КАБРА́Л ((Cabral) Педру Алварыш) (1467 або 1468, Белмонты, Партугалія — каля 1520),
партугальскі мараплавец. У 1500 узначаліў флатылію, якая павінна была даплыць да Індыі, але адхіліўся ад курсу і 22.4.1500 дасягнуў Бразіліі, якую прыняў за востраў і назваў Зямлёй Вера-Круш (Санта-Круш). Потым накіраваўся да мыса Добрай Надзеі (Афрыка) і ў сярэдзіне вер. 1500 дасягнуў Індыі ў раёне г. Калікут, які разбурыў за адмову гандляваць. Заключыў гандл. пагадненні з гарадамі, у студзені 1501 пакінуў краіну і ў канцы ліп. вярнуўся ў Партугалію з каштоўнымі інд. таварамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСА́НДР (Lysandros; ?—395 да н.э.),
спартанскі палкаводзец і флатаводзец апошняга перыяду Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. Перамог афінскі флот у бітвах каля мыса Нотый (407 да н.э.) і каля Эгаспатамаў (405 да н.э.). У захопленых гарадах пакідаў свае гарнізоны, з членаў мясц. алігархічных гетэрый ствараў урады — «камітэты дзесяці» (дэкархіі), праводзіў палітыку тэрору ў адносінах да дэмакр. колаў, афінскіх саюзнікаў і клерухій. У 405—404 да н.э. кіраваў аблогай Афін і прымусіў афінян здацца. Запатрабаваў ліквідацыі ў Афінах дэмакр. ладу, навязаў афінянам алігархічнае кіраванне (гл.«Трыццаць тыранаў»). Пасля 404 да н.э. за імкненне да адзінаўладства быў адлучаны ад камандавання войскам. Загінуў у бітве з беатыйцамі каля г. Аліяртас у час Карынфскай вайны 395—387 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОСТ-І́НДСКАЯ КАМПА́НІЯНідэрландская (галанд. Oost Indische Compagnie) манапольная гандлёвая кампанія ў 1602—1798. Створана паводле рашэння Генеральных штатаў аб аб’яднанні некалькіх кампаній, каб прыпыніць паміж імі канкурэнцыю і выпрацаваць адзіную гандл. палітыку. Зона ўплыву О.-І.к. пашыралася ад мыса Добрай Надзеі да Магеланава прал. Мела манапольнае права гандлю і мараплавання, стварэння факторый, крэпасцей, набору і ўтрымання войск і флоту, вядзення судаводства, заключэння мірных дагавораў і інш. У 1609 стварыла ўласную адміністрацыю з рэзідэнцыяй на в-ве Ява. Выцесніла партугальцаў з Малукскіх а-воў, стварыла факторыі на ўзбярэжжы Індыі, на Цэйлоне. З канца 17 — пач. 18 ст. ва ўмовах эканам. крызісу ў Галандскай рэспубліцы, канкурэнцыі з англ.Ост-Індскай кампаніяй пачаўся яе заняпад. У 1798 ліквідавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ МАРАПЛА́ВЕЦ (Dom Henrique o Navegador; 4.3.1394, г. Порту, Партугалія — 13.11.1460),
партугальскі прынц, арганізатар марскіх экспедыцый (адсюль мянушка, дадзеная ў 19 ст.). Сын караля Жуана I. У 1415 вызначыўся пры заваяванні партугальцамі г. Сеута (Марока), стаў яго правіцелем. З 1419 губернатар г. Сагрыш (Паўд. Партугалія), дзе заснаваў абсерваторыю і мараходную школу; адначасова магістр Ордэна Хрыста (1418—60). З 1418 на сродкі ордэна паслаў з Сагрыша даследчыя экспедыцыі, якія адкрылі Азорскія а-вы (1432—35), рэкі Сенегал і Гамбія, а-вы Біжагош (1437—57), Зялёнага Мыса (1456) і інш. Генрых Мараплавец садзейнічаў таксама развіццю партуг. караблебудавання (асабліва каравел) і картаграфіі, ператварэнню Партугаліі ў буйную марскую дзяржаву, што паклала пачатак каланізацыі партугальцамі Афрыкі.
