СУСВЕ́ТНАЯ ХА́РТЫЯ ПРЫРО́ДЫ,

міжнародны прыродаахоўны дакумент ААН, у якім вызначаны асн. прынцыпы аптымізацыі адносін чалавецтва і навакольнага асяроддзя, канкрэтныя меры па іх ажыццяўленні. Прынята Ген. Асамблеяй ААН у 1982. Асн. мэта — мабілізацыя сусв. грамадскасці, народаў і ўрадаў на актыўную дзейнасць па захаванні прыроднага асяроддзя. Складаецца з прэамбулы і 3 раздзелаў.

У прэамбуле адзначаецца, што прырода для чалавека з’яўляецца адзінай крыніцай энергіі і пажыўных рэчываў і ўплывае на развіццё ўсёй культуры чалавецтва. Любая форма жыцця з’яўляецца унікальнай і заслугоўвае павагі безадносна ад ступені яе сённяшняй карысці для чалавека. У 1-м раздзеле адзначаецца непарушнасць асн. прыродных працэсаў, зберажэнне генет. асновы жыцця і інш.; у 2-м — што ўмовай задавальнення патрэбнасцей чалавецтва з’яўляецца выкарыстанне біял. рэсурсаў у межах іх здольнасці да ўзнаўлення і інш.; у 3-м — пра замацаванне прынцыпаў С.х.п. ў заканадаўстве і практычнай дзейнасці дзяржаў.

т. 15, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРКАФА́Г (грэч. sarkophagos літар. пажыральнік мяса ад sarx мяса + phagos пажыральнік),

труна, невял. грабніца ў народаў старажытнасці; у шырокім сэнсе — любая архітэктурна і па-мастацку аформленая труна з дрэва, каменю, металу і інш. Найб. вядомы С. стараж.-егіпецкія (складаліся з мноства частак, першапачаткова ў выглядзе жытла, з 3-га тыс. да н.э. — муміяпадобныя), этрускія (з фігурай памерлага на вечку), эліністычныя, стараж.-рым. і раннесярэдневяковыя (аздобленыя рэльефамі і арх. дэкорам). Тып ант. С. развіваўся і ў эпоху рэнесансу і барока. У Кіеўскай Русі С. паявіліся з прыняццем хрысціянства (напр., Яраслава Мудрага ў Кіеўскім Сафійскім саборы). Самы стараж. С. на Беларусі знойдзены ў г.п. Тураў Гомельскай вобл. (12 ст.). Вядомы С. кн. Радзівілаў (17 — пач. 20 ст., Нясвіжскі касцёл Божага Цела), Сапегаў (18 ст., Гальшанскі касцёл францысканцаў).

М.​М.​Чарняўскі.

Старажытнаегіпецкі саркафаг Тутанхамона.
Саркафаг з выявай 12 апосталаў. 5 ст. (г. Равена, Італія).
Саркафаг з г.п. Тураў Гомельскай вобл. 12 ст.
Саркафаг К.​С.​Радзівіла Пане Каханку ў крыпце Нясвіжскага касцёла Божага Цела. 18 ст.

т. 14, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМО́ЎНЫЯ РЭФЛЕ́КСЫ,

індывідуальна набытыя сістэмныя прыстасавальныя рэакцыі жывёл і чалавека. Узнікаюць на аснове ўтварэння часовай сувязі паміж умоўным (сігнальным) раздражняльнікам і безумоўнарэфлекторным актам. Уласцівыя ўсім жывёлам, што маюць ц. н. с. Тэрмін «У.р.» ўведзены І.П.Паўлавым (1903). Вядучую ролю пры фарміраванні У.р. адыгрываюць вышэйшыя (для дадзенай жывёлы) аддзелы галаўнога мозга: у рыб — сярэдні мозг і мазжачок, у паўзуноў і птушак — вял. паўшар’і галаўнога мозга, у млекакормячых — кара вял. паўшар’яў галаўнога мозга.

