НАРО́ДНЫ ПІСЬМЕ́ННІК БЕЛАРУ́СІ,

ганаровае званне. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 27.3.1956. Прысвойваецца з 1994 Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь пісьменнікам, якія стварылі выдатныя творы маст. л-ры і маюць асаблівыя заслугі ў развіцці л-ры.

Народныя пісьменнікі Беларусі

1956. К.​Крапіва (К.​К.​Атраховіч).

1962. М.​Ц.​Лынькоў.

1972. І.​П.​Мележ, І.​П.​Шамякін.

1977. А.​Я.​Макаёнак.

1980. В.​У.​Быкаў.

1981. І.​А.​Брыль.

1994. І.​Г.​Чыгрынаў.

1995. І.​Я.​Навуменка.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛІ́НСКА-БЯРО́ЗАЎСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 для аховы, рацыянальнага выкарыстання і ўзнаўлення прыродных запасаў лек. раслін. Пл. 7,9 тыс. га.

Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі (імшыстыя, верасовыя і інш.) і чорнаалешнікі (крапіўныя, асаковыя і інш.). З лек. раслін пашыраны ландыш майскі, брусніцы, ядловец звычайны, крапіва двухдомная, талакнянка звычайная, цмен пясчаны, святаяннік прадзіраўлены, а таксама купальнік горны, занесены ў Чырв. кнігу.

П.​І.​Лабанок.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАРТЫЗА́НСКАЯ ДУБІ́НКА»,

сатырычны лісток, выданне ЦК КП(б)Б у Вял. Айч. вайну. Выходзіла з 22.3.1942 да сак. 1943 на бел. і рус. мовах у прыфрантавой паласе (апошнія нумары — у Маскве); да ліст. 1942 выданне газ. «За свабодную Беларусь». Рэд. І.Д.Гурскі. Лісток заклікаў сав. людзей да барацьбы з ворагам, змяшчаў сатыр. вершы, байкі, памфлеты, карыкатуры. Сярод удзельнікаў выдання бел. пісьменнікі П.​Броўка, П.​Глебка, К.​Крапіва, П.​Панчанка, К.​Чорны і інш., мастакі І.​Ахрэмчык, Я.​Зайцаў, У.​Мінаеў і інш. Выйшла 17 нумароў.

т. 12, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎШУ́К (Сцяпан Сцяпанавіч) (н. 28.7.1944, г. Васілевічы Гомельскай вобл.),

бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н., праф. (1998). Скончыў БДУ (1967). Настаўнічаў. З 1973 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі (з 1998 нам. дырэктара). Даследуе заканамернасці развіцця бел. драматургіі 19—20 ст., яе вытокі, перыядызацыю, своеасаблівасць творчых пошукаў, жанравыя асаблівасці, навукова-эстэт. панараму развіцця, прыроду драм. канфлікту і яго эстэт. асаблівасці ў драме, камедыі і трагедыі: кнігі «Сучасная беларуская драматургія», «З думай пра сучасніка» (абедзве 1977), «Першы народны артыст БССР» (1982), «Высокія арбіты грамадзянскасці», «Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х г.)» (абедзве 1984), «На драматургічных скрыжаваннях» (1989). Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове), «Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці» (1978), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1981—82), «На парозе 90-х» (1993), «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 2—4, 1994—95), «Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.» (2-е выд. 1998), «Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.» у 4 т. (т. 1, 1999) і інш. Складальнік выданняў «Беларуская дакастрычніцкая драматургія» (1978), збораў твораў У.​Галубка (1983), А.​Макаёнка (т. 1—5, 1987—90), К.​Крапівы (у 6 т., т. 1—2, 1997), фотаальбома «Кандрат Крапіва» (1989), зб. «Цудоўная дудка» (1997) і інш.

Тв.:

Кандрат Крапіва і беларуская драматургія. Мн., 1986.

І.​У.​Саламевіч.

С.С.Лаўшук.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРА́ЛА (Захар Якаўлевіч) (2.2.1906, в. Раўнаполле Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 14.9.1993),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1934). Настаўнічаў. У 1936 рэпрэсіраваны, у 1937 зняволены на 8 гадоў. Пакаранне адбываў у Горкаўскай вобл. на лесараспрацоўках. Вызвалены ў 1940, рэабілітаваны ў 1958. Удзельнік Айч. вайны. У 1945—73 выкладчык Мар’інагорскага с.-г. тэхнікума. Друкаваўся з 1925. У 1929 пад псеўд. Захар Бульбянік выдаў зб. «Смех і радасць вёскі» (гумарыст. вершы, частушкі). Аўтар зб-каў лірыкі, жартаў і гумарыстычных вершаў «Цвітуць кветкі», «У пажарным парадку» (1968), «На светлым чорнае» (1974), «Прыляцела птушка» (1977), «Ружы і крапіва».

