ЛЕ́ПЕШАЎ Іван Якаўлевіч (н. 23.10. 1924, в. Іскозы Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1985), праф. (1987). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1959). Настаўнічаў. З 1971 выкладае ў Гродзенскім ун-це. Даследуе фразеалогію, мову маст. л-ры, культуру мовы і маўлення. Аўтар прац «Фразеалогія ў творах К.​Крапівы» (1976), «Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора» (1981), «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы» (1984), «Прыказкі як моўныя адзінкі і іх стылістычнае выкарыстанне» (1995, з М.​А.​Якалцэвіч). Складальнік «Фразеалагічнага слоўніка для сярэдняй школы» (1973, з Н.​В.​Гаўрош і Ф.​М.​Янкоўскім), «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў» (ч. 1—2, 1981—93), слоўніка «З народнай фразеалогіі» (1991), «Фразеалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—2, 1993), «Слоўніка беларускіх прыказак» (1996, з Якалцэвіч), вучэбных дапаможнікаў.

Тв.:

Моўныя самацветы. Мн., 1985; Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн., 1989; Фразеалогія сучаснай беларускай мовы. Мн., 1998; У слоўнікавую скарбонку. Гродна, 1999.

т. 9, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЦЫЯТЫ́ЎНЫ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, у якім фіксуюцца семантычныя сувязі паміж словамі (з указаннем іх частаты), выяўленыя ў выніку прамога псіхалінгвістычнага апытання носьбітаў мовы (інфармантаў).

Інфармантам даецца слова-стымул і прапануецца адказаць на яго першым словам-рэакцыяй (свабодны асацыятыўны эксперымент) альбо сінанімічнымі, антанімічнымі, тэматычна звязанымі і інш. словамі-рэакцыямі (накіраваны асацыятыўны эксперымент). Вынікі такіх эксперыментаў афармляюцца ў выглядзе розных тыпаў асацыятыўных слоўнікаў. Прамы асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-стымулаў і ўсіх выяўленых на іх слоў-рэакцый ці толькі тых, што сустрэліся ў адказах 10 і больш інфармантаў, т.зв. ўстойлівыя асацыяцыі. Адваротны асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-рэакцый і ўсіх слоў-стымулаў, што выклікалі іх, ці толькі тых, якія з’яўляюцца ўстойлівай асацыяцыяй. Слоўнік асацыятыўных нормаў сумяшчае рысы прамога і адваротнага асацыятыўных слоўнікаў. Асацыятыўны тэзаўрус на падставе выяўленых сувязяў паміж словамі пэўнай мовы групуе іх у семантычныя палі, вызначае ўзаемаадносіны паміж імі і гэтак далей

На Беларусі выдадзены толькі прамы «Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы» А.​І.​Цітовай (1981).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАНЧА́К Леанід Іванавіч (н. 12.11.1958, в. Пранчакі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт і публіцыст. Скончыў БДУ (1981), Мінскі лінгвістычны ун-т (1999). Працаваў на радыё і тэлебачанні, у друку, у тэатры. Друкуецца з 1972. Паэзія П. (зб-кі «Першапутак», «Ясак любові», абодва 1988; «Вольны птах», «Біблія для каханай», абодва 1998) вызначаецца любоўю да Бацькаўшчыны, перажываннямі за сучасны складаны час, прасякнута адкрытасцю, шчырым замілаваннем жыццём, жаночай прыгажосцю. У кн. «Беларуская Амерыка» (1994) праз інтэрв’ю з грамадз. дзеячамі, пісьменнікамі, музыкантамі, бізнесменамі, рабочымі і інш. расказаў пра Беларусь і беларусаў у свеце, бел. замежжа. Піша для дзяцей (зб-кі «Дзяўчынка-беларуска», 1993; «Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю», 1999; «Цар-царэвіч з Івацэвіч», 2000). Многія вершы П. пакладзены на музыку. Аўтар лібрэта рок-опер «Максім» (паводле М.​Багдановіча), «Беларушчына» (паводле Я.​Купалы). Выдаў аўдыёальбомы песень «Талака» (1998), «Пяшчота», «Цік-так, ходзікі» (абодва 1999), «Між Нью-Ёркам і Менскам» (2000), кампакт-дыск «Галоўныя словы» (1998).