Выпрацоўка У.р. пачынаецца з падмацавання ўмоўнага раздражняльніка, індыферэнтнага да рэакцыі, што рэгіструецца, безумоўным узбуджальнікам гэтай рэакцыі. Умоўным раздражняльнікам можа быць любая змена ўнутр. ці вонкавага асяроддзя, якая ўспрымаецца арганізмам. Калі раней індыферэнтны раздражняльнік супадае па часе з якой-н. прыстасавальнай дзейнасцю, то ён становіцца ўмоўным сігналам, які падрыхтоўвае арганізм да гэтай дзейнасці. Рэфлексы, што не падмацоўваюцца раздражняльнікамі, актыўна тармозяцца, а часам знікаюць. Выяўляецца ўсё большая здольнасць да ўтварэння складаных форм У.р. па меры філагенет. і індывід. развіцця арганізмаў. Біял. значэнне У.р. заключаецца ў пашырэнні спектра адаптыўных магчымасцей арганізма, іх хуткай дынамічнай змене, што надае паводзінам высокую ступень пластычнасці. Гл. таксама Вышэйшая нервовая дзейнасць.

Літ.:

Формирование и торможение условных рефлексов. М., 1980;

Асратян Э.А. Рефлекторная теория высшей нервной деятельности: Избр. тр. М., 1983.

С.​С.​Ермакова.

т. 16, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ЗНАЧАНЫ ІНТЭГРА́Л,

канечны ліміт інтэгральнай сумы функцыі 𝑓(x) на адрэзку [a, b]; адно з асн. паняццяў матэм. аналізу. Абазначаецца ∫ a b 𝑓(x) dx .

Геаметрычна вызначаны інтэграл выражае плошчу «крывалінейнай трапецыі», абмежаванай адрэзкам [a, b] восі Ox, графікам функцыі 𝑓(x) і ардынатамі пунктаў графіка, якія маюць абсцысы a і b.

Паводле вызначэння вызначаны інтэграл ∫ a b 𝑓(x) dx = lim λ → 0 ∑ k − 1 n 𝑓′(xk′)Δxk , дзе Δxk = xk − xk−1 — даўжыні элементарных адрэзкаў, якія атрымліваюцца ў выніку падзелу адрэзка [a, b] на n элементарных адрэзкаў пунктамі a = x0 < x1 < x2 < ... < xn = b (k = 1, 2, ...,n) ; λ — даўжыня найбольшага адрэзка Δxk; xk′ — некаторы пункт адрэзка [xk−1, xk]. Асн. сродак вылічэння вызначанага інтэграла — формула Ньютана—Лейбніца ∫ a b 𝑓(x) dx = F(b) − F(a) , дзе F(x) — любая першаісная для 𝑓(x), г.зн. F′(b) = 𝑓(x) .

Вызначаны інтэграл мае разнастайныя дастасаванні ў матэматыцы, фізіцы, механіцы, біялогіі, тэхніцы. З яго дапамогай вылічаюць плошчы крывалінейных фігур, паверхняў, даўжыні дуг крывых ліній, аб’ёмы цел, каардынаты цэнтра цяжару, моманты інерцыі, шлях цела, работу і інш.

А.​А.​Гусак.

Да арт. Вызначаны інтэграл.

т. 4, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА ПРЭДЫКА́ТАЎ, функцыянальная логіка,

раздзел логікі, у якім вывучаюцца лагічныя сувязі паміж выказваннямі з улікам іх унутранай (суб’ектна-прэдыкатнай) структуры; пашыраны варыянт логікі выказванняў. Прадметам даследавання з’яўляецца любая галіна аб’ектаў з дадзенымі на гэтых аб’ектах прэдыкатамі, г. зн. уласцівасцямі і адносінамі. У выніку фармалізацыі Л.п. прымае выгляд розных злічэнняў (напр., злічэнне выказванняў). Пры аналізе ўплыву на лагічны вывад унутр. структуры выказванняў прэдыкаты разглядаюцца як функцыі, значэннямі якіх служаць выказванні. У дапаўненне да сімвалічных сродкаў логікі выказванняў у мову Л.п. уведзены лагічныя знакі — аператары ∀ («для ўсіх») і ∃ («для некаторых», існуе... такое, што...»), якія адпаведна наз. квантарамі агульнасці і існавання. Для выяўлення структуры выказванняў уводзіцца бясконцы пералік індывідных пераменных x, y, z ... x​1, y​1, z​1, .... якія ўяўляюць сабой розныя аб’екты, і бясконцы пералік прэдыкатных пераменных P, Q, R, ..., P​1, Q​1, R​1 ..., якія ўяўляюць сабой уласцівасці і адносіны аб’ектаў. Запіс (∀x)P(x) азначае «Усякі x валодае ўласцівасцю P»; (∃x)P(x) — «некаторыя x валодаюць уласцівасцю P» і (∃xQ(xy) — «існуе x, які знаходзіцца ў адносінах Q з y» і да т.п. Квантары могуць звязваць у формулах індывідныя (звязаныя) пераменныя. Індывідныя пераменныя, не звязаныя ў формуле квантарамі, наз. свабоднымі. Так, ва ўсіх трох прыведзеных формулах пераменная х звязаная, у апошняй формуле пераменная у свабодная. Звязаныя пераменныя наз. фіктыўнымі. Формулы, якія прымаюць значэнне «ісціна» ў кожнай інтэрпрэтацыі, наз. агульназначнымі. Існуюць таксама некласічныя Л.п., якія прапануюць іншыя тлумачэнні лагічных звязак і квантара.