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЕР (Гаўрыла Сямёнавіч) (6.4.1890, в. Пуцунтэй Аргееўскага р-на, Малдова — 7.3.1964),

бел. жывапісец. З 1905 вучыўся і працаваў у Мінску ў іканапіснай майстэрні П.​Курбатава, у 1910—12 вучыўся ў Пецярбургу ў мастака С.​Ягорава, скончыў там Школу т-ва заахвочвання мастацтваў (1916). У 1921 вярнуўся ў Мінск, працаваў дэкаратарам у т-ры «Чырвоная зала», выкладаў у чыг. тэхнікуме і інш. Аўтар твораў «Малады мастак» (1923), «Старое і новае» (1927), «Суботнік» (1932), «Маладыя спартсмены» (1934). Лепшыя творы гіст. жанру: «Курлоўскі расстрэл» (1924), «Лядовае пабоішча» (1938), «3 ліпеня 1944 года ў Мінску» (1945); з партрэтаў — «Змітрок Бядуля» (1924), «Сямейны партрэт» (1927), «Кандрат Крапіва» (1938) і інш.

Г.​М.​Ярмоленка.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦЯМЯ́ТКА (Nepeta),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 250 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. каціная, або каціная мята (N. cataria, нар. назвы лясная крапіва, меліса). Трапляецца ў лясах, хмызняках, на пустках. 6 відаў інтрадукаваныя ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі: К. Мусіна (N. mussinii), буйнакветная (N. grandiflora), ножкакалосая (N. podostachys), сібірская (N. sibirica), венгерская (N. pannonica), маньчжурская (N. manchuriensis).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з галінастым, апушаным сцяблом выш. да 100 см, з моцным своеасаблівым пахам, які прываблівае кошак (адсюль назва). Лісце суцэльнае, зубчастае. Кветкі ў коласа-, гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Вяночак двухгубы. Плод — 4-арэшак. Эфіраалейныя, прыпраўныя, лек., меданосныя і дэкар. расліны.

Кацямятка.

т. 8, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРАНІ́ЧНЫ ВЕРШ, макаранічная паэзія (італьян. poesia maccheronica ад maccheroni макароны),

від жартоўнага ці сатыр. верша, камізм якога ствараецца перанасычанасцю тэксту варварызмамі, падпарадкаванымі марфал. законам роднай мовы. Узнік у старажытнасці, калі асобныя рым. паэты перамяжалі сваю мову грэч. словамі. У перыяд франкаманіі ў Расіі (18—19 ст.) І.​Мятлеў высмейваў сумесь «французскага з ніжагародскім» у мове пануючых класаў. У паэме І.​Катлярэўскага «Энеіда» сатыр. гучанне набыло ўвядзенне лац. лексікі ва ўкр. моўны кантэкст. Аснова для з’яўлення М.в. ў бел. паэзіі была яшчэ ў сярэдневякоўі, калі на Беларусі шырока ўжывалася лац., стараслав. і польск. мовы. Найб. раннія з такіх вершаў — «Плач пакінутага каханай» і «За пенкнай паненкай аж душа сумуе...» (апубл. А.​Рыпінскім, 1840). М.в. зрэдку трапляецца ў сучаснай бел. паэзіі (К.​Крапіва) і прозе (Я.​Купала, Я.​Колас).

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЦКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім р-не. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек. раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 2,3 тыс. га. Займае лясны масіў з хвойнікаў, ельнікаў, бярэзнікаў, чорнаалешнікаў. У фауне 20 відаў млекакормячых, у т. л. казуля, дзік, алень, лось; 91 від птушак, у т. л. арлан-белахвост, змеяед, пустальга звычайная, журавель шэры, бусел чорны, гогаль звычайны, лебедзь-шыпун, занесеныя ў Чырв. кнігу; 17 відаў амфібій і паўзуноў; рэдкія насякомыя, у т. л. жужаль бліскучы, махаон, чмель Шрэнка і інш. У складзе флоры 292 віды вышэйшых сасудзістых раслін (у асн. з групы ксерафітаў і ксерамезафітаў), у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, сон лугавы, занесеныя ў Чырв. кнігу. Лекавыя расліны: звычайныя верас, талакнянка, ядловец, чабор, маліны, брусніцы, крапіва двухдомная, цмен пясчаны, дзераза булавападобная.

П.Л.Лабанок.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕКСІ́Я,

моўная з’ява, якая выяўляецца пры папарным супастаўленні лексічных адзінак дзвюх блізкароднасных моў — паралексаў. Словы-паралексы маюць нерэгулярныя адрозненні ў некат. дэталях формы: грамат. родзе, ліку, націску, словаўтваральных элементах. Вылучаюць паралексы акцэнталагічныя (бел. «крапіва» — рус. «крапива»), словаўтваральныя (бел. «пакупнік» — рус. «покупатель»), граматычныя (бел. «боль» м.р. — рус. «боль» ж.р., «каноплі» мн.л. — «конопля» адз.л.), марфалагічныя (бел. «віск» — рус. «визг»). Існуе група П. змешанага тыпу, якія адрозніваюцца словаўтварэннем і націскам (бел. «радзімка» — рус. «родинка»), словаўтварэннем і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «цяля» — рус. «теленок»), націскам і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «селядзец» — рус. «селедка») і інш. Даследаванне бел.-рус. П. мае асабліва важнае значэнне для распрацоўкі пытанняў культуры бел. мовы ў аспекце двухмоўя. Створаны «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які адлюстроўвае разыходжанні ў парадыгмах паралекс.

Літ.:

Михневич А.Е. Паралексы // Русский язык. Мн., 1981. Вып. 1;

Кунцэвіч Л.П. Да характарыстыкі беларуска-рускай паралексіі // Беларуская лінгвістыка. Мн., 1987. Вып. 31.

Л.​П.​Кунцэвіч.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)