ГЛІ́БАЎ ((Глебаў) Леанід Іванавіч) (5.3.1827, с. Вясёлы Падол Палтаўскай вобл., Украіна — 10.11.1893),
украінскі паэт. Майстар баечнага жанру. Скончыў Нежынскі ліцэй (1855). У 1861—63 выдавец і рэдактар штотыднёвіка «Черниговский листок». Пісаў на ўкр. і рус. мовах. Першы зб. «Вершы» (1847, на рус. мове). Аўтар паэмы «Перакаці-поле» (пач. 1850-х г.), камедыі «Да міравога» (1862), твораў для дзяцей і інш. У байках (больш за 100, зб-кі 1863, 1872 і 1882 і інш.) асуджаў прыгонніцтва, бюракратызм, хабарніцтва, падхалімства і інш. Асобныя лірычныя вершы Глібава пакладзены на музыку, сталі папулярнымі песнямі. На бел. мову паасобныя творы Глібава пераклалі Э.Валасевіч, К.Камейша.
Тв.:
Твори. Т. 1—2. Київ, 1974.
В.А.Чабаненка.
т. 5, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКІ (Апалон Апалонавіч) (10.9.1868, г. Ульянаўск, Расія — 12.1.1937),
рускі паэт, перакладчык. Рэдагаваў час. «Север», супрацоўнічаў у «Правительственном вестнике» (1895—1904). Друкаваўся з 1886. Аўтар гіст. балад, лірычных і пейзажных вершаў. Апяваў прыроду, «чыстую прыгажосць»; «Гімн прыгажосці» (1899), «Народная Русь» (1901), «Славянскія бывальшчыны» (1914) і інш. Яго паэзія вызначаецца сузіральнасцю, рацыяналістычнасцю, асобныя вершы — яркай вобразнасцю і вял. эмацыянальнасцю. Пасля 1917 амаль не пісаў. Пераклаў асобныя творы П.Беранжэ, С.Т.Колрыджа, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага. Быў знаёмы з Я.Купалам, пераклаў на рус. мову 16 яго вершаў, напісаў біягр. даведку пра яго (час. «Педагогический листок», 1914, № 1). Беларусі прысвяціў верш «Літоўскімі палямі».
Літ.:
Малютина А. Янка Купала и Аполлон Коринфский // Неман. 1961. № 1.
т. 8, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПО́ (Дзмітрый Еўдакімавіч) (кастр. 1861, г. Беліца, цяпер у межах г. Гомель — люты 1936),
расійскі і бел. пісьменнік. Скончыў Казанскі ун-т (1898). У 1885 за ўдзел у кіеўскай арг-цыі «Народнай волі» высланы ў Сібір. У 1890—92 жыў у Гомелі, з 1892 у Чыстапалі Казанскай губ., Мінусінску, Краснаярску; працаваў юрыстам, выкладчыкам. Друкаваўся з 1888 (у газ. «Минский листок», «Северо-Западном календаре на 1888 год»). У «Беларускіх апавяданнях» (1895) з дэмакр. пазіцый адлюстраваў жыццё бел. вёскі. Займаўся краязнаўствам, вывучаў побыт сіб. насельніцтва: «Горад Чыстапаль напярэдадні рэформы 17 чэрвеня 1870 г.» (1897), «Грамадскае кіраванне мінусінскіх іншародцаў» (1904), «Злачынства і пакаранне паводле стэпавага права сібірскіх качавых іншародцаў» (1905), «Аб увядзенні ўсеагульнай адукацыі ў Краснаярску» (1909).
Літ.:
Кузняева С. Судьба автора «Белорусских рассказов» // Неман. 1986. № 12.
т. 9, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
газета, афіцыйны орган Віцебскага губернскага праўлення. Выдавалася з 1838 да 23.12.1917 (5.1.1918) у Віцебску на рус. мове з рознай перыядычнасцю. Мела афіц. і неафіц. (з 1845) аддзелы. Афіц. змяшчаў пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясц. улад. Неафіц. меў значэнне самаст. газеты, з 1901 выдаваўся асобна, асвятляў падзеі ў краіне і за мяжой, жыццё Віцебска, Полацка, Веліжа і інш. нас. пунктаў губерні, друкаваў літ. творы, даследаванні па гісторыі, краязнаўстве, этнаграфіі, фальклоры (часам на бел. мове), артыкулы гасп. тэматыкі. Мела дадаткі «Телеграммы «Витебских губернских ведомостей» (1887—92, 1895—1905) і «Народный листок» (1907; выйшла 8 нумароў). З 29.12.1905 (11.1.1906) да 5(18).6.1907 замест неафіц. аддзела выходзіла прыватная газ. «Витебский голос». Са студз. 1907 выданне неафіц. аддзела адноўлена, 29.6.1912 спынена, замест яго пачала выходзіць газ. «Витебский вестник».
У.Дз.Будзько, М.В.Нікалаеў.