Літ.:

Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;

Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн. 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТАРНА-ГУКАВО́Е ПІСЬМО́, алфавітнае пісьмо,

адзін з тыпаў пісьма, асобныя знакі якога (літары) перадаюць пераважна адзін гук. Гэта можа быць фанема, алафон або любая фанема ў межах пэўнай групы акустычна падобных гукаў; часам літары злучаюцца па 2, 3 і 4 для абазначэння адной фанемы (ням. sch «ш», tsch «ч»). Перавага Л.-г. п. над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Такімі сістэмамі карыстаецца большасць народаў свету. Амаль усе яны паходзяць ад фінікійскага пісьма, пабудаванага паводле кансанантна-гукавога прынцыпу. На яго аснове ўзніклі арамейскае пісьмо і грэчаскае пісьмо, якія далі пачатак большасці алфавітных сістэм. У алфавітах, што складаліся на аснове фінікійскага пісьма, найчасцей захоўваліся назвы фінікійскіх літар і парадак іх у алфавіце. Арамейскі алфавіт стаў крыніцай арабскага пісьма (да 6 ст. н.э.), яўрэйскага пісьма (з 3 ст. да н.э.), іранскага пісьма (з 2 ст. да н.э.). Грэч. пісьмо, якое паступова распалася на зах.-грэч. і ўсх.-грэч., дало пачатак усім еўрап. алфавітам. На аснове зах.-грэч. ўзнікла этрускае пісьмо (з 7 ст. да н.э.), на аснове этрускага — лац. алфавіт (гл. Лацінскае пісьмо), які ў эпоху Рым. імперыі і ў сярэдневякоўі набыў міжнар. характар, а пазней стаў крыніцай франц., ням., англ., італьян. і інш. нац. пісьмовых сістэм зах.-еўрап. народаў. З усх.-грэч. ў 5—4 ст. да н.э. развілося класічнае грэч., потым візант. пісьмо, якое ў 9 ст. лягло ў аснову слав. кірылаўскага пісьма — кірыліцы. Кірыліца выкарыстоўвалася ў старабел. пісьменнасці. Ф.​Скарына стварыў друкарскі варыянт старабел. алфавіта, які стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Бел. пісьмовая сістэма сфарміравалася пад уплывам рус. грамадзянскага шрыфту, створанага ў выніку Пятроўскай рэформы 1708—10. Пытанне пра паходжанне другога слав. пісьма глаголіцы не вырашана.

Літ.:

Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Булыка.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптыкі, які вывучае законы распаўсюджвання святла на аснове ўяўлення пра светлавыя прамяні як лініі, уздоўж якіх перамяшчаецца светлавая энергія. У аднародным асяроддзі прамяні прамалінейныя, у неаднародным скрыўляюцца, на паверхні раздзела розных асяроддзяў мяняюць свой напрамак паводле законаў пераламлення і адбіцця святла. Асноўныя законы геаметрычнай оптыкі вынікаюць з Максвела ўраўненняў, калі даўжыня светлавой хвалі значна меншая за памеры дэталей і неаднароднасцей, праз якія праходзіць святло; гэтыя законы фармулююцца на аснове Ферма прынцыпу.

