СТРАНЦЫЯНІ́Т (ад месца знаходкі каля г. Строншыян, Strontian, у Шатландыі),

мінерал класа карбанатаў, карбанат стронцыю, SrCO3. Мае аксід стронцыю да 70,2%, прымесі кальцыю (да 13% CaO у кальцыястранцыяніце), барыю, свінцу.

Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае зярністыя, шчыльныя і валакністыя агрэгаты, радзей ігольчастыя або прызматычныя крышталі. Бясколерны, снежна-белы, радзей з зеленаватым, жаўтаватым і шараватым адценнямі. Празрысты. Цв. 3,5 Шчыльн. 3,7 г/см³. Крохкі Паходжанне гідратэрмальнае жыльнае і экзагеннае. Руда на стронцый. Радовішчы ў Германіі, Мексіцы, Грузіі, на Украіне (Крым).

Странцыяніт.

т. 15, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)