ЧО́РНАЕ МО́РА,

міжземнае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай і М.​Азіяй. На ПнУ Керчанскім прал. злучана з Азоўскім м., на ПдЗ пралівам Басфор — з Мармуровым м. і далей цераз праліў Дарданелы з Эгейскім і Міжземным морамі. Абмывае берагі Расіі, Украіны, Грузіі, Румыніі, Балгарыі і Турцыі. Пл. 422 тыс. км². Сярэдняя глыб. 1300 м, найб. глыб. 2210 м. Берагі парэзаны мала, на Пн адзіны буйны п-аў Крымскі. На З і ПнЗ берагі нізкія, на У і Пд да мора ўшчыльную падыходзяць горы Вял. і М. Каўказа і Пантыйскія горы. Паўд. бераг Крымскага п-ва гарысты. Найб. буйныя залівы каля паўн.-зах. берагоў: Каркініцкі, Каламіцкі, Дняпроўска-Бугскі, Днястроўскі, Варненскі, Бургаскі, каля паўднёвых — Сінопскі і Самсунскі. Астравоў мала, найб. значныя Беразань і Змяіны. Упадаюць буйныя рэкі: Дунай, Днестр, Паўд. Буг, Дняпро, Рыёні, Кызыл-Ірмак.

Рэльеф дна — катлавіна са стромкімі схіламі, акружаная вузкай паласой мацерыковай водмелі, якая расшыраецца ў паўн.-зах. ч. (глыб. 100—200 м). Клімат паўн. ч. ўмераны з адносна мяккай зімой і цёплым летам; паўд. ч. — субтрапічны з цёплай дажджлівай зімой і гарачым сухім летам. Зімой урываецца кантынент. палярнае паветра, што суправаджаецца ападкамі і халоднымі паўн. і паўн.-ўсх. вятрамі, асабліва моцнымі ў раёне г. Новарасійск, дзе іх наз. бара. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. ў цэнтр. ч. мора каля 8 °C, каля ўсх. берагоў 6 °C, каля паўн.-зах. — 3 °C, на ПдУ і Пд — 6—9 °C; у ліп. — 22—24 °C. Колькасць ападкаў на З і ПнЗ 300—500 мм. на У і ПдУ 1500—2500 мм, на Пд 750—800 мм за год. Восенню бываюць моцныя смерчы. Т-ра вады на паверхні ў адкрытым моры зімой 6—8 °C, на ПнЗ і на Пд ад Керчанскага праліва — да 0,5 °C. Летам т-ра вады 22—25 °C. Салёнасць вады каля 18 ‰, паблізу вусця рэк 3—9 ‰. Ільды ўтвараюцца зімой у залівах паўн.-зах. і паўн.-ўсх. частак. Прыліўныя ваганні ўзроўню не перавышаюць 10 см, сейшавыя — не больш за 60 см. На глыб. больш за 150 м у вадзе ёсць серавадарод, канцэнтрацыя якога каля дна дасягае 11—14 мл/л, таму на вял. глыбінях у моры жывых арганізмаў няма, акрамя анаэробных бактэрый. Цячэнні непастаянныя, залежаць ад вятроў. Пераважае агульны цыкланічны характар руху вады 2 кругаваротаў зах. і ўсх. ч. мора. Расл. і жывёльны свет прыстасаваны да паверхневага слоя вады. У Ч.м. да 160 відаў рыб, з якіх прамысл. значэнне маюць хамса, стаўрыда, скумбрыя, пеламіда, шпрот, асятровыя, кефалі і інш. Водзяцца звычайная калючая акула, або катран, дэльфіны, цюлень-манах.

Асн. порты: Адэса, Ільічоўск (Украіна), Новарасійск (Расія), Поці, Батумі (Грузія), Канстанца (Румынія), Варна, Бургас (Балгарыя), Трабзон, Сіноп (Турцыя). На ўзбярэжжы шматлікія курорты: Паўднёвага берага Крыма (Украіна), Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа (Расія, Грузія), Залатыя Пяскі і Сонечны Бераг (Балгарыя), Мамая (Румынія) і інш.