Літ.:
Бизли Ч.Р. Генрих Мореплаватель: Пер. с англ.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРМЕ́КІЙ (грэч. Myrmēkion),
старажытны горад Баспорскай дзяржавы. Руіны М. знаходзяцца каля мыса Каранціннага, за 4 км ад г. Керч у Крыме (Украіна). Выяўлены ў 1820-я г.Археал. раскопкі праводзяцца з 1934. М. засн. каля сярэдзіны 6 ст. да н.э., з 3 ст. да н.э. з’яўляўся буйным цэнтрам вінаробства, рыбалоўства і рамёстваў (керамічнага, ткацкага і інш.) Баспора. У пач. 4 ст. да н.э. быў абнесены абарончымі сценамі. У горадзе існавала квартальная забудова. Асабліва вылучаўся культавы раён. Вакол М. існаваў вялізны некропаль. М. спыніў сваё існаванне ў 2-й пал. 3 ст.н.э. На руінах ант. М. ў 8—9 ст. і 14 ст. існавалі пасяленні. Пры раскопках выяўлены вял. рыбазасолачныя цыстэрны 2—3 ст.н.э., мясц. і імпартная кераміка, тэракоты, манеты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́МІБ (Namib),
прыакіянічная пустыня на Пд Афрыкі. У асн. у Намібіі, ад г. Намібе (Ангола) на Пн да вусця р. Оліфантс (прыток р. Аранжавая) на Пд. Даўж. 2100 км, шыр. 50—130 км. Ступеньчатая раўніна выш. да 1000—1200 м на У. Паўн. Н. (да мыса Крос) пераважна друзаватая і галечнікавая, цэнтр. Н. (да бухты Людэрыц) — пясчаная, з дзюнамі выпі. да 30—40 м, паўд.ч. — камяністая. Клімат акіянічны, пустынны, з незвычайна нізкімі т-рамі паветра для гэтых шырот. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца 17—19 °C, самага халоднага — 12—13 °C. Ападкаў менш за 100 мм за год пры вял. вільготнасці паветра. Частыя туманы. Транзітныя рэкі Кунене і Аранжавая, часовыя вадацёкі. У месцах неглыбокага залягання грунтавых вод растуць ксерафіты і сукуленты: акацыі, малачаі, алоэ, вельвічыя. Радовішчы алмазаў (раён бухты Людэрыц), уранавых руд. Нац. паркі Наміб і Бераг Шкілетаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГ ((Grieg) Юхан Нурдаль) (1.11.1902, г. Берген, Нарвегія — 2.12.1943),
нарвежскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Скончыўшы гімназію, служыў матросам (1920—21), уражанні адлюстраваў у зб. вершаў «Вакол мыса Добрай Надзеі» (1922) і рамане «А карабель ідзе далей» (1924). Вучыўся ва ун-тах Оксфарда і Осла. Выдаў кн. эсэ «Рана памерлыя» (1932) пра творчасць Р.Кіплінга, Дж.Кітса, П.Б.Шэлі, Дж.Байрана. На мяжы 1920—30-х г. адбылася яго творчая і светапоглядная эвалюцыя: аптымістычны пафас вершаў (зб. «Нарвегія ў нашых сэрцах», 1929) змяняецца песімізмам (драма «Атлантычны акіян», 1932). У 1932—34 жыў у СССР. У 1937 як ваенны карэспандэнт быў у Іспаніі (зб. «Іспанскае лета», 1937, раман «Свет яшчэ павінен стаць маладым», 1938). Вяршыня яго творчасці — драма «Паражэнне» (1937, пра Парыжскую камуну 1871). У 1940—43 змагаўся супраць фашызму (паэма «Чалавечая прырода», 1942; зб. вершаў «Свабода», выд. 1945; «Надзея», выд. 1946).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙПТА́ЎН, Капстад (англ. Capetown, афр. Kaapstad),
горад на ПдПаўд.-Афр. Рэспублікі. Адм. ц. Капскай правінцыі. 2727 тыс.ж. (1997, з прыгарадамі). Буйны порт на Атлантычным ак., у бухце Сталовая, каля мыса Добрай Надзеі. Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. У К. — рэзідэнцыя парламента Паўд.-Афр. Рэспублікі. Важны прамысл.цэнтр.Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сцьчыг. вагонаў, катлоў, суднаў), хім., нафтаперапр., дрэваапр., тэкст., харчасмакавая (цукр., плодакансервавая, вінаробчая); аграньванне алмазаў, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. АЭС. Ун-т. Паўд.-Афр. музей. Нац. галерэя. Бат. сад. Замак-крэпасць (17 ст.) і інш.арх. помнікі 17—18 ст.
