АДКРЫ́ТЫЯ ДАГАВО́РЫ,

двухбаковыя і шматбаковыя міжнар. пагадненні, да якіх могуць далучацца і інш. дзяржавы. Адрозніваюць рэгіянальныя і агульныя адкрытыя дагаворы універсальнага характару. Да першых могуць далучацца дзяржавы пэўнага геагр. рэгіёна, да другіх — любая дзяржава. Умовы далучэння вызначаюцца ў дагаворы.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЦЫЯНА́Р (франц. stationnaire ад лац. stationarius нерухомы),

1) у шырокім сэнсе — любая пастаянная ўстанова (тэатр, бібліятэка) у адрозненне ад часовай, перасовачнай.

2) Лячэбная ўстанова, якая мае пастаянныя ложкі для хворых; бальніца.

3) Дзённае аддзяленне ў ВНУ у адрозненне ад вячэрняга і завочнага.

т. 15, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАБІ́ЛЬНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП у экалогіі,

канцэпцыя, у адпаведнасці з якой любая прыродная адносна замкнутая сістэма пры ўзаемадзеянні нежывога рэчыва і жывых арганізмаў з праходзячым праз гэтую сістэму патокам энергіі здольная да развіцця ў бок устойлівага стану пры дапамозе самарэгулюючых механізмаў (працэсаў). Такой сістэмай можа быць і біясфера Зямлі, і невял. экасістэма, напр., возера. У выпадку кароткачасовага дэстабілізуючага ўздзеяння звонку такія механізмы забяспечваюць вяртанне сістэмы да стабільнага стану, пры дасягненні якога перанос энергіі звычайна ідзе ў адным напрамку, з пастаяннай хуткасцю і садзейнічае падтрыманню ўстойлівасці сістэмы. Здольнасць да самастойнага дасягнення стану стабільнасці ўласціва толькі жывым сістэмам (папуляцыям, экасістэмам, біясферы ў цэлым). Прыватны выпадак С.п. — правіла стабільнасці ўзроставай структуры папуляцыі, у адпаведнасці з якім любая прыродная папуляцыя імкнецца да ўстанаўлення стабільнай узроставай структуры. Змены ў знешнім асяроддзі ці унутры папуляцыі звычайна прыводзіць да ўзнікнення новага стабільнага размеркавання ўзростаў у папуляцыі. Выяўлена амер. біяфізікам А.​Дж.​Лотка (1925).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 15, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ЮРЫ́СТАЎ-ДЭМАКРА́ТАЎ (МАЮД; International Association of Democratic Lawyers),

міжнародная няўрадавая арг-цыя. Створана ў кастр. 1946 па ініцыятыве франц. юрыстаў — удзельнікаў руху Супраціўлення на Міжнар. канферэнцыі юрыстаў — удзельнікаў барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. Задачы МАЮД: спрыянне развіццю кантактаў паміж юрыстамі розных краін, вывучэнню і ажыццяўленню дэмакр. прынцыпаў у міжнар. адносінах, абарона дэмакр. правоў і свабод, выступленне супраць спроб абмежавання незалежнасці народаў, розных форм каланіяльнага прыгнёту. Членамі арг-цыі могуць быць любая асацыяцыя юрыстаў (нац. або міжнар.), любая асоба, якая мае юрыд. адукацыю, займае юрыд. пасаду, прымае і падзяляе мэты і задачы асацыяцыі.

МАЮД аб’ядноўвае арг-цыі юрыстаў з 85 краін, у т. л. з Рэспублікі Беларусь. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН і ЮНЕСКА. Вышэйшы орган — Кангрэс, у перыяд паміж кангрэсамі — Савет МАЮД, які збіраецца раз у год. Друкаваны орган — час. «Revue de droit contemporain» («Агляд сучаснага права», на англ. і франц. мовах). Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія).

Г.​А.​Маслыка.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́Ў,

1) любая ўласнасць кампаніі: машыны, абсталяванне, будынкі, запасы, банкаўскія ўклады і інвестыцыі ў каштоўныя паперы, патэнты, а ў практыцы зах. краін і дзелавая рэпутацыя.

