«ДУДА́РЫКІ»,

бел. сцэнічны мужчынскі танец. Створаны ў 1960-я г. балетмайстрам І.​Серыкавым з выкарыстаннем элементаў традыц. нар. лексікі. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Мае гумарыстычны характар, выконваецца любой колькасцю ўдзельнікаў, якія па чарзе саліруюць, імітуючы ігру на дудцы, выяўляючы сваю вынаходлівасць, дасціпнасць, уменне весяліць народ. Насычаны тэхнічна складанымі рухамі.

Літ.:

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 339—353.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 6, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТУ́З,

мужчынскі летні галаўны ўбор з казырком. Шылі найчасцей з чорнага сукна. На Беларусі пашыраны з сярэдзіны 19 ст. У канцы 19 — пач. 20 ст. пераважалі К. накшталт вайсковых шапак з шырокім каляровым аколышкам і цвёрдым, часам лакіраваным казырком. На Панямонні і ў Цэнтр. Беларусі традыц. К. рабілі з саломы з палатнянай падшэўкай, аздобленыя 2 разеткамі, вышытымі чырвонымі баваўнянымі ніткамі.

Саламяны картуз. Гродзеншчына. Пач. 20 ст.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА «НЁМАН».

Створана ў 1939 на базе б. прыватнай ф-кі. У Вял. Айч. вайну разбурана. У 1947 адбудавана як абутковая ф-ка № 1. У 1956 рэканструявана, у 1962 пабудаваны новы корпус, з 1963 абутковая ф-ка «Нёман». З 1991 акц. т-ва «Гроднаабутак». Цэхі: закройны, штамповачны, пашыўна-загатовачны, клеявы і рантавы. Асн. прадукцыя (1997): скураны абутак мужчынскі, дзіцячы і жаночы. Прадукцыя экспартуецца ў краіны СНД, Германію, Галандыю, Чэхію.

т. 5, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАГУ́ТНЫ БО́ЖА»,

міжнародны фестываль духоўнай музыкі. Праводзіцца з 1993 штогод у Магілёве. Засн. па ініцыятыве Бел. каталіцкага т-ва і рымска-каталіцкай парафіі. Назва ад духоўнага гімна М.Равенскага «Магутны Божа» на вершы Н.​Арсенневай, які стаў муз. эмблемай фестывалю. Мае на мэце аб’яднанне пры дапамозе музыкі прадстаўнікоў розных хрысц. канфесій, захаванне і развіццё традыцый сусв. і бел. духоўнай музыкі. У фестывалі ўдзельнічаюць прафес. і аматарскія, прыходскія хар. калектывы і вак. ансамблі розных складаў, салісты. Праводзяцца конкурсы вакалістаў, у т. л. на лепшае выкананне гімна «Авэ Марыя», канцэрты хар., вак. і арганнай музыкі і інш. У рэпертуары творы сусв. духоўнай класікі і бел. кампазітараў, у т. л. М.​Шчаглова, В.​Селяха-Качаноўскага, В.​Панфілавай і інш. Сярод лаўрэатаў фестывалю: Дзярж. акад. нар. хор імя Г.​І.​Цітовіча, магілёўскі мужчынскі камерны хор «Унія», актэт «Чысты голас», камерны хор «Гродзенскай капэлы», Гомельскі дзіцячы хор правасл кафедральнага сабора Пятра і Паўла (Беларусь), Бранскі муніцыпальны акад. хор, Казанскі муніцыпальны мужчынскі хор «Кафедра» (Расія); акад. Галіцкі хор «Еўшан», салісткі Л.​Дарэнская, Г.​Хасцян (Украіна). Сярод чл. журы В.​Роўда, Г.​Каржанеўская, Л.​Каспорская, В.​Скорабагатаў.

С.​У.​Вераценнікава.

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРО́НІКАЎ МАНАСТЫ́Р, Андронікаў Спаса Нерукатворнага мужчынскі манастыр. Засн. каля 1360 у Маскве на беразе р. Яўза. Названы ў гонар першага ігумена — Андроніка. Арх. ансамбль уключае белакаменны 4-слуповы Спаскі сабор (1420—27) з фрагментамі фрэсак (1420-я г.), выкананых пад кіраўніцтвам Д.​Чорнага і А.​Рублёва, аднаслуповую трапезную (1504) з царквою Міхаіла Архангела (1694), сцены і вежы (17 ст.). З 1947 — музей-запаведнік стараж.-рус. мастацтва імя А.​Рублёва.

