Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯХРАНІ́Я (ад дыя... + грэч. chronos час),

1) змены, што адбываюцца на працягу часу ў моўнай сістэме, на асобных узроўнях мовы, а таксама ў іх падсістэмах і адзінках.

2) Лінгвістычнае вывучэнне працэсаў такіх змен, а таксама гіст. развіцця моўнай сістэмы ў цэлым. Дыяхранічнае мовазнаўства даследуе законы існавання і функцыянавання мовы ў часе і прасторы, што істотна для разумення як агульнай прыроды мовы, так і прычын, што абумовілі яе стан на пэўным гіст. этапе. Паслядоўнае размежаванне Д. і сінхраніі (а таксама самі тэрміны) прапанаваны Ф. дэ Сасюрам. Асн. раздзелы дыяхранічнага мовазнаўства: параўнальна-гістарычнае мовазнаўства, гіст. граматыка і лексікалогія, этымалогія, гісторыя літ. мовы, дыяхранічная тыпалогія моў.

Літ.:

Соссюр Ф. де. Курс общей лингвистики // Соссюр Ф. де. Тр. по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977;

Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.

Н.​Б.​Мячкоўская.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАКУ́Н Леў Міхайлавіч (14.9.1926, в. Браткава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 6.11.1996),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1966), праф. (1967). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў БДУ (1950), з 1953 працаваў у ім (з 1967 заг. кафедры). Даследаваў праблемы развіцця бел. літ. мовы, гісторыі бел. мовазнаўства, словаўтварэння і выкладання бел. мовы ў ВНУ. Аўтар «Нарысаў гісторыі беларускай літаратурнай мовы» (1960), «Марфемнага слоўніка беларускай мовы» (1975, з А.​М.​Бардовічам), падручніка «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (2-е выд., 1984), вучэбных дапаможнікаў і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Станаўленне і развіццё беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1959;

Кароткі агляд развіцця беларускага мовазнаўства // Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. ўказ. (1825—1965 гг.). Мн., 1967;

Карані роднай мовы: Выбр. працы па гісторыі бел. мовы. Мн., 2001.

Літ.:

Красней В.П., Плотнікаў Б.А., Трайкоўская В.П. Прафесар Л.​М.​Шакун. Мн., 1997.

Л.М.Шакун.

т. 17, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЕ́ (Meillet) Антуан (11.11.1866, г. Мулен, Францыя — 12.9.1936),

французскі мовазнавец; прадстаўнік індаеўрапейскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. Чл. Французскай акадэміі, чл.-кар. Пецярбургскай АН (1906). З 1906 праф. Французскага калежа, сакратар Парыжскага лінгвістычнага т-ва. Аўтар прац па агульным мовазнаўстве, слав., герм., стараж.-грэч., армянскай стараж.-персідскай і татарскай мовах: «Індаеўрапейскія дыялекты» (1908), «Гістарычнае і агульнае мовазнаўства» (т. 1—2, 1921—36) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Общеславянский язык. М., 1951;

Сравнительный метод в историческом языкознании. М., 1954.

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДЭ́НАЎ Стэфан Стаянаў (15.12.1880, г. Відзін, Балгарыя — 1.5.1963),

балгарскі мовазнавец. Акад. Балг. і Польск. АН (1929), інш. акадэмій, чл.-кар. АН СССР (1931). Скончыў Сафійскі ун-т (1902). Д-р філасофіі Пражскага (1905), праф. Сафійскага (1921—47) ун-таў. Асн. працы па гісторыі балг. мовы («Гісторыя балгарскай мовы», 1929; і інш.), славістыцы, індаеўрапеістыцы і агульным мовазнаўстве («Уводзіны ў агульнае мовазнаўства», 1927, «Параўнальна-індаеўрапейскае мовазнаўства», 1936). Аўтар «Этымалагічнага і арфаграфічнага слоўніка балгарскай літаратурнай мовы» (1941). Дзімітроўская прэмія 1950.