Засн. ў 1652 як прыстань для галандскіх суднаў Ост-Індскай кампаніі. У 2-й пал. 17 ст. заселены галандскімі і франц. каланістамі (пераважна гугенотамі, якія пакінулі радзіму з-за рэліг. ганенняў). У 1806 заняты англічанамі, на працягу 19 ст. галандскія каланісты выцеснены англійскімі. Важны брыт. стратэгічны (у час англа-бурскай вайны 1899—1902 экспедыцыйная база брыт. войск) і транзітны пункт. У 1814—1910 цэнтр брыт. Капскай калоніі, з 1910 канстытуцыйная сталіца Паўд.-Афр. Саюза, з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАРАСІ́ЙСК,
горад-герой у Расіі, у Краснадарскім краі, на беразе Цэмескай (Новарасійскай) бухты Чорнага м. 203,3 тыс.ж. (1996). Буйны порт. Чыг. станцыя. Прам-сць; цэм., маш.-буд. і металаапр., суднарамонтная, буд. матэрыялаў, дрэваапр., харчасмакавая. Марская акадэмія, ф-т Краснадарскага політэхн. ін-та. Гіст.-краязн. музей. У раёне мыса Мысхака («Малая Зямля») мемарыяльны ансамбль.
Засн. ў 1838 як ваен. ўмацаванне на зах. беразе Цэмескай бухты каля руін тур. крэпасці Суджук-Кале (засн. ў 1722, разбурана рус. войскамі ў 1812). У Крымскую вайну 1853—56 пацярпеў ад артыл. абстрэлаў англа-франц. эскадры. З 1866 цэнтр Чарнаморскай акругі Кубанскай вобл., у 1896—1920 — Чарнаморскай губ. З 1896 найбуйнейшы на Паўн. Каўказе порт, цэнтр экспарту збожжа, нафты, нафтапрадуктаў, цэменту. У рэвалюцыю 1905—07 была створана «Новарасійская рэспубліка». У грамадз. вайну паводле загаду У.І.Леніна ў Цэмескай бухце затоплены караблі рас. Чарнаморскага флоту, каб пазбегнуць захопу яго герм. войскамі. У 1918 заняты войскамі Добраахвотніцкай арміі ген. А.І.Дзянікіна, у 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1942—43), амаль поўнасцю разбураны.
Літ.:
Михайлов К.М. Город-герой Новороссийск. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ ((Augustus) Гай Актавій) (з 44 да нашай эры Гай Юлій Цэзар Актавіян; Gaius Julius Caesar Octavianus; 23.9.63 да нашай эры, Рым — 19.8.14 нашай эры),
рымскі імператар [27 да нашай эры — 14 нашай эры]. Сваяк і прыёмны сын Юлія Цэзара. Пасля забойства Цэзара па яго завяшчанні стаў наследнікам і пачаў барацьбу за ўладу. У 43 да нашай эры заключыў саюз з Маркам Антоніем і Лепідам (2-і трыумвірат). У 42 да нашай эры трыумвіры разбілі войскі Брута і Касія, забойцаў Цэзара. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж Актавіянам і Антоніем (абодва імкнуліся да адзінаўладдзя) прывяло да грамадз. вайны. У 31 да нашай эры ў бітве каля мыса Акцый Аўгуст разбіў войскі Антонія і Клеапатры VII і стаў фактычна неабмежаваным правіцелем Рыма. У 27 да нашай эры атрымаў тытул «Аўгуст» (вялікі, свяшчэнны). У часы яго праўлення закладзены асновы прынцыпату. Аўгуст меў вышэйшую ваен. ўладу, пажыццёвую трыбунскую ўладу, быў вялікім пантыфікам (першым жрацом), 11 разоў выбіраўся консулам. У адносінах да народа праводзіў палітыку «хлеба і відовішчаў». Пры ім пашыраны межы дзяржавы. Праўленне Аўгуста супала з т.зв. «залатым векам» рым. л-ры і мастацтва. Месяц смерці Аўгуста быў назв. «аўгустам». Аўгуст і яго час услаўлялі Гарацый, Праперцый, Вергілій і інш.
Статуя імператара Аўгуста з Прыма-Порта. 1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.