КАСАБЛА́НКА (араб. Дар-эль-Бейда, літар. — белы дом),
горад на З Марока. Адм. ц. прэфектуры Касабланка. Засн. ў 16 ст. 3,1 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Атлантычным ак. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. цэнтр Марока. Прам-сць: металаапр., маш.-буд. (у т. л. аўтазборка і суднабудаванне), харчасмакавая (у т. л. рыбакансервавая), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, хім., паліграфічная. Ун-т. Штогадовыя міжнар. кірмашы.
Вакол старога горада — медыны (16 ст.; магчыма, на месцы стараж. г. Анфа; часткова захаваліся сцены), што прымыкае да порта (докі, 1916, франц. арх. А.Перэ), паўкругам разросся сучасны горад з няправільнай сеткай вуліц, вял. плошчамі, шматпавярховымі жылымі, канторскімі, культавымі будынкамі, у т. л. царква Сакрэ-Кёр (1930—52, арх. П.Турнон, П.Буске), палацавы будынак Махакма-пашы (1941—52, арх. П.Кадэт; аналагічны ісп.-маўрытанскаму палацу Альгамбра), «Лібертэ» (1950, арх. Л.Марандзі; выш. 78 м). На гал. плошчы ансамбль ратушы, Палаца суда, т-ра, паштамта, агляднай вежы з гадзіннікам, фантан колерамузыкі. На ўскраіне кварталы 1-павярховай традыц. забудовы з унутр. замкнёнымі дварамі, рынкамі, мячэцямі (Новая медына, Айн-Шок). На ПдЗ — раён віл, пляжаў, на ПнУ — прамысл. зона.
т. 8, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГРЫБ (араб. захад),
1) уласна М. — агульная назва ў геагр. і гіст. л-ры з часоў Араб. халіфата групы краін у Паўн. Афрыцы на З ад Лівіі (Туніс, Алжыр, Марока).
2) Вялікі М., або Араб. Захад (у адрозненне ад Араб. Усходу — Машрык), уключае дадаткова тэр. Лівіі, Маўрытаніі і Зах. Сахары. У сярэднія вякі ў паняцце М. ўключаліся таксама мусульманская Іспанія (Андалусія) і інш. ўладанні былога Араб. халіфата ў зах. ч. Міжземнага мора.
т. 9, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБД АЛЬ-КЕРЫ́М (1881 або 1882 — 7.2.1963),
паліт. і дзярж. дзеяч Марока. Атрымаў багаслоўскую адукацыю. За заклікі да вызв. барацьбы ў 1915 зняволены. У 1921 узначаліў вызв. барацьбу рыфскіх плямёнаў супраць ісп., з 1925 франц. каланізатараў. Прэзідэнт (эмір) [1921—26] Рыфскай рэспублікі. У 1926 захоплены французамі і сасланы на в-аў Рэюньён. У 1947 атрымаў дазвол на выезд у Францыю пры ўмове, што не будзе займацца паліт. дзейнасцю. Уцёк і пасяліўся ў Каіры, дзе ўзначаліў (1948—56) Камітэт вызвалення Арабскага Магрыба.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБДАРАХМА́Н III ан-Насір
(Перамаганосны; 7.1.891—961),
эмір (з 912), халіф (з 929) Кардоўскага эмірата. У выніку 30-гадовай барацьбы з мясц. феадаламі і плямёнамі аднавіў адзінства эмірата, які распаўся пры яго папярэдніках. Падначаліў Сеуту (Марока), Таледа (Іспанія); яму плацілі даніну Леон і Навара. Устанавіў дыпламат. адносіны з Візантыяй і Атонам І у Германіі. Стварыў мацнейшы на Міжземным моры флот. Сфарміраваў гвардыю з еўрап. (пераважна славянскіх) рабоў. Спрыяў развіццю навук і мастацтва. Яго праўленне — вяршыня магутнасці кардоўскіх Амеядаў.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КІЯ ПЛАТО́,
міжгорныя плато і раўніны ў сістэме Атласа, у Алжыры і Марока. Выш. ад 700 м на У да 1200 м на З. Герцынская складкавая аснова высокіх плато перакрыта чахлом асадкавых мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. На паверхні шмат катлавін з салёнымі азёрамі (шотамі), да якіх накіраваны даліны уэдаў. Клімат субтрапічны паўпустынны. Ападкаў 200—400 мм за год. Расліннасць — разрэджаныя хмызнякі і дзярнінныя злакі (у т. л. альфа) на шэра-карычневых глебах; вакол шотаў — галафіты і палын. Жывёлагадоўля. Арашальнае земляробства.