т. 17, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХУ́НДАЎ Мірза Фаталі (12.7.1812, г. Шэкі, Азербайджан — 10.3.1878),

азербайджанскі пісьменнік, філосаф, грамадскі дзеяч, заснавальнік азерб. драматургіі і маст. прозы. Атрымаў духоўную адукацыю ў г. Гянджа, вучыўся ў руска-азерб. вучылішчы ў г. Шэкі. Служыў перакладчыкам (1834—61), выкладаў перс. і цюрк. мовы ў Тыфліскім пав. вучылішчы. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (паэма «На смерць Пушкіна», 1837). У камедыях «Мала Ібрагім Халіл, алхімік...», «Мусье Жардан, батанік...», «Прыгоды скнары», «Везір Ленкаранскага ханства», «Правазаступнікі ў горадзе Таўрызе», сатыр. аповесці «Падманутыя зоркі» (усе 1850-я г.) рэалістычна адлюстраваў сучаснае яму грамадства. У артыкулах адстойваў рэаліст. мастацтва. У 1873 на аснове лацінскага і рускага склаў алфавіт, прыстасаваны да гукавой сістэмы азерб. мовы. Яго светапогляд фарміраваўся пад уплывам філасофіі Б.​Усходу, ідэй франц. матэрыялістаў 18 ст. Не падзяляючы ідэі пра Бога як першакрыніцу свету, выступаў за «прагрэс і цывілізацыю», супраць усх. дэспатызму і тыраніі. У 1860-я г. падтрымліваў ідэю абмежавання ўлады манарха прадстаўнічым органам, дапускаў магчымасць прымусовай ліквідацыі ўлады прыгнятальнікаў. Пазней наблізіўся да разумення ролі эканам. дамінанты ў развіцці грамадства. Аўтар філас.-паліт. трактата «Тры пісьмы...» (пераклаў яго на рус. і перс. мовы), філас. арт. «Крытыка «Ёк кельме», «Адказ філосафу Юму» і інш.

Тв.:

Избранные философские произведения. Баку, 1982;

Рус. пер. — Избранное. Баку, 1988.

Н.​Р.​Гуранаў.

М.Ф.Ахундаў.

т. 2, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗ (франц. gaz ад грэч. chaos хаос),

агрэгатны стан рэчыва, у якім слаба звязаныя малекулярнымі сіламі часціцы рухаюцца свабодна і пры адсутнасці знешніх палёў раўнамерна запаўняюць увесь дадзены ім аб’ём. Газ, у якім энергію ўзаемадзеяння паміж часціцамі можна не ўлічваць, наз. ідэальным газам. Яго стан апісваецца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем.

Рэальныя газы пры звычайных умовах мала адрозніваюцца ад ідэальнага, а пры памяншэнні ціску і павышэнні т-ры па ўласцівасцях набліжаюцца да яго; часцей іх стан апісваецца Ван-дэр-Ваальса ўраўненнем. Пры паніжэнні т-ры газы дасягаюць крытычнага стану, пры далейшым ахаладжэнні і павышэнні ціску адбываецца звадкаванне газаў. Калі рух часціц падпарадкоўваецца законам класічнай механікі, газ наз. нявыраджаным (рэальныя газы), а калі квантавыя ўласцівасці часцінак газа пераважаюць — выраджаным (электронны газ у металах пры тэмпературах, блізкіх да 0 К). Пры нізкіх т-рах газы добрыя дыэлектрыкі, але пры пэўных умовах могуць праводзіць эл. ток (гл. Электрычныя разрады ў газах). Мех. ўласцівасці газаў вывучаюцца ў газавай дынаміцы і аэрадынаміцы. Газы складаюць асн. масу атмасферы, пашыраны ў зямной кары, маюць вял. значэнне ў існаванні жывых арганізмаў (гл., напр., Дыханне, Газаабмен) і біягеахімічным кругавароце рэчываў, газы прыродныя гаручыя — кашт. сыравіна для хім. і газавай прам-сці, крыніца забеспячэння разнастайных бытавых, тэхн. і інш. патрэб гаспадаркі.

А.​І.​Болсун.

т. 4, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБЛЮДАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца развядзеннем і выкарыстаннем вярблюдаў. Развіта ў зоне пустынь, паўпустынь і сухіх стэпаў Азіі, Афрыкі і Паўн.-Усх. Еўропы. Гадуюць 2 віды вярблюдаў: аднагорбых (драмедараў) — жывёл гарачага клімату і двухгорбых (бактрыянаў), прыстасаваных да суровых, марозных зім. Ва ўсім свеце каля 11 млн. вярблюдаў (1995), найб. іх у краінах Паўн. Афрыкі (каля 7 млн. галоў, толькі аднагорбыя), Зах., Сярэдняй і Паўд. Азіі (ад Турцыі да Індыі, ад Аравіі да Казахстана і прыкаспійскіх тэр. Расіі; каля 2 млн. галоў, пераважна аднагорбыя, на Пн двухгорбыя), у Манголіі і на суседніх тэр. Расіі і Кітая (больш за 1 млн. галоў, толькі двухгорбыя). У некат. краінах Азіі распаўсюджаны гібрыды аднагорбых і двухгорбых вярблюдаў, якія вызначаюцца большымі памерамі, магутнасцю і вынослівасцю.

