ЛІНО́ЛЕУМ (ад лац. linum лён, палатно + oleum алей),
палімерны рулонны матэрыял для пакрыцця падлогі.
Паводле зыходнай сыравіны (сувязнага) падзяляюць на полівінілхларыдны, гліфталевы (алкідны Л.), калаксілінавы (нітралінолеум) і гумавы (рэлін). Вырабляюць без асновы (адна- і шматслойны) і на ўмацаванай (тканіннай) або цеплагукаізаляцыйнай аснове. Прамысл.вытв-сць Л. — джутавай тканіны, пакрытай з аднаго боку слоем аксідаванага алею, распачалі ў 1864 у Вялікабрытаніі. Выкарыстоўваюць у буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюцца для атрымання алею. Назапашваюць алей пераважна ў насенні і пладах, некаторыя ў клубеньчыках (чуфа); у вадкім (травяністыя алейныя культуры, масліна, тунг) і цвёрдым (пальма, какава, васковае дрэва) стане. Культывуецца каля 50 відаў. У сусв. земляробстве найб. пашыраны соя, арахіс, сланечнік, масліна, рапс, кунжут, клешчавіна. На Беларусі вырошчваюць лён, сланечнік, каноплі (у іх насенні да 40% алею), але пераважна як тэхнічныя культуры. Гл. таксама Эфіраалейныя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАЧА́НСКАЯ ЛЁНАПРАДЗІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала на Беларусі ў 1902—41 у в. Высачаны Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляла часаны лён, пражу, пакулле, панчохі, шкарпэткі. Мела лакамабілі (2 у 1908), вадзяныя рухавікі (4 у 1910). У 1913 працавалі 594 рабочыя, было 6 тыс. прадзільных верацён. У сав. час рэканструявана. У Вял.Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Мелекес (Ульянаўская вобл. Расіі), карпусы ф-кі ўзарваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́РАЎ (Абрам Ільіч) (1907, г. Магілёў — 1943),
бел. скульптар. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1929). Асн. творы (гіпс) — «Качагар», «Плытагоны», «Лён», «С.Арджанікідзе ў разведцы і пад Барысавам» (усе 1930-я г.), праект помніка дукорскім партызанам (1940), «М.Ю.Лермантаў» (барэльеф, 1941). Прымаў удзел у афармленні Дома ўрада ў Мінску (1932—34), бел. павільёна на Усесаюзнай выстаўцы ў Маскве (1939). Загінуў на фронце.
А.Жораў. С.Арджанікідзе ў разведцы пад Барысавам. 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭБЕНЕЧАСА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для часання валакністых прыродных (бавоўна, воўна, лён) і хім. матэрыялаў пры падрыхтоўцы да прадзення. На грэбенечасальнай машыне з дапамогай стальных грабянёў вычэсваюць кароткія і пашкоджаныя валокны, раслінныя прымесі і вузельчыкі, раз’ядноўваюць, выпростваюць і паралелізуюць доўгія валокны ў атрыманай стужцы. Адрозніваюць грэбенечасальную машыну перыядычнага (найб. пашыраны) і бесперапыннага (пераважна для доўгай грубай воўны) дзеяння. З грэбенечасальнай машыны стужка паступае на стужачную машыну, потым на роўнічную, дзе вырабляецца слабаскручаная нітка — роўніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ЙНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
неарганічныя рэчывы, якія маюць солі калію, растваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць для павелічэння ўрадлівасці і паляпшэння якасці с.-г. прадукцыі пераважна на дзярнова-падзолістых, пясчаных і супясчаных, тарфяна-балотных і лутавых глебах. Асабліва эфектыўныя пры ўнясенні пад бульбу, цукр. буракі, лён, грэчку, бабовыя культуры, сланечнік. Колькасць калію ў К.у. паказваюць у працэнтах аксіду калію K2O.
