князь менскі, сын полацкага кн.Усяслава Брачыславіча. У 1104 абараняў Менск ад аб’яднаных сіл паўд.-рус. князёў. У 1106 з братамі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на земгалаў. Праводзіў палітыку аб’яднання вакол Менска шэрагу гарадоў Полацкай зямлі: далучыў да свайго княства Копысь, Оршу і Друцк. У 1116 напаў на Слуцк, за што кіеўскі кн. Уладзімір Манамах з аб’яднанымі сіламі Кіева, Смаленска, Чарнігава і Пераяслава рушыў на Менск. Глеб Усяславіч вымушаны быў падпісаць мір з Манамахам, страціўшы ўплыў на Падняпроўе і Верхняе Панямонне. Паміж 1116 і 1118 зрабіў спробу вярнуць страчаныя тэрыторыі. Таму Манамах у 1118 паслаў на Менск свайго сына Мсціслава, які прыступам узяў горад, паланіў Глеба і адвёз у Кіеў, дзе той раптоўна памёр. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы канца 15—20 ст. з г.п.Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 16—18 ст. рабілі гасп. посуд, кафлю (гл.Копыская кафля). Асаблівага развіцця К.к. дасягнула ў 19—1-й пал. 20 ст. У Копысі працавала каля 20 ганчарных заводаў, дзе выраблялі белагліняны паліваны посуд (збаны, гаршкі, слоікі, міскі і інш.) мяккіх акруглых форм. Вырабы аздаблялі прамымі і хвалістымі ціснёнымі паяскамі на плечуках пасудзін, налепамі, зашчыпамі па краях, падцёкамі карычневай або зялёнай палівы. Выраблялі таксама талеркі, вазы, кубкі, хлебніцы, чарніліцы, шкатулкі, пісьмовыя прылады, попельніцы з фігурамі львоў, мядзведзяў і інш., якія ўпрыгожвалі рэльефным раслінным і анімаліст. дэкорам, пажадальнымі надпісамі, пакрывалі рознакаляровай палівай. У 1920—30-я г. была пашырана вытв-сць настольнай дробнай пластыкі. Сярод майстроў А.Верамееў, В.Чабатароў, А.Чорцікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЖСКІ (Канстанцін Іванавіч) (1460 ? — 1530),
военачальнік, дзярж. дзеяч ВКЛ. Гетман найвышэйшы ВКЛ (з 1497), кашталян віленскі (з 1511), ваявода трокскі (з 1522), член Рады ВКЛ. З роду Астрожскіх. Кіраваў паходамі на крымскіх татараў, перамог больш як у 60 бітвах. У бітве на Вядрошы 1500 быў разбіты маскоўскімі войскамі, трапіў у палон, з якога ўцёк у 1507. У Аршанскай бітве 1514 перамог маскоўскія войскі, актыўны абаронца праваслаўя. Меў вял. маёнткі на Валыні, у Літве, на Беларусі, у т. л. Дзятлава, Тураў, Копысь з Раманавым, Гальшаны, Глуск, Смалявічы, Жыцін, Шашолы, Свіраны, Смаляны, Суша. У 1528 быў другім па колькасці падданых землеўладальнікам у ВКЛ (пасля віленскага ваяводы А.Гаштольда). З усіх маёнткаў ставіў у войска 426 конных воінаў.
Літ.:
Сагановіч Г.М. Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі. Мн., 1992.
К.І.Астрожскі. Партрэт невядомага мастака. 1-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́РБНІЦА,
гаспадарчая пабудова для захоўвання каштоўных рэчаў (зброі, дакументаў і інш.). Здаўна вядомы ў Літве, Польшчы, на Украіне. На Беларусі ў 16—19 ст. будавалі ў замкава-палацавых і сядзібных комплексах з каменю, цэглы, дрэва, часам аб’ядноўвалі з капліцамі, жылымі і гасп. пабудовамі (Іўе, Копысь Аршанскага р-на). Склаліся 2 тыпы пабудоў: франтальны, пры якім асн.маст. ролю выконваў багата аздоблены гал. фасад з ганкам ці порцікам, часам з гадзіннікавай вежай у цэнтры (в. Варонча Карэліцкага р-на), і цэнтрычнаярусны, з кругавой балюстраднай галерэяй у 2-м ярусе (б. маёнтак Грозаў, Капыльскі р-н). Дзверы звычайна падвойныя — вонкавыя (дубовыя) і ўнутр. (жалезныя), вокны з метал. кратамі.
Ю.А.Якімовіч.