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРАХО́ЎСКІ Янка (Іван Захаравіч; 4.3.1908, г.п. Бялынічы Магілёўскай вобл. — 6.4.1973),

бел. пісьменнік і літаратуразнавец. Скончыў Ленінградскі гісторыка-лінгвістычны ін-т (1931). Працаваў у рэдакцыях часопісаў, з 1948 гал. рэдактар Дзярж. выд-ва БССР, з 1957 нам. міністра культуры Беларусі, з 1959 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1961—68 дырэктар Літ. музея Я.​Купалы. Творчую дзейнасць пачаў як паэт з 1927, як літ. крытык з 1931. Даследаваў жыццё і творчасць В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, П.​Пестрака, В.​Таўлая і інш. Аўтар зб. апавяданняў «Срэбраная раніца» (1951), кн. для дзяцей «Сердалікавая бухта» (1955). На бел. мову пераклаў раманы І.​Тургенева «Рудзін» і «Напярэдадні», аповесць У.​Караленкі «Сляпы музыкант», а таксама некат. творы М.​Бубяннова, Ф.​Гладкова, А.​Первенцава, М.​Салтыкова-Шчадрына, І.​Франко, М.​Шолахава.

Тв.:

Пясняр народных дум: (Нарыс жыцця і дзейнасці Я.​Купалы): Дарэвалюцыйны перыяд. Мн., 1970;

Пясняр народных дум: Нарыс жыцця і дзейнасці Я.​Купалы: Савецкі перыяд. Мн., 1976;

Сплочаны доўг. Мн., 1978.

т. 17, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПІНА Святлана Валянцінаўна (н. 5.10.1953, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. сацыёлаг, філосаф і культуролаг. Д-р сацыялаг. н. (1994), канд. філас. н. (1985), праф. (1998). Скончыла БДУ (1975) і Мінскі лінгвістычны ун-т (2002). З 1975 у БДУ. З 1986 у Бел. ун-це культуры. З 1996 заг. кафедры Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Заснавальнік навук. школы па даследаванні сац. аспектаў кіравання з выкарыстаннем сацыялаг. метадалогіі. Навук. працы па метадалогіі сацыялаг. пазнання і методыцы сацыялаг. даследаванняў, сацыялогіі культуры, культуралогіі. Распрацавала постнеакласічную мадэль сацыялаг. пазнання. Навук. рэдактар і сааўтар працы «Культуралогія: Курс лекцый. Хрэстаматыя. Практыкум» (2003).

Тв.:

Моделирование и его роль в оптимизации процессов социальной интеграции. М., 1990;

Моделирование в социологическом исследовании. Мн., 1992;

История социологии. Мн., 1997 (у сааўт.). Социологическое познание. Мн., 1998;

Культура Беларусі ў сусветнай прасторы і гістарычным часе. Мн., 2000 (разам з А.​А.​Жарыкавай);

Социология. Практикум. Мн., 2000;

Социология. Мн., 2001;

Культурология. Мн., 2002 (у сааўт.);

Социология. Мн., 2002.

т. 18, кн. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТШ (Nitsch) Казімеж (1.2.1874, г. Кракаў, Польшча — 26.9.1958),

польскі мовазнавец-славіст; заснавальнік сучаснай польск. дыялекталогіі і адзін з заснавальнікаў кракаўскай школы мовазнаўцаў. Чл. АН у Кракаве (з 1911, з 1946 прэзідэнт), чл. і віцэ-прэзідэнт Польскай АН (з 1952), чл.-кар. АН СССР (з 1947) і інш. замежных акадэмій. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1895). Праф. Ягелонскага (1910—52; з перапынкамі) і Львоўскага (1917—20) ун-таў. Асн. працы ў галіне гісторыі польск. мовы, дыялекталогіі, лінгвістычнай геаграфіі, лексікаграфіі: «Мова польскага народа» (1911), «Паходжанне польскай літаратурнай мовы» (1913), «Дыялекты польскай мовы» (1915, 3-е выд. 1957), «З гісторыі малапольскіх гаворак» (1928), «Збор польскіх дыялектных тэкстаў» (1929, 1960), «Лінгвістычны атлас польскага Прыкарпацця» (з М.​Малецкім, 1934) і інш. Ініцыятар стварэння і рэдактар «Малога атласа польскіх гаворак» (т. 1—2, 1957—59). Адзін з заснавальнікаў «Т-ва аматараў польскай мовы» (1920) і «Польскага лінгвістычнага т-ва» (1925). Дзярж. прэміі Польшчы 1953, 1972.

