяржавамі.

Літ.:

Волаціч М. Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. № 5—6.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)