т. 10, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШРА́ДЭР (Schrader) Ота (28.3.1855, г. Веймар, Германія — 21.3.1919),

нямецкі мовазнавец і гісторык. Вучыўся ў Іене і Лейпцыгу. З 1890 праф. Іенскага, з 1909 — Брэслаўскага (Вроцлаўскага) ун-таў. Развіваў ідэі культ.-гіст. школы ў мовазнаўстве: параўноўваў даныя параўнальна-гістарычнага мовазнаўства з дасягненнямі археалогіі, этнаграфіі, батанікі, заалогіі. Комплексны культ.-гіст. падыход выкарыстоўваў і пры вывучэнні стараж. этн. гісторыі індаеўрап. народаў, пры рэканструкцыі сац. і культ. структуры першабытнага грамадства («Параўнальнае мовазнаўства і першабытная гісторыя», 1883; «Індаеўрапейцы», 1911). Стварыў «Слоўнік індаеўрапейскіх старажытнасцей» (1901).

т. 17, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЗУ́К Пётр Апанасавіч (14.7.1891, в. Цярноўка, Малдова — 7.10.1943),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1924), праф. (1925). Скончыў Адэскі ун-т (1916). У 1926—30 заг. дыялекталагічнай камісіі Інбелкульта (з 1929 АН Беларусі), у 1931—33 дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Беларусі і заг. кафедры ў Бел. вышэйшым пед. ін-це. У 1934 арыштаваны, высланы ў Волагду. Даследаваў праблемы праслав. мовы і ўтварэння асобных моўных груп эпохі праслав. адзінства («Погляды акадэміка Шахматава на дагістарычныя лёсы славянства», 1918—21; «Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў», 1927, і інш.), пытанні агульнага і параўнальна-гіст. мовазнаўства («Асноўныя пытанні мовазнаўства», 1926). Вывучаў мову помнікаў стараж.-сербскага пісьменства, узаемасувязі паміж укр. і бел. мовамі («Узаемаадносіны паміж украінскай і беларускай мовамі», 1926), дыялекты бел. мовы, станаўленне яе літ. нормаў. Аўтар першага дыялекталагічнага атласа бел. мовы «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» (1928).

Літ.:

Рамановіч Я., Юрэвіч А. П.​А.​Бузук. Мн., 1969.

І.​К.​Германовіч.

П.А.Бузук.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖАЗІ́НСКІ (Porzeziński) Ян Віктар (4.8.1870, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 12.3.1929),

расійскі і польскі мовазнавец. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1925). Скончыў Маскоўскі ун-т (1892). У 1901—21 праф. Маскоўскага, у 1922—29 Люблінскага і Варшаўскага ун-таў. Вучань П.Ф.Фартунатава. Вывучаў слав. мовы. Асн. працы ў галіне гісторыі і дыялекталогіі балт. моў. Аўтар прац «Уводзіны ў мовазнаўства» (1907), «Нарыс параўнальнай фанетыцы старажытнаіндыйскай, грэчаскай, лацінскай і стараславянскай моў» (1912), «Параўнальная марфалогія старажытнаіндыйскай, грэчаскай, лацінскай і стараславянскай моў» (1916), «Уводзіны ў індаеўрапейскае мовазнаўства» (1929) і інш.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛЕ́НКА Мікалай Андрэевіч (26.6.1926, с. Савінка Паласаўскага р-на Валгаградскай вобл., Расія — 10.5.1987),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1954), выкладаў у ім (з 1980 праф.). З 1985 дырэктар філіяла Ін-та рус. мовы імя А.​С.​Пушкіна ў Празе. Даследаванні ў галіне агульнага мовазнаўства, па праблемах бел. словаўтварэння, рус. мове. Аўтар працы «Нарысы па беларускаму словаўтварэнню: Жаночыя асабовыя намінацыі ў старабеларускай мове» (1978), вучэбных дапаможнікаў «Уводзіны ў мовазнаўства» (1962), «Кароткі нарыс гісторыі пісьма» (1965) і інш.

Тв.:

Гісторыя пісьма. 2 выд. Мн., 1987.

т. 12, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСАМІ́ТАЎ Анатоль Сцяпанавіч (н. 17.7.1926, Гомель),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1984). Скончыў БДУ (1951). У 1952—91 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1994 у Фондзе фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь. Распрацоўвае пытанні бел. і слав. фразеалогіі («Лексіка беларускіх прыказак XIX ст. ў сувязі з агульнай праблемай фразеалогіі», 1958; «Беларуская фразеалогія», 1978; «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», 1970, у сааўт.), этналінгвістыкі, фразеаграфіі і гісторыі бел. мовазнаўства. Рэдактар і адзін са складальнікаў «Фразеалагічнага слоўніка мовы твораў Я.​Коласа» (1993), сааўт. «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Аўтар кн. «З думай славяніна» «З душой славяніна» (1991, з Л.​А.​Малаш).

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)