Скарбніца ў былым маёнтку Грозаў (Капыльскі раён Мінскай вобл.). Сярэдзіна 17 ст. Рэканструкцыя.Скарбніца сядзібы ў вёсцы Варонча Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НЬСКАЯ КУ́ЛЬНЯ, бараньскі кульны двор,
майстэрня па вырабе ядраў і куль для гармат і гакаўніц на тэр. Беларусі ў 16 — сярэдзіне 18 ст.Засн. ў 1597 кн. М.Радзівілам у с. Барань, верагодна, Барысаўскай вол. Аршанскага пав. Работнікаў майстэрні («кульнікаў») набіралі з мясц. сялян, надзялялі іх 1 валокай зямлі, за што яны павінны былі здабываць руду, вырабляць жалеза і вугаль, адліваць ядры і кулі. У кастр. 1598 працавала 14 «кульнікаў». Бараньская кульня пастаўляла кулі і ядры Копыскаму і Біржанскаму (у Літве) замкам. «Кульнікі» ўдзельнічалі ў рамонце і доглядзе ўмацаванняў Копыскага замка, давалі грошы «на выправу выбранцев», «жита на пушкаров замковых» і стацыю (падатак) на выпадак прыезду ў Копысь Радзівілаў. За год на патрэбы Біржанскага замка Бараньская кульня вырабляла 195 вялікіх і 325 меншых ядраў, для Копыскага — 390 меншых ядраў і 780 гакаўнічных куль. Каб зберагаць лясы ад спусташэння, яны павінны былі закопваць за сабою ўсе ямы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧАСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ (1083—1155),
князь, сын Уладзіміра Манамаха. У 1116 як смаленскі князь у час паходу на менскага (мінскага) кн. Глеба Усяславіча адваяваў Оршу і Копысь. Пасля смерці бацькі ў 1125 атрымаў Тураўскае княства. У 1127 удзельнічаў ва ўзяцці Ізяслаўля (Заслаўя) у час паходу кіеўскіх князёў на Полацкую зямлю. У 1132 княжыў у Пераяслаўлі, праз год вярнуўся ў Тураў. Праводзіў палітыку адасаблення Турава ад Кіева. Пасля няўдалай спробы кіеўскага кн. Усевалада ў 1142 захапіць Тураўскую зямлю Вячаслаў Уладзіміравіч пакінуў Тураў сыну Святаславу і перайшоў у Пераяслаўль. Незадаволеныя гэтым чарнігаўскія князі Ольгавічы напалі на Пераяслаўль, і Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуўся ў Тураў. Раздаў гарады Бярэсце (Брэст), Драгічын, Клечаск (Клецк), Рагачоў, Чартарыйск сваім родзічам. У 1146, калі кіеўскі пасад захапіў Ізяслаў Мсціславіч, Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуў сабе гэтыя гарады, захапіўшы таксама і Уладзімір-Валынскі, за што быў пераведзены з Турава ў Перасопніцу на Валыні. Пазней, верагодна, быў суправіцелем Ізяслава Мсціславіча на кіеўскім троне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЦІСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; паміж 1100 і 1110—14.3.1167),
князь смаленскі [1125—59], вял. князь кіеўскі [1154, 1159—67]; заснавальнік дынастыі смаленскіх князёў. Сын. вял. кіеўскага кн.Мсціслава Уладзіміравіча. У 1125 атрымаў ад бацькі ва ўдзел Смаленск, што дало пачатак існаванню Смаленскага княства, якое ў гады княжання Р.М. дасягнула свайго росквіту і ахапіла тэр. Верхняга Падняпроўя (з г. Орша, Копысь, Лучын, Мсціслаў, валасцямі Басея, Мірачыцы, Вітрына, Прупой, Крэчут і інш. на тэр. сучаснай Беларусі) і Верхняга Паволжа. У выніку паходаў 1127 і 1142 Р.М. значна пашырыў свае ўладанні за кошт радзімічаў. Ім пабудаваны г. Мсціслаў, Рослаў і Ізяслаў, названыя ў гонар бацькі, сябе і брата. Удзельнічаў у паходах на Полацкую зямлю ў 1127 і Тураўскую зямлю ў 1146. У 1158 дапамог полацкаму кн.Рагвалоду Барысавічу ў барацьбе за полацкі прастол і падтрымліваў яго пазней. У 1162 прызнаў самастойнасць Тураўскага княства. Прылічаны да ўгоднікаў божых і ўваходзіць у Сабор бел. святых. Дзень памяці Р.М. 14(27) сакавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРНІКА́РСТВА,
выраб фігурных пернікаў; від народных мастацкіх промыслаў. Пернікі здаўна адыгрывалі значную ролю на вяселлі, хрэсьбінах, памінках і інш. абрадах многіх народаў. На Беларусі ў 16—18 ст. П. пераважала ў гарадах і мястэчках (Дуброўна, Копысь, Мінск, Орша, магчыма, Смаргонь), у 19 ст. пашырана і ў вёсках. Прадукцыю збывалі на мясц. рынках і кірмашах. Пернікі выраблялі з мукі вышэйшага гатунку, у цеста дадавалі харч. фарбавальнікі, мёд, прыправы. Фармавалі іх у выглядзе розных фігур антрапаморфнага, зааморфнага, геам. характару (лялька, певень, конь, казёл, рыба, сэрца, ромб і інш.). Трактоўка фігур моцна стылізаваная, абагульненая; выбар сюжэтаў адлюстроўваў іх стараж. сімвалічны сэнс. Існавалі розныя тэхнікі фармоўкі вырабаў: узор атрымлівалі з дапамогаю спец. драўлянай дошкі, на якой выразалася адпаведная фігура, выціскалі бляшанымі штампамі з плоска раскачанага кавалка цеста, фармавалі ўручную. Пасля выпечкі пернікі аздаблялі каляровымі крэмамі, харч. фарбавальнікамі, глазуравалі расплаўленым цукрам. У сярэдзіне 20 ст. промысел заняпаў. У наш час фігурныя пернікі з аздабленнем выпускаюць прадпрыемствы харч. прам-сці.