Вярблюдагадоўля — вельмі эканамічная галіна жывёлагадоўлі. Вярблюды круглы год пасуцца на пашы, кормяцца раслінамі, якія не паядаюць або мала паядаюць інш. свойскія жывёлы. Могуць піць саленаватую ваду. У неспрыяльныя для пашы перыяды іх падкормліваюць сенам, а ў час напружанай работы і ў злучны сезон — канцэнтраванымі кармамі. Уючны вярблюджы транспарт зараз страціў сваё значэнне, хоць характарызуецца высокай праходнасцю і таннасцю перавозак. Малако вярблюдзіц мае вял. колькасць тлушчаў, бялкоў і малочнага цукру, ідзе ў асн. на кумыс, з яго вырабляюць таксама масла і сыры. Мяса маладых (узрост 18—19 месяцаў), добра ўкормленых вярблюдаў, не саступае па пажыўных якасцях мясу буйн. раг. жывёлы; мяса жывёл, забітых ва ўзросце 19—20 гадоў, выкарыстоўваюць на прыгатаванне каўбасных вырабаў і кансерваў. Тлушч з гарбоў — каштоўны харч. прадукт. З шэрсці вырабляюць бобрык, трыкат. вырабы, фастрыгаваныя коўдры. Выкарыстоўваюцца таксама скуры. Ва ўсіх краінах, дзе развіта вярблюдагадоўля, вярблюды выкарыстоўваюцца як цяглавая жывёла. Развіта гадоўля вярблюдаў для спартыўных мэт. У многіх краінах вядзецца селекцыйная работа і стварэнне новых парод вярблюдаў.

т. 4, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАБРО́ (лац. Argentum), срэбра,

Ag, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 47, ат. м. 107,8682; адносіцца да высакародных металаў. Прыроднае С. складаецца з 2 стабільных ізатопаў; ​107Ag (51,35%) і ​109Ag. Самы пашыраны з высакародных металаў; у зямной кары 7∙10​−6% па масе. Трапляецца ў свабодным стане (Серабро самароднае) і ў выглядзе мінералаў (гл. Сярэбраныя руды). Вядома з глыбокай старажытнасці.

Бліскучы метал белага колеру, мяккі і пластычны, tпл 961,93 °C, 2167 °C, шчыльн. 10491 кг/м³. Мае найб. з усіх металаў цепла- і электраправоднасць, высокую адбівальную здольнасць (С., асаджанае ў вакууме на шкло, адбівае 95% бачнага святла). Хімічна мала актыўнае. У паветры не акісляецца. Пры пакаёвай т-ры ў прысутнасці кіслароду ўзаемадзейнічае з серавадародам з утварэннем чорнага сульфіду Ag2S (вырабы з С. ў паветры цямнеюць). Раствараецца ў азотнай (утвараецца серабра нітрат AgNO3) і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах. З галагенамі ўтварае серабра галагеніды. Пры награванні ўзаемадзейнічае з халькагенамі, фосфарам, мыш’яком і вугляродам. Вядомы шматлікія комплексныя злучэнні С., у якіх каардынацыйны лік С. роўны 2, 3 і 4, напр., комплексныя цыяніды шчолачных металаў M​I(Ag(CN)2]. З інш. металамі ўтварае сплавы і шматлікія штэрметаліды. Атрымліваюць пераважна як пабочны прадукт пры перапрацоўцы свінцовых, цынкавых і медных руд. Выкарыстоўваюць у асн. для вырабу фота- і кінаматэрыялаў (30—40% усяго С., якое вырабляецца), сярэбрана-цынкавых акумулятараў для касм. і абароннай тэхнікі, люстраў (гл. Серабрэнне), як каталізатар у арган. сінтэзе; сплавы для вырабу прыпояў, кантактаў, элементаў рале і інш. у электратэхніцы і электроніцы, манет, ювелірных вырабаў, сталовага і хім. посуду, пламбіравання і пратэзавання ў стаматалогіі; калоідны раствор С. як бактэрыцыдны прэпарат (каларгол, пратаргол).

