старажытная мера (адзінка) масы. Назва паходзіць ад златніка — стараж.рус. залатой манеты масай 4,2 г. Лікавае значэнне З. ў 16—19 ст. мянялася: у ВКЛ З. = 3,9 г (прыблізна), у Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. З. = 1/96 фунта = 4,266 г. З. карысталіся пры вызначэнні пробы каштоўных металаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТА́К,
1) на Беларусі ў апошняй чвэрці 16 ст. назва паўгроша літоўскага, парытэтнага 5 пенязям; у апошняй чвэрці 17 ст. назва траяка 1570—1620-х г., (вартасць 5 грошаў у медных шэлегах — барацінках).
2) Папулярная назва манеты вартасцю ў 5 капеек на тэр. Беларусі, Украіны, Расіі і інш. з 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСТО́ЛЬ (франц. pistole, ісп. pistola),
старадаўняя іспанская залатая манета. Чаканілася ў 16—18 ст., маса 6,20 г; з 1786—5,92 г. У 17 ст. назву «П». атрымалі практычна ўсе залатыя манеты, якія былі роўныя па масе ісп. П. Абарачаліся ў Францыі (гл.Луідор), Італіі, Германіі і інш. краінах. Выйшлі з абарачэння ў канцы 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕ́РС (франц. avers ад лац. adversus павернуты тварам),
правы (галоўны) бок манеты, медаля, банкноты. Аверсам манет, як правіла, лічыцца бок з партрэтам манарха, яго манаграмай або імем ці выявай інш. асобы (пры іх адсутнасці — з гербам або абазначэннем наміналу); на аверсе мемарыяльных манет змешчана сюжэтная выява; медалёў — паведамленне аб нагодзе выпуску; банкнот — герб і подпіс адказных асоб. Параўн.Рэверс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРТ,
бакавая паверхня (рабро) манеты, абмежаваная плоскасцямі аверса і рэверса. З 2-й пал. 16 ст. на гурце некат. заходнееўрап. манет змяшчалі легенды (надпісы), з канца 17 ст. рабілі карбоўку (геам. або раслінны арнамент) з мэтаю ўскладніць падробку і псаванне манет. Пазней спец. апрацоўка гурта стала ўсеагульнай.
Карбоўка на гурце расійскіх манет 18 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУКА́Т (італьян. ducato ад позналац. ducatus герцагства),
агульнаеўрапейская назва залатой манеты, якую з 1284 чаканіла Венецыя. Чаканілі ў Венгрыі і Чэхіі (каля 1325—26), Германіі (сярэдзіна 14 ст.), Польшчы (1320, 1528), ВКЛ (1562). На тэр. Беларусі ў 14—16 ст.найб. пашыраны венгерскі Д., у 16—18 ст. абарачаўся Д. Паўд. Нідэрландаў і Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЭ́УС (ад лац. aureus залаты),
залатая старажытнарымская манета, якую пачаў выпускаць Юлій Цэзар пасля Гальскіх паходаў (58—51 да нашай эры). Сістэматычна чаканілася з часу праўлення Аўгуста (30 да нашай эры — 14 нашай эры) да праўлення Канстанціна I (306—337), які замяніў аўрэус солідам. За гэты час маса манеты зменшылася з 8,18—8,19 да 5,45—5,46 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНАМІНА́ЦЫЯ (ад дэ... + лац. nominatio найменне),
узбуйненне грашовай адзінкі краіны (без яе перайменавання) з мэтай упарадкавання грашовага абарачэння і надання большай паўнацэннасці нац. валюце. Часта прычынай Д. бываюць складанасці тэхн. забеспячэння (друкаванне грашовых знакаў, захаванне неабходных суадносін паміж рознымі купюрамі, выраб разменнай манеты буйных наміналаў і да т.п.) грашовага абарачэння ва ўмовах інфляцыі. У Рэспубліцы Беларусь апошняя Д. нац. валюты адбылася ў 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́СЬКАЎСКІ СКАРБ,
манетны скарб, знойдзены ў в. Мароські Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. ў 1971. Скарб ухаваны ў 1655—56. У гліняным гаршку знаходзіліся білонныя і сярэбраныя манетыВКЛ, Рэчы Паспалітай, Шведскай Прыбалтыкі, Курляндыі, Брандэнбурга, Прусіі, герцагстваў Цешын і Сучава, Іспанскіх Нідэрландаў, Рэспублікі Злучаных Правінцый, з якіх вядомы 5682 экз. Адзін з найбуйнейшых грашовых скарбаў 17 ст., выяўленых на Беларусі. Зберагаецца ў Мінскім абл. краязн. музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРКО́ЎСКІ МАНЕ́ТНЫ СКАРБ Знойдзены ў 1912 у в. Пяркі Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Ухаваны ў 1653—54. Утрымліваў 1512 сярэбраных, білонных і медных манет, сярод якіх паўгрошы ВКЛ, грошы польскія, паўтаракі Рэчы Паспалітай. Ад інш. манетных скарбаў 17 ст. на тэр. Беларусі адрозніваецца вял. колькасцю торнераў Шатландыі (48 экз.). Трансільванскі драйпёлькер 1637 зберагаецца ў Эрмітажы, астатнія манеты перададзены для пераплаўкі ў Пецярбургскі манетны двор.