ГЕ́ЙГЕР, Гайгер (Geiger) Ганс Іаган; 30.9.1882, г. Нойштат-ан-дэр-Вайнштрасэ, Германія — 24.9 1945),

нямецкі фізік-эксперыментатар. Чл. Берлінскай АН (1937). Вучыўся ў Эрлангенскім, Мюнхенскім і Манчэстэрскім ун-тах. З 1907 выкладаў у Манчэстэрскім, Кільскім, Цюбінгенскім, Берлінскім ун-тах. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў. У 1908 вызначыў зарад электрона; разам з Э.Рэзерфардам вынайшаў прыладу для падліку асобных мікрачасціц (гл. Гейгераўскі лічыльнік); разам з англ. фізікам Дж.​Неталам прапанаваў эмпірычную формулу сувязі пастаяннай распаду з энергіяй альфа-часціц (1911—12; закон Гейгера—Нетала); разам з В.Ботэ даказаў справядлівасць законаў захавання энергіі і імпульсу пры сутыкненнях элементарных часціц; разам з англ. фізікам Э.​Марсдэнам эксперыментальна пацвердзіў формулу Рэзерфарда па рассейванні альфа-часціц.

т. 5, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАВА́ЛЬНЫ БЛОК ЭВМ,

частка ЭВМ, прызначаная для каардынацыі супольнай работы працэсара, знешніх, запамінальных і інш. блокаў і прылад машыны ў адпаведнасці з алгарытмам яе функцыянавання. Мае рэгістры адрасоў і камандаў, лічыльнік камандаў, дэшыфратар аперацый, пульт кіравання для ўзаемадзеяння чалавека з машынай і інш., што забяспечвае захоўванне і расшыфроўванне камандаў, фарміраванне і перадачу інш. прыладам кіравальных сігналаў, неабходных для рэалізацыі выліч. працэсу.

Асн. функцыя К.б. — кіраванне выкананнем камандаў і аперацый. Выбарка камандаў з праграмы ажыццяўляецца натуральным (у парадку іх паступлення; рэалізуецца лічыльнікам камандаў) ці прымусовым (па адрасе з папярэдняй каманды ўмоўнага або безумоўнага пераходу) спосабам. Развіццё структуры і архітэктуры ЭВМ, сістэм інтэрпрэтацыі ўваходнай мовы прывяло да значнага павелічэння патокаў кіравальнай інфармацыі, таму да К.б. дадаткова далучаюць блокі папярэдняга прагляду камандаў, аналізу праграм, мікрапраграмнага кіравання, дынамічнай адрасацыі віртуальнай памяці і інш., што пераўтварае яго ў асобны працэсар перапрацоўкі кіравальнай інфармацыі.

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЗА́ТАР,

прыстасаванне для адмервання (дазіравання) зададзеных масы або аб’ёму вадкіх ці сыпкіх матэрыялаў. Бываюць вагавыя (адмерваюць па масе) і аб’ёмныя (па аб’ёме), перыядычнага (дыскрэтнага) і бесперапыннага дзеяння, адна- і шматкампанентныя (з паслядоўным дазіраваннем некалькіх матэрыялаў), з ручным і аўтам. кіраваннем.

Д. перыяд. дзеяння звычайна маюць бункерную кампаноўку, выкарыстоўваюцца ў тэхнал. працэсах з верт. размяшчэннем абсталявання. Д. бесперапыннага дзеяння — бункернага і стужачнага тыпаў, выкарыстоўваюцца ў працэсах з гарыз. размяшчэннем абсталявання і канвеерным транспартаваннем матэрыялаў. Аб’ёмныя і аб’ёмна-вагавыя Д. робяць у выглядзе карэтачнай, стужачнай, пласціністай або вібрацыйнай сістэмы (напр., у асфальтазмешвальных устаноўках). Д. выкарыстоўваюць у вытв-сці буд. матэрыялаў, у металургіі, хім., харч. і фармацэўтычнай прам-сці, на транспарце, у гандлі і інш.

І.​І.​Леановіч.

Схемы дазатараў: а — аб’ёмнага (1 — мерная пасудзіна, 2 — матэрыял, які дазіруецца; 3 — адсякальнік, што закрывае мерную пасудзіну і знімае лішкі матэрыялу); б — вагавага (1 — засаўка, якая прадухіляе паступленне матэрыялу на стужку да запаўнення мернай ёмістасці 2, 3 — транспарцёр); в — штучнага (1 — бункер, 2 — загатоўкі, 3 — адсякальныя штыфты, 4 — фотаэлемент, 5 — лічыльнік загатовак, 6 — крыніца святла).

т. 6, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕНЕ́РА»,

назва серыі савецкіх аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для вывучэння Венеры і касм. прасторы, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.

У 1961—83 запушчана 16 «Венер» («Венера-1» 12.2.1961; 20.5.1961 яна прайшла на адлегласці каля 100 тыс. км ад Венеры і выйшла на арбіту спадарожніка Сонца). Пачынаючы з «Венеры-3» АМС складаюцца з арбітальнага адсека і спускальнага апарата. «Венера-3» здзейсніла першы ў свеце палёт касм. лятальнага апарата на іншую планету (16.11.1965 стартавала, 1.3.1966 дасягнула паверхні Венеры). «Венера-4» правяла першыя прамыя даследаванні атмасферы Венеры (1967), «Венера-7» зрабіла першую мяккую пасадку на Венеру (1970). «Венера-4» — «Венера-8» вывучалі размеркаванне ціску, шчыльнасць, т-ру, хім. састаў атмасферы. «Венера-9» — першы штучны спадарожнік Венеры (першая здымка паверхні Венеры, 1975). «Венера-13» і «Венера-14» (1982) перадалі каляровыя панарамы месцаў пасадкі і даследавалі хім. састаў грунту. На «Венеры-15» і «Венеры-16» (1983) замест спускальнага апарата ўстаноўлены радыёлакатар, з дапамогай якога праведзена здымка паўн. паўшар’я Венеры: выяўлены горныя хрыбты, кратэры, пласкагор’і, разломы, шматлікія вынікі тэктанічнай актыўнасці планеты.

Н.​А.​Ушакова.

Да арт. «Венера». Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Венера-5»: 1 — панэль сонечнай батарэі; 2 — арбітальны адсек; 3 — датчык астраарыентацыі; 4 — датчык сонечнай арыентацыі; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі арбіты; 6 — мікрарухавікі сістэмы астраарыентацыі; 7 — лічыльнік касмічных часціц; 8 — блікаахоўны экран; 9 — востранакіраваная антэна; 10 — спускальны апарат.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)