Літ.:

Малышев В.М., Румянцев Д.В. Серебро. 2 изд. М., 1987.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСЬМО́,

графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.

Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж. дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс. да н.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт. Беларускі алфавіт, Графіка.

Літ.:

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ. М., 1982;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963.

А.​М.​Булыка.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.

Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый I), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.​Ляпуновым і тульскія на чале з І.​Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс. чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс. чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.

Кр.:

Восстание И.​Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.

Літ.:

Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЬСКІЯ ПЕ́СНІ, купалка, купалле, купайло, янаўскія песні,

песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай на працягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.

Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).

Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.

Публ.:

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.​Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.​Ліс, Г.​Таўлай. Мн., 1985.

Літ.:

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье. Мн., 1986;

Гл. таксама літ. да арт. Каляндарныя песні.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 9, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕАДАЛІ́ЗМ (ад феод),

тып сац.-эканам. сістэмы, які характарызуецца поўнай або частковай адсутнасцю таварнасці, наяўнасцю натуральнай гаспадаркі, манапольнай уласнасцю феадалаў на зямлю і няпоўнай уласнасцю на непасрэдных вытворцаў, прысваеннем феадаламі дадатковага прадукту шляхам эксплуатацыі сялян. У марксізме — грамадска-эканам. фармацыя, якая папярэднічала капіталізму.

