амерыканскі хімік-арганік. Скончыў тэхн.ун-т у Будапешце. З 1957 у Канадзе, з 1964 у ЗША. З 1965 праф.Зах. рэзервовага ун-та (г. Кліўленд), з 1977 ва ун-це Паўд. Караліны (г. Лос-Анджэлес). Навук. працы па хіміі карбкатыёнаў, даследаванні механізму хім. рэакцый. Вынайшаў метад атрымання стабільных карбкатыёнаў з дапамогай звышкіслот. Атрымаў трохвалентныя карбкатыёны («карбеніевыя» іоны — вытворныя CH+3), даследаваў іх структуру, уласцівасці і рэакцыйную здольнасць. Нобелеўская прэмія 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліп. 1941 — кастр. 1943 у Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. Група ў г.п. Бялынічы налічвала больш за 20 чал. (кіраўнікі І.С.Корзун, Л.У.Бабіч), група ў в.Вял. Трылесін — 10 чал. (кіраўнікі І.А.Марозаў, У.В.Лапухін). Падпольшчыкі прымалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, зрывалі вываз моладзі ў Германію, мелі сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, разведданыя, прымалі ўдзел у сумесных дыверсіях. У в.Вял. Трылесін у гонар падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная вотчына князёў Гальшанскіх у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. Цэнтр — Гальшаны. Займала першапачаткова тэр. міжрэчча Віліі і Нёмана, у 15 ст. распасціралася з Пн на Пд ад Вількаміра (цяпер г. Укмерге, Літва) і Паставаў да Глуска і Турава, з У на З ад Мінска да Мастоў. Упершыню ўпамінаецца ў крыніцах каля 1280, калі Гольша «замак сталічны княства свайго заснаваў на рэчцы Карабель». Князі Гальшанскія доўгі час займалі высокія пасады ў ВКЛ, у 1440 і 1492 у Гальшанах адбыліся нарады для выбараў кандыдатаў на велікакняжацкі прастол. У сярэдзіне 16 ст. большасць радавых уладанняў Гальшанскіх перайшла да Сапегаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КІЙ (Nikias; каля 469 да н.э., Атыка — 413 да н.э.),
афінскі дзярж. дзеяч (Стараж. Грэцыя), палкаводзец. Пасля смерці Перыкла правадыр памяркоўна-кансерватыўнага крыла (партыя міру) афінскай дэмакратыі. У Пелапанескую вайну як стратэг узначаліў шэраг паспяховых аперацый у 427—421 (супраць Мегар, Меласа, Беотыі, Карынфа, Кіферы, на п-ве Халкідыкі). Дамогся ў 421 да н.э. заключэння Нікіева міру. У 415 да н.э. ўзначаліў сіцылійскую ваен. экспедыцыю Афін. У 413 пасля аблогі Сіракуз (скончылася паражэннем афінскіх войск) узяты ў палон і забіты.
Літ.:
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;
Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. 2 изд. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛІ́ДЫ, металічныя злучэнні,
хімічныя злучэнні металаў паміж сабой (інтэрметаліды), а таксама металаў (пераважна пераходных) з неметаламі (карбіды, нітрыды, сульфіды і інш.).
Звычайна М. існуюць у пэўнай вобласці канцэнтрацый кампанентаў, т. зв. вобласці гамагеннасці. Іх састаў і структура абумоўлены становішчам элементаў у перыяд. сістэме, іх атамнымі радыусамі і электраадмоўнасцю; састаў звычайна не адпавядае фармальнай валентнасці элементаў. Для большасці М. характэрна пераважна металічная сувязь. Паводле колькасці элементаў адрозніваюць М. падвойныя (напр.. CuAu, AlCu3, TiC), патройныя (напр., CuInSe2, Cu2Mo6S8) і складаныя (напр., высокатэмпературныя аксідныя звышправаднікі BaYCu3O0,65+x пры 0,23 < x < 0,3). Інтэрметаліды ў параўнанні з чыстымі металамі маюць меншую электра- і цеплаправоднасць, больш высокія т-ры плаўлення і цвёрдасць; многія вызначаюцца нізкай пластычнасцю. Для злучэнняў металаў з неметаламі, як правіла, характэрны паўправадніковыя ўласцівасці. Выкарыстоўваюць М. як магнітныя і паўправадніковыя матэрыялы, звышправаднікі, кампаненты высокатрывалых канстр. матэрыялаў і гарачатрывалых сплаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫ́КЛ (Periklēs; каля 490—429 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паліт. і дзярж. дзеяч, стратэг Афінаў у 444—31 і 429 да н.э. Паходзіў са стараж. арыстакратычнага роду; атрымаў добрую адукацыю, Прыхільнік дэмакратыі, працягваў распачатую Эфіяльтам дэмакратызацыю дзярж. ладу Афінаў. Ініцыіраваў скасаванне маёмаснага цэнзу пры выбранні службовых асоб і ўвядзенне грашовай аплаты працы суддзяў. Пры ім вялося шырокае ваен., грамадскае і культавае буд-ва, у т. л. пабудаваны Афінскі Акропаль. Імкнуўся забяспечыць марскую магутнасць Афінаў, цэнтралізацыю Архе Афінскай, супрацьстаяў Пелапанескаму саюзу. Паспрыяў паліт. і эканам. росквіту Афінаў, ператварэнню іх ў буйны культ. цэнтр стараж. свету.
