ЛІ́ПАВЫЯ ЛЯСЫ́, ліпнякі,

фармацыя шыракалістых лясоў, у якіх пераважае ліпа. На Беларусі ўтвараюцца на месцы дуброў і ялова-шыракалістых лясоў. Займаюць багатыя, добра дрэніраваныя, гумусаваныя дзярнова-падзолістыя супясчаныя і сугліністыя глебы. Пл. 0,03%. Адрозніваюць 5 тыпаў Л.л.: кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы і чарнічны. Дрэвастоі складаюцца з некалькіх ярусаў. 1-ы ярус (акрамя ліпы): асіна, бяроза (павіслая і пушыстая), вольха чорная, граб, дуб, елка, клён, ясень; 2-і — вязавыя, елка, граб, клён. Падлесак добра развіты (крушына ломкая, ляшчына, парэчкі, рабіна, чаромха і інш.). Высокапрадукцыйныя, маюць ахоўнае, гідралагічнае і прамысл. значэнне, каштоўныя меданосныя плантацыі.

Ліпавыя лясы: 1 — вясной; 2 — восенню.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМАРА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ (ад лац. nemoralis лясны),

сукупнасць раслінных згуртаванняў, звязаных паходжаннем з шыракалістымі лясамі. Пашырана ў Цэнтр. Еўропе, сярэдняй паласе Усх. Еўропы, на Каўказе, Д. Усходзе, ва ўсх. ч. Паўн. Амерыкі.

Фларыстычны склад Н.р. сфарміраваўся ў трацічным перыядзе (каля 60 млн. г. назад) з лісцевых (бук, дуб, каштан, клён, ліпа, ляшчына, ясень і інш.) і хваёвых (метасеквоя і таксодыум) парод дрэў і травяністых мнагалетніх раслін (немаросаў), пераважна эфемероідаў (ветраніца, медуніца, падалешнік і інш.). У шырокім сэнсе Н.р. ахоплівае ўсе згуртаванні, што ўласцівы падзоне шыракалістых і часткова хваёва-шыракалістых лясоў. Змяняецца пад уплывам дзейнасці чалавека.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́ДЗЕЛЬСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва сярэдзіны 19 ст. ў г. Скідзель Гродзенскага р-на. Парк мяшанага пейзажна-рэгулярнага тыпу. Пл. 4,8 га. На тэрыторыі парку 2 каналы. У ніжняй ч. парку захаваліся рэшткі старых прысад з ліпы, конскага каштана звычайнага, грабавыя шпалеры; у яе кампазіцыі творы архітэктуры малых форм: капліца, уязная брама ў выглядзе 2 круглых мураваных вежачак з конусападобнымі дахамі. Верхняя ч. парку больш багатая паводле дэндралагічнага складу. Растуць экзоты: хвоя веймутава, ліпа амер., арэх шэры, акацыя белая, ясень звычайны (форма ніцая) і інш.

В.​Р.​Анціпаў.

Скідзельскі парк. Схема планіроўкі.

т. 14, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАТРО́ФЫ [ад грэч. mykes грыб + ...троф(ы)],

мікатрофныя расліны, расліны, якія ўтвараюць мікарызу і атрымліваюць пажыўныя рэчывы з глебы з дапамогай гіфаў грыбоў, звязаных з каранямі. Да М. адносіцца большасць відаў раслін — усе голанасенныя, большасць аднадольных (75%) і двухдольных (80—90%), за выключэннем некат. аднагадовых, асакі, дзеразы, хвашчоў і водных раслін. Адрозніваюць 3 групы М.: расліны, якія не развіваюцца з насення без спалучэння з грыбам-сімбіёнтам (архідныя); расліны, якія могуць расці без мікарызы, але лепш развіваюцца пры спалучэнні з грыбам (многія дрэвы, кусты); расліны, што часта маюць мікарызу, але ў спрыяльных умовах жыўлення добра развіваюцца і без спалучэння з грыбам (напр., бяроза, ліпа, многія кусты).

т. 10, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́БІНА ((Sabina) Карал) (29.12.1813, Прага — 9.11.1877),

дзеяч чэш. нац.-вызв. і рэв. руху, літаратар. Вучыўся ў Пражскім і Венскім ун-тах. Адзін з арганізатараў тайнага радыкальнага гуртка «Чэшскі рыпіл» (1844, на ўзор ірл. Асацыяцыі рыпілераў). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Чэхіі лідэр радыкальных дэмакратаў, рэдактар шэрагу іх газет і часопісаў, член Сватавацлаўскага к-та, яго ваен. арг-цыі «Сворнасць» і паліт. саюза «Слав. ліпа». У 1849 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на 18 гадоў зняволення), у 1857 амнісціраваны. У 1859—72 быў інфарматарам аўстр. паліцыі. Аўтар літ.-крытычных і літ.-тэарэт. твораў, рамантычных апавяданняў і раманаў сац. зместу, лібрэта оперы Б.​Сметаны «Прададзеная нявеста».

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬВА́Р (франц. boulevard),

паласа дрэвавых або кустовых насаджэнняў уздоўж гар. вуліц, праспектаў і набярэжных. Як форма зялёных насаджэнняў бульвары з’явіліся ў гарадах Зах. Еўропы ў 17—18 ст. Прызначаюцца для дэкар. ўпрыгожвання вуліц і паляпшэння іх сан.-гігіенічнага стану, аховы будынкаў ад пылу, газу і шуму, рэгулявання руху транспарту і пешаходаў. Ствараюцца бульвары пераважна ў буйных гарадах і прамысл. цэнтрах.