Ф. прыйшоў на змену рабаўладальніцкаму (гл. Рабства, а ў краінах, дзе не было рабаўладальніцкага ладу (Англія, Германія, Расія і інш.), — першабытнаабшчыннаму ладу (гл. Першабытнае грамадства). У гіст. развіцці Ф. адрозніваюць 3 этапы: ранні (яго станаўленне), развіты і позні (працэс яго распаду і зараджэння капіталізму). У Зах. Еўропе існаваў з 5—6 ст. да 18 — сярэдзіны 19 ст. У Расіі, на Беларусі і Украіне — у 9—19 ст., у Кітаі — з пач. н.э. да 20 ст. Існавалі 2 асн. сістэмы арганізацыі с.-г. вытворчасці: паншчына і аброк. У Зах. Еўропе храналагічна першай была адработачная рэнта. Яе змяніла натуральная рэнта, якая з развіццём таварна-грашовых адносін заменена грашовай. На Беларусі да сярэдзіны 16 ст. пераважала натуральная рэнта, якая спалучалася з адносна невялікімі адработачнымі павіннасцямі. З 2-й пал. 16 ст. на 3, а з 18 ст. і на У Беларусі пераважала адработачная рэнта. У краінах Усходу пераважала дзярж. зямельная ўласнасць, натуральная, а часткова грашовая феад. зямельная рэнта, якая збіралася ў цэнтралізаваным парадку. Пры Ф. гал. галіна гаспадаркі — земляробства; асн. патрэбы феадалаў і сялянства забяспечваліся ўнутры маёнтка, таварная гаспадарка мела дапаможны характар. Для Ф. характэрны слабы грамадскі падзел працы. Прылады працы ўдасканальваліся марудна, мала павялічваўся аб’ём вытворчасці. Хутчэй раслі гарады — цэнтры рамяства і гандлю. Асн. класамі пры Ф. былі феадалы і сяляне, якія знаходзіліся ў пэўнай форме залежнасці ад іх. Ступень асабістай залежнасці сялян ад феадалаў была рознай. У шэрагу краін Ф. набыў форму прыгонніцтва (гл. Прыгоннае права). У Зах. Еўропе склалася іерархічная структура феад. зямельнай уласнасці і адпаведна класа феадалаў. Кожны феадал валодаў зямлёю (феодам, ленам), атрыманай ад інш. феадала на пэўных умовах. Падапечны феадал (васал) залежаў ад таго, хто яго апекаваў (сеньёра). Ва Усх. Еўропе, у т. л. на Беларусі, ленная сістэма не атрымала пашырэння і класічная феадальная іерархічная структура не склалася. Клас феадалаў усюды меў паліт. ўладу. Прыгонныя сяляне не мелі паліт. правоў. Беларусі ўласцівы запаволенае і расцягнутае ў часе фарміраванне Ф., а таксама працягласць познафеад. перыяду. Шляхецкае саслоўе (гл. Шляхта) у ВКЛ да 16 ст. дамаглося вельмі шырокіх паліт. і эканам. прывілеяў. Пры фармальна-юрыдычнай унутрысаслоўнай роўнасці шляхецкае саслоўе паводле маёмаснай прыкметы падзялялася на 3 праслойкі: магнаты, сярэднезаможныя землеўладальнікі і дробная шляхта (не мела прыгонных і апрацоўвала зямлю самастойна). Эксплуатацыя сялян узмацнілася ў выніку ўсталявання фальваркова-паншчыннай сістэмы ў перыяд позняга Ф. (гл. Фальварак). З канца 18 ст., калі бел. землі ўвайшлі ў склад Рас. імперыі, царызм імкнуўся захаваць непарушнымі феад.-прыгонніцкія парадкі і прывілеі дваранства. Ён даў дваранскія правы магнатам і сярэднезаможным землеўладальнікам, большасць дробных шляхціцаў была аднесена да сялян-аднадворцаў (гл. Разбор шляхты). У перыяд позняга Ф. ў Зах. Еўропе большасць сялян атрымала асабістую свабоду. Разам з мяшчанамі яны складалі адно непрывілеяванае саслоўе. Насельніцтва феад. горада было неаднароднае. Яно падзялялася на вярхі (купцы, багатыя ўладальнікі майстэрняў), асн. масу бюргерства (рамеснікі, дробныя гандляры) і нізы (гарадскія чорнарабочыя). У гарадах існавалі прафес. аб’яднанні рамеснікаў, якія рэгулявалі вытворчасць (цэхі), і саюзы купцоў (гільдыі). У барацьбе супраць феадалаў, якая часта мела характар узбр. паўстанняў, гараджане заваёўвалі права на самакіраванне (гл. Магдэбургскае права) і гарантыі сваёй рамесна-гандл. дзейнасці. Феад. дзяржава найчасцей мела форму манархіі. Пазней буйныя раннефеад. манархіі распаліся на вял. колькасць самаст. і паўсамаст. дзярж. утварэнняў. Саслоўную манархію замяніла абсалютная (гл. Абсалютызм). Існавалі і феад. рэспублікі (Фларэнцыя, Венецыя, Генуя і інш. ў Італіі, Ноўгарад, Пскоў у Расіі). Пануючае становішча ў ідэалогіі належала рэлігіі. Пад яе ўплывам развіваліся філасофія, мараль, мастацтва і інш. формы грамадскай свядомасці. Уся эпоха Ф. напоўнена вострай барацьбой сялянства супраць феад. прыгнёту. Найб. антыфеад. паўстанні і войны: Жакерыя ў Францыі (1358), Уота Тайлера паўстанне 1381 у Англіі, Сялянская вайна 1524—26 у Германіі, у Расіі — Балотнікава паўстанне 1606—07, Сялянская вайна 1670—71 пад кіраўніцтвам С.​Ц.​Разіна, Сялянская вайна 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.​І.​Пугачова, на Беларусі — Антыфеадальная вайна 1648—51, Крычаўскае паўстанне 1743—44 і інш. Сялянскія паўстанні пахіснулі асновы Ф. і былі адной з найгалоўнейшых прычын скасавання прыгоннага права. Удасканаленне прылад працы ў 15—16 ст. спрыяла расшырэнню таварнай вытв-сці і абмену, росту грамадскага падзелу працы. З развіццём прадукцыйных сіл у нетрах Ф. зараджаўся капіталіст. спосаб вытв-сці (гл. Капіталізм). Бурж. рэвалюцыі і рэформы паклалі канец існаванню Ф. У Расіі і Беларусі распад Ф. пачаўся ў 2-й пал. 18 ст. Сялянская рэформа 1861 паклала канец панаванню Ф., аднак рэшткі яго праіснавалі да 20 ст.

Літ.:

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;

Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада: Пер. с фр. М., 1992.

т. 16, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАКАРТЫ́Я (ад філа... + лац. carta, charta ад грэч. chartēs папера, спісаны ліст, кніга),

калекцыяніраванне, як правіла ілюстраваных, паштовых картак (паштовак). Зарадзілася ў канцы 19 ст., калі пачаўся масавы выпуск паштовак, якія атрымалі міжнар. пашырэнне як самы танны від паштовага адпраўлення. Першая паштоўка выпушчана ў 1869 у Аўстра-Венгрыі (у Расіі ў 1872); першая ілюстраваная — у 1870 у Германіі і Францыі (у Расіі ў 1895).

