АДЭНАЗІНТРЫФО́СФАРНАЯ КІСЛАТА́, адэназінтрыфасфат (АТФ),

нуклеатыд, які змяшчае адэнін, рыбозу і 3 астаткі фосфарнай к-ты. Універсальны пераносчык і асн. акумулятар хім. энергіі ў жывых клетках, іх гал. макраэргічнае злучэнне, на ўзроўні якога спалучаюцца ў адзіную сістэму працэсы абмену энергіі, яе выдзялення, назапашвання і спажывання. Служыць таксама субстратам для сінтэзу РНК, выконвае важныя функцыі ў працэсах фотасінтэзу.

У мышачнай і інш. тканках на долю адэназінтрыфосфарнай кіслаты прыпадае каля 75% колькасці ўсіх адэназінфосфарных кіслот, пры гэтым большая частка свабоднай АТФ знаходзіцца ў комплексе з іонамі Mg​2+. Гідралітычнае адшчапленне астаткаў фосфарнай к-ты ад малекулы АТФ адбываецца пры ўдзеле адэназінтрыфасфатазаў з вылучэннем энергіі (каля 8,4 ккал/моль), якая выкарыстоўваецца на энергет. забеспячэнне біясінтэзу розных рэчываў, актыўны транспарт іонаў, мышачныя скарачэнні і інш працэсы жыццядзейнасці. Сінтэзуецца АТФ з адэназіндыфасфату і неарган. фасфату (крыніцай для ўтварэння могуць быць таксама інш. багатыя энергіяй фасфаты клетак, напр. крэацінфасфат.) Поўнае і хуткае аднаўленне патрачанай у арганізме АТФ забяспечваецца расшчапленнем вугляводаў і інш. рэчываў.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК (франц. Systéme International d’Unitées; СІ),

сістэма адзінак фізічных велічынь, прынятая 11-й Генеральнай канферэнцыяй па мерах і вазе (1960). Створана для уніфікацыі вымярэнняў фіз. велічынь і замены вял. колькасці сістэм адзінак, што ўзніклі на аснове метрычнай сістэмы мер. Складаецца з 7 асн. адзінак: даўжыні — метр, масы — кілаграм, часу — секунда, сілы эл. току — ампер, тэрмадынамічнай т-ры — кельвін, сілы святла — кандэла, колькасці рэчыва — моль; 2 дадатковых: плоскага вугла — радыян, прасторавага вугла — стэрадыян.

Ахоплівае ўсе галіны навукі і тэхнікі, устанаўлівае пэўную сувязь у вымярэннях мех., цеплавых, эл. і інш. велічынь. Асн. і дадатковыя адзінкі сістэмы даюць магчымасць пры дапамозе вызначальных ураўненняў атрымаць неабходную колькасць кагерэнтных (без увядзення якіх-н. каэфіцыентаў прапарцыянальнасці) вытворных адзінак 18 вытворных адзінак маюць спец. найменні: бекерэль, ват, вебер, вольт, генры, герц, грэй, джоўль, зіверт, кулон, люкс, люмен, ньютан, ом, паскаль, сіменс, тэсла, фарад. Найменні інш. вытворных адзінак утвараюцца праз найменні асн., дадатковых і некаторых вытворных адзінак. Напр., адзінка шчыльнасці мае найменне кілаграм на кубічны метр, адзінка ўдзельнай цеплаёмістасці — джоўль на кілаграм∙кельвін. Пераважная колькасць асн. і вытворных адзінак СІ сваімі памерамі зручная для практыкі. Выкарыстанне дольных адзінак і кратных адзінак дае магчымасць падабраць патрэбныя памеры адзінак пры вымярэнні кожнай фіз. велічыні. Большасць краін свету прыняла М.с.а. для абавязковага ці пераважнага выкарыстання. У б. СССР (у т. л. у Беларусі) з 1.1.1980 было ўстаноўлена абавязковае выкарыстанне М.с.а. ва ўсіх галінах навукі, тэхнікі і нар. гаспадаркі, а таксама пры выкладанні фізіка-тэхн. дысцыплін.

Літ.:

Бурдун Г.Д. Справочник по международной системе единиц. 3 изд. М., 1980;

Болсун А.И., Вольштейн С.Л. Единицы физических величин в школе. Мн., 1983;

Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984.

А.​І.​Болсун.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)