Уяўленне пра светлавыя прамяні ўзнікла ў ант. навуцы. У 3 ст. да н.э. Эўклід сфармуляваў закон прамалінейнага распаўсюджвання святла і закон адбіцця святла. Геаметрычная оптыка пачала хутка развівацца ў сувязі з вынаходствам у 17 ст. аптычных прылад (лупа, падзорная труба, тэлескоп, мікраскоп), у гэтым асн. ролю адыгралі даследаванні Г.Галілея, І.Кеплера, В.Дэкарта і В.​Снеліуса (эксперыментальна адкрыў закон пераламлення святла). У далейшым геаметрычная оптыка развівалася як дастасавальная навука, вынікі якой выкарыстоўваліся для стварэння розных аптычных прылад. Для атрымання нескажонага відарыса аптычнага лінзавая сістэма адпавядае пэўным патрабаванням: пучкі прамянёў, што выходзяць з некаторага пункта аб’екта, праходзяць праз сістэму і збіраюцца ў адзін пункт; відарыс геаметрычна падобны да аб’екта і не скажае яго афарбоўкі. Любая аптычная сістэма задавальняе патрабаванні, не звязаныя афарбоўкай, калі відарыс ствараецца параксіянальнымі прамянямі (бясконца блізкімі да аптычнай восі). Фактычна ў стварэнні відарыса ўдзельнічаюць шырокія пучкі прамянёў, нахіленыя да восі пад значнымі вугламі. У выніку наяўнасці аберацый аптычных сістэм яны не задавальняюць гэтыя патрабаванні. На аснове законаў геаметрычную оптыку памяншаюць аберацыі да дапушчальна малых значэнняў падборам гатункаў шкла, формы лінзаў і іх узаемнага размяшчэння. Для праектавання асабліва высакаякасных аптычных сістэм карыстаюцца таксама хвалевай тэорыяй святла.

Асн. палажэнні і законы геаметрычнай оптыкі выкарыстоўваюць пры праектаванні лінзавых аптычных сістэм (аб’ектывы, мікраскопы, тэлескопы і інш.), распрацоўцы і даследаванні лазерных рэзанатараў, прылад з валаконна-аптычнымі элементамі, факусатараў і канцэнтратараў светлавой, у т. л. сонечнай, энергіі, сістэм асвятлення і сігналізацыі ў аўтамаб., паветр. і марскім транспарце.

Літ.:

Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;

Борн М., Вольф Э. Основы оптики: Пер. с англ. М., 1970;

Вычислительная оптика: Справ. Л., 1984.

Ф.​К.​Руткоўскі.

т. 5, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНАЙ СПА́ДЧЫНЫ,

сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў арганізац., прававога і эканам. характару, накіраваных на зберажэнне, утрыманне і рацыянальнае выкарыстанне культ. спадчыны. Ахове падлягаюць найб. адметныя матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праявы чалавечай творчасці, што маюць выдатныя духоўныя, эстэт. і дакумент. вартасці і ўзяты пад ахову дзяржавы ў парадку, вызначаным заканадаўствам. Дзейнасць па ахове ўключае: н.-д. работу (вывучэнне, класіфікацыя, каталагізацыя і публікацыя), падрыхтоўку і выданне заканад. актаў (прызнанне пэўнага аб’екта помнікам гісторыі і культуры; прыняцце законаў, якія рэгламентуюць дзеянні ў адносінах да гіст.-культ. спадчыны; распрацоўка нарматыўных актаў пра парадак уліку, захавання і рэстаўрацыі маст. і гіст. каштоўнасцяў, кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў, папулярызацыю каштоўнасцяў як гіст. спадчыны і набытку).

