ГО́РНЫЯ ЛАНДША́ФТЫ,
ландшафты горных мясцовасцей, дзе назіраюцца вышынная пояснасць і яруснасць рэльефу. Падзяляюцца на высакагорныя, сярэднягорныя і нізкагорныя. Горным ландшафтам уласцівы кантрастнасць прыродных умоў, залежна ад геагр. становішча, асаблівасцей геал. будовы, рознай экспазіцыі схілаў, а таксама стракатасць глебавага покрыва, паясная змена расліннасці і інш.
т. 5, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ ЛАНДША́ФТЫ,
прыродна-тэрытарыяльныя комплексы, у межах якіх забаронены або рэгламентаваны ўсе ці некат. віды гасп. дзейнасці. Вылучаюцца для зберажэння тыповых і унікальных натуральных (прыродных) і пераўтвораных (антрапагенных) ландшафтаў, што маюць асаблівую навук., культ.-эстэт., рэкрэацыйную і інш. каштоўнасць і не могуць захоўвацца без дапамогі чалавека. На тэрыторыях, занятых ахоўнымі ландшафтамі, устанаўліваецца адпаведны рэжым аховы і карыстання прыроднымі рэсурсамі. У некат. краінах ахоўныя ландшафты з’яўляюцца самастойнай катэгорыяй асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. На Беларусі ахоўныя ландшафты размяшчаюцца на тэр. запаведнікаў, нацыянальных паркаў, ландшафтных і інш. заказнікаў.
т. 2, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Галіна Іосіфаўна) (н. 9.10.1935, г. Чэрвень Мінскай вобл.),
бел. географ. Д-р геагр. н. (1993), праф. (1994). Скончыла БДУ (1958), дзе працуе з 1963. Навук. працы па ландшафтазнаўстве, прыродакарыстанні і ахове навакольнага асяроддзя, экалагічнай адукацыі.
Тв.:
Антропогенизированные ландшафты Белоруссии и Болгарии. София, 1982 (у сааўт.);
Ландшафты Белоруссии. Мн., 1989 (у сааўт.);
Аэрокосмические исследования ландшафтов Беларуси. Мн., 1994 (разам з Ю.М.Абухоўскім, В.М.Губіным).
т. 10, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДШАФТАЗНА́ЎСТВА,
раздзел фізічнай геаграфіі, які вывучае прыродныя тэрытарыяльныя комплексы — ландшафты геаграфічныя як часткі геагр. абалонкі Зямлі. Уключае вучэнне пра асн. заканамернасці фізіка-геагр. дыферэнцыяцыі, фізіка-геагр. раянавання і ўласна вучэнне пра геагр. ландшафты; паходжанне, структуру, прасторава-часавую дынаміку ландшафтаў пад уздзеяннем прыродных і антрапагенных фактараў, марфалогію, геахімію і геафізіку ландшафтаў. Вылучаюць прыкладное, меліярацыйнае, антрапагеннае Л. і інш. раздзелы. Асн. метад Л. — палявое даследаванне, якое суправаджаецца ландшафтнай здымкай. Тэарэт. асновы Л. закладзены ў працах В.В.Дакучаева, С.В.Калесніка, М.А.Сонцава, А.Р.Ісачанкі, В.Б.Сачавы. На Беларусі ў галіне Л. найб. вядомы працы А.А.Смоліча, М.Ф.Бліадухо, В.А.Дзяменцьева. Сістэматычныя даследаванні вядуцца з 1950-х г. Праведзены дэталёвыя даследаванні марфалогіі, структуры, тэр. заканамернасцей размяшчэння ландшафтаў. У БДУ распрацавана сістэма фізіка-геаграфічнага раянавання Беларусі. У 1984 выдадзена ландшафтная карта Беларусі.
Літ.:
Дементьев В.А., Марцинкевич Г.И. Ландшафты северной и средней Белоруссии (опыт классификации). Мн., 1968;
Марцинкевич Г.И., Клицунова Н.К., Мотузко А.Н. Основы ландшафтоведения. Мн., 1986.
В.С.Аношка.
