ДЗЕ́ВІНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Аршанскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса, за 30 км на Пн ад г. Орша. Пл. 2 км², даўж. 5,1 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 9,6 м, даўж. берагавой лініі каля 14 км. Пл. вадазбору 26,9 км². Схілы катлавіны выш. 5—10 м, пад лугам ці разараныя, асобныя ўчасткі параслі лесам. Берагі выш. 0,3—0,4 м, пад хмызняком. Падводная ч. катлавіны ўскладняецца мелямі і ўпадзінамі. Востраў пл. 0,2 га. Прыбярэжную зону да глыб. 3 м высцілаюць пяскі, глыбакаводную — сапрапелі і глеі. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 25 м. У возера ўпадаюць 9 ручаёў і каналаў, на Пн выцякае р. Серакаратнянка. Уваходзіць у зону адпачынку Дзевінскае.

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ДРАВА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка (цячэ праз возера, злучае яго з воз. Неспіш), за 7 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 3,72 км², даўж. 3 км, найб. шыр. больш як 2,2 км, найб. глыб. 12,2 м, даўж. берагавой лініі 15 км. Пл. вадазбору 808 км². Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр і нац. парк Браслаўскія азёры. Катлавіна складанага тыпу, круглаватая. Схілы выш. да 10 м, стромкія (на З і ПдУ спадзістыя), сугліністыя і супясчаныя, пад лугам і хмызняком. На Пн озавая града выш. 15—20 м, парасла лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, участкамі на Пд абразійныя. Мелкаводдзе пясчанае, да глыб. 3—4 м дно ілістае, ніжэй сапрапелістае. 3 астравы пл. 2 га. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 4 м. Пратокай злучана з воз. Поцех, упадае ручай з воз. Вера.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧА́Й, Лучайскае возера,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. ў бас. р. Мядзелка, правага прытока Дзісны. Пл. 2,51 км², даўж. 3,9 км, найб. шыр. 1,45 км, найб. глыб. 3,2 м. Даўж. берагавой лініі 12,1 км. Пл. вадазбору 19,1 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, лопасцевай формы, выцягнута з ПнЗ на Пд. Схілы катлавіны выш. да 13 м, разараныя або пад лугам, на Пд і ПдЗ нізкія, забалочаныя, парослыя лесам, на Пн, З і ПнЗ невысокія ўчасткі (3—5 м) чаргуюцца з забалочанымі нізінамі. У паўн.-зах. і паўд. частках возера вял. залівы. Берагі нізкія, пераважна забалочаныя, на Пн і Пд месцамі тарфяністыя, участкамі сплавінныя. Вакол возера забалочаная пойма шыр. да 70 м, пад хмызняком. Дно плоскае, 6 астравоў агульнай пл. 0,09 км². Літараль пясчаная, найбольш глыбокая ч. выслана сапрапелем, уздоўж берагоў нешырокая перарывістая паласа пясчаных адкладаў. Моцна зарастае. Эўтрофнае, слаба праточнае; упадаюць пратокі з азёр Лісіцкае і Бабіна, выцякае р. Лучайка (правы прыток Мядзелкі).

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУКСТ (Рыгор Канстанцінавіч) (27.11.1900, г. Гомель, — 12.11.1960),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1928, кл. Г.​Канюса). З 1929 выкладаў у Омскім, у 1932—41 Гомельскім муз. тэхнікумах, у 1944—49 і 1959—60 у Бел. кансерваторыі. З 1949 хормайстар, ў 1953—58 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, адначасова — муз. перадач Гал. ўпраўлення радыёінфармацыі Мінва культуры Беларусі. Музыцы П. ўласцівы глыбокі драматызм, вастрыня гарманічнай і меладычнай мовы. Лірычная вобразнасць, песеннасць тэматызму, заснаванага на гар. рамансавым фальклоры, уласціва сімф. і вак. творчасці. Аўтар опер «Машэка» (1945, паст. на радыё 1947), першай бел. оперы для дзяцей «Марынка» (паст. 1955), «Свіцязянка» (1960), вак.-сімф. «Паэмы аб Чырвонай Арміі» (1938), кантаты «А хто там ідзе?» (1958, на сл. Я.​Купалы), 6 сімфоній (1934, 1941, 2-я рэд. 1944, 1950, 1955, 1957, 1959), сімф. фантазіі «Перапёлачка», сюіты «Сымон-музыка», танц. сюіты для квартэта цымбалаў, 3 сюіт для секстэта домраў, 5 фуг для фп. і стр. квартэта, «Працяжнай» для фп. квартэта, інш. камерных інстр. твораў, шэрагу хораў (у т. л. «Дуб» на сл. П.​Броўкі і інш.), вак. цыкла на санеты А.​Звонака, рамансаў для голасу з фп. на сл. Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі, Ц.​Гартнага, А.​Пушкіна, А.​Блока і інш., песень (у т. л. «Шумныя бярозы» на сл. Я.​Купалы, «Лугам зеляненькім» на сл. З.​Бядулі), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Апрацоўваў бел. нар. песні (больш за 50), творы самадз. кампазітараў (больш за 20).

Літ.:

Журавлев Д.Н. Г.​К.​Пукст, заслуженный деятель искусств БССР. Мн., 1963.

Дз.​М.​Жураўлёў.

Р.К.Пукст.

т. 13, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)