У 1969 Вярх. Савет Беларусі прыняў закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», у 1992 — закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», паводле якога дзярж. палітыка Беларусі ў галіне ўліку і аховы гіст.-культ. спадчыны вызначаецца Вярх. Саветам і ажыццяўляецца Кабінетам Міністраў праз спецыялізаваны дзярж. орган аховы спадчыны — Дзярж. інспекцыю па ахове гіст.-культ. спадчыны (ДзінАС). Выпрацоўку навук.-метадычнай палітыкі ў галіне ўліку, аховы, зберажэння, выкарыстання і аднаўлення гэтай спадчыны ажыццяўляе Бел. рэсп. навук.-метадычная рада ла пытаннях гіст.-культ. спадчыны. Законам забараняецца дзейнасць, што стварае пагрозу пагаршэння стану або знікнення нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў, абмяжоўваецца або забараняецца дзейнасць, у выніку якой ствараецца пагроза існаванню ці тэхн. стану каштоўнасцяў. Усе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў могуць праводзіцца толькі з пісьмовага дазволу ДзінАСа. Асн. правы ўласнікаў каштоўнасцяў рэгулююцца законам «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Фінансаванне аховы і зберажэнне гіст.-культ. спадчыны ажыццяўляецца за кошт дзярж. выдаткаў, сродкаў уласнікаў ці карыстальнікаў каштоўнасцяў, а таксама сродкаў, што спаганяюцца з парушальнікаў рэжыму ўтрымання каштоўнасцяў і патрабаванняў закону, і інш. сродкаў, якія паступаюць на законных падставах. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помніка прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці. На Беларусі больш за 16,3 тыс. помнікаў гісторыі і культуры (1996), у т. л. 11 601 помнік гісторыі, 3048 помнікаў археалогіі, 1613 помнікаў архітэктуры, 247 помнікаў мастацтва рэсп. і мясц. значэння. Для асобнага аб’екта, групы ці комплексу помнікаў, гіст. цэнтра горада ўстанаўліваецца ахоўная зона. Кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва праводзіць любая юрыдычная або фізічная асоба, якая мае адпаведны дазвол. З мэтай папулярызацыі помнікаў, іх сістэматызацыі і вывучэння ў 1984—88 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі выпусціла «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 7 тамах (8 кнігах), які стаў афіцыйным дакументам уліку помнікаў, што ўзяты ці павінны быць узяты пад дзярж. ахову. У 1991 створана рэсп. спецыялізаваная навук. арганізацыя — Дзярж. гіст.-культ. экспедыцыя па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З грамадскіх арганізацый дзейнічаюць Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускае краязнаўчае таварыства і інш.

І.​М.​Чарняўскі.

т. 2, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЦЦЁ,

філасофскае паняцце, якім абазначаюць аб’ектыўную рэальнасць існавання ўсіх матэрыяльных і духоўных з’яў. Складанасць вызначэння гэтага паняцця абумоўлена мноствам прадметаў рэальнасці, разнастайнасцю іх якасцяў і прыкмет. У прыватнасці, аб’екты рэчаіснасці падзяляюцца на матэрыяльныя і духоўныя, жывыя і мёртвыя, прыродныя і сац.; яны могуць мець прыкметы адзінкавага і агульнага, істотнага і неістотнага, магчымага і сапраўднага. Спалучэнне гэтых прыкмет і вызначае рознае тлумачэнне прыроды быцця. Найперш быццё абазначае факт існавання пэўнага прадмета ў межах пэўнай прасторы і часу. Па-за гэтымі рамкамі настае смерць, разбурэнне, знішчэнне прадмета, адбываецца яго пераход з быцця ў небыццё. У гэтым значэнні быццё набывае абсалютнае, а небыццё адноснае значэнне. Але быццё разумеецца і як субстанцыя, аснова свету і яго асобных, канкрэтных рэчаў. Пад быццём разумеюць таксама сутнасць аб’ектаў — сукупнасць агульных, значных прыкмет аб’ектаў. Пры такім падыходзе быццё падзяляецца на рэальнае і ідэальнае. Рэальнае — гэта спалучэнне агульных, істотных прыкмет пэўнага класа прадметаў, якія зноў і зноў утвараюцца ў працэсе іх узнікнення і існавання. Тым самым агульныя прыкметы прадметаў набываюць статус абсалютнага быцця, канкрэтная рэч характарызуецца паняццем адноснага быцця. Акрамя таго, існасць (а разам з ёю і быццё) можа пераўтварацца і ў ідэальную форму, г. зн. у форму паняцця. Напр., стол можа існаваць у рэальнасці (стол — аб’ект) і ў ідэальнай рэчаіснасці як паняцце (стол — ідэя). Г. зн., што ў ідэальнай форме быцця магчымасць і рэчаіснасць як бы зліваюцца ў сваім дыялект. адзінстве, набываючы нейкі першасны субстанцыйны сэнс. Ідэя таго ж стала (як і любая іншая ідэя) становіцца вечнай, абсалютнай, нязменнай і характарызуе, з пункту гледжання аб’ектыўных ідэалістаў, сапраўднае быццё, сапраўдную рэальнасць, а канкрэтны прадмет (той жа стол) уяўляе сабой як бы копію гэтай ідэі, яе пераходны злепак, або небыццё. Таму, паводле Платона, у ідэальным свеце ёсць толькі быццё і няма небыцця, а ў свеце канкрэтных рэчаў ёсць толькі небыццё і няма быцця. Яшчэ больш складаны характар набывае праблема быцця, калі яна пераносіцца ў галіны гнасеалогіі і сацыялогіі, таму што тут гаворка ідзе пра магчымасць адлюстравання быцця, пра спецыфіку чалавечага быцця (Платон, М.​Хайдэгер). Тут ідэальнасць становіцца не толькі сэнсам адлюстравання, але і элементам існавання; самаперажыванне быцця набывае характар быційнай характарыстыкі, а паняцце небыцця становіцца сімвалам невядомага канца, асэнсаванне якога таксама надае асаблівую афарбоўку чалавечаму быццю.