Тв.:

Wybór pism polonistycznych. T. 1—4. Wrocław;

Kraków, 1954—58;

Ze wspomnień językoznawcy. Kraków, 1960.

А.​С.​Аксамітаў.

т. 11, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНАМЕНАЛІ́ЗМ,

філасофскае вучэнне, згодна з якім чалавечаму пазнанню лічыцца даступнай толькі сукупнасць элементарных пачуццёвых кампанентаў (адчуванняў), а не аб’екты матэрыяльнага свету, што існуюць незалежна ад свядомасці. Адзінай даступнай чалавеку рэальнасцю прызнае пачуццёвыя ўспрыманні, якія складаюць змест яго пазнання. Гранічны Ф. адлюстраваны ў поглядах Дж.Берклі, які разглядаў рэчы як збор ідэй у выглядзе камбінацыі адчуванняў. Д.​Юм лічыў рэчы прадуктамі ўяўлення, Дж.​С.​Міль — сукупнасцю актуальных і патэнцыяльных адчуванняў. Махісты (Э.​Мах, Р.​Авенарыус і інш.) пад рэчамі разумелі комплекс адчуванняў — элементаў «чыстага вопыту». Т. зв. аб’ектыўныя фенаменалісты прызнавалі існаванне аб’ектыўнага свету, але лічылі яго сукупнасцю непазнавальных «рэчаў у сабе», сцвярджалі, што пазнанне звязана толькі з фактамі свядомасці і не можа выйсці за яе межы (І.​Кант, А.​Шапенгаўэр, І.​Ф.​Гербарт, Р.​Г.​Лотцэ, Э.​Гаргман і інш.). Элементы Ф. характэрны для англа-амер. неарэалізму, прадстаўнікі якога атаясамлівалі матэрыяльныя аб’екты з пачуццёвымі звесткамі, адначасова прызнавалі і залежнасць аб’ектыўнага свету ад суб’екта пазнання, і яго існаванне па-за межамі свядомасці індывіда. Прадстаўнікі неапазітывізму лічылі, што пазнанне павінна абмяжоўвацца непасрэдна дадзеным вопытам ці мовай. Лінгвістычны Ф. прызнае выказванні пра матэрыяльныя аб’екты эквівалентнымі выказванням пра пачуццёвыя звесткі.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або перакладае толькі тую лексіку, якой адрозніваюцца слоўнікавыя склады 2 блізкароднасных моў або слоўнікі адной і той жа мовы. Першыя Д.с. бел. мовы — «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870) і рукапісны «Беларускі слоўнік» С.​Мядзведскага (1910), якія перакладалі на рус. мову тыя бел. словы, што лексічна і семантычна адрозніваліся ад адпаведных рус. слоў. Падобны двухмоўны Д.с. — слоўнікавы дадатак «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» да практычнага дапаможніка «Беларуская мова для небеларусаў» А.​А.​Крывіцкага, А.​Я.​Міхневіча, А.​І.​Паддужнага (1973).

Існуюць і інш. разнавіднасці Д.с.: дыферэнцыяльна-дыялектныя або абласныя даведнікі (у адрозненне ад поўных дыялектных слоўнікаў уключаюць толькі тыя дыялектызмы, якімі дадзеная гаворка або група гаворак адрозніваюцца ад слоўнікавага складу літ. мовы, напр., «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» М.​В.​Шатэрніка, 1929, «Слоўнік Гродзенскай вобласці» Т.​П.​Сцяшковіч, 1983); дыялектныя даведнікі, што ўводзяць у навук. ўжытак упершыню лексікаграфічна зафіксаваныя лексічныя і фразеалагічныя адзінкі, якія адсутнічалі ў папярэдніх рэгіянальных слоўніках (напр., «З народнай фразеалогіі: Дыферэнцыяльны слоўнік» І.​Я.​Лепешава, 1991). Асобныя даследчыкі (Крывіцкі, Г.​А.​Цыхун) вылучаюць змяшаны (дыферэнцыяльна поўны) тып дыялектнага слоўніка.