Літ.:
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до н.э.Мн., 1975;
Кравчук А. Перикл и Аспазия: Ист.-худож. хроника: Пер. с пол. М., 1991;
Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания. М.;
Харьков, 1999.
Я.У.Новікаў.
Перыкл. Мармуровая копія з бронзавага бюста Крэсілая. 2-я пал. 5 ст да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКІНА (Галіна Пятроўна) (23.11.1931, г. Варонеж, Расія — 27.10.1985),
бел. актрыса. Дачка П.А.Маркіна. Нар. арт.
Беларусі (1976). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1956, педагог Дз.Арлоў) і адначасова Варонежскі ун-т. З 1956 працавала ў Брэсцкім абл.драм. т-ры, з 1959 у Бел. т-ры імя Я.Купалы, з 1961 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Яе майстэрству былі ўласцівы высокая акцёрская тэхніка, глыбокае спасціжэнне аўтарскай задумы, выразны пластычны малюнак. Сярод роляў: Маці («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Зося Савіч, Яўгенія, Марозава («Сэрца на далоні», «Выгнанне блудніцы», «Крыніцы» паводле І.Шамякіна), Корзун («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Соф’я, Варвара («Зыкавы», «Дачнікі» М.Горкага), Анісся («Улада цемры» Л.Талстога), Зана («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Кузькіна («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Беатрычэ, Ганерылья («Многа шуму з нічога», «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта). Выступала ў друку з артыкуламі пра акцёрскае майстэрства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НЫ (Athēnai) Старажытныя, горад-дзяржава (поліс) у Паўд.ч.Атыкі, адзін з важнейшых эканам., паліт. і культ. цэнтраў Стараж.Грэцыі. Поліс утварыўся ў выніку аб’яднання радавых абшчын Атыкі вакол Афінскага акропаля. Унутры абшчын існаваў падзел на аўпатрыдаў, геамораў і дэміургаў. Савет знаці, арэапаг, меў вышэйшую суд., адм. і рэліг. ўладу. У 621 да нашай эры правіцель Драконт запісаў законы, якія прызнавалі прыватную ўласнасць на рухомую маёмасць. Да канца 6 ст. да нашай эры зямля лічылася абшчыннай уласнасцю, але паступова апынулася ў руках радавой знаці, а частка абшчыннікаў — у даўгавым рабстве. У 594 да нашай эры правіцель Салон Правёў рэформы, якія адмянялі даўгавое рабства, уводзілі савет 400; грамадзян падзялялі на 4 разрады ў адпаведнасці з маёмасным цэнзам; вышэйшыя пасады ў дзярж. органах маглі займаць толькі самыя багатыя людзі. Народны сход і Гелія (суд прысяжных) складаўся з усіх грамадзян. Узнікла дэмакратыя. Каля 560 да нашай эры адбыўся паліт. пераварот, у выніку якога ўстанавілася тыранія Пісістрата. Пры Пісістратыдах (560—510 да нашай эры) разгарнулася храмавае і свецкае буд-ва, праведзены водаправод; Афіны кантралявалі марскі шлях у Прычарнамор’е, пашырылі свой уплыў на шэраг а-воў Эгейскага м. Пасля падзення тыраніі і грамадз. вайны 508 да нашай эры праведзены новыя рэформы, у выніку якіх знішчаны перажыткі радавога ладу; закон аб астракізме ахоўваў дэмакратыю. Афіны сталі самай вял. дзяржавай Стараж. Грэцыі. У перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры Афіны дасягнулі найб. росквіту: некалькі разоў перамагалі персаў, узначальвалі антыперс. Дэлоскі саюз, які пазней ператварыў Афіны ў марскую дзяржаву (гл.Архе Афінская). Гады праўлення Перыкла атрымалі назву «залатога веку Перыкла». З увядзеннем аплаты дзярж. пасад дэмасу забяспечаны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Праца свабодных земляробаў і рамеснікаў спалучалася з працай рабоў, Афіны ператварыліся ў буйны гандлёва-рамесніцкі поліс. Расквітнелі філасофія, рэлігія, тэатр, л-ра, архітэктура і скульптура. Аднак шматлікія супярэчнасці ўнутры Афінскай дзяржавы з яе полісамі-саюзнікамі прывялі да Пелапанескай вайны 431—404 да нашай эры і паражэння Афін. У ходзе Карынфскай вайны 395—387 да нашай эры Афіны часткова аднавілі сваё становішча, але былой магутнасці ўжо не дасягнулі. У 338 да нашай эры Македонія ўключыла Афіны ў Элінскі саюз пад сваёй гегемоніяй. У 86 да нашай эры Афіны заваяваны Рымам. У 3 ст. нашай эры Афіны перажылі нашэсце варвараў і прыйшлі ў заняпад.