Філосафы розных эпох істотна разыходзіліся ў азначэнні сутнасці быцця і небыцця, па-рознаму вызначалі іх суадносіны. Напр., прадстаўнікі стараж.-грэч. мілецкай школы лічылі, што ёсць толькі быццё, якое вызначаецца зыходнымі элементамі (стыхіямі) свету (зямля, вада, паветра, агонь). Геракліт сцвярджаў, што быццё і небыццё — гэта адно і тое ж і адначасова не адно і тое ж. Парменід лічыў, што ёсць толькі быццё, а небыцця няма. Паводле Платона, чалавек існуе адначасова ў фізічным і духоўным, вонкавым і ўнутраным сусветах, таму неабходна адрозніваць быццё эмпірычнае (пераходнае) і сапраўднае (вечнае). Для Г.​Гегеля быццё ёсць ідэальнае, божае, а прырода — другаснае быццё ідэі. Ф.​Ніцшэ лічыў, што ніякага абсалютнага быцця няма, быццё — гэта вечны ланцуг паўтораў. Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму зыходзілі з таго, што быццё вечнае і першаснае ў адносінах да свядомасці, вызначае яе функцыянаванне і развіццё, хоць сама свядомасць здольна не толькі адлюстроўваць быццё, але і аказваць уздзеянне на яго.

Літ.:

Доброхотов А.Л. Категория бытия в классической западной европейской философии. М., 1986;

Проблемы познания социальной реальности. М., 1990;

Zaslawski D. Analyse de l’être. Paris, 1982.

А.​М.​Елсукоў.

т. 3, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХОВА ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ

Ахова гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ўключае: навукова-даследчую работу па выяўленні, вывучэнні, класіфікацыі, публікацыі і папулярызацыі найб. адметных матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяў чалавечай творчасці; арганізацыю ўліку аб’ектаў спадчыны (надання ім статусу гісторыка-культ. каштоўнасці, вядзенне Дзярж. спісу гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і фарміраванне Банка звестак аб гісторыка-культ. спадчыне, аднесеных да катэгорыі інфарм. рэсурсаў дзярж. значэння); падрыхтоўку і ўдасканаленне заканадаўчых актаў, што рэгламентуюць парадак распрацоўкі і зацвярджэння навукова-праектнай дакументацыі, выкананне вытв. мерапрыемстваў, зберажэнне і выкарыстанне каштоўнасцей, кантроль за выкананнем заканадаўства па ахове гісторыка-культ. спадчыны.

Адным з першых актаў у сферы аховы гіст. спадчыны ў БССР была пастанова ЦВК ад 24.12.1923 «Аб рэгістрацыі, узяцці на ўлік і ахове помнікаў мастацтва, даўніны і прыроды, якія знаходзяцца ва ўласнасці ўстаноў, таварыстваў і прыватных асоб», якая забараняла вываз помнікаў культуры за мяжу, перадачу іх інш. асобам; перамяшчэнне аб’ектаў спадчыны павінна было ўзгадняцца з навукова-экспертнай камісіяй, створанай Наркаматам асветы БССР. У адпаведнасці з пастановай СНК БССР ад 5.7.1926 шэраг помнікаў мастацтва, архітэктуры, быту і прыроды былі нацыяналізаваны. Абавязкі па ахове помнікаў культуры ўскладаліся на акруговыя, раённыя, гар. і сельскія Саветы.

