САПАНІ́НЫ,
арганічныя безазоцістыя рэчывы, у якіх цукры злучаны з вытворнымі стэрынаў. Ўтрымліваюцца гал. чынам у раслінах, знойдзены таксама ў тканках ігласкурых.
Аморфныя, бясколерныя ці жаўтаватыя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе (растворы пеняцца, як мыла). Уваходзяць у састаў лек. прэпаратаў расл. паходжання (напр., кара мыльнага дрэва, салодка), якія ўжываюцца як адхарквальная і мачагонныя сродкі. Некат. С. выкарыстоўваюцца ў вытв-сці стэроідных гармонаў.
т. 14, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРЭ́ПАВЫ АЛЕ́Й,
тлусты алей, які атрымліваюць прасаваннем насення свірэпіцы. Вадкасць зеленавата-бурага колеру, шчыльн. 918 кг/м³, т-ра застывання -8 °C. Не раствараецца ў вадзе, метаноле і этаноле. Паўвысыхальны алей; мае значную колькасць (31—47% па масе) трыгліцэрыдаў ненасычанай эрукавай к-ты (C21H41COOH). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пакостаў, алкідных смол, мыла, кампанент змазачных матэрыялаў; рафінаваны С.а. — харч. прадукт. Гл. таксама Алеі.
т. 14, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ЎКАВЫ АЛЕ́Й, праванскі алей,
алей з мякаці аліў (гл. Масліна). Вадкасць ад светла-жоўтага да карычневага колеру, t застывання ад -2 да -6 °C, шчыльн. 0,91—0,918∙103 кг/м³, невысыхальны алей. Мае ў сабе тлустыя кіслоты: насычаныя 9—20% (пераважна пальміцінавая), алеінавую 54—81%, лінолевую 15%. Выкарыстоўваецца як харч. прадукт, сыравіна ў вытв-сці спец. тэкст. мыла; кампанент змазвальных матэрыялаў, касметычных сродкаў, раствораў вітамінаў і прэпаратаў для ін’екцый.
т. 1, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІЛАЦЭТА́ТЫ,
арганічныя рэчывы, складаныя эфіры воцатнай кіслаты і амілавых спіртоў, CH3COOC5H11. Вадкасці, tкіп 149,2 °C, шчыльн. 0,875∙103 кг/м³ (н-амілацэтат), tкіп 142 °C, шчыльн. 0,871∙103 кг/м³ (ізаамілацэтат), мала растваральныя ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. Ізаамілацэтат (грушавая эсенцыя) выкарыстоўваецца ў вытв-сці фруктовай вады, карамеляў, амілацэтат — як растваральнік лакаў і фарбаў, нітрацэлюлозы, экстракт пры атрыманні пеніцыліну, кампаненты харч. эсенцый, рэчывы для араматызацыі мыла.
т. 1, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ГОМЕЛЬШПАЛЕ́РЫ».
Засн. ў 1936 як з-д «Ізапліт», выпускаў драўнянавалакністыя пліты. З 1937 у складзе Навабеліцкага каніфольна-мыльнага з-да, выпускаў дадаткова каніфольнае мыла, шкіпінар. У 1941 эвакуіраваны на ўсход. У 1946 адноўлены у Гомелі. З 1953 Навабеліцкі лесахімкамбінат, з 1972 Гомельскі папярова-лесахім. камбінат, з 1976 Гомельскі палярова-лесахім. з-д. З 1993 адкрытае акц. т-ва «Гомельшпалеры». Асн. прадукцыя: шпалеры ўсіх відаў; тэкстурная і святлоадчувальная папера.
т. 5, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬНЯНЫ́ АЛЕ́Й,
тлусты алей, які атрымліваюць з ільнянога семя прасаваннем ці экстракцыяй арган. растваральнікамі. Вадкасць ад залаціста-жоўтага да бурага колеру, шчыльн. 926—936 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе. Хутка высыхае, дае гладкую, сухую, бліскучую плёнку, якая не плавіцца пры награванні да 260 °C. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пакосту, алкідных смол, сікатыву, алейных лакаў, мяккіх гатункаў мыла; у медыцыне для прыгатавання мазей; у некат. краінах як харч. прадукт.
т. 7, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛІЮ ГІДРАКСІ́Д, едкае калі,
KOH. Бясколерныя крышталі, tпл 405 °C, шчыльн. 2044 кг/м³. На паветры расплываецца, паглынае ваду і вуглякіслы газ. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле. Моцная аснова, належыць да шчолачаў. Водныя растворы разбураюць шкло, расплавы — фарфор, плаціну. Атрымліваюць электролізам канцэнтраваных раствораў хларыду калію. Выкарыстоўваюць для атрымання вадкага мыла, злучэнняў калію, у шчолачных акумулятарах і інш. К.г. і яго растворы выклікаюць цяжкія апёкі скуры і слізістых абалонак.
т. 7, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ ЗМА́ЗКІ, кансістэнтныя змазкі,
высакавязкія мазі, якія атрымліваюцца ўвядзеннем у вадкія нафтавыя ці сінт. маслы цвёрдага загушчальніка (мыла, парафіну, сілікагелю, сажы і інш.). Вызначаюцца высокай т-рай кроплепадзення, добрым прыліпаннем да паверхняў трэння, стабільнасцю ўласцівасцей. Найб. пашыраны: графітная і чыгуначная П.з., кансталін, літол, салідол і інш. Выкарыстоўваюць для змазвання вузлоў механізмаў (калі падача вадкай змазкі немагчыма), для кансервацыі розных дэталей і механізмаў пры іх працяглым захоўванні і транспартаванні.
т. 12, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДА́ШНЯ,
на Беларусі ў 18 — 1-й пал. 19 ст. прадпрыемства па вытв-сці ардашу (вышэйшага гатунку паташу), які выкарыстоўвалі ў вырабе шкла, мыла, сукна, фарбаў, фарфору, пры апрацоўцы скур, адбельванні тканін і інш. На ардашні было 6—9 медных і жал. катлоў, кадкі для драўнянага попелу, з якога выраблялі ардаш; працавалі 9—10 чал. У 1740—80 ардашні найб. пашыраны ў Крычаўскім, Прапойскім, Чачэрскім староствах, Быхаўскім, Копыскім, Любавіцкім графствах, Гродзенскай эканоміі.
т. 1, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗІ́ЛАВЫ СПІРТ, фенілкарбінол,
C6H5CH2OH, мал. м. 108,14; бясколерная вадкасць з прыемным пахам, tкіп 205,8 °C, шчыльн. 1,04—1,05∙103кг/м³, раствараецца ў этаноле і інш. арган. растваральніках. У свабодным стане і як эфіры ўваходзіць у састаў многіх эфірных алеяў і прыродных бальзамаў (напр., бензілацэтат — састаўная частка алеяў гіяцынту, язміну). Бензілавы спірт і яго эфіры — духмяныя рэчывы для парфумерыі і вытв-сці мыла, фіксатары паху, растваральнікі, кампаненты харч. эсенцый, фотаахоўныя рэчывы ў касметычных прэпаратах.
т. 3, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)