глаўберава соль, мінерал класа сульфатаў, водны сульфат натрыю Na2[SO4]∙10H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зямлістыя агрэгаты, налёты, скарынкі, зрэдку кароткапрызматычныя крышталі. Бясколерны, празрысты, зрэдку белы. Бляск шкляны. Крохкі. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 1,48 г/см³. Хемагеннага асадкавага паходжання, утвараецца з азёрных і марскіх расолаў пры т-ры ніжэй за 20—25 °C. Сыравіна для содавай, шкляной і лакафарбавай прам-сці; выкарыстоўваецца ў медыцыне. Радовішчы ў Расіі, Туркменістане, ЗША, Мексіцы, Аргенціне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШ’ЯКО́ВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы мыш’яку. У прыродзе вядома больш за 120 мінералаў мыш’яку, гал. з іх арсенапірыт (да 46% As, часта з прымессю золата), лёлінгіт (да 72,8% As), рэальгар (да 70,1% As) і аўрыпігмент (да 61% As). Пераважна мыш’як здабываюць спадарожна з поліметал. руд у комплексе з золатам, серабром, свінцом, меддзю, кобальтам, волавам і інш. Паходжанне эндагеннае (гідратэрмальнае, метасаматычнае). Радовішчы ў Расіі, ЗША, Швецыі, Мексіцы, Японіі, Балівіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЖЭ́НЕРАЛ МО́ТАРС КАРПАРЭ́ЙШЭН»
(General Motors Corporation),
аўтамабільны канцэрн ЗША. Адзін з найб. вытворцаў аўтамабіляў у свеце. Засн. ў 1916, адміністрацыя ў г. Дэтройт. Звязана з фін. групай Моргана. Налічвае больш за 150 прадпрыемстваў у ЗША, філіялы, зборачныя цэхі ў 35 краінах свету, у т. л. ў Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Мексіцы. Выпускае легкавыя аўтамабілі розных марак («Б’юік», «Кадылак», «Пантыяк», «Олдсмабіл», «Шэўрале»), грузавыя аўтамабілі, аўтобусы, дызельныя лакаматывы і інш. У 1985 «Дж.м.к.» заснавала новую кампанію пад назвай «Сатурн карпарэйшэн», якая выпускае мікралітражныя аўтамабілі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭСУ́МА, Мактэсума,
Матэкусома (Montezuma, Moctezuma, Motecuhzoma),
імя правіцеляў індзейцаў-ацтэкаў у сярэднія вякі.
Мантэсума I (?—1469), правіцель ацтэкаў у 1440—69. Пры ім ацтэкі, цэнтрам якіх быў г. Тэначтытлан (цяпер Мехіка), канчаткова падпарадкавалі інш. індзейскія плямёны Цэнтр. Мексікі.
Мантэсума II (каля 1466—30.6.1520), правіцель ацтэкаў у 1502—20 (паводле інш. звестак, правіў з 1503). Праўнук Мантэсумы I. Намагаўся захаваць адзінства імперыі ацтэкаў сілай зброі. Пасля высадкі ў Мексіцы заваёўнікаў-іспанцаў паланёны паводле загаду Э.Картэса. Забіты паўстаўшымі індзейцамі за заклікі падпарадкавацца іспанцам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-МЕКСІКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1846—48,
вайна ЗША супраць Мексікі. З’явілася вынікам экспансіі ЗША, якія, анексіраваўшы Тэхас (29.12.1845), прэтэндавалі на Каліфорнію і Новую Мексіку. 13.5.1846 ЗША абвясцілі Мексіцы вайну. У ходзе баявых дзеянняў (1846 — пач. 1847) амер. войскі занялі Каліфорнію і значную ч.Паўн. Мексікі. У сак. 1847 амер. дэсант высадзіўся ў порце Веракрус. 14.9.1847 была захоплена сталіца Мексікі. Паводле падпісанага ў лют. 1848 у Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора, мекс.-амер. граніца прайшла па р. Рыо-Грандэ, Мексіка страціла больш за палавіну сваёй тэрыторыі (Тэхас, Новую Мексіку, ч. Арызоны, Верхнюю Каліфорнію).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАДАЛАХА́РА (Guadalajara),
горад у Мексіцы, на ПдЗ Мексіканскага нагор’я. Адм. ц. штата Халіска. Засн. ў 1531. 1628,6 тыс.ж., з прыгарадамі 3,43 млн.ж. (1993). Другі пасля Мехіка па колькасці насельніцтва і эканам. значэнні горад краіны. Вузел чыгунак, аўтадарог, газа- і нафтаправодаў. Міжнар. аэрапорт. Прамысловасць: машынабудаванне (у т. л. эл.-тэхн.), металаапрацоўка, харчасмакавая (асабліва мукамольная і алейна-тлушчавая), гарбарна-абутковая, баваўняная, хім., цэм., шкляная. Традыцыйная вытв-сць керамічных вырабаў. 2 ун-ты. Музеі. Арх. помнікі 16—18 ст., у т. л. Палац урада (1643; фрэскі Х.К.Ароска), сабор (1571—1618).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЮ́ЛА, гуаюла (Parthenium argentatum),
каўчуканосная расліна сям. складанакветных. Пашырана ў пустынях паўн.ч. Мексіканскага нагор’я (да 2000 м над узр. мора), а таксама на Пд ЗША (штат Тэхас). Раней культывавалася ў ЗША, Мексіцы, Іспаніі, Алжыры, Марока, Закаўказзі і ў Сярэдняй Азіі. На Беларусі не вырошчваецца.