На працягу 1920—30-х г. органы аховы помнікаў неаднаразова рэарганізоўваліся. У 2-й пал. 1940-х г. гэтыя функцыі аднесены да кампетэнцыі К-та па справах архітэктуры пры СНК СССР і адпаведных органаў дзярж. кіравання саюзных рэспублік. У выніку ўдасканалення сістэмы ўліку помнікаў з канца 1940-х г. ў Беларусі, як і ва ўсім СССР, аб’екты гіст. спадчыны падзяляліся на помнікі саюзнага, рэсп. і мясц. значэння. Да канца 1960-х г пытанні іх аховы ў Беларусі рэгуляваліся нарматыўнымі актамі ўрада або паўнамоцных органаў дзярж. кіравання. У 1960-я г. ў саюзных рэспубліках утвораны добраахвотныя т-вы аховы помнікаў гісторыі і культуры. У Беларусі дзейнасць адпаведнай грамадскай арг-цыі была скіравана пераважна на ўшанаванне памяці абаронцаў Айчыны ў Вял. Айч. вайну. Яна займалася таксама фінансаваннем работ па рэстаўрацыі Сафійскага сабора ў Полацку, падрыхтоўкай праектнай дакументацыі на рэстаўрацыю Мірскага замка і інш. аб’ектаў спадчыны.

У 1969 Вярх. Савет Беларусі прыняў закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», у 1992 — закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны». У наш час дзярж. палітыка ў галіне ўліку і аховы гісторыка-культ. спадчыны вызначаецца Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляецца Саветам Міністраў, Мін-вам культуры Рэспублікі Беларусь і яго прадстаўнікамі ў мясц. выканаўчых і распарадчых органах. Гэтыя функцыі ўскладзены на ўпраўленні культуры абласных і Мінскага гар. выканаўчых к-таў, аддзелы культуры раённых і гар. выканкомаў. Выпрацоўку навукова-метадычнай палітыкі ў галіне ўліку, аховы, зберажэння, выкарыстання і аднаўлення гісторыка-культ. спадчыны ажыццяўляе Бел. рэсп. навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культ. спадчыны пры Мін-ве культуры.

Закон забараняе дзейнасць, што стварае пагрозу пагаршэння стану або знікнення нерухомых матэрыяльных каштоўнасцей, абмяжоўвае або забараняе дзейнасць, у выніку якой ствараецца пагроза існаванню ці тэхн. стану каштоўнасцей. Усе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных каштоўнасцей могуць праводзіцца толькі з пісьмовага дазволу Мін-ва культуры. Асн. правы ўласнікаў каштоўнасцей рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і адпаведнымі артыкуламі закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (1992). Фінансаванне аховы і зберажэння гісторыка-культ. спадчыны ажыццяўляецца за кошт дзярж. выдаткаў, сродкаў уласнікаў ці карыстальнікаў каштоўнасцей, а таксама сродкаў, што спаганяюцца з парушальнікаў рэжыму захоўвання каштоўнасцей і патрабаванняў закона. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помніка (каштоўнасці) прыцягваюцца да адм. або крымінальнай адказнасці.

У 1996 у Беларусі было зафіксавана каля 16 тыс. аб’ектаў, якія валодаюць прыкметамі гісторыка-культ. каштоўнасцей. Яны былі ўключаны ў Дзярж. спіс помнікаў гісторыі і культуры рэсп. значэння, спісы помнікаў мясц. значэння і «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (выдадзены ў 1984—88 у 8 кнігах), які паводле пастановы ўрада меў статус афіц. дакумента па ахове спадчыны. У наш час дзеючым заканадаўствам прадугледжана фарміраванне новага Дзярж. спіса гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. На 1.5.2004 у яго ўключаны 4813 аб’ектаў, з іх 51 адносіцца да катэгорыі духоўных каштоўнасцей (пераважна стараж. гербы бел. гарадоў), 59 з’яўляюцца рухомымі каштоўнасцямі (скарбы, калекцыі посуду, царк. інвентару, абразы, карціны, кнігі; складаюцца з больш як 6 тыс. прадметаў); 1655 аб’ектаў архітэктуры і горадабудаўніцтва, 1788 аб’ектаў археалогіі, 303 помнікі мастацтва, 1067 помнікаў абаронцам Айчыны, памятных мясцін, звязаных са знакавымі асобамі і гіст. падзеямі.

