ВАКУУММЕ́ТРЫЯ,

сукупнасць метадаў вымярэння ціску разрэджаных газаў. Вымярэнні грунтуюцца на фіз. заканамернасцях, абумоўленых залежнасцю пэўнай фіз. велічыні (напр., цеплаправоднасці) ад ціску або шчыльнасці газаў. Поўны ціск газаў вымяраюць вакуумметрамі, парцыяльны ціск кампанентаў газавых сумесяў — мас-спектрометрамі.

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАНТАРЭ́Я

(франц. galanterie літар. ветлівасць, далікатнасць),

гандлёвая назва прадметаў упрыгожання, туалету і асабістага ўжытку. Асартымент галантарэі з улікам зыходных матэрыялаў зведзены ў групы: тэкстыльную (стужкі, тасьмы, гальштукі і інш.), з пластычных мас (грабяні, гузікі і інш.), металічныя (брошкі, спражкі і інш.), скураныя (пальчаткі, рамяні паясныя і інш.), шчоткі і люстэркі.

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГО́ННА-НАГО́ННЫЯ З’Я́ВЫ,

перамяшчэнне водных мас пад уздзеяннем ветру з адной часткі мора, возера, вадасховішча, ракі ў другую і адпаведнае паніжэнне ўзроўню вады (згон) у падветранай частцы і павышэнне (нагон) — у наветранай. Найб. праяўляюцца ў вусцях некаторых рэк, мелкаводных морах і залівах, дзе ваганні ўзроўню дасягаюць 5 м і выклікаюць катастрафічныя паводкі (напр., у вусці р. Нява, на нізінных узбярэжжах Нідэрландаў, Бельгіі, Вялікабрытаніі).

т. 7, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬ-ФІЛЬТРА́ЦЫЯ, гель-храматаграфія,

раздзяленне сумесі малекул паводле іх памеру пры дапамозе порыстых палімераў шляхам фільтрацыі на храматаграфічных калонках. У залежнасці ад памераў малекулы пранікаюць праз поры ўнутр гранул палімеру з рознай скорасцю і канцэнтруюцца ў розных слаях. Выкарыстоўваецца для вызначэння велічынь малекулярных мас, абяссольвання раствораў натыўных бялкоў, канцэнтраванні раствораў палімераў, у медыцыне — для дыягнастычнага падзелу бялкоў сывараткі крыві, пры дыягностыцы цяжарнасці, ачыстцы прэпаратаў ферментаў і інш.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТЭРЫ́Т

(ад прозвішча англ. мінералога У.Вітэрынга),

мінерал класа карбанатаў, карбанат барыю, BaCO3. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі рэдкія; часцей трапляецца ў выглядзе грубавалакністых мас, прамянёвых і шчыльных зярністых агрэгатаў. Колер белы да бясколернага, з жаўтаватым, бурым, зеленаватым адценнямі. Празрысты або прасвечвае. Бляск шкляны да смалістага. Цв. 3,5. Крохкі. Шчыльн. каля 4,3 г/см³. Трапляецца ў нізкатэмпературных гідратэрмальных жылах з барытам і галенітам. Руда барыю і яго солей.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВЕ́КЦЫЯ

(ад лац. advectio дастаўка),

1) у метэаралогіі гарызантальнае перамяшчэнне паветраных мас, якое абумоўлівае перанос цяпла і вільгаці з адных раёнаў Зямлі ў іншыя; адзін з найважн. фактараў фарміравання надвор’я. Адбываецца ў выніку руху цыклонаў, пераносу паветра пануючымі вятрамі. Тэр. Беларусі знаходзіцца пад уплывам адвекцыі амаль ​2/3 года. Гл. таксама Канвекцыя.

2) У акіяналогіі адвекцыя — перанос вады ў гарызантальным, іншы раз у вертыкальным напрамку (гл. Марскія цячэнні).

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДДЗЕ́ЛАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ ў будаўніцтве,

матэрыялы для аддзелачных работ. Падзяляюцца на аддзелачныя матэрыялы вонкавай і ўнутранай аддзелкі, на канструкцыйна-аддзелачныя і эксплуатацыйна-аддзелачныя. Да аддзелачных матэрыялаў належаць лакафарбавыя матэрыялы, абліцовачныя матэрыялы, аддзелачныя растворы і бетоны, прыродныя і штучныя каменныя матэрыялы, аддзелачная кераміка, матэрыялы і вырабы са шкла (гл. Шклаблокі, Шклопрафіліт, Шкляная плітка), з драўніны (паркет), паперы (шпалеры), пластычных мас (сінт. плёнкі, лінолеум, рэлін), дывановыя пакрыцці для падлогі і інш.

т. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯЦЭНТРЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА СВЕ́ТУ,

вучэнне, паводле якога Зямля і інш. планеты рухаюцца вакол Сонца (дакладней, вакол агульнага цэнтра мас усёй сістэмы). Прыйшла на змену геацэнтрычнай сістэме свету. Стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету М.Капернік у сваім творы «Пра абарачэнне нябесных свяціл» (1543) матэматычна абгрунтаваў ідэю руху Зямлі і інш. планет вакол Сонца, вызначыў паслядоўнасць размяшчэння планет і іх адносную аддаленасць ад Сонца. Асн. палажэнні геліяцэнтрычнай сістэмы свету адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні дакладнага прыродазнаўства.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІ́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў ранняга мезалітуасн. 8-е тыс. да н.э.), якія насялялі тэр. паўд. Францыі і паўн. ч. Пірэнейскага п-ва. Назва ад пячоры Мас-д’Азіль у дэпартаменце Ар’еж (Францыя), дзе ў 19 ст. даследаваны 2 стаянкі. Узнікла на аснове папярэдняй культуры мадлен. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Для азільскай культуры характэрны дробныя крамянёвыя прылады (мікраліты), невял. гарпуны з касцей высакароднага аленя і т.зв. азільскія галькі з умоўнымі малюнкамі чырв. вохрай.

т. 1, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА ДАНІ́ЛЫ СА СЦЯПА́НАМ»,

ананімны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Упершыню апубл. П.В.Шэйнам у час. «Русская старина» (1886, т. 49). Напісана напярэдадні сялянскай рэформы 1861, у маст.-публіцыстычнай форме рэалістычна паказвала бяспраўнае жыццё сялянства, эксплуатацыю яго памешчыкамі. У творы выявіліся бунтарскія настроі сялянскіх мас. Сваё вызваленне яны спадзяюцца атрымаць ад «цара-бацюхны», але разумеюць, што цар заадно з панамі. Дэмакратызм, праўдзівасць, прастата і даходлівасць, жывая мова робяць твор яркім узорам нар. л-ры.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)