ЖЫВАРО́ДКІ, лужанкі (Viviparidae),

сямейства бруханогіх малюскаў падкл. пярэдняшчэлепных. 6 відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Паўд. Амерыкі) у прэсных вадаёмах. На Беларусі 2 віды Ж.: рачная, або звычайная (Viviparus viviparus), і азёрная (V. contectus). Жывуць на пясчаных або заглееных грунтах у прыбярэжнай зоне рэк і азёр.

Цела ўкрыта ракавінай (выш. да 6 см) з 5—7 спіральнымі завіткамі, з цёмна-карычневымі палосамі, складаецца з галавы, тулава і нагі. Вусце ракавіны авальнае, зачыняецца рагавой накрыўкай. Раздзельнаполыя. Аплодненыя яйцы развіваюцца ў матцы, моладзь выходзіць цалкам сфарміраваная (адсюль назва). Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Ж. — пажыва для многіх бентасаедных рыб. Біял. ачышчальнікі вадаёмаў.

Жывародка балотная.

т. 6, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДЫ́ ЗМАГА́Р»,

нелегальная газета для моладзі Зах. Беларусі. Выдавалася ЦК КСМЗБ у 1930—35 на бел. (асобныя нумары на польск.) мове. Асвятляла жыццё моладзі ў Зах. Беларусі, БССР і СССР. З бальшавіцкіх пазіцый крытыкавала дзейнасць бел. нац.-дэмакр. партый і арг-цый, унутр. і знешнюю палітыку польск. ўрада, заклікала моладзь да барацьбы за сац. і нац. вызваленне і ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Выступала з прапановамі паляпшэння жыцця працоўных Зах. Беларусі, у т. л. за скарачэнне працоўнага дня, павышэнне зарплаты, ахову працы, сац. страхаванне, за выкладанне ў школе на бел. мове, у абарону палітвязняў. Яе пераемніцай стала газ. «Голас моладзі».

П.​І.​Зялінскі.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКАЙ МО́ЛАДЗІ (ў ЗША) (АБАМ). Створана 30.12.1951 аб’яднаннем арг-цый бел. моладзі ў Кліўлендзе і Нью-Йорку. Да 1967 наз. Згуртаванне бел. моладзі ў Амерыцы. Мае аддзяленні ў Дэтройце, Кліўлендзе, Лос-Анджэлесе, Нью-Брансвіку, Саўт-Рыверы. З 1960 член Еўрап. ін-та (ін-та выхавання моладзі еўрап. бежанцаў). Пры арг-цыі існуе (з 1977) фонд падтрымкі студэнтаў імя Любачкі. АБАМ займаецца культ.-асв., грамадска-арганізац. і інфарм.-выдавецкай дзейнасцю. Выдавала часопісы «Віці» (1952—57, разам з Бел.-амер. студэнцкім аб’яднаннем),

«Беларуская моладзь» (1959—80, на бел. і англ. мовах), выйшаў «Беларускі песенны зборнік» М.​Куліковіча (Кліўленд, 1960). Пры АБАМ у 1956—93 дзейнічаў танц. ансамбль «Васілёк».

А.​С.​Ляднёва.

т. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКА́ННЕ ВЯСНЫ́,

старажытны язычніцкі абрад; першае па часе веснавое свята беларусаў. У асобных месцах пачыналася 1 сакавіка с. ст. (на хрысц. свята Аўдакею), усюды — з 25 сакавіка (на Дабравешчанне). Удзельнікі абраду выходзілі на высокае месца — пагорак, бераг ракі, дзе звычайна збіралася моладзь — раскладалі вогнішча (на Магілёўшчыне палілі ўсякае смецце — ачышчалі зямлю, на Гомельшчыне запаленае кола на плыце пускалі па рацэ — водгалас культу сонца), спявалі вяснянкі, вадзілі карагоды, якія выконвалі магічную функцыю («дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць»). Сляды аграрна-магічнай функцыі хлеба захаваліся ў печыве, якое рабілі ў выглядзе птушак (гл. Галёпы). Паступова абрад гукання вясны ператварыўся ў прыгожае свята, забаву моладзі і ў такім выглядзе дайшоў да нашых дзён.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 5, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАПЁРКА (Scardinius erythrophthalmus),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў прэсных водах Еўропы, М. і Сярэдняй Азіі. На Беларусі жыве ў рэках, азёрах, трымаецца прыбярэжнай зоны, багатай воднай расліннасцю. Зімуе ў ямах. Нар. назвы: чырванапёрка, краснавочка, чарноха, чэрмнуха і інш.

Даўж. да 36 см, маса да 1,5 кг. Цела высокае, серабрыстае, у буйных асобін залацістае. Спінка цёмна-карычневая або цёмна-зялёная. Вочы аранжавыя, у верхняй ч. з ярка-чырв. плямай. Парныя і анальныя плаўнікі ярка-чырвоныя (адсюль назва). Спінны плаўнік пачынаецца па-за брушнымі плаўнікамі, а не над імі (у адрозненне ад плоткі). Рот косы. Корміцца воднымі раслінамі, беспазваночнымі, ікрой малюскаў, моладзь — зоапланктонам. Нераст парцыённы. Аб’ект аматарскага лову.

Краснапёрка.

