ПРАЗАІ́ЗМ,

слова або выраз з гутарковай мовы, афіцыйна-дзелавога, навуковага і інш. стыляў мовы, што ўведзены ў тэкст паэтычнага твора і рэзка выдзяляюцца ў ім. Напр., у А.​Пушкіна: «...я снова счастлив, молод, Я снова жизни полн — такой мой организм (Извольте мне простить ненужный прозаизм)». У бел. паэзіі выкарыстоўваецца як маст. прыём, які ўносіць у тэкст твора нечаканае, адрознае ад агульнай танальнасці, часцей камічнае (іранічнае, гумарыстычнае) адценне:

Чужой любві я не зайздрошчу:
Тут са сваёю нелады:
Я ў сэрцы ёй даю жылплошчу,
ды ў ім утульна не заўжды.
(А.​Куляшоў. «Чужой любві я не зайздрошчу...»)
Эх, правадніца, правадніца,
Люблю я твой вандроўны дом.
Хачу з табою парадніцца,
Зрабіцца паўправадніком.
(П.​Панчанка. «Паўвека... Гэта шмат — паўвека...»)

М.​А.​Лазарук, А.​Я.​Ленсу.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯШО́ВА (Валянціна Аркадзеўна) (н. 27.1.1936, Мінск),

бел. літ.-знавец, перакладчыца. Дачка А.А.Куляшова. Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). З 1960 жыла ў Балгарыі. У 1967—71 выкладала ў БДУ, працавала на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык». Літ. дзейнасць пачала ў 1961 як перакладчыца з балг. мовы. У бел. друку выступае з 1984. Піша на бел. і рус. мовах. Аўтар кн. пра бацьку «Лясному рэху праўду раскажу...» (1989). Складальнік зб. Куляшова «Маналог», яго «Выбраных твораў» (т. 1—2, абодва 1989), фотаальбома «Аркадзь Куляшоў» (1985), на балг. мове зб. «Беларускія апавяданні» (1968). Перакладае з балг. і польск. на бел. мову, з бел. на балг. і рус. мовы. Пераклала на рус. мову раман П.​Вежынава «Вагі» (1983).

Тв.:

З радаводу Аркадзя Куляшова // Роднае слова. 1996. № 1—2, 4—5, 7.

т. 9, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РКІН (Навум Саламонавіч) (15.2.1912, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 2.10.1976),

бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1964), праф. (1965). Скончыў Мінскі пед, ін-т (1936). З 1946 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Аўтар кніг «Аркадзь Куляшоў» (1951), «Творчасць Петруся Броўкі» (1952), «Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг.» (1960), «У сям’і братніх літаратур» (1967), «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры» (1971), «Чалавек у савецкім рамане» (1975). Аўтар падручнікаў для 9—10-га кл. (з Ю.​С.​Пшырковым) «Беларуская савецкая літаратура»; аўтабіягр. аповесцей «Я стаў партызанам» (выд. 1979), «Хлопчык з мястэчка» (выд. 1981). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980.

Тв.:

Абсягі думкі. Мн., 1980.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ ІНЖЫНЕ́Р СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным інжынерам калгасаў, саўгасаў, міжгаспадарчых аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арг-цый Сельгастэхнікі і воднай гаспадаркі, н.-д. устаноў і праектных ін-таў, канструктарскіх бюро, доследных станцый, эксперыментальных баз, навучальных гаспадарак, с.-г. органаў, што бездакорна працавалі па спецыяльнасці ў сельскай гаспадарцы не менш як 10 гадоў, мелі вялікія заслугі ў механізацыі с.-г. вытв-сці, укараненні перадавых метадаў працы, навук.-тэхн. дасягненняў, павышэнні эфектыўнасці выкарыстання с.-г. тэхнікі і актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 1.2.1978, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. Існавала да 1988.

Заслужаныя інжынеры сельскай гаспадаркі БССР

1978. Р.​І.​Байдак, В.​С.​Нікіценка, Б.​М.​Пажарскі, Я.​А.​Сантаровіч.

1979. М.​А.​Аляксейчык, В.​С.​Валадось В.​Л.​Валадось, С.​В.​Юркевіч.

1980. Б.​П.​Лявонцьеў.

1982. У.​В.​Ліпніцкі.

1984. У.​Г.​Бабіцкі.

1988. А.​П.​Куляшоў.