Літ.:
Нікольскі Н.М. Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераньнях беларускага сялянства. Мн., 1933;
Сахута Я. Абрадавая пластыка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1982. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́КЕР (Соф’я Юр’еўна) (7.1.1907, г.п.Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 23.4.1984),
бел. спявачка (драм. сапрана). Нар.арт. Беларусі (1955). Скончыла Бел. студыю оперы і балета пад кіраўніцтвам А.Баначыча (1933), вучылася ў Бел. кансерваторыі (1932—36, клас П.Ціханава). У 1933—41 і 1944—77 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала моцным голасам прыемнага тэмбру, высокай вак. культурай, муз.-драм. здольнасцямі, якія дазвалялі ёй выконваць разнапланавыя ролі: ад глыбока драматычных (Аўгіння ў оперы «У пушчах Палесся» А.Багатырова) да востра камедыйных (Рагнеда Янаўна ў «Калючай ружы» Ю.Семянякі). Майстэрства стварэння драматычна напружаных, багатых псіхал. адценнямі вобразаў найб. выявілася ў партыях опернай класікі: Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Наташа («Русалка» А.Даргамыжскага), Ліза, Марыя, Настасся, Аксана («Пікавая дама», «Мазепа», «Чарадзейка», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні). Сярод каларытных камедыйных вобразаў: Часнікова («Страшны двор» С.Манюшкі), Адарка («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Дуэнья («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева), Фроська («Марозка» М.Красева), Мірабела («Цыганскі барон» І.Штрауса). Шмат выступала ў канцэртах, у т. л. з творамі бел. кампазітараў.
Літ.:
Жураўлёў Д. Соф’я Друкер // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.
Дз.М.Жураўлёў.
С.Ю.Друкер.С.Друкер у ролях Адаркі (злева) і Тоскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўныя вырабы канца 15 — пач. 20 ст. з мясц. гліны ў г.п.Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Выраблялі пліткі, вуглы, часткі карніза. У канцы 15—17 ст. была пашырана тэракотавая кафля з рэльефным геам. арнаментам, тэракотавая і зялёная паліваная з рэльефным раслінным і геральдычным (выявы конніка, арла з гербам Радзівілаў) арнаментамі. Аналагічная арнаментыка сустракаецца ў польскай, літоўскай (геральдычнай выявы) і мінскай (раслінныя матывы) кафлі. У 2-й пал. 17 ст. выхадцы з Копысі Я.Андрэеў, С.Аляксееў, П.Будкееў, С.Грыгор’еў, В.Дарафееў, І.Максімаў, П.Фёдараў выраблялі шматколерную паліваную кафлю і аздаблялі ёй палацы і храмы ў Рус. дзяржаве. Найб. пашырыўся выраб кафлі ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў Копысі працавала каля 20 заводаў. Тагачасная кафля вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў), якімі абліцоўвалі печы; пераважала ружова-бэзавая, зялёна-блакітная, белая з золатам расфарбоўка; узор — найчасцей кветкі рамонка, сланечніку, паслёну (многія ўзоры выконваліся па малюнках замежных каталогаў). К.к. вывозілі за межы Беларусі. З пач. 1980-х г. К.к., упрыгожаную традыц.бел. арнаментам, вырабляе Копыскі кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў.
Да арт.Копыская кафля. Фрагмент печы з кафлі, маляванай каляровымі палівамі. Канец 19 — пач. 20 ст.