тып рэльефу пустыняў, паўпустыняў, сухіх стэпаў. Фарміруецца пад уплывам арыднага клімату, дзейнасці ветру (дэфляцыя, эолавая акумуляцыя), пустыннага выветрывання, эрозіі часовых вадацёкаў. Для ўзвышаных плато, перадгор’яў характэрны формы арыднай дэнудацыі і эрозіі (педыменты, бедленды і інш.), для нізін і раўнін — розныя тыпы камяністых і пясчаных пустыняў з эолавымі формамі рэльефу (барханы, градавыя пяскі і інш.), засоленымі азёрнымі ўпадзінамі, такырамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ГА (франц. garique, garrigue, праванс. garriga),
зараснікі нізкарослых, пераважна вечназялёных дрэў і кустоў (кермесавы дуб, карлікавая пальма, дрок, размарын, фісташка і інш.). Пашырана ва ўмовах субтрапічнага міжземнаморскага клімату, асабліва ў раёнах Зах. Міжземнамор’я. Фарміруецца на сухіх камяністых схілах ніжняга пояса гор, звычайна на месцы зведзеных цвердалістых лясоў, дзе часам ператвараецца ў фрыгану. Ад маквісу адрозніваецца меншай вышынёй (2—3 м) і большай разрэджанасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,
атмасферныя працэсы, якія вызначаюць характар клімату Зямлі або асобных яе рэгіёнаў. Глабальныя К.п.: цеплазварот (радыяцыйныя ўмовы на зямной паверхні і цеплаабмен паміж ёю і атмасферай); вільгацезварот паміж атмасферай і зямной паверхняй; агульная цыркуляцыя атмасферы. Для асобных раёнаў істотнымі могуць быць і мясц. цыркуляцыі (брызы, горна-далінныя вятры і г.д.). Існуе сувязь паміж К.п. і рознымі геагр. асаблівасцямі пэўнай мясцовасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПУСТЫ́НЯ,
занальны тып ландшафту, што фарміруецца ва ўмовах арыднага клімату, у якім спалучаюцца элементы стэпавай і пустыннай расліннасці. Адрозніваецца бязлессем, спецыфічным раслінным і глебавым покрывам. У стэпавых асацыяцыях пераважаюць дзярнінныя злакі, у пустынных — палыны, салянкі і інш. Пашырана ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Выкарыстоўваецца пераважна як паша; земляробства магчыма на арашальных землях. Гл. таксама Паўпустынныя зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́МЕНЬ,
тып яловых лясоў на гліністых ці сугліністых, добра дрэнажаваных глебах, якія фарміруюцца ва ўмовах халоднага ці ўмерана халоднага кантынент.клімату. Характэрны высокая прадукцыйнасць і добрая якасць драўніны; ёсць невял. прымесі хвоі, асіны, бярозы. Ельнік са значным удзелам драбналістых парод — падрамень, з удзелам шыракалістых парод — сурамень. У шырокім сэнсе да Р. адносяцца таксама насаджэнні з піхты і хвоі кедравай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЛІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (назва ад в. Мікуліна Руднянскага р-на Смаленскай вобл.),
эпоха цёплага клімату паміж маскоўскім зледзяненнем (або маскоўскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і валдайскім зледзяненнем у пачатку позняга плейстацэну (ад 115 да 130 тыс. гадоў назад) на тэр. еўрапейскай ч. Расіі. На тэр.Зах. і сярэдняй Еўропы адпавядае рыс-вюрму, земскаму, у Зах. Сібіры — казанцаўскаму міжледавікоўю, на тэр. Беларусі — муравінскаму міжледавікоўю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́ННАЯ ПО́ЯСНАСЦЬ, вертыкальная занальнасць,
заканамерная змена ландшафтаў у гарах. Абумоўлена пераважна зменай клімату з вышынёй: паніжэннем т-ры паветра (у сярэднім на 6 °C на кожныя 1000 м вышыні), яго шчыльнасці, ціску, колькасці ў ім пылу, павелічэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, а таксама (да выш. 2—3 км) воблачнасці і гадавой колькасці ападкаў. Са зменамі клімату цесна звязаны змены геамарфалагічных, гідралагічных, глебаўтваральных працэсаў, характар расліннага і жывёльнага свету. У выніку ўтвараюцца вышынныя паясы. Многія асаблівасці вышыннай пояснасці залежаць ад экспазіцыі схілаў, іх размяшчэння адносна пануючых паветр. мас і аддаленасці ад акіянаў.
Колькасць паясоў звычайна павялічваецца ў высокіх гарах і з набліжэннем да экватара. Вылучаюць у асн. 3 тыпы вышынных паясоў: акіянскі, ці прыморскі (характарызуецца развіццём пояса дрэвавай расліннасці ад падножжа), кантынентальны (дрэвава-хмызняковыя фармацыі на пэўнай вышыні) і ультракантынентальны (пояс дрэвавай расліннасці прадстаўлены фрагментарна). Вышынны пояс пачынаецца з той прыроднай зоны, на якую апіраецца падножжа горнага ланцуга. Заканамернасці вышынных паясоў распрацаваны ням. географам К.Гумбальтам (19 ст.) і рус. даследчыкам В.В.Дакучаевым (канец 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЧНЕВЫЯ ГЛЕ́БЫ,
тып глеб, што ўтвараюцца ў горных раёнах пад покрывам сухіх вечназялёных лясоў і хмызнякоў ва ўмовах папераменна-вільготнага субтрапічнага клімату. Маюць карычневую афарбоўку, якая ўнізе паступова святлее. Асн. падтыпы: вышчалачаныя, тыповыя і карычневыя карбанатныя. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Закаўказзі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы.
Характарызуюцца непрамыўным тыпам воднага рэжыму, значным агліненнем (на 30—60 см), насычанасцю кальцыем, нейтральнай рэакцыяй. Магутнасць гумусавага гарызонта 30—40 см. Выкарыстоўваюцца пад пасевы збожжавых, сады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКІ ІНТЭРСТАДЫЯ́Л,
міжстадыял, час невял. пацяплення клімату і значнага скарачэння плошчы ледавікоў паміж дзвюма стадыямі на працягу сожскага зледзянення ў антрапагенным перыядзе. Падзяляе максімальную (слаўгарадскую) і постмаксімальную (магілёўскую) стадыі. Адбыўся 120—110 тыс.г. назад. Магутнасць адкладаў Горацкага інтэрстадыяла 5 м (у некат. месцах 20—25 м). Найчасцей трапляюцца азёрна-алювіяльныя ўтварэнні, складзеныя з супескаў і суглінкаў, радзей балотныя адклады (торф, гіціі). У час Горацкага інтэрстадыяла на тэр. Беларусі аднавілася лясная расліннасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ КЛІ́МАТ,
кліматычныя асаблівасці горных мясцовасцей. Залежаць ад вышыні над узроўнем мора і рэзкай кантрастнасці прыродных умоў на невял. прасторы. Адрозніваюць горны клімат на вышыні да 2—3 км і высакагорны клімат. Агульныя асаблівасці горнага клімату: паніжаны атм. ціск, павышаная інтэнсіўнасць сонечнай радыяцыі, у т. л. ультрафіялетавых прамянёў, чысціня паветра (па-за межамі горных катлавін), паніжаныя т-ра і абсалютная вільготнасць паветра, павелічэнне з вышынёй (да пэўнай мяжы) колькасці ападкаў, наяўнасць горна-далінных вятроў.