КАНДЫЛО́МЫ (ад грэч. kondyloma разрастанне, нарасць, пухліна),
абмежаванае сасочкавае разрастанне скуры і слізістых абалонак чалавека запаленчага характару. Адрозніваюць К. востраканцовыя і шырокія. Востраканцовыя К. выклікаюцца вірусам, перадаюцца палавым шляхам, маюць дольчатую будову, сядзяць на тонкай ножцы. Інкубацыйны перыяд 1—9 (у сярэднім 3) мес. Развіваюцца ў неахайных людзей на раздражнёнай, увільготненай выдзяленнямі скуры вонкавых палавых органаў у між’ягадзічных і пахвінных складках, радзей — у падпахавых ямках, вуглах рота. Шырокія К. — грыбападобныя разрастанні на шырокай аснове; найчасцей бываюць праяўленнямі другаснага перыяду сіфілісу, ганарэі, фрамбезіі. Паверхня К. можа пакрывацца язвамі. Лячэнне: ліквідацыя асн. паталаг. працэсу (лячэнне сіфілісу, ганарэі і інш.), электракаагуляцыя, хірургічнае.
М.З.Ягоўдзік.
т. 7, с. 581
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНАПАСТЫ́Т (ад грэч. balanos галоўка палавога члена + posthion крайняя плоць + ...іт),
запаленне скуры галоўкі палавога члена і ўнутр. лістка крайняй плоці. Бывае ў любым узросце. Лячэнне, што і пры баланіце. Ускладненні: фімоз, парафімоз.
т. 2, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАФІМО́З,
ушчамленне галоўкі палавога члена чалавека і жывёл у звужанай адтуліне крайняй плоці. Прыкметы: боль, ацёк, мацэрацыя і гнойнае запаленне скуры органа і крайняй плоці. Працяглы П. вядзе да ўзнікнення язваў, некрозу. Лячэнне хірургічнае.
т. 12, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРСУТЫ́ЗМ (ад лац. hirsutus махнаты, валасаты),
мужчынскі тып абваласення ў жанчын; адно з праяўленняў вірылізму. Тэрмін «гірсутызм» увёў франц. ўрач Э.Апер у 1910. Гірсутызм найчасцей бывае пры хваробах, якія ўзнікаюць пры пашкоджанні кары наднырачнікаў і палавых залоз. Праяўляецца валасатасцю на твары (вусы, барада), жываце, грудзях, руках, нагах, атлусценнем («тлусты» тып гірсутызму) з вял. колькасцю вугроў ці мужчынскімі рысамі («мышачны»); у дзяўчынак — заўчасным развіццём вонкавых палавых органаў і другасных палавых прыкмет, што ўласцівы мужчынскаму полу, адсутнасцю менструацый, павелічэннем малочных залоз (за кошт тлушчавай тканкі), грубым голасам; псіхіка і інтэлект зніжаны, палавыя пачуцці адсутнічаюць. Лячэнне хірургічнае. Валасатасць іншы раз бывае ў жанчын у клімактэрычны перыяд пры паніжэнні функцый яечнікаў. Лячэнне: электракаагуляцыя, электроліз.
т. 5, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НІКА (ад грэч. klinikē догляд ляжачага хворага, лячэнне),
спецыялізаваная лячэбна-прафілакт. ўстанова, дзе лячэнне хворых спалучаецца з падрыхтоўкай, перападрыхтоўкай, павышэннем кваліфікацыі ўрачэбных кадраў і правядзеннем навук. даследаванняў ін-тамі навуч., н.-д., удасканалення ўрачоў.
Першая К. адкрыта ў г. Страсбур (Германія) у 1728, дзе ўрачы набывалі тэарэт. і практычную мед. падрыхтоўку. У Расіі першы Ген. шпіталь адкрыты ў 1707 (Масква). У БССР у 1930-я г. бальніцы і інш. лячэбна-прафілакт. ўстановы выкарыстоўваліся як вучэбныя базы мед. ф-та БДУ і Ін-та ўдасканалення ўрачоў. К. ўваходзяць у склад мед. ВНУ ці н.-д. ўстановы і функцыянуюць у Віцебску, Гомелі, Гродне, Мінску. К., або клінічнай карцінай наз. таксама сукупнасць праяўленняў хваробы.
Э.А.Вальчук.
т. 8, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАТЭРАПІ́Я (ад псіха... + тэрапія),
лячэнне псіхічным уздзеяннем на арганізм хворага. Гісторыя П. цесна звязана з гісторыяй рэлігіі, містычных вучэнняў, пашырэннем псіхааналізу З.Фрэйда. Асн. спосаб П. — вербальнае (славеснае) уздзеянне, якое ажыццяўляецца ў форме ўнушэння на яве (сугестыя), у стане гіпнозу (транс), шляхам рацыянальнага ўплыву з выкарыстаннем логікі, пераканання і інш. Невербальныя метады прадугледжваюць тэрапію з дапамогай мімікі, жэста, музыкі, інтанацыі голасу, твораў мастацтва і інш. Паводзінскія метады П. заснаваны на прынцыпах умоўна-рэфлектарнага навучання. Вылучаюць П. агульную і асобную; сімптаматычную (лячэнне асобных сімптомаў) і асабіста-арыентаваную (асэнсаванне хворым падсвядомых механізмаў захворвання); індывід. (персанальную) і групавую (улік узаемаадносін паміж удзельнікамі групы).
Літ.:
Карвасарский Б.Д. Психотерапия. М., 1985;
Психотерапевтическая энциклопедия. СПб., 1998.
А.А.Зайцаў, У.А.Кульчыцкі.
т. 13, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТЫРЭО́З (ад гіпа... + грэч. thyreoides шчытападобны + ...оз),
хваравіты стан арганізма ад паніжэння функцыі шчытападобнай залозы. Прыкметы: стамляльнасць, фіз. і псіх. вяласць, санлівасць, замаруджанасць, зніжэнне памяці, зябкасць, азызласць твару, выпадзенне валасоў, запоры, паніжэнне асн. абмену і інш. Лячэнне — гармонатэрапія.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙШМАНІЁЗЫ,
група інфекцыйных захворванняў скуры, якія выклікаюць жгуцікавыя прасцейшыя з роду лейшманій. Крыніца інфекцыі — грызуны і хворыя людзі; пераносчыкі — маскіты. Адрозніваюць 2 клінічныя формы — гарадскую і сельскую. Вылучаюць стадыі бугарка, язвы і рубцавання. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Н.З.Ягоўдзік.
т. 9, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСТА́З (ад грэч. metastasis перамяшчэнне),
ачаг пухліннага ці запаленчага працэсу, які развіваецца ад пераносу па крыві ці лімфе паталагічнага матэрыялу (пухлінных клетак, мікраарганізмаў і інш.) з месцаў такога ж паталагічнага працэсу. Бывае адзіночны і множны. Лячэнне хірург., прамянёвае, хіміятэрапія.
т. 10, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭРО́МА (ад грэч. athēra кашка + ...ома),
кіста сальнай залозы, якая ўзнікае пры закупорцы вывадной пратокі. Бывае ў вобласці валасянога покрыва галавы, твару, шыі, машонкі ў выглядзе цвёрдай круглаватай бязбольнай пухліны. Мае цвёрдую капсулу з кашкападобнай белай масай. Магчыма нагнаенне. Лячэнне хірургічнае.
т. 2, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)