У 1878 на 1-м Сусв. паштовым кангрэсе ў Парыжы прыняты міжнар. стандарт паштоўкі: 9 × 4 см; у 1925 — 10,5 × 4,8 см. Першапачаткова адваротны бок прызначаўся для адраса (спец. месца для пісьма не прадугледжвалася), з 1904 яе левая палова адведзена для пісьма. Сучасныя ілюстраваныя паштоўкі падзяляюцца на мастацкія (рэпрадукцыйныя і арыгінальныя) і дакументальныя (фотапаштоўкі). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі першыя арг-цыі філакартыстаў, пачалі выдавацца спец. часопісы і каталогі, адбыліся міжнар. выстаўкі і кангрэсы калекцыянераў і выдаўцоў паштовак. У б. СССР штогод выдавалася 7—8 тыс. сюжэтаў паштовак агульным тыражом 2,5—3,5 млрд. экз. Матэрыялы па Ф. друкаваліся (да 1992) у зб. «Савецкі калекцыянер» і час. «Филателия СССР».

На Беларусі першыя ілюстраваныя паштоўкі з’явіліся ў 1890-х г. — у Мінску, Гродне, Брэсце. З 1900-х г. паштоўкі пачалі выдаваць прыватныя выд-вы, кніжныя магазіны, фотаатэлье Ліды, Слуцка, Кобрына, Рагачова і інш. Найб. значным быў выпуск паштовак у 1905—10 (друкаваліся ў губернскіх, павятовых і нават заштатных гарадах). У гады 1-й сусв. вайны ням. акупац. ўлады выдалі пэўную колькасць паштовак з відамі гарадоў Беларусі для патрэб армейскай палявой пошты. Шэраг паштовак быў надрукаваны ўрадам БНР. У 1923 створана Усерас. т-ва філатэлістаў, у якім існавала секцыя Ф. Аддзяленні т-ва існавалі ў Мінску, Гомелі, Рагачове, Віцебску, Мазыры. Да канца 1930-х г. дзейнасць т-ва заняпала ў сувязі з арыштамі яго членаў органамі АДПУ—НКУС. У 1925 Нар. камісарыят пошт і тэлеграфаў СССР выдаў бел. неілюстраваныя паштоўкі для міжнар., а ў 1926 для ўнутр. карэспандэнцыі. У канцы 1920-х г. невял. серыі паштовак выпусціла Дзярж. выд-ва БССР тыражамі па 5 тыс. экз., а ў пач. 1930-х г. — Дзярж. выд-ва мастацтва. У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. існавалі групы, т-вы, клубы калекцыянераў, у т. л. філакартыстаў, у Вільні, Брэсце, Гродне, Беластоку, Лідзе, Лунінцы, Кобрыне, Баранавічах, Слоніме, Пінску і інш., паштоўкі выпускалі Беларускае выдавецкае таварыства, выд-ва Ф.​Аляхновіча і інш. выд-вы ў Вільні, Гродне, Брэсце, Слоніме, Навагрудку. У Вял. Айч. вайну шматлікія калекцыі бел. філакартыстаў загінулі ці вывезены ў Германію. У першыя пасляваенныя гады ў Беларусі друкавалася мала паштовак, але ў 1961 Дзярж. выд-ва БССР (з 1963 «Беларусь») надрукавала 77 відаў паштовак агульным тыражом больш за 3,5 млн. экз., а ў 1966—136 відаў агульным тыражом 23 млн. экз. У 1966 у СССР створана Усесаюзнае т-ва філатэлістаў, пры якім дзейнічала секцыя Ф. Аддзяленне т-ва створана і на Беларусі. У 1992 створаны Саюз філатэлістаў Беларусі, пры якім існуе секцыя Ф. Секцыя Ф. існуе і пры Мінскім т-ве калекцыянераў. З 1990 выдаецца газ. «Беларускі калекцыянер», якая змяшчае матэрыялы пра Ф.

Літ.:

Подлипский А.М. Белоруссия на почтовых открытках. Мн., 1988;

Целеш В. Мінск на старых паштоўках. Мн., 1984;

Яго ж. Гарады Беларусі на старых паштоўках. 2 выд. Мн., 2001.

А.​А.​Суша.

т. 16, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)