т. 4, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛГАРУ́КАЎ (Пётр Уладзіміравіч) (8.1.1817, Масква — 18.8.1868),
расійскі гісторык і публіцыст. Князь, з роду Далгарукіх. Скончыў Пажскі корпус (1834). Займаўся генеалогіяй: апублікаваў «Паданне пра род князёў Далгарукавых» (1840), «Расійскі радаслоўны зборнік» (кн. 1—4, 1840—41), «Расійскую радаслоўную кнігу» (ч. 1—4, 1854—57). Выдаў у Парыжы на франц. мове ў 1842 «Нататку пра галоўныя фаміліі Расіі», накіраваную супраць дынастыі Раманавых, за што быў сасланы (1843—44), у 1860 кн. «Праўда пра Расію», дзе крытыкаваў урад і праграму ліберальна-канстытуцыйных рэформаў. Адмовіўся вярнуцца ў Расію і быў завочна прыгавораны Сенатам да пазбаўлення тытула, усіх маёмасных правоў і вечнага выгнання (1861). Выпускаў газ. канстытуцыйнага кірунку «Будущность», «Правдивый», «Листок» і інш.
Супрацоўнічаў у газ. «Колокол» А.І.Герцэна. Аўтар мемуараў (1867).
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Герцен против самодержавия: Секретная полит. история России XVIII—XIX вв. и Вольная печать. 2 изд. М., 1984.
т. 6, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВІТНЕ́ВІЧ (Уладзімір Зянонавіч) (14.4.1853, в. Ліцвяны Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — сак. 1927),
бел. археолаг, гісторык. Д-р царк. гісторыі (1897), праф. (1904). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1875), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1879). У 1879—83 выкладчык у Варшаўскім духоўным вучылішчы. З 1884 дацэнт, з 1899 экстраардынарны праф. Кіеўскай духоўнай акадэміі. У 1880—90-я г. ўваходзіў у групу бел. інтэлігенцыі, што гуртавалася вакол газ. «Минский листок»; член гіст. т-ва Нестара-летапісца, Маск. археал. і царк.-архіўнага т-ваў, камісіі па зборы стараж. актаў і інш. Даследаваў каля 700 курганоў дрыгавічоў пераважна ў Бабруйскім, Мазырскім, Рэчыцкім пав., вызначыў межы іх рассялення і этнавызначальныя прадметы. Шэраг прац прысвяціў пытанням царк. гісторыі, дзейнасці першых славянафілаў і інш. У 1918 чытаў лекцыі на курсах беларусазнаўства ў Кіеве. Звесткі пра далейшую дзейнасць адсутнічаюць.
У.В.Ляхоўскі.
т. 6, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫСАЎСКО́Й (Міхаіл Паўлавіч) (1856, с. Альшанка, Саратаўская губ., Расія — ?),
рускі журналіст, публіцыст і крытык. З канца 1870-х г. жыў на Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, у рэдагаванні газ. «Минский листок». Лектар, папулярызатар творчасці класікаў рус. л-ры. У 1902—05 рэдактар-выдавец газ. «Северо-Западный край», дзе 15.5.1905 змешчаны першы друкаваны твор Я.Купалы — верш «Мужык». У чэрв. 1905 за публікацыю ў газеце рэв. матэрыялаў арыштаваны і высланы ў г. Пінега Архангельскай губ., у ліст. па амністыі вярнуўся ў Мінск, уступіў у Мінскую арг-цыю РСДРП. Аўтар апавяданняў і нарысаў («У няволі», 1905), крытычных артыкулаў. Крытыкаваў прыхільнікаў фармалізму і дэкадэнцтва ў рус. і зах.-еўрап. л-ры. Падкрэсліваў неабходнасць адрозніваць сімвалізм як дэкадэнцкую плынь у л-ры ад сімвалізму як маст. сродку рэалізму. У 1913—14 у Маскве, супрацоўнічаў у друку.
Літ.:
Рожин Н.В. Газета «Северо-Западный край»: Очерк обществ.-полит., филос. и эстет. позиции, 1902—1905 гг. Мн., 1970;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972. С. 224—243.
У.М.Конан.