т. 6, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЖА́Н (Мікола) (Мікалай Платонавіч; 9.10.1904, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 23.11.1983),

украінскі паэт, грамадскі дзеяч. Акад. АН Украіны (1951). Засл. дз. маст. Грузіі (1964), засл. дз. нав. Украіны (1966). Нар. паэт Узбекістана (1968). Герой Сац. Працы (1974). У 1943—48 нам. старшыні Савета Міністраў УССР. У 1958—83 гал. рэдактар Укр. Сав. Энцыклапедыі. Аўтар вершаў, паэм, перакладаў, літ.-крытычных і публіцыст. прац. Творы Бажана (зб-кі «Семнаццаты патруль», 1926; «Клятва», 1941; «Сталінградскі сшытак», 1943; «Англійскія ўражанні», 1949; «Італьянскія сустрэчы», 1961; «Чатыры апавяданні пра надзею», 1967; «Знакі», 1978, Ленінская прэмія 1982) вызначаюцца тэматычнай шырынёй, сац. і філас. праблематыкай. Перакладаў на ўкр. мову творы рус., груз., узб., ням., польск. і інш. пісьменнікаў; з бел. — вершы Я.​Купалы, А.​Куляшова, М.​Танка, П.​Панчанкі, А.​Зарыцкага, кн. вершаў П.​Броўкі. На бел. мову творы Бажана перакладалі Броўка, А.​Бялевіч, В.​Вітка, П.​Глебка, Зарыцкі, М.​Калачынскі, Куляшоў, Я.​Семяжон, М.​Танк.

М.Бажан.

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІ́ЕЎ (Кайсын Шуваевіч) (1.11.1917, с. Верхні Чэгем Чэгемскага р-на, Кабардзіна-Балкарыя — 4.6.1985),

балкарскі паэт. Нар. паэт Кабардзіна-Балкарыі (1967). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1935—39). Друкаваўся з 1934. Ў 1944 незаконна высланы з Кабардзіна-Балкарыі, да 1957 жыў у Кіргізіі. Паэтычныя цыклы «Мае суседзі» (1939—45), «Песні цяснін» (1947—51), кнігі вершаў «Паранены камень» (1964; Дзярж. прэмія РСФСР імя М.​Горкага 1966), «Мір дому твайму!» (1967), «Кніга зямлі» (1972), «Краса зямная» (1980) і інш. — своеасаблівы летапіс гіст. мінулага і сучаснага балкарскага народа, прасякнуты пачуццём любові да Радзімы, жыццялюбствам, гуманізмам. Пераклаў на балкарскую мову верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?». На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, А.​Куляшоў, У.​Шахавец. Дзярж. прэмія СССР 1974, Ленінская прэмія 1990.

Тв.:

Бел. пер. — Кніга зямлі. Мн., 1974;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—3. М., 1976—77.

Літ.:

Рассадин С.Б. К.​Кулиев. М., 1974.

К.Ш.Куліеў.

т. 9, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ-КУМА́Ч (сапр. Лебедзеў) Васіль Іванавіч

(8.8.1898, Масква — 20.2.1949),

расійскі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1919—21). З 1922 супрацоўнік шэрагу газет, час. «Крокодил». Друкаваўся з 1916. Аўтар сатыр. вершаў, апавяданняў, фельетонаў (зб-кі «Чаінкі ў сподачку», 1925; «Сумныя ўсмешкі», 1927; «Калючыя вершы», 1945, і інш.). Адзін са стваральнікаў сав. масавай песні. Напісаў тэксты песень да кінафільмаў «Вясёлыя хлопцы» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1937). Аўтар тэкстаў папулярных песень, у т. л. «Песня пра Радзіму», «Вясёлы вецер», «Спартыўны марш» (усе 1936); яго песня «Свяшчэнная вайна» (апубл. 24.6.1941) стала своеасаблівым гімнам у час Вял. Айч. вайны. Выдаў паэт. зб-кі «Кніга песень» (1938), «У бой за Радзіму» (1941), «Вершы для эстрады» (1948) і інш. Пісаў п’есы («Кірушкава перамога», 1926; «Жонка заўмага», 1940), вершы для дзяцей. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.​Астрэйка, А.​Куляшоў. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Избранное. М., 1984;

Песня о Родине: Избр. стихотворения. Кемерово, 1983.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́НІН (Міхаіл Кузьміч) (29.10.1918, г. Астрахань, Расія —6.8.1976),

расійскі паэт. Скончыў Сталінградскі настаўніцкі ін-т (1937), вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (1937—41). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік вызвалення Брэста. Друкаваўся з 1935. У паэт. зб-ках «Сэрцабіццё» (1947), «Лірыка» (1950), «Клятва» (1962), «Пяць кніг» (1974), паэме «Працоўны дзень» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), аповесці ў вершах «Прызнанне ў каханні» (1959), зб. вершаў і паэм «Неабходнасць» (1969, Дзярж. прэмія СССР 1973) і інш. — тэмы гісторыі і сучаснасці, кахання і адзіноты. У 1945 кіраваў літ. аб’яднаннем у Брэсце пры газ. «Заря». У кнізе артыкулаў «Таварыш паэзія» (1963) пісаў пра вызваленне Мінска, пра Брэст у першы пасляваенны год, пра А.​Куляшова. Асобныя творы прасякнуты бел. матывамі. Брэсту прысвяціў верш «У Брэсце», Мінску — «Абеліск». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Куляшоў, А.​Вялюгін, Ю.​Свірка, У.​Шахавец і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1978—79;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1989.

