А́ЛІНГ-ГА́НГРЫ, Наін-Сінга,
горны хрыбет на ПдЗ Тыбецкага нагор’я, найвыш. ў сістэме Гандзісышань, у Кітаі. Даўж. каля 600 км. Выш. да 7315 м (г. Алінг-Гангры). Складзены з гранітаў, сланцаў, кварцытаў. Грэбень хрыбта альпійскага тыпу. Ландшафты высакагорных пустыняў. Вышэй за 4500 м — вечныя снягі і ледавікі. На паўд. схілах Алінг-Гангры бярэ пачатак выток Інда — р. Сінгі.
т. 1, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІГ-БЭ́НД (Big Bend),
нацыянальны парк у ЗША, у «вял. лукавіне» р. Рыо-Грандэ, штат Тэхас; біясферны рэзерват. Засн. ў 1935. Пл. 287 тыс. га. Ландшафты горных (выш. ад 500 да 2388 м) і нізінных пустыняў з сукулентамі (агава, кактусы, апунцыя і інш.), зараснікі хмызняку і ўчасткі лесу. У складзе фауны — пекары, чарнахвосты алень, пума. Аб’ект турызму.
т. 3, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЙСА́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
міжгорная ўпадзіна на У Казахстана, паміж хрыбтамі Паўд. Алтая на Пн, Тарбагатаем і Саурам на Пд. Выш. днішча ад 370 м (воз. Зайсан) да 1000 м. Складзена з азёрных і рачных пяскоў і глін. У рэльефе вылучаюцца астанцовыя горныя масівы. Пераважаюць паўпустынныя ландшафты, якія выкарыстоўваюць як пашы; у дэльце р. Чорны Іртыш ёсць тугайныя лясы.
т. 6, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙЛА́С,
хрыбет у гарах Гандысышань, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ паралельна Гімалаям на 300 км. Выш. да 6714 м (г. Кайлас). Складзены пераважна з гранітаў. Паўд. схіл стромкі, вельмі расчлянёны эрозіяй, паўн. — пакаты. Снегавая лінія на выш. 5700—5900 м. Ледавікі. Сухія стэпы, ландшафты халодных пустынь. На К. вытокі рэк Інд і Брахмапутра.
т. 7, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНГЕЗУ́РСКІ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у Армянскім нагор’і, на мяжы Арменіі і Нахічэванскай аўтаномнай рэспублікі. Працягваецца мерыдыянальна ад верх. цячэння рэк Тэртэр і Арпа да р. Аракс. Даўж. каля 130 км. Выш. да 3904 м (г. Капутджух). Складзены пераважна з гранітаў і гранадыярытаў. На зах. схілах стэпавыя і паўпустынныя ландшафты, на ўсх. — часткова шыракалістыя лясы і субальпійскія лугі. Радовішчы медных руд.
т. 6, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯ ЛАНДША́ФТАЎ,
размеркаванне ландшафтаў па вышыні, якое не адпавядае закону вышыннай пояснасці. Найб. характэрна для раёнаў з перасечаным рэльефам тыпу нізка- і сярэднягор’яў. Можа быць выклікана інверсіяй тэмпературы, ападкаў, мясц. зменамі воднага рэжыму. У выпадку І.л. уверх па схіле фарміруюцца больш цеплалюбівыя ландшафты. Напр., у Прыамур’і ахоцкая тайга з падзолістымі глебамі змяняецца з вышынёй хвойна-шыракалістымі лясамі маньчжурскага тыпу на бурых лясных глебах.
т. 7, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАРА́ДА-СПРЫНГС (Colorado Springs),
бальнеалагічны курорт у ЗША. На Пд ад Дэнвера, на схілах Скалістых гор, на выш. каля 1850 м. З 19 ст. славуты крыніцамі тэрмальных мінер. вод, што выкарыстоўваюцца пры лячэнні многіх хвароб. Унікальныя ландшафты, у складзе якіх Сад Бога (тэрыторыя з мудрагелістымі чырв. і белымі скаламі), каньёны, вадаспады і інш. Буйны цэнтр турызму і міжнар. зімовага спорту.
т. 7, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДА́КХ,
горны хрыбет на Пн ад Вял. Гімалаяў, у басейне р. Інд, у Індыі і Кітаі. Даўж. больш за 600 км. Выш. да 7728 м (г. Гурла-Мандхата). Складзены пераважна з гнейсаў і гранітаў. На выш. 5500—5700 м паверхні выраўноўвання, над якімі ўзвышаюцца зубчастыя грабяні са снежнікамі і ледавікамі. На паўд.-зах. схілах хмызняк, на паўн.-ўсх. ландшафты халодных пустынь.
т. 9, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНЫХ ПУСТЫ́НЯЎ ЗО́НА,
самая паўночная прыродная зона сушы ў межах арктычнага пояса. Ахоплівае б.ч. Грэнландыі і а-воў Паўн. Ледавітага ак. Клімат арктычны. Пераважаюць ландшафты ледзяных і халодных камяністых пустыняў з вельмі разрэджанай лішайнікавай і нізкарослай травяністай расліннасцю (каменяломнік, снежны казялец, палярны мак і інш.). Жывёльны свет: белы мядзведзь, пясцы, лемінгі, мускусны бык. На прыбярэжных скалах птушыныя кірмашы (кайры, чысцікі, гагары і інш.).
З.Я.Андрыеўская.
т. 1, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ТНЫ КЛІ́МАТ,
клімат абласцей зямнога шара, якія знаходзяцца пад уздзеяннем пасатаў. Вызначаецца ўстойлівасцю напрамкаў і сілы ветру, малой воблачнасцю і малой колькасцю атмасферных ападкаў (каля 500 мм за год). Сярэдняя т-ра паветра летніх месяцаў 20—27 oС, у зімовыя месяцы — да 10—15 oС. У раёнах з П.к. на сушы пераважаюць ландшафты трапічных пустынь і паўпустынь (акрамя ўсх. ч. мацерыкоў, якім уласцівы мусонны клімат).
т. 12, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)