2) Частка бухгалтарскага балансу, якая адлюстроўвае матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці прадпрыемства паводле іх складу і размяшчэння.

3) Перавышэнне даходаў над расходамі ў некаторых відах балансаў (плацежных і інш.).

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЕ́Р у матэматыцы,

сукупнасць лінейна незалежных вектараў, якія маюць агульны пачатак, узятых у пэўным парадку. Калі вектары, што складаюць Р., папарна артаганальныя, то Р. наз. артаганальным, а калі пры гэтым яны маюць адзінкавую даўжыню — артанармаваным (гл. Артаганальная сістэма). Напр., у трохмернай прасторы Р. можа служыць любая тройка папарна непаралельных адной плоскасці вектараў. Гл. таксама Базіс у матэматыцы.

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАДРА́НТ (ад лац. quadrans чацвёртая частка),

1) у матэматыцы — плоскі сектар з цэнтр. вуглом у 90°, ​1/4 частка круга. К. плоскасці — любая з 4 абласцей (вуглоў), на якія плоскасць дзеліцца 2 узаемна перпендыкулярнымі прамымі. 2)У астраноміі — стараж. вугламерны інструмент для вымярэння вышыні нябесных свяціл над гарызонтам і вуглавых адлегласцей паміж свяціламі.

3) У вайсковай справе — прылада для верт. наводкі гарматы паводле зададзенага вугла ўзвышэння.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗВЫ́ШША,

участак зямной паверхні, прыўзняты адносна прылеглай тэрыторыі або суседніх частак дна вадаёма (падводнае У.); проціпастаўляецца нізіне. На сушы да У. звычайна адносяць мясцовасці з абс. вышынямі больш за 200 м. Фарміруюцца ў выніку тэктанічных, акумуляцыйных і эразійных працэсаў. У шырокім разуменні У. — любая дадатная форма рэльефу, у якой вылучаюць вяршынную ч., схілы і падэшву. На Беларусі займаюць 1/4 тэрыторыі. Буйнейшыя У. размешчаны ў межах Бел. грады: Ваўкавыскае, Навагрудскае, Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае.

т. 16, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІРЭ́ЛЬ (Demirel) Сулейман (н. 1.11.1924, Іслямкёй, пав. Іспарта, Турцыя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Турцыі. Скончыў Стамбульскі тэхн. ун-т (1949). У 1964—80 ген. старшыня Партыі справядлівасці. У 1965—71, 1975—77 (з перапынкамі), 1979—80 і ў 1991—93 прэм’ер-міністр Турцыі. Пасля ваен. перавароту 1980 двойчы інтэрніраваны (1980, 1983), апынуўся ў групе палітыкаў, якім была забаронена любая паліт. дзейнасць. Пасля вяртання ў 1983 да парламенцкага праўлення адзін са стваральнікаў, з 1987 ген. старшыня Партыі правільнага шляху (правапераемніцы Партыі справядлівасці). З 1993 прэзідэнт Турцыі.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРО́ЧЫШЧА,

1) у шырокім разуменні — любая частка мясцовасці, адметная нейкімі прыроднымі асаблівасцямі ад наваколля (лясное У., западзіна, марэнны ўзгорак і інш.).

2) У геамарфалогіі і ландшафтазнаўстве — прыродны тэр. комплекс, адна з ніжэйшых адзінак фізіка-геаграфічнага раянавання, састаўная ч. ландшафту геаграфічнага. Складаецца з генетычна, дынамічна і тэрытарыяльна злучаных фацый. Мае выпуклую або ўвагнутую форму мезарэльефу. У залежнасці ад характару пашырэння плошчы і ролі ў ландшафце вылучаюць У. асн. (дамінантныя і субдамінатныя) і другарадныя. На Беларусі вылучаюць У. марэнных або камавых узгоркаў, яроў, лагчын, карставых западзін з адпаведнымі глебамі і расліннасцю.

т. 16, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)