Літ.:

Аннинский Л.А. Михаил Луконин. М., 1982.

В.​С.​Семенякоў.

т. 9, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя М.​А.​Рымскага-Корсакава.

Засн. ў 1937 на базе Магілёўскай муз. школы імя Рымскага-Корсакава (з 1919). У 1999/2000 навуч. г. спецыяльнасці: фп., струнныя, духавыя, нар. інструменты, дырыжыраванне (акад. і нар. хор), музыказнаўства. Рыхтуе выкладчыкаў дзіцячых муз. школ, артыстаў аркестра і хору, кіраўнікоў самадз. хароў і аркестраў, выкладчыкаў музыкі і спеваў агульнаадук. школ. Сярод творчых калектываў: аркестры рус. нар. інструментаў, сімфанічны, духавы, цымбальны; хор, ансамбль скрыпачоў, квартэт трамбаністаў. У розны час у вучылішчы выкладалі: А.​Боркус, Т.​Ворашань, С.​Грачак, С.​Гурэвіч, Я.​Далгін, Л.​Каганаў, С.​Куляшоў, Л.​Лазарэнка, І.​Лушчыкаў, Е.​Мінковіч, З.​Міхалевіч, Н.​Мендзялеўская, А.​Мысаў, І.​Паўлаў, В.​Тупіцын, С.​Файнштэйн, А.​Яўстратаў і інш. Вучылішчам кіравалі: Л.​Зісман (1937—56), М.​Салдатаў (1956—73), Л.Іваноў (1973—98), А.​Кірэйчанка (з 1998). Сярод выпускнікоў: М.Браценнікаў, У.Будкевіч, П.​Вандзілоўскі, П.Дружына, У.Ермалаеў, Ю.​Златкоўскі, В.Купрыяненка, Л.​Ліхачэўская, С.​Лясун, Б.Мазур, М.​Марэцкі, М.​Нікіцін, Ф.Пыталеў, В.Раінчык, А.​Сасноўскі, У.Скараходаў, Т.​Шчэрба, Т.Якіменка і інш.

Літ.:

Могилевское музыкальное училище им. Н.​А.​Римского-Корсакова (1937—1987). Могилев, 1987.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 9, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗКІН (Рыгор Саламонавіч) (3.7.1918, Магілёў — 1.12.1981),

бел. крытык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1936—38). Друкаваўся з 1935. У крас. 1941 арыштаваны. Калі 26.6.1941 калону арыштаваных кінуў канвой, вярнуўся ў Магілёў, папрасіўся на фронт. Ваяваў да канца вайны. Паўторна арыштаваны ў 1949, да 1955 у лагерах Карагандзінскай і Омскай абласцей. Рэабілітаваны ў 1956. Працаваў у рэдакцыях літ. перыяд. выданняў, у 1970—75 у рэдакцыі бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Даследаваў пераважна паэзію, пытанні культуры творчасці, майстэрства творчых індывідуальнасцей («Паэзія праўды», 1958; «Спадарожніца часу», 1961; «Пімен Панчанка», 1968; «Постаці», 1971; «Аркадзь Куляшоў», 1978). У кн. «Свет Купалы» (1965), «Чалавек на досвітку» (1970, на рус. мове), «Звенні» (1976) даследаваў спадчыну Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Цёткі, узаемадзеянне бел. і рус. літаратур.

Тв.:

Кніга пра паэзію. Мн., 1974;

Свет Купалы;

Звенні. Мн., 1981;

Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.​Багдановіча. Мн., 1986;

Паэзія — маё жыццё. Мн., 1989.

Літ.:

Клышко А. Мастерство критика // Дружба народов. 1960. № 1;

Адамовіч А. Талент крытыка // Полымя. 1962. № 6;

Каваленка В. Крытык і паэт // Там жа. 1969. № 5;

Лойко О. Открытие поэта // Вопр. лит. 1967. № 3;

Бечик В.В. В неразрывном единстве // Неман. 1978. № 6.

І.​У.​Саламевіч.

Р.Бярозкін.

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)