т. 11, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯМЛЯ́ І ВО́ЛЯ»,
рэвалюцыйная народніцкая арг-цыя ў Рас. імперыі ў 1876—79. Засн. ў Пецярбургу, назва з 1878. Арганізатары М.А. і В.А.Натансоны, А.Дз.Міхайлаў, Г.В.Пляханаў і інш. Складалася з «адміністрацыі» (кіруючы орган), груп «дзеравеншчыкаў», рабочай і дэзарганізатарскай. Філіялы арг-цыі меліся ў Маскве, Кіеве, Адэсе, Харкаве і інш. Праграма — сял. рэвалюцыя, нацыяналізацыя зямлі, замена дзяржавы федэрацыяй абшчын. Прадугледжвала дзеянні, накіраваныя на «дэзарганізацыю дзяржавы» — знішчэнне найб. шкодных ці вядомых асоб з урада. Тэрарыст. акцыямі кіраваў «выключны камітэт». Па паліт. поглядах былі анархістамі, падтрымлівалі т.зв. федэралісцкі інтэрнацыянал, створаны М.А.Бакуніным. Выдавалі час. «Земля и воля», «Листок «Земли и воли» і інш. Урадавыя рэпрэсіі, рэзкае абвастрэнне паліт. незадаволенасці і наспяванне рэв. сітуацыі прывялі да стварэння фракцыі тэрарыстаў. Супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэв. прапаганды (Пляханаў і інш.) і абаронцамі паліт. барацьбы праз тэрор (Міхайлаў і інш.) прывялі да расколу «З. і в.» ў жн. 1879 на «Народную волю» і «Чорны перадзел». На Беларусі ў 1876—79 народніцкія гурткі існавалі пераважна сярод вучнёўскай моладзі — у Мінскай губ., Магілёве, Гродне, Горках. Сувязі з «З. і в.» ажыццяўляліся праз студэнтаў — ураджэнцаў Беларусі, якія вучыліся ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве (С.Кавалік, І.Грынявіцкі і інш.).
Літ.:
Ткаченко П.С. Революционная народническая организация «Земля и воля» (1876—1879 гг.). М., 1961.
М.А.Сакалова.
т. 7, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІМАЛІ́СТЫ, эсэры-максімалісты,
палітычная плынь у рас. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) у 1904—12 і 1917—20. Узніклі ў 1904, арганізацыйна аформіліся ў «Саюз сацыялістаў-рэвалюцыянераў максімалістаў» у кастр. 1906 Кіраўнікі Ф.Я.Святлоў, М.І.Сакалоў, М.І.Рыўкін і інш. У 1905—07—2—2,5 тыс., у 1917 каля 3 тыс. чл. Друкаваныя органы — газеты «Вольный дискуссионный листок», «Трудовая республика» і інш. Выступалі за неадкладны сац. пераварот, ажыццяўленне эсэраўскай праграмы-максімум (адсюль назва): сацыялізацыю зямель, фабрык, заводаў. Асн. тактыка — індывід. тэрор і экспрапрыяцыі. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічалі арг-цыі М. у Віцебску, Гомелі, Гродне, Пінску, Слоніме. У 1912 М. часова спынілі дзейнасць, аднавілі яе пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Блакіраваліся з левымі эсэрамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, у працы 2—7-га з’ездаў Саветаў і ВЦВК, але выступалі супраць дыктатуры пралетарыяту і Брэсцкага міру 1918. Частка іх удзельнічала ў антыбальшавіцкіх мяцяжах. У 1919 «Саюз» М. раскалоўся: большасць арг-цый выступіла за супрацоўніцтва з бальшавікамі, частка, у т. л. Аршанская арг-цыя, засталася на антыбальшавіцкіх пазіцыях. У маі 1920 арг-цыя М. самаліквідавалася, частка яе членаў уступіла ў РКП(б).
Літ.:
Жуков А.Ф. Идейно-политический крах эсеровского максимализма. Л., 1979;
Павлов Д.Б. Эсеры-максималисты в первой российской революции. М., 1989.
Э.А.Ліпецкі.
т. 9, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ КУРЬЕ́Р»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-асв. кірунку. Выдавалася з 27.1(9.2) да 8(21).10.1908 у Мінску на рус. мове (з 6(19).6 да 22.8(4.9).1908 не выходзіла). Працягвала дэмакр. традыцыі газ. «Минский листок» і «Северо-Западный край», арыентавалася на мясц. прагрэс. інтэлігенцыю. Крытыкавала грамадска-паліт. лад Рас. імперыі, выкрывала рэакц. палітыку правых партый і груповак, выступала ў падтрымку студэнцкага і рабочага руху, у абарону паліт. вязняў. Асвятляла літ., тэатр. і муз. жыццё Расіі і Мінскай губ., прапагандавала рэаліст. і дэмакр. традыцыі рус. л-ры. У шэрагу артыкулаў У.Самойлы, М.Караліцкага, Н.Чарноцкага аб’ектыўна ацаніла сімвалізм, рэалізм, авангардысцкія плыні ў л-ры (Л.Андрэеў, З.Гіпіус, М.Арцыбашаў), драматургіі і тэатры (У.Меерхольд, М.Метэрлінк, Г.Ібсен, М.Горкі). Апублікавала артыкулы супрацоўнікаў рэдакцыі Самойлы «Нататкі» і Чарноцкага «Да пытання пра беларускую народную школу» ў абарону бел. мовы ў школе. Упершыню надрукавала ў рус. перакладзе Самойлы верш Я.Купалы «Беларусу» і арт. Самойлы «Вялікае свята», у якім аўтар вітаў выхад зб. паэзіі Я.Купалы «Жалейка» і апублікаваў яго верш «Да мужыка». Выйшла 148 нумароў. Выданне спынена ў выніку суд. праследаванняў і адм. спагнанняў.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
У.М.Конан.
т. 10, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)