т. 4, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЭТА́НІЯ (лац. Mauretania),
старажытная вобласць на ПнЗ Афрыкі на тэр. сучасных Алжыра і Марока. Асн. яе насельніцтвам былі плямёны бербераў. У канцы 2-га тыс. да н.э. прыбярэжныя раёны М. каланізаваны фінікійцамі. З 3 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Карфагенскай дзяржаве. Пасля падзення Карфагена ў 146 да н.э. — пад уплывам Рыма. У 45 н.э. ўключана ў склад Рымскай імперыі, падзелена на 2 правінцыі: М. Тынгітанскую і М. Цэзарэйскую. У 429 заваявана вандаламі, у 534 вернута Візантыі. У 7—8 ст. падпарадкавана арабамі.
т. 10, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРБЕ́РСКІЯ МО́ВЫ,
група сваяцкіх моў карэннага белага насельніцтва Паўн. і Зах. Афрыкі. Належаць да семіта-хаміцкіх моў і ўтвараюць моўныя астраўкі ў араб. асяроддзі. Падзяляюцца на 2 дыялектныя групы: кабільская, берабер, шлех, туарэг, зенага і інш. (пераважна на тэр. Марока, Маўрытаніі і Сахары); сукупнасць моў пад агульнай назвай зенет (Алжыр, Туніс, Трыпалітанія). Берберскім мовам уласцівы афіксацыя і ўнутраная флексія кораня, які можа складацца з дзвюх ці трох зычных. Большая частка моў беспісьмовая. Да гэтай групы адносяцца і мёртвыя мовы: лівійская, нумідыйская і гетульская.
Літ.:
Завадовский Ю.Н. Берберский язык. М., 1967.
А.Я.Міхневіч.
т. 3, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЮ́ЛА, гуаюла (Parthenium argentatum),
каўчуканосная расліна сям. складанакветных. Пашырана ў пустынях паўн. ч. Мексіканскага нагор’я (да 2000 м над узр. мора), а таксама на Пд ЗША (штат Тэхас). Раней культывавалася ў ЗША, Мексіцы, Іспаніі, Алжыры, Марока, Закаўказзі і ў Сярэдняй Азіі. На Беларусі не вырошчваецца.
Вечназялёны моцна разгалінаваны паўкуст выш. да 1 м, з доўгім разгалінаваным стрыжнёвым коранем. Лісце ланцэтнае або лапатчатае, выемчастае або перыстараздзельнае. Кветкі ў дробных кошыках на доўгіх кветаносах. Лісце, кветаносы і аднагадовыя галіны ўкрыты кароткімі густымі серабрыстымі валаскамі. Каўчук маюць у каранях і галінках.
т. 5, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬМАХА́ДЫ,
дынастыя берберскіх эміраў, якая правіла ў Марока і арабскай Іспаніі ў 1147—1269.
Засн. ў выніку дзейнасці ісламскай секты на чале з Ібн Тумартам, які змагаўся супраць рэліг. плыні Альмаравідаў. Пасля смерці Ібн Тумарта (1128) яго пераемнік Абд аль-Мумін [1133—63] скінуў Альмаравідаў (1147), і дзяржава Альмахадаў распасцерлася на ўсю Паўн.-Зах. Афрыку. На працягу 12 ст. эміры з Альмахадаў заваявалі араб. Іспанію, іх дзяржава дасягнула эканам. і культ. росквіту. Паражэнне ад хрысц. каралёў Кастыліі, Навары і Арагона ў 1212 паклала пачатак выцясненню Альмахадаў з Іспаніі; імкненне да самастойнасці намеснікаў падарвала іх магутнасць у Афрыцы. У 1269 Альмахады разгромлены Мерынідамі.
т. 1, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫ ГО́РАД,
горад з асаблівым міжнар. рэжымам, вылучаны ў самаст. паліт. адзінку, прававы статус якога вызначаецца міжнар. дагаворамі і гарантуецца дзяржавамі ці міжнар. арг-цыямі. Назва засталася ад сярэднявечча, калі вольнымі гарадамі называлі ням. гарады Гамбург, Брэмен, Рэгенсбург, Любек, Франкфурт-на-Майне і інш., што не залежалі ад феад. княстваў. Паступова вольныя гарады ўраўняліся з імперскімі гарадамі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 статус вольнага горада атрымаў Кракаў, паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 — Гданьск (Данцыг). Пасля 2-й сусв. вайны быў распрацаваны статус вольнага горада Трыесту (Італія), але не быў уведзены. Рэжым, блізкі да вольнага горада, існаваў у Танжэры (Марока), Зах. Берліне і інш.
т. 4, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)