Найб. пашыранае ўгнаенне — хларыд калію KCl мае 58—62% K2O. ВА«Беларуськалій» вырабляе дробназярністы і грануляваны KCl, які атрымліваюць абагачэннем сільвінітавай руды флатацыйным метадам (прадукт ружовага колеру; гл.Флатацыя) ці метадам растварэння і крышталізацыі (прадукт белага колеру). Для падкормкі раслін, якім патрэбны натрый (напр., цукр. буракі), выкарыстоўваюць змешаную калійную соль (30—40% K2O), што атрымліваюць мех. змешваннем тонказдробненай сільвінітавай руды KCl-NaCl з KCl, і сырыя калійныя солі — здробненая сільвінітавая руда (12—15% K2O). Пад с.-г. культуры (бульба, лён, тытунь і інш.), на якасць якіх адмоўна ўплывае залішняя колькасць хлору ў глебе, уносяць бясхлорныя К.ў. — сульфат калію K2SO4 (46—50% K2O), калімагнезія (падвойны сульфат калію-магнію) K2SO4-MgSO4 (24—27% K2O). Хім.прам-сць выпускае таксама канцэнтраваныя азотнафосфарна-калійныя комплексныя ўгнаенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКО́ЛЬ (Agrostemma),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі — К. звычайны (A. githago), нар. назвы зязюльчын лён, тугаль. Трапляецца рэдка. Расце як пустазелле ў пасевах збожжавых культур, на папарах і чыг. насыпах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 40—70 см. Сцябло апушанае, прамастойнае ці слабагалінастае. Лісце лінейнае, супраціўнае. Кветкі буйныя, цёмна-ружовыя, часам белыя. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне ядавітае, дамешак яго ў муцэ і кармах небяспечны для чалавека і жывёлы. Лек расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ЛЁНАПРАДЗІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА «ДЗВІНА́».
Дзейнічала на Беларусі з 1900 у маёнтку Язогнева (цяпер у межах Віцебска). Выпускала суровую і беленую льняную пражу і ніткі. Мела 10 аддзяленняў (матальнае, упаковачнае, сушыльнае, цюкавальнае і інш.). У 1900 дзейнічалі паравыя рухавікі (2) і катлы (6), у 1910—13 — 3 паравыя рухавікі. Сыравіна — лён трапаны і пакулле, паліва — дровы, з 1913 — торф. Працавала ад 335 (1900) да 1807 чал. У сав. час рэканструявана. У Вял.Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Бійск (Расія). У 1946 на базе ф-кі створаны дывановы камбінат (гл.«Віцебскія дываны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РАЎ (сапр.Штоклянд) Міхаіл Абрамавіч
(1903—28.7.1942),
бел. акцёр і рэжысёр. Засл. арт.БССР (1938). З 1926 акцёр, потым рэжысёр БДТ-1 (т-р імя Я.Купалы), у 1934—37 маст. кіраўнік Бел. трама ў Мінску. Выкананыя ім ролі герояў вызначаліся тонкім псіхалагізмам, інтэлектуальнай лагічнасцю ў спалучэнні з лірычнасцю і эмацыянальнасцю: Войшалак («Вір» Я.Рамановіча), Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Платон Крэчат (аднайм. п’еса А.Карнейчука) і інш. Пастаноўкі: «Лён» Е.Міровіча (1931, з аўтарам), «Платон Крэчат» А.Карнейчука (1936), «Апошнія» М.Горкага (1937) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯКІ́НА,
адходы малацьбы і ачысткі зерня збожжавых і некаторых інш. культур (напр., канюшыны, лёну); грубы корм, што складаецца з насенных абалонак, частак каласкоў і зярнят, расцёртых лісткоў і сцёблаў, недаспелага зерня, насення пустазелля і інш. Можа змяшчаць насенне атрутных раслін. Больш пажыўная за салому адпаведных раслін, мае больш пратэіну і попелу, менш клятчаткі. Гіграскапічная, лёгка злежваецца і псуецца. Скормліваецца буйн. раг. жывёле, коням (лепшыя сарты) і свінням прапараная і ў сумесі з сакаўнымі кармамі, брагай, мелесам і інш. Найлепшую М. даюць авёс, проса, безасцюковыя ячмень і яравая пшаніца, бабовыя і лён.