адзін з самых ранніх помнікаў стараж.рус. агіяграфічнай л-ры. Напісана каля 1091 Нестарам, надрукавана ў 1635 у «Патэрыконе...» С.Косава. У творы ігумен Кіева-Пячэрскага манастыра пісьменнік-палеміст Феадосій паказаны як актыўны праціўнік феад. міжусобіц, імкненняў Візантыі падпарадкаваць свайму ўплыву Кіеўскую Русь. Дзейнасць Феадосія, які выкрываў своекарыслівасць і прагнасць манахаў, патрабаваў ад іх аскетычнага і працоўнага жыцця, ладу, імпанавала аўтару. Мова твора эмац. насычаная, лаканічная, ёсць дакладнае апісанне значных гіст. падзей, названы імёны многіх рэальных асоб. Твор быў шырока вядомы на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПА́ЛУБКАў архітэктуры,
частка скляпення, утвораная перасячэннем яго дзвюх узаемна перпендыкулярных цыліндрычных паверхняў. Робіцца пры размяшчэнні верхняй кропкі праёмаў (аконных, дзвярных, нішаў і інш.) вышэй за пяту асн. скляпення. Р. ўтвараюць малыя скляпенні, радыус якіх вызначаецца шырынёй праёма.
З’явіліся ў раманскіх і гатычных збудаваннях. У бел. культавай архітэктуры вядомы з 16 ст. ў 1- і 3-нефавых храмах. Значна пашыраны ў 17—18 ст. Вядомы таксама ў помніках грамадз. архітэктуры 18 ст. Часам Р. ўпрыгожвалі размалёўкай (касцёл кармелітаў у г.п. Ружаны Пружанскага, Троіцкі касцёл у г.Косава Івацэвіцкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры сярэдзіны 19 ст. Пабудаваны за 1,5 км ад г.Косава (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) паводле праекта арх. Ф.Яшчалда (1838), буд-ва завершана пад кіраўніцтвам У.Марконі. Быў абкружаны паркам (не захаваўся) і з’яўляўся цэнтрам кампазіцыі. Мураваны палац з элементамі класіцызму мае сім. кампазіцыю. Гал. (у цэнтры 2-павярховы, па баках 1-павярховы) і 2 бакавыя 2-павярховыя аб’ёмы, размешчаныя ніжэй, злучаны вузкімі пераходамі з высокімі стральчатымі аркамі. Вуглы гал. аб’ёму корпуса фланкіраваны гранёнымі вежамі, а бакавых — контрфорсамі, падобнымі да вежаў. У дэкар. аздабленні выкарыстаны зубчастыя завяршэнні аб’ёмаў, стральчатыя аркі праёмаў і нішаў, машыкулі і інш. У палацы размалёўка мастака Ф.Жмуркі. Захаваўся часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯРГУ́Н (Аляксандр Рыгоравіч) (30.12.1903, в. Гічыцы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 31.8.1971),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1923—27 чл. Косаўскага раённага, Слонімскага акр. к-таў КПЗБ; стварыў ячэйкі КПЗБ і КСМЗБ на Слонімшчыне; адзін з арганізатараў выступлення працоўных г.Косава ў абарону Бел.сял.-работніцкай грамады (гл.Косаўскі расстрэл 1927). У 1927—39 за рэв. дзейнасць зняволены польскімі ўладамі. Дэп.Нар. сходу Зах. Беларусі ў 1939. У Вял.Айч. вайну ў Чырв. Арміі, з 1943 у партызанах на Брэстчыне. З 1944 на сав. рабоце ў Брэсцкай вобл.Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1941—47. Аўтар успамінаў аб рэв. руху ў Зах. Беларусі. Яго імем названа вуліца ў г. Пружаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБА́НСКАЯ МО́ВА,
самастойная група індаеўрапейскіх моў. Пашырана ў Албаніі (дзярж. мова), а таксама ў Югаславіі (аўт. край Косава), Італіі, Грэцыі, на Украіне (Адэская і Запарожская вобл.). Мяркуюць, што албанская мова паходзіць ад адной са стараж. палеабалканскіх моў, генетычна найб. блізкая да ілірыйскай, месапскай і фракійскай моў. Мае 2 дыялекты: гегскі (паўн.) і тоскскі (паўд.), на аснове якіх у 19 ст. склалася сучасная літ. мова (у 2 варыянтах). У фанетычнай сістэме 7 галосных і 29 зычных фанем; націск фіксаваны пераважна на перадапошнім складзе. Граматычны лад флектыўна-сінтэтычны з рысамі аналітызму. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца 15 ст. Адзіны алфавіт на лац. аснове створаны ў 1908.
Літ.:
Десницкая А.В. Албанский язык и его диалекты. Л., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛЬСКІЯ ЗБО́РНІКІ,
рукапісныя зборнікі, складзеныя ў 1787—91 на бел., польскай і лац. мовах выкладчыкамі Забельскай дамініканскай калегіі (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.) для мясцовага школьнага тэатра. Уключаюць камедыі і трагедыі «Свабода ў няволі» і «Камедыя» К.Марашэўскага, «Доктар па прымусе», «Сапар», «Фемістокл», «Камедыя» і «Шлюб, пастаўлены дагары нагамі штучкамі арлекіна» М.Цяцерскага, «Пышнагольскі» і «Крэз» І.Юрэвіча, аперэту «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» (тэкст М.Цяцерскага, музыка Р.Вардоцкага) і сцэн. дыялогі «Сяброўская парука», «Пчолы», «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя канты, віншаванні і падзякі А.Козела, Г.Скораня, А.Зубрыцкага, М.Косава, Г.Паўловіча. Большасць твораў асветніцкія па ідэі і класіцысцкія паводле стылю. Зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЕ́ІНСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,
мастацкая школа ў бел. графіцы 17 ст.