Спаскі сабор Андронікава манастыра.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́СІФА-ВАЛАКАЛА́МСКІ МАНАСТЫ́Р, Волацкі Успенскі Іосіфаў манастыр,

помнік архітэктуры 15—17 ст., за 20 км ад г. Валакаламск Маскоўскай вобл. Засн. як мужчынскі ў 1479 Іосіфам Волацкім. У складзе арх. ансамбля: каменныя сцены з шатровымі вежамі (1543—66, перабудаваны ў 17 ст.), Петрапаўлаўская надбрамная царква, трапезная з царквой Богаяўлення, Успенскі сабор (усе 17 ст.) у «нарышкінскім» стылі з кафляным фрызам «вока паўліна» (майстар С.​Палубес), 9-ярусная званіца (1490, перабудавана ў 1670-я г.). Пасля 1917 музей.

т. 7, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЗАЧО́К»,

«Казак», бел. нар. сольны мужчынскі танец імправізацыйнага характару. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі.

Танцоры па чарзе дэманструюць сваю фантазію, спрыт, вынаходлівасць. Асн. элементы «К.» — вяровачка, па-дэ-баск, прысядка. Часам у выкананне ўключаюцца і жанчыны. У некат. рэгіёнах «К.» выконваецца парамі (асн. элемент — полька-вальсавы паварот па крузе). Суправаджаецца прыпеўкамі. У 19 ст. ў мностве варыянтаў бытаваў на Беларусі. Сцэнічны варыянт «К.» створаны ў 1928 К.​Алексютовічам. Падобны танец пашыраны ў Расіі і на Украіне.

т. 7, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЛЬ, капялюш,

мужчынскі галаўны ўбор беларусаў. Плеценыя з саломы, мятліцы, лазы, чароту брылі насілі летам, валеныя, лямцавыя — у любую пару года. Разнастайнасцю прыёмаў пляцення, тонкасцю паверхневай структуры вызначаліся саламяныя брылі, якія плялі звычайна са сцяблоў жыта (у зубчыкі ці прама) і прашывалі суравымі ніткамі ці конскім воласам. Святочныя брылі паверх палёў абвязвалі каляровай тасьмой і ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі. Валеныя, лямцавыя брылі формай і памерамі амаль не адрозніваліся ад саламяных, аднак аздабленне іх было больш сціплае.

Брылі: плецены з мятліцы (уверсе) і лямцавы.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫТО́Н (італьян. baritono),

1) мужчынскі голас сярэдняга рэгістру (паміж басам і тэнарам). Дыяпазон A — as​1. Вылучаюць лірычны барытон, больш мяккі і рухомы, бліжэй да драм. тэнара, і драматычны барытон, больш мужны і моцны, бліжэй да баса.

2) Басовы струнны смычковы інструмент сям’і віёлаў з 6—7 асноўнымі і 7—20 (і болей) рэзаніруючымі струнамі (выкарыстоўваліся і для ігры шчыпком).

3) Духавы медны муштучны інструмент з сям’і шырокамензурных вентыльных духавых інструментаў (саксгорнаў і інш.).

4) Абазначэнне разнавіднасцяў у сем’ях духавых інструментаў (напр., саксафон-барытон, барытонавы габой і інш.).

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМЕТАФІ́Т (ад гаметы + ...фіт),

палавое пакаленне ў раслін, якія развіваюцца з чаргаваннем пакаленняў, або прадстаўнік палавога пакалення. Гаметафіт чаргуецца ў цыкле развіцця з бясполым пакаленнем (спарафітамі) і ўтвараецца са споры. Для клетачных ядраў гаметафіта характэрны палавінны (гаплоідны) набор храмасом у параўнанні з клетачнымі ядрамі спарафіта. У многіх раслін гаметафіт вядзе самаст. існаванне і мае выгляд спарафіта (напр., гаметафіт многіх водарасцей) або рэзка адрозніваецца ад яго (напр., зарасткі дзярэз, хвашчоў, папарацей). У кветкавых раслін гаметафіт моцна рэдукаваны да пылінкі (мужчынскі гаметафіт) і зародкавага мяшка (жаночы гаметафіт).

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)