Літ.:
Колобова К.М. Древний город Афины и его памятники. Л., 1961;
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;
Фролов Э.Д. Социально-политическая борьба в Афинах в конце V в. до нашей эры: (Материалы и документы). Л., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЧА́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на ПнУ азіяцкай ч. Расійскай Федэрацыі; займае п-аў Камчатка і частку мацерыка, а-вы Камандорскія і Карагінскі. Утворана 20.10.1932 у складзе Хабараўскага краю, з 1956 самаст. вобласць Расіі. Пл. 472,3 тыс.км², нас. 411 тыс.чал., гарадскога 81% (1996). Цэнтр — г.Петрапаўлаўск-Камчацкі.
Гарады: Елізава, Усць-Камчацк. У складзе К.в. Каракская аўтаномная акруга. Характарыстыку прыроды гл. ў арт.Камчатка.
Гаспадарка. К.в. — буйны рыбапрамысловы раён Расіі. Зах. ўзбярэжжа Камчаткі — асн. раён крабалоўства. Рыбная прам-сць дае да 73 таварнай прадукцыі вобласці. Прамысл. рыбы — ціхаакіянскі селядзец, траска, навага, камбала, ласасёвыя (гарбуша, кета, чавыча, кіжуч, нерка). З рыбнай прам-сцю звязаны суднабудаванне і суднарамонт. Развіты лясная, дрэваапр. і буд. матэрыялаў (лесанарыхтоўка, піламатэрыялы, тарныя скрыні, бочкі і інш.). Здабыча вугалю. Паўжэцкая геатэрмальная электрастанцыя. Важная галіна гаспадаркі — пушны промысел і зверагадоўля (собаль, пясец, норка), на Пн вобласці аленегадоўля. На Камандорскіх а-вах зверабойны промысел (марскія коцікі). Малочна-мясная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Плошча с.-г. угоддзяў 472,3 тыс.га, у т. л. пад ворывам 75,6 тыс.га. У далінах рэк Камчатка, Авача вырошчваюць агародніну, бульбу, кармавыя культуры. Развіта цяплічная і парніковая гаспадарка. Транспарт марскі, авіяцыйны і аўтамабільны. Суднаходства на р. Камчатка. Аўтадарога злучае гал. марскія парты К.в. Петрапаўлаўск-Камчацкі і Усць-Камчацк. Краноцкі запаведнік. Бальнеалагічныя курорты: Паратунка, Начыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЗЬ (лац. Cuprum),
Cu, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 29, ат. м. 63,546. Прыродная М. складаецца з 2 стабільных ізатопаў 63Cu (69,09%) і 65Cu. У зямной кары 4,7∙10−3% па масе. Трапляецца пераважна ў выглядзе злучэнняў з серай, а таксама самародная М. (гл.Медныя руды). Іоны М. ўдзельнічаюць у шматлікіх фізіял. працэсах; сярэдняя колькасць М. ў жывых арганізмах 2 10−4% па масе, у крыві чалавека 10−3мг/л. Вядомая чалавецтву з глыбокай старажытнасці; лац. назва паходзіць ад назвы в-ва Кіпр, славянская — ад назвы краіны Мідыя, дзе ў старажытнасці здабывалі медную руду.
Мяккі, пластычны і коўкі метал ружова-чырвонага колеру, 1083,4 °C, шчыльн. 8920 кг/м³. Найб. важныя фіз. ўласцівасці М. — высокая цеплаправоднасць і малое эл. супраціўленне (саступае толькі серабру). Хімічна мала актыўная. У сухім паветры не акісляецца, у вільготным (у прысутнасці дыаксіду вугляроду) пакрываецца зеленаватай плёнкай асноўнага карбанату CuCO3 Cu(OH)2. Раствараецца ў азотнай і канцэнтраванай сернай к-тах. Пры награванні на паветры акісляецца з утварэннем медзі аксідаў. Узаемадзейнічае з галагенамі, серай, селенам (гл.Медзі злучэнні). Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з вадародам, азотам, вугляродам, крэмніем. Утварае комплексныя злучэнні з аміякам. цыянідамі і інш.Асн. колькасць М. атрымліваюць з сульфідных руд піраметалургічным метадам. Выкарыстоўваюць пераважна для вырабу правадоў, кабеляў, токавядучых частак эл. установак, як кампанент сплаваў (гл.Медныя сплавы).
Літ.:
Онаев И.А., Жакибаев Б.К. Медь в истории цивилизации. Алма-Ата, 1983;