Для кожнага асобнага аб’екта, групы ці комплексу каштоўнасцей, гіст. цэнтра горада ўстанаўліваецца ахоўная зона. Кансервацыю і рэстаўрацыю гісторыка-культ. каштоўнасцей, выяўл. і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва праводзіць любая юрыд. або фіз. асоба, што валодае вызначанай кваліфікацыяй і мае адпаведны дазвол на правядзенне работ. Са сродкаў рэсп. бюджэту ажыццяўляецца фінансаванне мерапрыемстваў па развіцці прававой базы аховы спадчыны і рэстаўрацыі, дзейнасці па фарміраванні Банка звестак аб гісторыка-культ. спадчыне Рэспублікі Беларусь, рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ найб. знакавых матэрыяльных каштоўнасцей, напр., замкавы комплекс «Мір», палацава-паркавы ансамбль у г. Нясвіж, будынак Нац. акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і інш. Пры выкананні рэстаўрацыйных работ выкарыстоўваюцца і сродкі мясц. бюджэтаў, якія накіроўваюцца на выкананне розных мерапрыемстваў па зберажэнні забудовы аб’ектаў спадчыны, што знаходзіцца ў камунальнай уласнасці. У 1991 створана рэсп. спецыялізаваная навук. арг-цыя — Дзярж. гісторыка-культ. экспедыцыя па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Дзейнічаюць і грамадскія аб’яднанні: Бел. добраахвотнае т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел. фонд культуры, Бел. к-т міжнар. рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС) і інш.

На міжнар. узроўні пытанні аховы спадчыны рэгулююцца дакументамі, распрацаванымі ЮНЕСКА. Беларусь ратыфікавала 3 канвенцыі ЮНЕСКА, што разглядаюць пытанні аховы помнікаў культуры ў выпадку ўзбр. канфліктаў (1954), забароны незаконнага вывазу каштоўнасцей (1964), аховы аб’ектаў сусв. культ. і прыроднай спадчыны (1972). У адпаведнасці з апошнім дакументам фарміруецца Спіс сусв. культ. і прыроднай спадчыны, у які ўключаны Белавежская пушча і замкавы комплекс «Мір». Сярод інш. дакументаў, прынятых ЮНЕСКА, асаблівае значэнне для Беларусі маюць рэкамендацыі, скіраваныя на рэгламентацыю археал. даследаванняў, у т. л. падводнай археалогіі (1954), эфектыўных мер забеспячэння агульнадаступнасці музеяў (1960), захаванне адметнасці краявідаў (1962), аховы рухомых каштоўнасцей (1978) і інш. Актыўную пазіцыю ў справе захавання спадчыны, даследавання культ. каштоўнасцей, падрыхтоўкі спецыялістаў займаюць няўрадавыя арг-цыі ІКАМОС, Міжнар. рада музеяў (ІКОМ), міжнар. даследчы цэнтр захавання і рэстаўрацыі культ. набытку (ІККРОМ). Гэтыя арганізацыі падрыхтавалі шэраг метадычных дакументаў па ахове спадчыны, якія істотна дапаўняюць нормы нац. заканадаўства. У дзейнасці, скіраванай на зберажэнне гісторыка-культ. каштоўнасцей, спецыялісты карыстаюцца «Міжнароднай хартыяй захавання і рэстаўрацыі помнікаў і мясцін» (Венецыя, 1964), «Міжнароднай хартыяй зберажэння гістарычных садоў» (Фларэнцыя, 1982), «Міжнароднай хартыяй захавання гістарычных гарадоў і гарадскіх абшараў» (Вашынгтон, 1987), «Міжнароднай хартыяй кіравання археалагічнай спадчынай» (1990), Нарскім дакументам аб аўтэнтычнасці (1994). Рыжская хартыя (2000), якая датычыць правядзення рэканструкцыі гіст. аб’ектаў, распрацоўвалася пры актыўным удзеле бел. спецыялістаў.

Літ.:

Советское законодательство о памятниках истории и культуры: Сб. док. и материалов (1917—1972 гг.). Мн., 1972;

Конвенции и рекомендации ЮНЕСКО по охране культурного наследия. Мн., 2000;

Мартыненко И.Э. Законодательство об охране историко-культурного наследия и прокурорский надзор за его исполнением. Мн., 2001;

Несцярчук Л.М. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Мн., 2003.

І.​М.​Чарняўскі.

т. 18, кн. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)