Літ.:

Норман Б.Ю. Гипотеза Сэпира-Уорфа и белорусско-русский дифференциально-семантический словарь // Актуальные проблемы лексикологии. Мн., 1970.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНШАМО́ЎНЫХ СЛОЎ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або характарызуе словы, запазычаныя з інш. моў. У слоўніку пасля загаловачнага, рэестравага слова падаецца інфармацыя аб паходжанні гэтага слова: указваецца крыніца — мова, з якой яно запазычана, зыходная іншамоўная форма (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам і гістарычным слоўнікам), тлумачацца сучасныя значэнні запазычанага слова, прыводзяцца прыклады яго выкарыстання ў спец. падабраных словазлучэннях ці сказах з пісьмовых крыніц, даюцца аднакарэнныя з рэестравымі словы (гэта робіць яго разнавіднасцю тлумачальнага слоўніка). У І.с.с. пераважаюць запазычаныя тэрміны і інш. спец. назвы іншамоўнага паходжання, што набліжае яго да тэрміналагічнага слоўніка. Бытавыя назвы іншамоўнага паходжання (акрамя экзатызмаў, якія трывала замацаваліся ў мове і не ўспрымаюцца як чужыя) у такі слоўнік не ўключаюць. Азначэнні малавядомых вузкаспец. тэрмінаў даюцца ў выглядзе разгорнутай навук. дэфініцыі ў энцыклапедычным слоўніку.

Вылучаюць І.с.с. агульнага тыпу, які сумяшчае асобныя рысы пералічаных слоўнікаў (напр., «Слоўнік іншамоўных слоў» А.​М.​Булыкі, 1993), і аспектнага: гістарычны (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» Булыкі, 1972), адваротны І.с.с., слоўнік «памылковых сяброў перакладчыка», школьны, калек, міжнар. тэрмінаэлементаў і інш.

Літ.:

Караулов Ю.Н. Обратный словарь заимствований как способ изучения лингвоэкологии // Изв. АН СССР. Сер. лит. и языка. 1979. Т. 38, № 6;

Булыка А.М. З моў блізкіх і далёкіх. Мн., 1986.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАМБУ́ЛЬСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых і буйнейшых ун-таў Турцыі. Засн. ў 1453 (паводле інш. звестак у 1321) у г. Стамбул як мусульм. вышэйшая школа. З 1846 ун-т; першая свецкая ВНУ у Турцыі. Ун-т некалькі разоў быў закрыты. У 2001/02 навуч. г. ў С.у. 25 374 студэнты, у т. л. 1928 замежных; 4812 выкладчыкаў; ф-ты: мед.; мед. імя Джэрахпашы; стаматалагічны; вет.; пед. імя Хасана Алі Юджэл; юрыд.; багаслоўскі; прыродазнаўчых навук; фармацэўтычны; сувязі; паліт. навук; лесаводства; л-ры; эканам.; кіравання гаспадараннем; інжынерны; воднай гаспадаркі. У складзе ун-та аддзяленні (інфармацыі; мастацтваў; фізкультуры і спорту; па вывучэнні турэцкай мовы, замежных моў), вышэйшыя школы (кансерваторыя; аховы здароўя Бакыркой, Шышлі; мед. сясцёр; мед. абслугоўвання; фізіятэрапіі і рэабілітацыі; грамадскіх навук; тэхн. навук; права; фізкультуры і спорту; транспарту; кіравання лесагаспадаркай), ін-ты (кардыялагічны; дзіцячага здароўя; туберкулёзу і захворванняў лёгкіх; неўралогіі; эксперыментальнай медыцыны; суд. медыцыны; анкалагічны; грамадскіх навук; прыродазнаўчых навук; аховы здароўя; марскіх навук і кіравання; прынцыпаў Атацюрка і гісторыі рэвалюцыі; кіравання эканомікай; еўраазіяцкай археалогіі; бухгалтэрыі); цэнтры даследавання (дэрматалогіі; малекулярнай анкалогіі і гемапаталогіі; медыцыны Джэрахпашы, выкарыстання медыцыны; выкарыстання нар. медыцыны; гепатапанкрэаталагічных хвароб; традыц. лекавых сродкаў; лекаў з раслін; выкарыстання генетыкі; біятэхнікі і генетычнага інжынерынгу; праблем навакольнага асяроддзя; беспрытульных дзяцей; выкарыстання камп’ютэрных навук; жаночых праблем; еўрапейскай супольнасці; лінгвістычны; правоў чалавека; прыродных багаццяў; абсерваторыі).

т. 15, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)