Бываюць бульвары закрытыя (для трансп. патокаў) і адкрытыя (для пешаходаў), размяшчаюцца абапал ці на адным (пры недастатковай шырыні) баку вуліцы. Для стварэння бульвараў выкарыстоўваюцца алейныя і групавыя пасадкі дрэў, жывыя агароджы, кусты і кветнікі. Найб. прыдатныя для бульвараў. газаўстойлівыя, са шчыльнай кронай дрэвавыя і кустовыя расліны (каштан, ліпа, бяроза бародаўчатая, вяз шурпаты, акацыя жоўтая і інш.).

Бульвар Шаўчэнкі ў Мінску.

т. 3, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РАВА,

геалагічнае агаленне на правым беразе р. Бярэзіна (за 30 км ніжэй г. Барысаў, паміж вёскамі Мурава Бярэзінскага і Пабярэжжа Барысаўскага р-наў Мінскай вобл.); помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Лінзы адкладаў муравінскага міжледавікоўя ўскрываюцца ў 2 ярах і на ўскраіне в. Мурава. Найб. тыповыя — у вяршыні невял. яра Чортаў Куст (Мурава 2) за 20 м ад вады. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (ліставатыя тарфы, гумусаваныя супескі) 4,7 м, даўж. каля 15 м. Па пылку, спорах, насенні, пладах, шышках і хвоі, ствалах дрэў вызначана каля 100 відаў дрэвавых, кустовых і травяністых раслін (граб звычайны, клён раўнінны, ліпа буйналістая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх і інш.). З’яўляецца стрататыпам муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі.

Г.​І.​Літвінюк.

Геалагічнае агаленне Мурава.

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЙКАЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Савейкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Закладзены ў 1850 на пл. каля 10 га як сядзіба ў маёнтку Т.​Навіцкага. Пейзажнага тыпу. Цэнтр паркавай кампазіцыі — палац (зруйнаваны ў Вял. Айч. вайну, адноўлены ў 1950-я г. ў стылі неакласіцызму, цяпер — будынак санаторыя «Савейкі»), перад ім — партэр, абсаджаны масівамі з мясц. лісцевых парод. На ПнЗ ад палаца вял. паляна з ахоўнымі масівамі па перыметры. З паўн. боку — вял. штучны вадаём, пратокай звязаны з сістэмай вадаёмаў уздоўж узлеску. Дэндрасклад уключае больш за 25 відаў дрэў і кустоў, у т. л. елка, таполя белая, вольха, ліпа галандская, бэз венгерскі, ірга каласацветная, каліна канадская і інш.

А.​М.​Кулагін.

Савейкаўскі парк. Схема планіроўкі.

т. 14, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВА́Я АГАРО́ДЖА,

радавая пасадка з кустоў або дрэў са шчыльнымі густымі кронамі аднолькавай вышыні. У зялёным буд-ве Ж.а. выкарыстоўваюць для аховы дарог, зямельных участкаў. агароджвання жылой забудовы, афармлення прысад, бульвараў, сквераў, у паркавых і лесапаркавых кампазіцыях і інш. Яна павінна быць густой, аблісцелай па ўсёй вышыні, мець геаметрычна правільную форму. У дэкар. мэтах Ж.а. рэгулярна падстрыгаюць.

Высокімі (вышэй за 2,5 м) Ж.а., ці зялёнымі сценамі, выдзяляюць кампазіцыйныя цэнтры лесапаркаў, адмяжоўваюць паркі ад вуліцы або плошчы, Сярэднія (выш. 1—2.5 м) робяць у скверах і на бульварах. Нізкімі (ніжэй за 1 м), або бардзюрамі, афармляюць партэры, кветнікі, газоны. паркавыя дарожкі. На Беларусі для стварэння Ж.а. прыдатныя туя, елка звычайная, ліпа, граб, спірэі, барбарыс, біручына, глогі, самшыт і інш.

Жывая агароджа ў Гомельскім парку імя Луначарскага.

т. 6, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Засн. ў 1768 на паўд. ускраіне г. Кобрын Брэсцкай вобл. пры сядзібе, якая з 1795 належала А.​В.​Сувораву (уваходзіла ў маёнтак Кобрынскі Ключ), з 1808 — маёру Гельвігу, з сярэдзіны 19 ст. — Аляксандру Міцкевічу (брат Адама Міцкевіча).

У 18 ст. пл. парку 3—4 га, цяпер — 60 га. Парк быў абкружаны валам і ровам, у цэнтры размяшчаўся пладовы сад і сажалка. У плане амаль квадратны, з рэгулярнай сістэмай алей, злучаных маляўнічымі дарожкамі. Кампазіцыйная вось — цэнтр. алея, завершаная невял. сажалкай, над якой стаяў драўляны дом Суворава (разабраны ў 1894). На яго месцы ў 1950 устаноўлены бюст палкаводца (скульпт. І.​М.​Рукавішнікаў). Створаны штучны вадаём з абводным каналам. У парку да 70 парод дрэў і дэкар. кустоў (ліпа, клён, явар, пірамідальныя таполі, туя і інш.).

А.​М.​Мартынаў.

Кобрынскі парк. Схема планіроўкі.

т. 8, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)