т. 9, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІ́МІЯ ЛАНДША́ФТУ,
галіна ландшафтазнаўства, якая вывучае састаў і міграцыю хім. элементаў у ландшафце. Узнікла ў 1940-я г. на мяжы геаграфіі і геахіміі. Заснавальнік Б.Б.Палынаў.
У большасці ландшафтаў пераважае біягенная міграцыя, якая выяўляецца ў біял. кругавароце атамаў пры ўзнікненні і распадзе арган. рэчыва. Пры гэтым сонечная энергія ператвараецца ў дзейную хім. энергію. У водах ландшафтаў пераважае фіз.-хім. міграцыя. Паводле характэрных іонаў прыродных вод адрозніваюць ландшафты кіслыя (H+), кальцыевыя (Ca+) і інш. Участкі зямной паверхні, дзе міграцыя хім. элементаў мае якасныя асаблівасці, вылучаюцца як геахім. ландшафты. Напр., геахім. ландшафты Бел. Палесся кіслыя, бедныя воднымі мігрантамі, з залішняй колькасцю іонаў вадароду (H+) і жалеза (Fe++), з недахопам ёду і інш. біялагічна важных элементаў. Асаблівасці міграцыі хім. элементаў пакладзены ў аснову геахім. класіфікацыі ландшафтаў і складання ландшафтна-геахім. картаў. Даныя геахіміі ландшафту выкарыстоўваюцца пры геахімічнай разведцы карысных выкапняў, у медыцыне, курарталогіі, пры ацэнцы навакольнага асяроддзя, для вывучэння ландшафтаў мінулых геал. эпох.
Літ.:
Перельман А.И. Геохимия ландшафта. 2 изд. М., 1975;
Лукашев К.И., Вадковская И.К. Геохимические процессы в ландшафтах Белоруссии. Мн., 1975.
т. 5, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПРЫ (Capri),
прыморскі кліматычны курорт у Італіі на аднайм. востраве ў Неапалітанскім зал. Міжземнага м. Субтрапічны клімат, маляўнічыя ландшафты, пячоры, гроты ператварылі К. ў буйны цэнтр лячэння многіх хвароб, адпачынку і турызму міжнар. значэння.
т. 8, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́НДЫЯ,
прыродная вобласць на Пн Еўропы, у Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі і на З Кольскага п-ва (Расія). Размешчана паміж 64—66° паўн. ш. Таежныя і тундравыя ландшафты. Асн. раён рассялення саамаў (лапары, або лапландцы). На З Кольскага п-ва Лапландскі запаведнік.
т. 9, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРФУ́Р,
плато ў зах. ч. Судана, водападзел паміж бас. воз. Чад і р. Белы Ніл. Пераважаюць цокальныя раўніны выш. 1000—1500 м, над якімі ўзвышаюцца астраўныя горы выш. да 3088 м (патухлы вулкан Мара). Клімат экватарыяльна-мусонны. Ландшафты тыповых і апустыненых саваннаў.
т. 6, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНЫХ ПУСТЫ́НЯЎ ЗО́НА,
самая паўднёвая зона сушы ў межах антарктычнага пояса. Ахоплівае Антарктыду і сумежныя а-вы. Ландшафты антарктычных пустыняў зоны фарміруюцца ва ўмовах пастаянна нізкіх т-р паветра і распаўсюджвання ледавіковага покрыва. Пераважаюць ледзяныя пустыні, у прыбярэжных раёнах у антарктычных аазісах і на астравах — камяністыя пустыні.
т. 1, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́ЛЛІ,
узвышаныя слабахвалістыя раўніны (звычайна зандравыя) з урадлівымі цемнаколернымі карбанатнымі і шэрымі ляснымі глебамі на Пд тайгі і ў зонах мяшаных і шыракалістых лясоў Усх.-Еўрапейскай раўніны. Амаль цалкам узараны і густа заселены (напр., Уладзімірскае аполлі ў Рас. Федэрацыі). На Прыкарпацкай Украіне аполлі — ландшафты лясістай пагорыстасці.
т. 1, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)