т. 8, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́МЖА, ласось-таймень (Salmo trutta),

рыба сям. ласасёвых. Некалькі падвідаў, у т. л. аральскі, каспійскі, чарнаморскі ласосі. Тыповая К. — прахадная форма, пашырана ў прыбярэжных раёнах мораў Еўропы. Ёсць прэснаводная жылая форма — азёрная і рачная фарэль, або стронга. На Беларусі К. трапляецца рэдка (бас. р. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман).

Даўж. да 1 м, маса да 13 кг (каспійскі ласось да 51 кг). На целе і спінным плаўніку дробныя чорныя плямкі, у час нерасту ў самцоў ружаватыя акруглыя плямы Корміцца рыбай, буйнымі ракападобнымі. Нерастуе ўвосень у рэках, моладзь жыве ў прэснай вадзе 1—7 гадоў, потым мігрыруе ў мора. Аб’ект промыслу і развядзення.

Кумжа: 1 — прахадная, 2 — самец у нераставым стане.

т. 9, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ДАЧЖА́О (6.1.1888, прав. Хэбэй, Кітай — 28.4.1927),

кітайскі грамадскі і паліт. дзеяч. Скончыў Бэянскую паліт.-юрыд. школу ў г. Цяньцзінь (1913). З 1915 удзельнік руху за новую кіт. культуру, супрацоўнічаў з час. «Сінь цыннянь» («Новая моладзь»), дзе прапагандаваў ідэі марксізму. З 1918 заг. б-кі Пекінскага ун-та. Праф. У 1919 ідэйны кіраўнік, адзін з арганізатараў руху «Чацвёртага мая». У 1920 стварыў у Пекіне т-ва па вывучэнні марксізму. Адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Кітая (КПК, 1921). Кіраўнік паўн.-кіт. бюро КПК. У 1924 адыграў важную ролю ў аб’яднанні КПК і гаміньдана ў адзіны рэв. фронт. 3 крас. 1926 у падполлі. Арыштаваны і пакараны смерцю паўн.-кіт. мілітарыстамі.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДО́Е ЖЫЦЦЁ»,

заходнебеларускі маладзёжны часопіс. Выдаваўся з лют. 1921 да студз. 1923 у Вільні на бел. мове; неперыядычна. Заклікаў моладзь да паліт. і сац. самаўсведамлення, салідарнасці з прагрэс. моладдзю інш. краін. Асаблівую ўвагу аддаваў прапагандзе духоўнай спадчыны бел. народа, выхаванню пашаны да яе. Асвятляў падзеі культ. жыцця Зах. Беларусі. Друкаваў вершы У.​Жылкі, І.​Дварчаніна, У.​Дубоўкі, М.​Запольскага, М.​Парашкевічанкі, Ю.​Сергіевіча, В.​Сталяронка, С.​Глебава, апавяданні і замалёўкі Чурылы, Я.​Драздовіча (псеўд. І.​Разора), М.​Ільяшэвіча, літ.-крытычныя артыкулы, нарысы пра творчасць Ф.​Багушэвіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Коласа. Змяшчаў пераклады твораў на бел. мову А.​Герцэна, І.​Тургенева, Г.​Лангфела. Усяго выйшла 7 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЕ́ДЭ ((Priede) Гунарс) (17.3.1928, Рыга — 22.12.2000),

латышскі драматург. Засл. дз. культ. Латвіі (1976). Нар. пісьменнік Латвіі (1988). Скончыў Латвійскі ун-т (1953). Друкаваўся з 1955. Аўтар больш як 40 п’ес, у т. л. «Лета малодшага брата» (1955), «Дзяўчына Нармунда» (1958, Дзярж. прэмія Латвіі 1959), «Першы баль Вікі» (1961), «Тваё добрае імя», «Трынаццатая» (абедзве 1965), «Атылія і яе нашчадкі», «Касцёр каля станцыі» (абедзве 1970), «Блакітная» (1972), «Чакаючы Айвара» (1974), «Песня сарокі» (1978), «Пах грыбоў» (апубл. 1987) пра сучасную моладзь. Пісаў кінасцэнарыі, п’есы для дзяцей, артыкулы па праблемах культуры, гісторыі і л-ры (кн. «Што нам тут вучыцца?», 1987) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1963: Портрет Лива в Старой Риге: Пьесы. М., 1978.

т. 13, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛУ́ГА (Huso huso),

рыба сям. асятровых атр. асетрападобных. Пашырана ў бас. Каспійскага, Чорнага, Азоўскага і Адрыятычнага мораў. Прахадная. Раней па Дняпры заходзіла ў рэкі Беларусі на нераст. Да пач. 20 ст. ў Сажы і Дняпры лавілі бялугу масай каля 300 кг, пазней не траплялася. У 1973—74 у рыбакамбінат «Белае» (Гомельская вобл.) завезены гібрыд бялугі і сцерлядзі (бесцер) для рыбагасп. выкарыстання.

Даўж. да 9 м, маса да 2 т. Жыве больш за 100 гадоў. Палавая спеласць самцоў у 12—14 гадоў, самак у 16—18. Ёсць азімыя і яравыя формы. Нерастуе раз у некалькі гадоў. Плоднасць да 8 млн. буйных ікрынак. Утварае гібрыды з інш. асятровымі. Дарослая корміцца рыбай, моладзь — доннымі беспазваночнымі. Каштоўная прамысл. рыба. Ікра — далікатэсны прадукт. Колькасць скарацілася. Аб’ект развядзення.

Бялуга.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)