Вечназялёны моцна разгалінаваны паўкуст выш. да 1 м, з доўгім разгалінаваным стрыжнёвым коранем. Лісце ланцэтнае або лапатчатае, выемчастае або перыстараздзельнае. Кветкі ў дробных кошыках на доўгіх кветаносах. Лісце, кветаносы і аднагадовыя галіны ўкрыты кароткімі густымі серабрыстымі валаскамі. Каўчук маюць у каранях і галінках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖНЕКАЛІФАРНІ́ЙСКАЯ ДАЛІ́НА У ЗША і Мексіцы. Займае міжгорную тэктанічную ўпадзіну — паўн.ч. былога, больш буйнога Каліфарнійскага зал., запоўненую магутнай тоўшчай адкладаў, прынесеных р. Каларада. Парэзана яе ніжнім цячэннем. У мінулым неаднаразова затаплялася водамі р. Каларада, што прывяло да ўтварэння салёных азёр. На Пн салёнае воз. Солтан-Сі, узровень якога на 72 м, а дно на 81 м ніжэй узр. м. Клімат субтрапічны, сухі. Ападкаў каля 100 мм за год. Ксерафітныя хмызнякі, кактусы, юкі. Частка зямель паміж р. Каларада і воз. Солтан-Сі арашаецца. Вырошчваюць пераважна бавоўнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
запасы глыбіннага цяпла Зямлі, эксплуатацыя якіх эканамічна выгадная. Адрозніваюць гідрагеатэрмальныя (тэрмальныя воды) і петрагеатэрмальныя рэсурсы (акумуляваныя ў блоках горных парод, нагрэтых да 350 °C і больш). Практычнае значэнне маюць гідратэрмальныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюць для цеплазабеспячэння (пры т-ры ад 40 да 100—150 °C) і атрымання электраэнергіі на геатэрмальных электрастанцыях пры т-ры 150—300 °C. Прымеркаваны яны да трэшчынных воданапорных сістэм у раёнах сучаснага вулканізму, маладых складкавых гор, зон тэктанічных разломаў. Геатэрмальныя рэсурсы выкарыстоўваюць у ЗША (самае буйное ў свеце радовішча Вялікія Гейзеры), Італіі, Новай Зеландыі, Японіі, Мексіцы, Расіі, Ісландыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНЖУ́Т, сезам (Sesamum),
род кветкавых раслін сям. кунжутавых (сезамавых). Каля 20 відаў. Пашыраны ў трапічнай і Паўд. Афрыцы. Стараж.культ. алейную расліну К. індыйскі (S. indicum) вырошчваюць у Грэцыі, Егіпце, Закаўказзі, Індыі, Іране, Мексіцы, Сярэдняй Азіі.
К. індыйскі — аднагадовая травяністая расліна выш. да 2 м з галінастым прамастойным сцяблом, пакрытым жалезістымі валаскамі. Лісце ланцэтнае або рассечанае на долі. Кветкі буйныя, белыя, ружовыя ці фіялетавыя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. У насенні — да 65% харч. алею, які ўжываюць непасрэдна ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама ў кандытарскай, кансервавай, маргарынавай прам-сці, медыцыне, тэхніцы Макуха — корм для жывёл.