Існавала ў 1630—54. Працягвала традыцыі Віленскай школы гравюры. Развіццё звязана з дзейнасцю друкароў Куцеінскай друкарні, гал. ролю ў яе фарміраванні адыграў С.Собаль. Кніжная гравюра (дрэварыт) стылістычна блізкая да бел.нар. лубка. Выданні мелі дэкар. тытульныя лісты, дзе часта змяшчаліся выявы людзей, былі багата ўпрыгожаны застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі з выявамі птушак, звяроў, фігур чалавека, а таксама ілюстрацыямі і гербамі. Выкарыстоўваўся літы наборны арнамент. У тонка выкананых малюнках прыкметны ўплыў мясц. флоры і фауны. Характэрная асаблівасць школы — свецкі, жанравы характар адлюстраваных сцэн.Найб. яскрава яе рысы выявіліся ў кнігах, выдадзеных Собалем, «Брашна духоўнае», «Буквар», «Часаслоў», а таксама кнігах «Дзідаскалія...» С.Косава, «Гісторыя пра Варлаама Іасафа», «Брашна духоўнае», «Трэфалагіён», «Дыоптра», «Новы запавет», «Лексікон славенарускі» П.Бярынды і інш. Традыцыі К.ш.г. прадаўжала Магілёўская школа гравюры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́З (Уладзімір Вікенцьевіч) (н. 11.6.1953, г.Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт, кінадраматург. Скончыў БПІ (1975), Літ.ін-т імя Горкага (1983). Працаваў у ін-це «Мінскпраект», з 1988 на кінастудыі «Летапіс» «Беларусьфільма». З 1998 у час. «Бярозка». Друкуецца з 1978. У зб-ках «Голас», «Рэй» (абодва 1993) лірычны роздум пра бел. шлях, любоў да роднага краю, тэма кахання. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў пра гісторыю і культуру Беларусі «Кірыла Тураўскі» (1990), «Іван Насовіч» (1991), «Леў Сапега, канцлер», «Рэха збройнага чыну» (абодва 1992), «Браты Ермаловічы», «Успамін пра Міколу Равенскага» (абодва 1993, за апошні Дзярж. прэмія Беларусі 1994), «За брамай забытых мелодый», «Крыж ля дарогі» (абодва 1994), «Сымон Будны. Паэма» (1995), «Крэва» (1996), «Зорка Афанасія» (1997), «Згадкі страчанага раю» (1998) і інш. Адзін з укладальнікаў і аўтараў кн. «Памяць. Івацэвіцкі раён» (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНА́Т (лац. ornatus),
верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага духавенства. Складаецца з 2 палотнішчаў, закругленых унізе і змацаваных плечавымі швамі. Апранаецца паверх інш. адзення. Да эпохі барока арнаты мелі выгляд палярыны; яе перад аздабляўся вертыкальна нашытым пасам, тыльны бок — нашытым крыжам. Барочны арнат меў фігурныя краі пярэдняга палотнішча, якое набыло абрыс віяланчэлі. На Беларусі захаваліся арнаты 17—19 ст., пашытыя з парчовых і шаўковых тканін, атласу, аксаміту адпаведнага канкрэтнай літургіі колеру (зялёнага, фіялетавага, белага, чырвонага, сіняга) і аздобленыя аплікацыяй або гафтам, тасьмой і карункамі з залатымі ці сярэбранымі ніткамі, часта жэмчугам і каштоўнымі камянямі. Выяўлены арнаты, зробленыя са слуцкіх паясоў (у касцёлах вёсак Чарнаўчыцы Брэсцкага і Новая Мыш Баранавіцкага, г.п. Ружаны Пружанскага, г.Косава Івацэвіцкага р-наў). Калекцыі арнатаў 17—18 ст. зберагаюцца ў Нац. музеі Беларусі і Нац.маст. музеі Беларусі; значная калекцыя арнатаў 18—19 ст. — у Музеі стараж.-бел. культуры ІМЭФАН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЯ́НСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 337). Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 каля чыг. ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных, з канца жн. 1943 — насельніцтва прыфрантавой паласы ў Вял.Айч. вайну. Лагер быў абгароджаны калючым дротам. Тут пастаянна трымалі каля 5,5 тыс.чал., баракі былі перапоўнены, таму большасць вязняў і зімой заставалася пад адкрытым небам. Пры непасільнай фізічнай працы выдавалі на 1 чал. на дзень 125 г хлеба з апілкамі і 1,5 л баланды. Рэгулярна праводзіліся масавыя расстрэлы; у жн. 1942 з-за адмовы вязняў ісці ў фаш. фарміраванні за суткі знішчана 720 чал. У 1942 лагер меў філіял (баранавіцкая турма) і 6 аддзяленняў (у Івацэвічах, Стоўбцах, г.п. Гарадзея і вёсках Пагарэльцы Нясвіжскага, Даманава і г.Косава Івацэвіцкага р-наў). За час існавання (да лета 1944) у лагеры, філіяле і аддзяленнях загублена 88 407 чал. Ахвярам фаш. генацыду на чыг. ст. Лясная пастаўлены помнік.